19.10.2009 г. адбыўся рэліз DVD гурта IQ48 “Зрабі сам. Акустыка” — фактычна першае ў гісторыі Беларусі выданьне з запісам акустычнага альбому рок-калектыву.

Што гэта такое і з чым ядуць?

На базе сваёй студыі для самых адданых прыхільнікаў хлапцы жыўцом зайгралі “пад акустыку” 9 уласных твораў, а таксама беларускамоўны кавэр на песьню Enjoy The Silence гурта DEPECHE MODE. Відэаварыянт гэтага канцэрту патрапіў на DVD.

Адкуль ідэя?

Паміж рэлізам свайго папярэдняга альбома і тым, як пачаць рыхтаваць новы матэрыял, музыкі вырашылі не таптацца на месцы, а зрабіць нешта незвычайнае, напрыклад, зайграць свае ўжо вядомыя песьні па-іншаму, без уласьцівых гурту рокавых гітар, больш лірычна, падобна на тое, што называецца ў сьвеце словам unplugged.

Чаму менавіта “акустыка”?

На Беларусі гэтым яшчэ практычна ніхто не займаўся, каб ня проста перапрацаваць свае песьні “пад акустыку”, а зрабіць з гэтага гатовы да ўжываньня відэапрадукт.

Грошы і хто за гэтым стаіць?

Рабілі праграму хлопцы выключна самастойна (адсюль і назва адпаведная — “Зрабі сам”), без аніякай фінансавай ці іншай падтрымкі лэйблаў, спонсараў і іншых варацілаў шоу-бізнэсу. Такім чынам, бюджэт праекту склаў 50 даляраў, астатняе грашыма не вымяраецца — дапамаглі сябры і прыхільнікі гурта.

Дзе знайсьці?

На афіцыйным сайце гурта www.iq48.net. Там відэа і мр3. Усё качаецца бясплатна, бо гэта падарунак музыкаў аматарам IQ48 і людзям, якія падтрымлівалі і працягваюць падтрымліваць гурт. Таксама існуе “калекцыйнае выданьне” гэтага DVD, але яго наклад абмежаваны і ён прадаецца выключна на канцэртах, а таксама на спецыялізаваных гандлёвых кропках. Па словах музыкаў, усе сродкі ад продажу дыскаў адпраўляюцца “дамоў на Марс” альбо ідуць на іншыя дабрачынныя мэты.

community.livejournal.com/muzpro_by