У мінулыя часы, калі людзі яшчэ не мелі магнітафонаў, вясковая моладзь бавіла вольны час на вячорках. Хлопцы і дзяўчаты збіраліся ў самай вялікай у вёсцы хаце, запрашалі музыкаў… І пачыналася весялосць да ранку. Думаеце, гэтая традыцыя канчаткова сышла ў нябыт разам з распаўсюджваннем тэхнікі? Памыляецеся! Беларускі гурт «Раwа» па сутнасці займаецца тым жа, чым і вясковыя музыкі ў даўнія часы, — іграе народныя мелодыі ў клубах (але ўжо мае электрычны ўзмацняльнік, а да аўтэнтычных матываў прымешвае сучасныя музычныя фарбы). Самі музыкі свой стыль назвалі «этнатэкай» — гэта тая ж дыскатэка, але на фальклорнай аснове.
«Раwа» — вельмі малады гурт. Іх першы канцэрт адбыўся 17 лютага 2012 года ў Маскве, потым былі выступленні на сустрэчы «Дударскага клуба» ў Мінску, падчас сярэднявечных і фальклорных фэстаў… Яшчэ раней — выхад альбома, які так і называецца — «Раwа». Што ж стала штуршком для стварэння новага гурта? Бо ні для каго не сакрэт, што ў гурт «Раwа» ўваходзяць музыкі з калектыву сярэднявечнай музыкі «Tеstаmеntum Tеrrае» (а ён паспяхова працуе на беларускай сцэне ўжо 10 гадоў) і граюць яны тыя ж старажытныя мелодыі, толькі ў электроннай апрацоўцы.

— Пэўна, галоўную ролю ўсё ж адыграла маё жаданне граць на гітары сучасную музыку. Але як я ні намагаўся, гітару так і не асвоіў. Не хапіла ці часу, ці таленту (смяецца ). А жаданне засталося, — распавядае лідар гурта «Раwа», дудар і майстар інструментаў Юрась Панкевіч. — Вось і з’явілася думка граць на тым, на чым умееш, але граць так, каб гэта гучала сучасна. Было шмат эксперыментаў з рознымі дыджэямі, музыкамі. Мы шукалі розныя варыянты спалучэння інструментаў кшталту: дуда — бас — гітара — бубен. Але, на мой погляд, лепш за ўсё атрымліваецца з сённяшнімі музыкамі, хто і стварае адметнае гучанне гурта «Раwа».

Такім чынам, маем наступны механізм стварэння адметнага гучання этнатэкі: спачатку гурт «Tеstаmеntum Tеrrае» — Надзея Працько (скрыпка, вакал), Віталь Касавец (бубны), Марыся Грышанава (жалейкі, вакал), Дзмітры Барсукоў (цыстра, вакал) і Юрась Панкевіч (дуда, вакал) — іграе фальклорную мелодыю ў звыклым акустычным гучанні, а ўжо пазней яе апрацоўвае дыджэй Мікіта Седзянкоў, дадаецца гітара Сержука Шаўчэнкі, і абноўлены варыянт традыцыйнай мелодыі выконвае «Раwа». Але заўважце — выконвае ўжывую!

— Мы вельмі трапятліва ставімся да фальклорнага матэрыялу, — зазначае Юрась. — У нас часам нават узнікаюць спрэчкі, якім чынам яго лепш інтэрпрэтаваць. Напрыклад, калі ствараем новую апрацоўку танца, то, акрамя сучаснага біта, пільна сочым за фігурамі танца. Таму падчас нашай этнатэкі можна танчыць як сучасны танец, так і фальклорны варыянт, напрыклад, кракавяк ці цяцерку. Але, праўда кажучы, некаторыя саступкі мы сабе дазваляем, бо робім усё ж сучасную музыку.

І варта адзначыць, вынікі працы ўжо ёсць. Поўныя залы на канцэртах. Шалёныя танцы да сёмага поту (сама неаднойчы вытанцоўвала кракавяк пад «Раwа» падчас вечарын «Дударскага клуба»). Гучанне этнатэкі нават на вяселлі ў Маскве! Магчыма, уся справа ў добрай працы прадзюсара калектыву Валерыя Шаўчэнкі? Ён, дарэчы, ужо шмат гадоў супрацоўнічае з поп-гуртом «Краски». Ці ў адсутнасці здаровай канкурэнцыі сярод гуртоў падобнага кшталту на беларускім музычным рынку?

— Я быў бы здзіўлены, калі б мы не спадабаліся публіцы, — задаволена адказвае Юрась на мае захопленыя каментарыі. — І гэта не мая ганарлівасць. Мы выбіраем самы папулярны і цікавы фольк-матэрыял і пераапрацоўваем яго. Гэта старажытныя хіты, таму і каверы на іх не могуць быць нецікавымі грамадству, у якім шануюць мінуўшчыну. Што да прадзюсара, то нам пашанцавала знайсці чалавека прафесійнага, ён нас шмат чаму вучыць. Мы з «Красками» працуем у розных стылях, таму тое, што падыходзіць ім, нашаму гурту — не вельмі. Адзінае, да чаго мы імкнёмся — гэта стварыць якасны, глыбокі і насычаны гук. Ствараючы танцавальную фольк-электроніку, я не знайшоў ніводнага падобнага гурта, які працуе ў гэтым жа стылі. Не тое што ў Беларусі — у свеце! І тут справа не ў рэміксах, іх шмат хто нарабіў. І нават не ў спалучэнні народных песень з бітамі. Пэўна, толькі мы і шведскі гурт «Gаrmаrnа» іграем электроніку ўжывую, з народнымі інструментамі. Можна яшчэ прыгадаць расійскі гурт «Иван Купала»… І калі я памыляюся, то дашліце мне на электронную скрыню спасылкі на старонкі гуртоў, якія граюць этнатэку. Будзе вельмі цікава паслухаць і павучыцца.

Цяпер музыкі распрацоўваюць матэрыял для сольных выступленняў, рыхтуюць да выдання альбом — гэта будзе пашыраная версія дыска, што пабачыў свет у 2011 годзе, і выйдзе ён у Маскве; падбіраюць мелодыі для выдання кружэлкі ў Польшчы. Спадзяюся, у іх усё атрымаецца. Думаю, што поспех гурта «Раwа» не будзе суправаджацца заняпадам акустычнага праекта «Tеstаmеntum Tеrrае», бо, якім бы моцным ні было імкненне данесці фольк да шырокага слухача, зрабіць яго запатрабаваным масавай аўдыторыяй, вытокі нашай музыкі і аснова аўтэнтыкі — у акустыцы. Да таго ж Юрась сам прызнаецца, што граць фольк яму гэтак жа цікава, як і мадэрн.