Для шматлікіх прыхільнікаў гурта “Мроя” гэты дыск – своеасаблівая time machine, якая вяртае іх у маладосьць, у гады надзей і веры ў лепшы лёс і незалежнасьць нашай краіны.

Магу з кім заўгодна паспрачацца, што няма лепшага падарунка для старога аматара беларускага рока, чым перавыданьне на CD-носьбіце альбома “Дваццаць восьмая зорка” легендарнага гурта “Мроя”. Нагадаю, што гэты дыск – першы альбом беларускай сучаснай музыкі, выданы яшчэ ўсесаюзнай фірмай гуказапісу “Мэлёдыя” ў далёкім 1989 годзе. Па-другое, за той час, які эскслюатуюць гэтую вінілавую кружэлку шматлікія калекцыянэры, ўсе ейныя гукавыя дарожкі зношаны да такой ступені, што не заўсёды даюць паўнавартаснага ўяўленьня пра творчасьць і гучаньне гурта “Мроя”. Вось таму вядомы выдавецкі лэйбл БМА group прапанаваў слухачам у сэрыі “Беларускі Музычны Архіў” даўгачаканы падарунак: лічбавае ўвасабленьне знанага рарытэту, які так маляўніча сымбалізаваў перабудовачную атмасьфэру 80-90 гадоў мінулага стагодьдзя.

Гісторыя гэтага дыска па-свойму захапляючая і ўжо дастаткова поўна выкладзена ў шматлікіх беларускіх і замежных выданьнях, прысьвечаных айчыннаму рок-руху. Але ў дадзеным выпадку крыніцай яе спазнаньня для сучасных слухачоў з’яўляецца аўтарызаваная біяграфія гурта “Іх Мроя, іх N.R.M.”, якую стварыў Віктар Дзятліковіч, таксама як і самая першая рэцэнзія на гэты вінілавы дыск аўтарства музычнага крытыка Вітаўта Мартыненкі з нашай сумеснай кнігі “222 альбома беларускага року і ня толькі…”

Для шматлікіх прыхільнікаў гурта “Мроя” гэты дыск – своеасаблівая time machine, якая вяртае іх у маладосьць, у гады надзей і веры ў лепшы лёс і незалежнасьць нашай краіны. У мяне ж, як былога старшыні рок-клюба “Няміга”, гэты рэліз выклікаў даўнія ўспаміны пра акалічнасці ўзаемаадносінаў паміж музыкамі, якія ўсталёўваліся ў той час. Маю на ўвазе, дастаткова гарачыя спрэчкі з некаторымі ўдзельнікамі клюбу, якія даводзілі што “Мроя” “гурт непрафесійны, не ўмее граць” і іншае. Прыходзілася тлумачыць, у чым моцныя бакі гурта “Мроя”, а над чым яшчэ ім, сапраўды, прыйдзецца папрацаваць. Успамінаю таксама і шчырыя гутаркі з басістам “Мроі” Юрасём Ляўковым адносна будучых імпрэзаў рок-клюбу “Няміга”, а таксама перспектываў айчыннага рок-руху ўвогуле. Мне заўсёды імпанавалі разважлівасьць і аналітычны склад мысленьня Юрася, тады супрацоўніка адного з навукова-даследных інстытутаў.

Не забудзецца таксама і пачуццё роспачы, якое выклікала навіна пра тое, што амаль усіх музыкаў “Мроі” прызвалі ў савецкае войска. Бо тады “Мроя” разам з гуртамі “Бонда” і “Магістрат” складалі касьцяк пачынальнакаў айчыннага рок-руху. І калі “мрайчукі” (так клікалі ўдзельнікаў гурта ў беларускіх асяродках) сталі жаўнерамі, ладная частка нацыянальна свядомых музыкаў у іх асобах перастала ўплываць на рок-падзеі ў нашай краіне. Затое, мая роспач зьмянялася гонарам за беларускі рок, калі песні “Мроі” я прапанаваў для праслухоўваньня ўдзельнікам першай навукова-практычнай канфэрэнцыі “Рок-музыка як сацыякультурны фенамен ”(Сьвярдлоўск, 1988). Нават расейскія слухачы адзначалі арыгінальнасць музычнага ўвасабленьня песень, арганічнасьць беларускай мовы і рытмаў рока.

Да таго ж, выхад дыска актуалізаваў удакладенне аднаго з інтэрнэт-матэрыялаў, які зьвязаны з “Мрояй”. Так сусьветным павуціньні можна прачытаць наступнае: “…гурт „Мроя”, што так пужаў чыноўнікаў сваёй „антысавецкай” грамадзянскай пазыцыяй, нарэшце атрымаў атэстацыю ў гарвыканкаме. Цяпер музыканты маглі даваць канцэрты й не баяцца, што іх разгоняць, афіцыйна выдаваць свае запісы, атрымліваць грошы за сваю музычную дзейнасьць і г.д. Гэтую акалічнасьць адразу ж скарысталі музычныя журналісты Анатоль Мяльгуй і Вітаўт Мартыненка. Улетку 1989 г. яны даслалі ліст на маскоўскую студыю гуказапісу „Мэлёдыя” з прапановай зрабіць запіс песень таленавітых музыкаў з гурту „Мроя”. У гурта ўжо былі сякія-такія аматарскія запісы („Стары храм”, „Зрок”), зробленыя з дапамогай двухшпулёвых магнітафонаў. Дзіва, але факт — кіраўнікі „Мэлёдыі” адрэагавалі даволі хутка й праз некалькі месяцаў даслалі ў Менск вялікую перасоўную станцыю МСА дзеля запісу альбома „Мроі” (http://www.titor.ru/details.php?id=73251).

На сам рэч разам з Вітаўтам мы “бамбавалі” лістамі тую самую “Мэлёдыю” яшчэ з 1985 года, калі пра перабудову ніхто і не чуў! У маім архіве няма копій той перапіскі, але захавалася звычайная адпіска галоўнага рэдактара фірмы Б. Васільева, у якой той па бюрактратычнай завядзёнцы адказваў на нашыя патрабаваньні аб большай увазе да беларускай музыкі. І толькі 1989 годзе маскоўскія чыноўнікі вымушаны былі адрэагаваць на нашыя звароты рэальна, бо гэтае пытаньне ставілася вельмі жорстка: альбо вы выдаеце беларускія дыскі, альбо мы зьвяртаемя да беларускага ўрада з ініцыятывай адраджэньня вытворчасьці грамафонных кружэлак у Беларусі. Вось тады і былі зроблены запісы дыскаў “Мроі” і “Бонды”, былі выдадзены першыя альбомы беларускага року. Негледзячы на гэта, праз некаторы час мы з В. Мартыненкам усё ж былі вымушаны былі зьвярнуцца да старшыні камісіі па культуры Вярхоўнага Савета Беларусі Н. Гілевіча і тагачаснага кіраўніка беларускага ўраду В. Кебіча з прапановай аднавіць працу завода па вытворчасці беларускіх кружэлак…

Ніл Сымонавіч падтрымаў нашу прапанову, а вось Вячаслаў Францавіч адрэагаваў, як заўжды, на свой “інтэграцыйны” лад: маўляў, няхай гэтым пытаньнем займаецца Масква! Добра, што рэнамэ прэм’ера выратавала тэхнічная рэвалюцыя: на зьмену вінілу прыйшлі CD-дыскі і неабходнасць у такой вытворчасьці адпала. Але і цяперака не адпала неабходнасьць выдаваць у лічбавым фармаце тое, што стваралася ў тыя часы. Вось і перавыданьне альбому “Дваццаць восьмая зорка” з шэрагу тых музычных падзеяў, якія ўзнаўляюць гістарычныя старонкі айчыннай рок-музыкі, транслююць ідэалы яе пачынальнікаў у тым выглядзе, у якім яны былі дакляраваныя ў пачатку шляху тагачаснага пакаленьня рок-музыкаў.

І гэтая даклярацыя зафіксаваная на альбоме “Мроя” “Дваццаць восьмая зорка”. Маю на ўвазе знаны гіт “Я — рок-музыкант”. Добра памятаю першы пасля вяртання з войска выступ “мрайчукоў” на фэсьце “Тры колеры” ў 1987 годзе. А таксама, рэакцыю на гэтую песню аўтарытэтнага музыканта, басіста гурта “Сузор’е” А. Казлоўскага, якую ён выказаў ў памяшканьні для арганізатараў: “Сапраўды моцная рок-песьня!” І хоць сёньня Лявон дэзавуюе некаторыя яе пастуляты (кшталту,“я супраць “блакітных” і “залатых”), а сам не супраць адыграць нешта ў стылі песень “рэстараннага варыянту” (напраклад, у складзе праекту “Крамбамбуля”), “Рок-музыкант” з “Дваццаць восьмай зоркі” Вольскага застаецца клясычным узорам рок-гімну, як жанру беларускай рок-музыкі.

Але галоўная ськіраванасьць тэкстаў і музыкі гурта заставалася сацыяльнай. Па вастрыні ўвасабленьня гэтай тэмы ў беларускай рок-музыцы ім не было роўных. Гэта было абумоўлена зацікаўленасьцямі і талентам асноўных аўтараў песень “Мроі” (Вольскі, Давыдоўскі, Дземідовіч), якія сваімі тэкстамі стваралі асновы айчыннай рок-паэзіі. Гранічная эмацыянальнасьць былі ўласьцівыя лепшым кампазіцыям гурта, якія прадстаўлены на дыску. Такімі ўспрымаюцца і песні “Дваццаць восьмая зорка”, “Шмат”, і мэтафарычныя кампазыцыі “Кастрычніцкі цягнік”, “Апошні інспэктар”, і сатырычныя замалёўкі “Мама-мафія”, “Аўстралійская полька”…

Нельга не адзначыць, што не толькі вострыя сацыяльныя песьні былі галоўнымі ў творчасьці “Мроі”. Відавочна, што свой асноўны мастацкі пасыл выканаўцы звярталі да маладых беларусаў, якіх заклікалі ськінуць путы нацыянальнага нігілізму, устаць у абарону незалежнасці, мовы і культуры роднага краю. І рабілі гэта надзвычай пераканаўча. Пра што сьведчыць адна з самых яскравых кампазыцыяў альбома “Зямля”. Па-сутнасьці “Зямля” – гэта спраба разбудзіць нацыянальнае сумленьне тых, хто яшчэ ў стане асэнсаваць свае вытокі і карані, сваё прызначэньне на гэтай зямлі. І не віна гурта “Мроя”, што “Зямля” і сёньня застаецца звышактуальнай тэмай ў беларускай рэчаіснасьці.

Для многіх нашых з Вітаўтам Мартыненкам равесьнікаў і паплечнікаў ўспаміны пра “Мрою” назаўсёды будуць зьвязаныя з нашым удзелам у першым Вальным Сойме беларускіх суполак, які адбыўся ў 1987 годзе. Цудоўным падарункам яго дэлегатам стаў легендарны канцэрт “Мроі”. Упэўнены, мы ўсе памятаем гард-рокавую віхуру канцэртовага гучаньня гурта Л. Вольскага ў актавай залі пісьменніцкага дома адпачынку “Іслач”, што ў Валожынскім раёне. Як і песні, які прагучалі там, асабліва гіт “Ён яшчэ вернецца”. Гэтыя і іншыя творы і відэа-фрагменты канцэртных выступаў, якія не публікаваліся раней, прадстаўлены на CD-варыянце альбома “Дваццаць восьмая зорка” ў якасьці бонус-трэкаў. За гэты падарунак прыхільнікам “Мроі”, а таксама за грунтоўную прадмову да праграмы дыска, за поўную бібіляграфію і дыскаграфію гурта, трэба дзячыць складальніка кружэлкі, знанага беларускага музычнага крытыка Вітаўта Мартыненку і мэнэджэра перавыданьня Віталя Супрановіча. Іх вопыт і архіўныя матэрыялы дазволілі напоўніцу спраўдзіць мэты “Беларускага Музычнага Архіву” ў адносінах да такой культавай з’явы беларускай рок-музыкі 80-90 гадоў, як гурт “Мроя”.

 

mialguj.livejournal.com