Дзесятага траўня ў Сеціве зьявіўся альбом праэкту ПАН ЖЫЖМА «Хто тут?», за якім стаіць Павал Зыгмантовіч, былы ўдзельнік гурту IQ48.

Праэкт ПАН ЖЫЖМА зьяўляецца спробай сумясьціць рэп і народную музыку. Перакласьці беларускі фольк на рытмічны біт, дадаць чытанкі – і паглядзець, што атрымаеца.

Пры гэтым з народных песьняў бралася ў асноўным не музыка, а тэксты – так падалося больш цікавым. Хаця, трэба адзначыць, што галоўным музычным арыентырам было ўсё-ткі фолькавае гучаньне. Дзеля гэтага ў музычных падкладках пад чытанку выкарыстоўваліся народныя інструмэнты – дуда, цымбалы, жалейка. Вядома, не жывыя, а сэпліраваныя.

Да таго ж, па старое рэперскай традыцыі ў музыцы шмат выкарыстоўваліся таленты іньшых выканаўцаў.

У Алеся Камоцкага была пазычана музыка да песьні «Абавязкова», у гурта «Палац» – да песьні «Казка на нач», а ў гурта «Postscriptum» скарадзена не толькі музыка, але й голас вакалісткі Юлія Белізяк («Плачка»). І, зразумела, без пагадненьня. Бо які ж гэта крадзёж, калі ёсьць пагадьненьне?

Тэматыка песьняў, прадстаўленых у альбоме, так сама больш фолькавая. Прынамсі, звычайных для рэпераў наездаў на калег ды доказаў уласнае крутасьці на альбоме няма зусім. Акрамя таго, адна зь песьняў зроблена на тэкст Францішка Багушэвіча «Мая хатка». Пасьля таго, як на ягоныя тэксты зрабілі песьні Hasta La Fillsta ды Вольскі з Памідоравым, трэба было так сама адзначыцца выкананьнем твора першага беларускага рэпера.

Альбом распаўсюджваецца бясплатна й на носьбіце выдавацца ня будзе – на халера яны патрэбныя, гэтыя носьбіты, у наш час усеагульнага ан-лайну.

Праслухаць й спампаваць альбом можна на сайце Белая доля, http://beldol.com. Гэта блог пра беларусскую міфалогію, культуру, людзей. Здаецца, пляцоўка вельмі добра суадносіцца с праэктам ПАН ЖЫЖМА.

Слухаць і пампаваць: beldol.com

Тэхнічная інфармацыя:

Музыка: Раман «Cheem» Камоцкі  (усё); так сама выкарыстоўваліся вялікія і дробныя  сэмплы гуртоў – Ліцьвіны (2), Палац (6), Харошкі (8), Postscriptum (10), Алесь Камоцкі (12). На гітарах гралі – Александр Кульпо (3), Яўгён Бузоўскі з IQ48 (5).

Словы: Павал Зыгмантовіч (усё, акрамя 7), народнае (1, 5, 8), Францішак Багушэвіч (7), гурт Postscriptum (10).

Выкананьне: Павал Зыгмантовіч (усё), Яўгён Бузоўскі (1), Раман «Cheem» Камоцкі (5).

Запіс, сьцягванне, майстарынг: Раман «Cheem» Камоцкі (Ulei Rec.), http://www.ulei.info

budzma.org