4-5 кастрычніка 2012 г. у Мінску на базе Інстытута бесперапыннай адукацыі БДУ прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя „Беларусь і цюркска-ісламскі свет”. Нагодай для гэтага стала 615-я гадавіна з часу ўзнікнення першых (паводле пісьмовых крыніц) татарскіх пасяленняў на землях Вялікага Княства Літоўскага. Група вучоных, якая ініцыявала правядзенне гэтай канферэнцыі, ставіла некалькі мэтаў.

Па-першае, прадугледжвалася ажыўленне інтарэсу сярод навуковай грамадскасці да праблем вывучэння гісторыі і культурнай спадчыны беларускіх татараў — неад’емнай часткі адпаведна гісторыі і культуры Беларусі — і тым самым стымуляванне даследаванняў у гэтай сферы. Даволі актыўна гэты кірунак навуковай дзейнасці разгортваўся на працягу 90-х і на самым пачатку 2000-х г. Аднак апошнім часам даследаванні ў галіне кітабістыкі (навуцы, якая займаецца вывучэннем „кітабаў” — рукапісных кніг татараў былога ВКЛ) і гісторыі татарскай супольні на землях Беларусі выразна зменшыліся, а сярод новых публікацый стала заўважацца нядобрая тэндэнцыя да адыходу ад навуковага пошуку ў бок папулярызацыі ўжо вядомага.

Па-другое, праблемы, якія паўстаюць у рэчышчы даследаванняў гісторыі татарска-мусульманскай супольні на землях ВКЛ, часам шчыльна пераплятаюцца з праблемамі гісторыі міжнародных адносін Беларусі з іншымі цюркскімі краінамі. Трэба адзначыць, што гэты навуковы кірунак у беларускай гістарыяграфіі таксама не вельмі распрацаваны і патрабуе спецыяльных даследаванняў. Такім чынам, ініцыятыўная група імкнулася прыцягнуць увагу і да гэтай сферы вывучэння айчыннай гісторыі.

Па-трэцяе, стваралася магчымасць для беларускіх даследчыкаў, якія працуюць у сферы цюркалогіі, таксама далучыцца да ўдзелу ў канферэнцыі. Ужо больш за дзесяцігоддзе ў некаторых ВНУ Беларусі выкладаецца турэцкая мова, такім чынам адкрываецца магчымасць для развіцця айчыннай цюркалогіі, прынамсі ў плане вывучэння гісторыі, мовы і культуры Турцыі па аўтэнтычных першакрыніцах. Існуюць нават адпаведныя краіназнаўчыя кафедры ў некаторых установах, на якіх таксама павінны праводзіцца даследаванні, звязаныя як з гісторыяй, так і з сучасным становішчам у Турцыі і іншых цюркскіх краінах. Ставілася мэта выявіць такіх навукоўцаў і прыцягнуць да далейшых сумесных праектаў і такім чынам стымуляваць даследаванні ў адной са сфер усходазнаўства.

Зыходзячы з пастаўленых мэтаў былі папярэдне вызначаны асноўныя кірункі канферэнцыі: 1) Беларусь і цюркска-ісламскі свет у гістарычнай рэтраспектыве; 2) Татары ВКЛ: гісторыя і сучаснае становішча татарска-мусульманскай супольнасці ў Беларусі, Літве і Польшчы; 3) Кітабістыка: праблемы і сучасны стан даследаванняў; 4) Перспектывы цюркалагічных даследаванняў у Беларусі. Але апошні кірунак, на жаль, не меў аніякага развіцця, бо аргкамітэт не атрымаў ніводнай заяўкі, звязанай з цюркалагічнай тэматыкай. Думаецца, гэта невыпадкова і сведчыць, як ні прыкра, пра адсутнасць дагэтуль у Беларусі сур’ёзных навуковых даследаванняў у галіне цюркалогіі.

У якасці ўстаноў — арганізатараў канферэнцыі выступілі Інстытут бесперапыннай адукацыі БДУ, кафедра гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Рэспуб-ліканскага інстытута вышэйшай школы БДУ, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры HAH Беларусі і Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь.

Пленарнае паседжанне адкрыла дырэктар Інстытута бесперапыннай адукацыі БДУ Т. Мілова, пасля якой з прывітаннем да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся кіраўнік Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь А. Б. Шабановіч.

Пры адкрыцці канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі пасольстваў Турцыі, Ірака, Палесціны, Ірана, якія выступілі з прывітальнымі словамі. На жаль, не прыбылі (апроч Турцыі) прадстаўнікі пасольстваў цюркскіх краін, хоць гэта, па сутнасці, была першая навуковая канферэнцыя ў Беларусі з канкрэтна цюркалагічнай тэматыкай.

З дакладамі на пленарным паседжанні выступілі замежныя вучоныя. Прафесар Лонданскага ўніверсітэта аўтар грунтоўнай манаграфіі па кітабістыцы Шырын Акінер звярнула ўвагу прысутных на вялікую каштоўнасць гісторыка-культурнага досведу, звязанага з існаваннем этнаканфесійнай групы татараў на землях Беларусі, Літвы і Польшчы. Гэты прыклад мірнага суіснавання і глыбокай сацыялізацыі мусульманскай меншасці ўнутры хрысціянскага грамадства можа, на яе думку, стаць узорам для сучаснай Еўропы, вартым дбайных даследаванняў. Пры гэтым Ш. Акінер падкрэслі-ла неабходнасць міждысцыплінарных даследаванняў у галіне кітабістыкі і аб’яднання навукоўцаў розных спецыяльнасцяў.

Даследчык гісторыі крымскіх татараў былы дырэктар Бахчысарайскага музея „Ханскі палац” Сервер Эбубекіраў у дакладзе „Гістарычная роля ВКЛ у станаўленні незалежнага Крымскага ханства” разгарнуў агляд дыпламатычных зносін, а таксама палітычных, ваенных і культурных стасункаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім, з аднаго боку, і Залатой Ардой, Крымскім ханствам — з другога, у перыяд з XIV да пачатку XV ст. Пры гэтым падкрэслівалася, што ўсталяванне дынастыі крымскіх ханау Прэяў адбылося дзякуючы дапамозе літоўскіх князёў.

Перад секцыйнымі паседжаннямі ўвазе ўдзельнікаў і гасцей канферэнцыі былі прапанаваныя дзве прэзентацыі. З першай прэзентацыяй „Вялікае Княства Літоўскае і татары ў сярэдневяковай мініяцюры” выступіў загадчык кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі РІВШ БДУ А. Мартынюк. На прыкладах заходнееўрапейскага і старажытнарускага (пераважна са збору „Ліцавога летапіснага зводу”) мастацтва было паказана, як змяняўся вобраз усходняга народа на працягу некалькіх стагоддзяў.

Прэзентацыя „Рукапісная спадчына татараў Вялікага Княства Літоўскага”, прапанаваная дацэнтам Мінскага інстытута кіравання Ірынай Сынковай, змяшчала аг ляд моўных і зместавых асаблівасцяў асноўных катэго-рый рукапісаў татарскага пісьменства, а таксама яго паходжання і значэння для фармавання і захавання свое-асаблівай мусульманскай, славянамоўнай і цюркскай па паходжанні культуры.

Першы блок выступленняў быў звязаны з гісторыяй стасункаў паміж дзяржавамі, у склад якіх уваходзілі беларускія землі, і цюркскімі краінамі. У дакладзе дацэнта гістарычнага факультэта БДУ В. Вароніна „Палонныя ардынскія ханы Сеід-Ахмет і Шыг-Ахмат у Вялікім Княстве Літоўскім” высвятляліся складаныя палітычныя адносіны паміж ВКЛ і Залатой Ардой, што паўплывала на становішча палонных ардынскіх ханаў.

Даклад А. Мартынюка «Бернард Прытвіц: „нямецкі казак” на сцяпной мяжы Кароны і Княства ў XVI ст.» быў прысвечаны разгляду досыць цікавага з пункту гле-джання гістарычнай інфармацыі „Мемарыяла” — твора Б. Прытвіца, — у якім апроч іншых разнастайных звестак паведамляецца пра крымскіх татараў і ўзаемаадносіны паміж Крымскім ханствам і ВКЛ, што было вельмі актуальна на той час.

У выступленні студэнта гістарычнага факультэта БДУ Ф. Падбярозкіна „У чаканні нашэсця: татарская пагроза на паўдзённых межах Рэчы Паспалітай і Расіі ў 1654 г. (паводле данясенняў рускай разведкі)” разглядаліся паведамленні інфарматараў (на расійскай службе) у якасці крыніц па гісторыі ўзаемаадносін Рэчы Паспалітай і Крымскага ханства ў XVII ст.

Другі блок выступ л енняў датычыўся новых рас-працовак у галіне кітабістыкі. Дактарант Бамбергскага ўніверсітэта (Нямеччына) Д. Сеўрук паведаміў пра змест і моўныя асаблівасці прыпісак на старонках мінскага тэфсіра 1686 г. — старэйшага з вядомых на сёння рукапісных тэфсіраў беларускіх татараў. Да гэтага ж помніка рэлігійнай літаратуры звярнуўся і другі дакладчык, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі М. Тарэлка, які вызначыў шэраг асаблівасцяў гэтага манускрыпта на падставе тэксталагічнага аналізу.

Трэці блок дакладаў ахопліваў розныя аспекты і перыяды гісторыі татарска-мусульманскай супольнас-ці Беларусі, Літвы і Польшчы. У дакладзе навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Ш. Бекцінеева „Літоўска-татарская грашовая сістэма з 1397 г. да другой чвэрці XV ст.: новыя матэрыялы і да-следаванні” паведамлялася пра існаванне асобнай грашовай сістэмы, якая ўзнікла дзякуючы з’яўленню татарскіх перасяленцаў на землях ВКЛ. Яны прывозілі з сабой свае срэбраныя манеты, якія потым мелі хаджэнне ўнутры княства, а для гэтага на іх ставілі спецыяльную адзнаку „калумн” („брама”). Гэтая сістэма на пачатку XV ст. была выцеснена агульнадзяржаўнай грашовай сістэмай ВКЛ.

Член саюза мастакоў Беларусі В. Калясінскі выступіў з паведамленнем „Асабістыя жэтоны вайскоўцаў мусульманскага веравызнання польскай арміі 1920-1930-х г.”, у якім засяродзіў увагу на значэнні асабістых жэтонаў як крыніц для гісторыі беларускіх татараў, а менавіта для атрымання звестак пра вайсковую службу татараў з беларускіх земляў, што ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай у міжваенны час.

Выкладчыца Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта С. Грыбава ў дакладзе „Беларускія татары ў гады Вялікай Айчыннай вайны” закранула розныя бакі у жыцці татарскага насельніцтва таго часу. Яна прывяла звесткі на падставе разнастайных дакументаў, у тым ліку архіўных матэрыялаў, пра службу беларускіх татараў у Чырвонай Арміі, іх удзел у партызанскім і падпольным руху.

Навуковы супрацоўнік НДІ ПФП імя А. М. Сеўчанкі БДУ С. Міскевіч у дакладзе „Уздзенскія татары” зрабіў спробу комплекснага гісторыка-культурнага агляду, прысвечанага адной канкрэтнай татарскай абшчыне, выкарыстаўшы разнастайныя матэрыялы: архіўныя дакументы, сямейныя хронікі, а таксама вынікі асабістых даследаванняў.

У выступленш I. Сынковай на тэму „Традыцыі знахарскай практыкі ў народнай культуры беларускіх татараў” былі пазначаны некалькі пластоў рознага культурнага паходжання ўнутры знахарства як часткі традыцыйнай народнай культуры. Асаблівую цікавасць выклікаюць складаныя перапляценні хрысціянскіх і ісламскіх уплываў, што з’яўляецца вынікам глыбокага ўзаемадзеяння паміж татарска-мусульманскім і беларуска-хрысціянскім насельніцтвам.

Падсумоўваючы вынікі канферэнцыі, можна адзначыць, што нягледзячы на шматлікія цяжкасці, якія даводзілася пераадольваць пад час яе падрыхтоўкі, у тым ліку на недастатковае фінансаванне, што прывяло да істотнага скарачэння колькасці замежных удзельнікаў — вядучых спецыялістаў па вызначаных кірунках працы канферэнцыі, усё ж канферэнцыя мела важнае значэнне: па-першае, былі выяўлены новыя даследчыкі, якія досыць паспяхова разгортваюць навуковую дзейнасць у сферы кітабістыкі і гісторыі беларускіх татараў; па-другое, пад час плённых дыскусш вьізначьіліся перспектывы навуковага пошуку — новыя навуковыя праблемы і тэмы, якія чакаюць свайго далейшага абмеркавання; па-трэцяе, сярод вучоных — удзельнікаў канферэнцыі паўстала ідэя стварэння навуковага аб’яднання або навуковага цэнтра ўсходазнаўчых даследаванняў, які запоўніў бы лакуну у беларускай навуцы. Арганічнай часткай дзейнасці такога цэнтра сталі б кітабістычныя даследаванні, адначасова шчыльна звязаныя з вывучэннем гісторыі і культуры самой Беларусі. Было таксама прынята рашэнне выдаць зборнік навуковых артыкулаў па матэрыялах дакладаў, у тым ліку і прац замежных вучоных, якія прыслалі свае тэзісы, але не змаглі непасрэдна ўдзельнічаць у працы канферэнцыі.