Выданьне самага недаацэненага «песьняроўскага» шэдэўра 30-гадовай даўніны можна паставіць у адзін шэраг зь зьяўленьнем «An American Prayer» The Doors ці тое вяртаньнем гурта Queen на пачатку XXI стагодзьдзя. І нават ня ў сэнсе важнасьці падзеі, колькі ў пляне яе спрэчнасьці.

Пра пасьлясьмяротныя альбомы з голасам Морысана і запісы каманды Фрэдзі з новым вакалістам напісана ўжо зашмат, а вось пра першую беларускую рок-опэру, якую вырашылі перайграць наноў — пакуль анічога.

Завадатар праекту Андрэй Скарынкін відавочна перасьледаваў добрыя мэты — увасобіць «Гусьляра» ў сучасных умовах і тым самым падкрэсьліць усю выбітнасьць гэтага твору. Але пэўна ні сродкаў, ні часу асабліва на гэта не знайшлося. Справа абыйшлася без сымфанічнага аркестру, які бы пасаваў пры такой добрай нагодзе. І нават пры практычнай адсутнасьці жывых інструмэнтаў — задаволіліся сынтэзатарам ды гітарай Анцішына. У падборы вакалістаў у прынцыпе ня схібілі — паклікалі прафэсіяналаў, хоць збольшага і маласьведамых як для перапяваньня Янкі Купалы (арт-група «Беларусы», Іна Афанасьева).

Нечаканая прыемнасьць тут у прынцыпе адна — вакальная партыя Князя, якую выканаў Анатоль Ярмоленка. Во бы і надалей браў народны артыст такія эмацыйныя нумары, а не чарговы раз зацягваў адвечнае «Лягу-прылягу».

Па выніку «Гусьляра», якога пераназвалі ў «Курган», пазбавілі эмоцыяў, той практычна жывёльнай энэргетыкі і непадробнай шчырасьці. Мурашы па скуры не прабягаюць адназначна. Лепей бы, каб падкрэсьліць выбітнасьць гэтага твору паклапаціліся пра належнае выданьне арыгінальнай вэрсіі, якую са сьвечкаю ў руках цяжка знайсьці.

Дадаткова псуе ўражаньне малапрывабнае аздабленьне дыску з надпісамі па-расейску.

Рок-опэра «Курган», «Вігма», 2010

music.fromby.net