Не часта айчынныя музыканты так сур’ёзна адносяцца да якасьці сваіх запісаў.

Акустычная прэзэнтацыя новага альбому “Porna” магілёўскага гурта “Mauzer” выклікала немалое хваляваньне ў шэрагах сталічных меляманаў па некалькіх прычынах.

Сярод іх нельга не адзначыць галоўную: у менскім клюбе “Рэактар” павінен быў выступаць ўжо надзвычай папулярны ў краіне магілёўскі рок-музыкант, паэта і лідэр аднаймённага гурта Янка Маўзэр са сваімі калегамі-музыкамі.

Вельмі ўражвае і радуе тое, што Янка стаў кумірам маладых беларускіх хлопцаў і дзяўчат так званага generation next дзякуючы сваім песьням, якія былі цудоўна запісаны ўдзельнікамі гурта “Tav. Mauzer” і выдадзены на ўжо культавым альбоме “Радасьць” (БМА group, 2006 г.) Большасць гэтых песень, як высьветлілася, слухачы ведаюць на памяць. А “ўжывую” засьпяваць іх разам з кумірам – найбольшае задавальненьне і гонар для ўзорнага прыхільніка…

Таму, перш чым пачаць размову пра новы альбом “Porna” магілеўчаніна Янкі Маўзера і гурта “Mauzer” (цяперака гурт завецца менавіта ў такім варыянце!), варта ўспомніць посьпех папярэдняй працы артыста і ягонай каманды — кружэлкі “Радасьць” з магутным гітамі “Брудная вада”, “Калыханка”, “Беларусь Будзе Вольнай”. Гэтыя кампазыцыі надалі беларускай рок-музыцы новыя пэрспэктывы, пашырылі слухацкую аўдыторыю айчынных незалежных выканаўцаў.

Але міналі дні, месяцы і гады, якія прыносілі выканаўцам новыя фэстывальныя выступы, канцэрты і скандалы. Гэткімі падзеямі напоўнілася творчае жыцьцё гурта “Mauzer” і ягонага лідэра Яна Маўзера.

Здаецца, плынь часу вярнуць нельга, як і нельга вярнуць былога посьпеху, калі гурт стаў пераможцам фэсту “Басовішча”, атрымаў дзьве ўзнагароды на “Рок-каранацыі-2005” і “Рок-каранацыі-2006”. Але на гэта ў Янкі былі прыхаваныя свае аргументы, які слухачы знойдуць на новым альбоме выканаўцаў.

Што тычыцца правакацыйнасьці самога слова “porna”, то наяўнасць яго ў назве новага альбому гурта “Mauzer” тлумачыць Янка Маўзер такім чынам: “Мы маем на ўвазе не фізіялягічнае порна, хоць да гэтага, напэўна, гэтыя назва адносіцца. Мы хацелі выказаць не тое, што порна вакол, а што порна ўнутры нас. Пра чарнату душы. Мы спадзяёмся, што людзі, якія будуць слухаць альбом, адчуюць тыя думкі, якія былі ўкладзены ў ягоны зьмест.”

Што і казаць, вырваўшы з агульнага кантэксту любы радок з песень Янкі, можна палічыць яго парнаграфічным: “Вазьмі мяне!/ На мокрай падлозе!” Але толькі агульнае ўспрыяцьце канцэпцыі альбому дазваляе слухачам адкінуць аргумент правакацыйнасці, які музыкам закідваюць некаторыя мясцовыя крытыкі, і адчуць, а пасля і зразмець гранічную адкрытасць лірычнага героя песень, які прызнаёцца:

Ты – маё разуменьне прыгожага,
Дазволіш стаць тваім рэхам?
Пасьля доўгага падарожжа,
Там, дзе гучыць сьмех.
За такіх, як ты пачынаюць вайну,
З-за такіх як ты, вучацца танчпошняяыць.
Я бачыў цябе ў сьне ці кіно.
Мая маленькая,чаму ты пачыш?
(“Апошняя песьня”)

Як і першы ў гісторыі гурта альбом “Радасць”, дыск “Porna” не можа не захапіць слухачоў дасканаласцю запісу, арыгінальнасцю (прынамсі, для маладой беларускай рок-музыкі) аранжыровак і паэтычных эксьпэрыментаў Янкі, які з’яўляецца аўтарам тэкстаў да кампазыцый альбому “Porna”.

Не часта айчынныя музыканты так сур’ёзна адносяцца да якасьці сваіх запісаў. Бо ўдзельнікі гурта “Mauzer” запісвалі ўсе партыі гітараў, барабанаў, баса на спецыялізаваных студыях па ўсёй Беларусі. А запіс вакалу і клявішных інструмэнтаў, як зьвядзеньне і “майстраваньне” ўсяго музычнага матэрыялу, яны рабілі на сваёй уласнай студыі “MAUZER recordings”. Мо таму новы дыск адрозьніваецца чысцінёй гучаньня і ўспрымаецца як новае слова ў мастацтве запісу альтэрнатыўнай рок-музыкі ў нашай краіне.

Традыцыйна на гукавых дарожках новага альбома музыкамі зьмяшчаюцца песьні сацыяльнага зьместу з сатырычным падтэкстам (напраклад, “Гебельс” ці “Uvaha!”), якія цяперака адлюстроўваюць крытычны погляд музыкантаў на некаторыя асаблівасьці беларускай рэчаіснасьці.

Простых заклікаў палітычнага зьместу музыканты стараюцца пазьбягаць, каб унікнуць лозунгавых шаблёнаў у сваёй творчасьці. Такі падыход спрыяе таму, што нават сацыяльныя тэматыка ў тэкстах гурта “Mauzer” не выпадае з агульнай канцэпцыі альбому “Porna”.

Шчырую ўвагу слухачоў прыцягнуць і лірычна-паэтычныя споведзі, кшталту такіх песень, як “Вазьмі мяне”, “Балянсу белага”, па якіх можна скласьці ўражаньне аб тым, якія тэмы і сродкі для іх выяўленьня найбольш хвалююць музыкаў гурта. Толькі на альбоме “Porna” гэтыя песні адрозніваюцца больш дасканалай прапрацоўкай тэмы, больш глыбокім спалучэннем мелодыі і тэксту.

Слухачоў проста захапляюць цяперашнія магчымасці Яна, як вакаліста. Здаецца, Маўзеру пад сілу і стварэнне напружнай эмацыянальнасці (“Усьміхніся”), і душэўная спавядальнасць (“Апошняя песня”). Мо таму гэтыя кампазіцыі адразу становяцца хітамі, якія маладыя наведвальнікі канцэртаў гурта “Mauzer” спяваюць разам з Янкам.

Аматарам інструмэнтальных нумароў прыйдзецца да спадобы цікавыя музычныя тэмы-замалёўкі, якія прадстаўлены на кружэлцы (“Таварыш Маўзэр”, “Нараджэньне”). Гэтыя кампазыцыі дэманструюць выканаўчыя магчымасьці ўдзельнікаў запісу альбома, логіку ў кампазыцыйным разьвіцьці гэтых інструмэнтальных п’есаў. Стылістычна музыка гурта “Mauzer” з’яўляецца альтэрнатыўнай, але ў ёй гарманічна спалучаюцца ня толькі “цяжкія” інгрыдыенты хард-кору ці industrial, але і элемэнты эксьпэрыментальнай электронікі, нават танцавальнага drum-and-bass, якія дапаўняюцца цяжкімі гітарнымі рыфамі і магутным гукам басавай гітары. Такі музычны “кактэйль” характэрна для многіх альтэрнатыўных рок-выканаўцаў. А яшчэ слухачы адзначаць выдатны прафесіяналізм усіх удзельнікаў запісу альбома. Ім пад сілу і арыгінальныя электронныя эксперыменты, як гэта адчуваецца ў песьні “Мора”, і сучасны гітарны рок, які дамінуе ў “Шчасьлівых людзёх”. Хоць бывае здаецца, што залішняя насычанасьць музычных і паэтычных вобразаў альбому “Maūzer” шкодзіць, бо адбівае ахвоту да слуханьня ў тых, хто не прызвычаіўся да складаных форм у сучаснай рок-музыцы.

Шкада, імёны музыкаў гурта асобна не пазначаны на буклеце кружэлкі. Можна толькі здагадацца, што гэта музыкі, якія разам з Янкам удзельнічалі ў запісу папярэдняга альбому “Радасьць”. Гэтыя выканаўцы, па інтэрнэт-завядзёнцы, хаваюць свае імёны пад нікамі. Адзін з іх — Kolhz – гітарыст, які ўдзельнічаў разам з Янкам у прэзэнтацыі дыска, што прайшла ў менскім клюбе “Рэактар”.

Таму яшчэ раз падкрэслю, фенамену “Mauzer’а” не магчыма было б спраўдзіцца без таленавітых і прафесійных ўдзельнікаў гурта, талент якіх надаў новаму альбому гурта глыбіні і самавітасьці.

Нажаль, некаторыя з гэтых музыкаў па розных прычынах пакінулі каманду, хоць Янка з гэтай нагоды не стаў доўга сумаваць. Для працы ў гурце “Mauzer” былі запрошаныя іншыя выканаўцы, якія ў мінулым месяцы атрамалі “баявое хрышчэнне” на сцэне фэста “Рок за Баброў” у Сілічах пад Менскам.

І яшчэ адна вартая ўвагі асаблівасць альбома “Porna” – прэцэзіённасьць напісаньня, вымаўленьня, адлюстраваньня ў друку лірыкі Яна Маўзера: нават самы заўзяты прыхільнік роднай мовы не знойдзе і двух сэнсавых і арфаграфічных памылак у тэкстах гурта, якія выдрукаваны ў буклеце альбому. Такая граматнасць сучасных беларускіх рок-музыкантаў не можа не радаваць, бо з’яўляецца цудоўным прыкладам для больш маладых аўтараў беларускамоўнай рок-паэзіі.

Упэўнены, у хуткім часе сталічных слухачоў, як прыхільнікаў гурта “Mauzer” па ўсёй краіне, чакаюць новыя сустрэчы з таленавітымі музыкамі з Магілёву, якія абяцалі правесці паўнавартасную “элэктрычную” прэзэнтацыю новага альбома. Бо галоўная фішка “Mauzer’а” – канцэртнае шоу і выкананьне песень, якія сталі гітамі па ўсёй Беларусі. Так было з кампазыцыямі альбома “Радасьць”, так, упэўнены, здарыцца і з альбомам “Porna”.

mialguj.livejournal.com