І неабавязкова гістарычных, бо інтэрпрэтацыя гісторыі ўспамінамі дае нашмат больш, чым вывучэнне пісьмовых дакументаў.



Гісторык Алесь Смалянчук у межах цыкла публічных лекцый «Urbi et Orbi» Лятучага ўніверсітэта і Міжнароднага кансорцыюма «ЕўраБеларусь» выступіў з публічнай лекцыяй «Палессе і Скірмунт» (па матэрыялах вуснай гісторыі).

Алесь Смалянчук распрацоўвае спецыфічны накірунак гістарычнага даследавання, які выкарыстоўвае вусныя ўспаміны людзей і грунтуецца не на пісьмовых дакументах. Гэта праца з памяццю людзей, якая мае ўласцівасць да зменаў цягам часу ў самога носьбіта.

Лекцыя, што йшла амаль дзве гадзіны, тычылася роду Скірмунтаў, у прыватнасці лёсу Скірмунтаў з Парэчча і Скірмунтаў з Моладава, альбо добрага і кепскага пана, як выглядае гэта гісторыя праз успаміны людзей.

— Мяне цікавіла гісторыя забойства Скірмунтаў у 1939 годзе. Як ягоная смерць выглядае ў аповедах людзей. Да дакументаў тут дабрацца немагчыма, ды іх увогуле, пэўна, ужо няма. І тут мне прыйшла такая думка, што Парэчча на Піншчыне – гэта ж тут, у Беларусі, што можна проста паехаць і паразмаўляць з людзьмі. Першая паездка была, можна сказаць, такая трохі дзіўная, бо я проста заехаў, пачаў глядзець, што там засталося ад маёнтка Скірмунтаў – рэшткі былой вінакурні. У ім на момант маёй паездкі быў ужо крахмальны завод – і там якраз на перакуры сядзелі рабочыя. Падыйшоў, запытаў пра Рамана Скірмунта – і што мяне здзівіла, людзі вельмі ахвотна адклікнуліся на словы незнаёмага чалавека. І калі я сказаў, што вось у энцыклапедыі напісана, што Скірмунта забілі савецкія актывісты, то з мяне пачалі смяяцца. Маўляў, якія актывісты, хуліганы ды п’яніцы мясцовыя яго забілі. Гэта была першая версія, якую я пачуў, — распавёў аўдыторыі Смалянчук. — Ну а потым, шмат разоў бываючы ў Парэччы (6 ці 7 экспедыцый), пачуў іншыя мадыфікацыі гэтай гісторыі. Старыя людзі памятаюць нават прозвішчы камісараў! Паводле ўспамінаў, Скірмунт не пакінуў вёску, нібыта казаў людзям, што нічога кепскага не рабіў, людзі за мяне заступяцца. Была яшчэ версія, што нібыта ён чакаў прыезду нейкіх вялікіх начальнікаў, хацеў з імі паразмаўляць – тады, маўляў, і вырашыцца ягоны лёс.Цікавы расповед атрымаў я ад былога кіроўцы Скірмунта – 92-гадовага палешука. Камісар Холадаў склікаў сход вяскоўцаў, маўляў, хай людзі вырашаць лёс пана. Людзі запрапанавалі даць таму пакойчык, зямлю, хай працуе. Тое што далей адбывалася, па-рознаму распавядаюць. Самая распаўсюджаная інтэрпрэтацыя – Скірмунта і ягонага швагру Баляслава схапілі мясцовыя хуліганы, якія мелі нейкі ўласны канфлікт з панам, і павялі ў лес. Галоўны забойца Лукашык, калі выпіваў, то расказваў пра само забойства. Загадалі капаць яму, Раман адмовіўся, Баляслаў капаў. Раман адмовіўся адварочвацца, сказаўшы, што ніколі ад людзей не адварочваўся. Але цікава, што людзі ўпэўненыя ў тым, што камісары не мелі дачынення да смерці Скірмунта. Шмат у якіх успамінах вядзецца пра цяжкі грэх забойцаў, што лёг праклёнам на іх далейшае жыццё.

А вось у Моладава сітуацыя са Скірмунтамі выглядае інакш. Забілі, бо панамі былі – без асаблівых сантыментаў, распавядае пра меркаванне сваіх суразмоўцаў Алесь Смалянчук.

— Тут быў сацыяльны канфлікт – чаго не было ў Парэччы. Там эмацыйна перажывалі, з праклёнамі. У Моладаве – праклёны забойцам не гучалі.Цалкам лекцыю пра гісторыю Скірмунтаў можна паглядзець у хуткім часе на сайце «Лятучага ўніверсітэту».

У аснове лекцыі — успаміны, якія Смалянчук збіраў у 2001-2012 гадах адзін і разам са студэнтамі. У нашай краіне зараз існуе адзіны цэнтр, які акумулюе даследаванні гэтага накірунку — Беларускі архіў вуснай гісторыі.

— Што гэта дае? Гэта праца з памяццю людзей, непасрэдны кантакт даследчыка з самой гісторыяй, з самім мінулым. Голас мінулага – голас сучаснасці. Памяць пастаянна перапісвае, пераглядае пражытае, убачанае. Але памяць улічвае іншы наратыў, бо маса людзей жыла па-за нейкімі ідэямі. Бо, напрыклад, такая прыгожая ідэя той жа БНР – чаму ж не прайшла? Калі разумееш, што маса людзей жыла без яе і не разумела яе – па-іншаму глядзіш. Вусная гісторыя дапамагае мадыфікаваць ці дапоўніць версіі гісторыі, якая грунтуецца толькі на пісьмовых дакументах.

Тут узнікаюць новыя крыніцы не толькі для гістарычнага, але і для міждысцыплінарнага даследавання. Для антраполагаў, этнографаў, сацыёлаў, лінгвістаў ды іншых спецыялістаў.