Мінскі фолк-метал гурт Litvintroll запісаў свой другі альбом пад назвай «Czornaja Panna», які выходзіць праз тры гады пасля дэбютнага дыска. За гэты час змяніўся не толькі склад гурта, але і гучанне — яно стала больш насычаным, зрабіўся больш відавочным уплыў doom metal.

Альбом «Czornaja Panna» складаецца з 8 трэкаў, якія не падобныя адзін да другога. Але пры гэтым дыск гучыць маналітна, за што вялікі дзякуй не толькі самім музыкам, алі і гукарэжысёру Алексею Болатаву, які працаваў над саўндам.

Кожная з песен мае сваю гісторыю. Так, «Da Siabra» была напісана як песня-віншаванне для вядучага праграмы HelloFolks на Люблінскім радыё Centrum. Незвычайнае віншаванне перарасло ў паўнавартасны трэк. Альбо песня «Lipka». Litvintroll — часты госць у Польшы, і яны не маглі не перапець народную польскую песню пра дзяўчыну, што выдаюць замуж супраць яе волі.

«Kamarova Smierc» — яшчэ адна народная песенька, але ўжо беларуская, з бадзёрым дыскатэчным рытмам і змрочным фіналам ў стылі Type O Negative.

«Kryzak (Piesnia Pra Troliau II)» — працяг п’есы з падобнай назвай з папярэдняга альбома. Напісаная ў гадавіну Грунвальдскай бітвы, песня, аднак, апісвае гісторыю вялікай бітвы з некалькі іншага боку, чым прынята.

«Karaleuskaja» — страшная казка пра злодзея, што, магчыма, прама зараз стаіць за вашай спіной. Прыслухайцеся…

«Czornaja Panna» — песня, што падарыла імя і задала тон усяму альбому. Распавядае гісторыю Барбары Радзівіл, што вярнулася з магілы і звяла з розуму свайго каханага. Смерць, якая хаваецца за цудоўным абліччам Чорнай Панны, наганяе ўсіх.

«Ad Astra» — кампазіцыя пра тых, кто бяжыць да зорак, хаваючыся ад палаючага света за сваёй спіной.

Апошні ж трэк носіць назву «Lasun». Ён распавядае пра ненажэрнасць чалавецтва, якое напрыканцы ўсё ж дагоніць Мара — яшчэ адно аблічча Смерці…

Такім чынам, галоўнай тэмай альбому выступае Смерць, што недзіўна: літаральна за пару дзён да сканчэння працы над «Czornaja Panna» у Гомелі на канцэрте загінуў басіст групы —Алег Клімчанка. Гэты альбом прысвечаны яго памяці.

— У кожнай песні альбома ёсць частка Алега. Альбом — гэта яго помнік, манумент. Наша даніна яго памяці, — кажа адзін з удзельнікаў гурта, дудар Васіль Варабейчыкаў.

— Што паўплывала на гук, які стаў заметна больш думавым?

— Мы не імкнуліся адмыслова дасягнуць такога гучання. Проста так адбіліся нашы музычныя перавагі. Калі былі напісаныя першыя песні і стала зразумела, у які бок нас нясе, мы вырашылі не пярэчыць, а працягнулі эксперыментаваць з гучаннем і дадалі ў нашу сумесь фольку і металу дробку маланхоліі.

— Чаму змянілі лагатып групы?

— Таму што трэба думаць шырэй і адыходзіць ад шаблонаў. Склаўся пэўны стэрэатып — якім павінен быць лагатып гурта, якая гуляе ў тым ці іншым стылі. Фольк-метал ў гэтым не выключэнне. Стары лагатып не быў дрэнны, але мы вырашылі зрабіць крок наперад. Мне здаецца, новае лога больш адпавядае музыцы, якую мы зараз граем.

— Ці не нагадвае вокладка новага альбому вокладку апошняга рэлізу Paradise Lost, як лічаць некаторыя слухачы?

— Не. Але цалкам відавочна крыніца натхнення абодвух афарміцеляў. Дапытлівым варта пагугліць мастака Альфонса Муху і пачытаць пра такі напрамак у мастацтве, як мадэрн або арт-нуво. Гэта цяпер модны трэнд, што зрабіць. Калі абстрагавацца ад формы, то па змесце наша вокладка цалкам перадае дух альбома.