Рэдактар часопіса «Беларуская Думка» Вадзім Гігін пра кнігу Уладзімера Арлова і Зміцера Герасімовіча «Краіна Беларусь».


Пра кнігу У. Арлова «Краіна Беларусь» я ведаў даўно. Першае яе выданне выйшла яшчэ ў 2003 годзе. Але, нягледзячы на вельмі агрэсіўную рэкламу, маёй асаблівай увагі кніга тады не прыцягнула. Перавыданне адбылося ў 2012 годзе. Пабачыўшы яе ў кнігарні і перагарнуўшы некалькі старонак, заўважыў вялікую колькасць памылак і адклаў убок. Да напісання рэцэнзіі, хоць і трохі запозненай, мяне падштурхнула Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, якая адбылася ў Мінску. На адным са стэндаў была прэзентавана гэтая кніга, і хтосьці (ці то наведвальнік, ці то выдавец) з вялікім пафасам сказаў, што яна – сапраўдная «гістарычная энцыклапедыя Беларусі». Таму вырашыў паглядзець на працу Уладзіміра Арлова больш уважліва.
 
Выданне літаральна перапоўнена раз­ настайнымі памылкамі. Можна скласці асобны спіс. Калі аўтар пажадае, то я магу яго прадставіць. Узгадаем толькі не каторыя, найбольш характэрныя, з розных храналагічных перыядаў.
 
Дык што з Руссю?
 
З першых старонак кнігі У. Арлоў старанна імкнецца пазбегнуць узгадвання назвы «Русь». Напрыклад, ён піша: «У 907, 911 і 944 гадах полацкія ваяры разам з дружынамі суседзяў-славян удзельнічалі ў паходах на сталіцу Візантыйскай імперыі Канстанцінопаль (Царгорад). Пасля перамог Полацак атрымліваў ад візантыйцаў даніну» (с. 31). Але нічога не сказана, што паходы гэтыя ажыццяўлялі кіеўскія князі Алег і Ігар, а Полацк быў адным з гарадоў, якія яшчэ Рурык раздаў «мужам сваім» [1, c. 171] , і да моманту паходаў яны былі «под  Олгом суще».
 
Імкнучыся даказаць, што ніякай старажытнарускай дзяржавы не было, У. Арлоў упэўнена сцвярджае, быццам хрысціянства прыйшло ў Полацк «наўпрост з Візантыі» (с. 36). Але гістарычныя факты якраз не дазваляюць зрабіць такую выснову. Па першае, епіскапская кафедра ўзнікла ў Полацку, імаверна, у 992 годзе, што вельмі блізка да даты хрышчэння Кіева – 988 года, і дае магчымасць звязаць гэтыя падзеі. Па-другое, ніхто з гісторыкаў не аспрэчвае, што ў той час Полацк знаходзіўся пад вярхоўнай уладай вялікага князя кіеўскага Уладзіміра. Па-трэцяе, Полацк уваходзіў у адзіную Кіеўскую мітраполію. Дарэчы, нам нічога невядома нават пра спробы полацкіх князёў завесці асобную мітрапаліцкую кафедру, як імкнуліся зрабіць іншыя рускія князі, напрыклад Андрэй Багалюбскі. Нарэшце, у полацкіх землях вельмі рана (ужо ў XI стагоддзі) распаўсюдзіўся культ першых рускіх святых – Барыса і Глеба, якія паходзілі з кіеўскага княжацкага дома. Такім чынам, з самага пачатку свайго існаванння хрысціянства ў Полацку было вельмі цесна звязана з Кіевам, што магло адбыцца толькі пры ўмове прыняцця хрышчэння адтуль, нават калі тут з’яўляліся і іншыя прапаведнікі.
 
Адзін з грунтоўных недахопаў выдання – недакладнае цытаванне. У некаторых выпадках гэта робіцца наўмысна. Напрыклад, на с. 46: «Візантыйскі гісторык X ст. Канстанцін Парфірародны, паведамляючы пра крывічоў і дрыгавічоў, пісаў, што князі кожны год выпраўляліся «ў палюддзе». А вось дакладная цытата з названай крыніцы (дарэчы, яе аўтар не «гісторык», а візантыйскі імператар): «Зимний же и суровый образ жизни тех самых росов таков. Когда наступит ноябрь месяц, тотчас их архонты выходят со всеми росами из Киава и отправляются в полюдия, что именуется «кружением», а именно – в Славинии вервианов, другувитов, кривичей, севериев и прочих славян, которые являются пактиотами росов» [2, c. 51] . Інакш кажучы, гаворка ідзе не пра нейкіх там князёў, а менавіта пра кіеўскіх уладароў. Адна такая дакладная цытата парушыла б усю канцэпцыю У. Арлова пра Полацк, нібыта спрадвечна незалежны ад Кіева, прыйшлося б тлумачыць, хто такія росы, пра адносіны ўсіх усходнеславянскіх плямёнаў і г.д.
 
Аўтар і сам часта трапляе ў пастку ўласнай мудрагелістасці. Напрыклад, апісваючы першы перыяд нашай дзяржаўнасці, ён настойліва пазбягае тэрмінаў «Русь», «рускі», замяняючы іх на «славянскі» альбо «ўсходнеславянскі». І раптам на с. 67 узгадвае, што Кірыла Тураўскі «паче всех воссиял на Руси». І што гэта за дзіва дзіўнае, што за Русь такая? Для чытача застаецца незразумелым. Толькі на с. 82, распавядаючы пра Гедзіміна, ён піша, што «русінамі, або рускімі, тады называлі праваслаўных жыхароўбеларускіх земляў». На с. 116–118 удакладняе гэту інфармацыю, згадваючы, што нашы продкі называлі сябе русінамі, «калі хацелі падкрэсліць прыналежнасць да праваслаўнага веравызнання», гэтак жа сябе называлі жыхары Падзвіння і Падняпроўя. Суседзі ж называлі нашых продкаў выключна «ліцьвінамі», а «за мяжой сваёй краіны ліцьвінамі адчувалі і называлі сябе і самі нашы продкі, незалежна ад месца паходжання і веравызнання».
 
Зноў давядзецца паправіць У. Арлова. У той час паняцці «рускі» і «праваслаўны» не былі тоесныя. Праваслаўе звычайна называлі грэцкай верай або законам. Рускімі сябе лічылі пратэстант Васіль Цяпінскі, католік Францыск Скарына, свой «Катэхізіс» рускай мовай пісаў Сымон Будны, пратэстант, чыё паходжанне выклікае спрэчкі. Відавочна, што паняцце «рускі» насіла этніч­ны характар, бо менавіта так называлася старабеларуская мова (пра што ў кнізе, дарэчы, не ўзгадваецца). Афіцыйнай мовай ВКЛ у Статуце 1588 года названа руская. Калі прыняць логіку У. Арлова, то трэба разумець, што гэта была «праваслаўная» мова?
 
Ды і за мяжой нашы продкі маглі вызначаць сябе па-рознаму. Напрыклад, Ф. Скарыну пераважна называлі рускім і русаком [3]. Саламон Рысінскі ў 1586 годзе, паступаючы ў Альтдорфскі ўніверсітэт, запісаўся як Leucorussus (з латыні таго часу – «беларус») [4] і г.д. Таму катэгарычнасць У. Арлова не мае ніякіх падстаў.
 
Тэндэнцыйнасць ці невуцтва?
 
У сваёй спробе давесці, што ўсе бела­рускія землі не зведалі ардынскага панавання, аўтар ідзе насуперак гістарычным фактам. На с. 46 ён піша: «Смаленская зямля, як і іншыя беларускія княствы, адрозна ад большасці расейскіх земляў не трапіла пад мангола-татарскі прыгнёт і захавала сваю самастойнасць». Што рабіць, і тут трэба выправіць памылку пісьменніка. Так, Смаленскае княства менш за астатнія пацярпела ад нашэсця Батыя – быў закрануты толькі яго ўсход. Аднак ужо ў 1274 го­дзе войскі хана Менгу Цімура прайшлі праз Смаленшчыну, і ў 1275 годзе быў праве­дзены першы перапіс у Смаленскім княстве мангольскімі баскакамі – яскравая прыкмета выплаты даніны і залежнасці адАрды. Смаленскія князі і далей былі вымушаны плаціць ардынскі «выхад» (даніну). Добра вядома, што адмова ад такой выплаты князя Івана Аляксандравіча ў 1340 годзе выклікала карны паход войскаў Узбек-хана, да якіх далучыліся князі Паўднёва-Усходняй Русі. Аднак Смаленск не быў узяты, і нам не вядомы ўмовы дагавору паміж смалянамі і татарамі. Такім чынам, не выклікае ніякага сумнення, што Смаленская зямля знаходзілася ў межах уплыву Арды.
 
Розныя недакладнасці, асабістыя аў­тарскія перакананні, якія ён выдае за гіс­тарычную праўду, сустракаюцца і далей. На с. 82 У. Арлоў недакладна піша, што Гедзімін у 1323 годзе перанёс сталіцу ВКЛ з Новагародка ў Вільню. Аднак няма ніякіх сведчанняў, што пры Гедзіміне Новагародак увогуле быў сталіцай ВКЛ. Гісторыкі выказваюць на гэты конт розныя меркаванні. Лічыцца, што рэзідэнцыя князя размяшчалася спачатку ў Кернаве, а потым у Троках [5, с. 667].
 
Мякка кажучы, не зусім супадае з данымі гістарычных крыніц расказ пра маскоўска-літоўскую вайну 1368–1372 гадоў (с. 87). Зразумела, тут прыводзіцца прыгожае апавяданне, узятае з «Хронікі Быхаўца»  пра дзіду, якой нібыта Альгерд дакрануўся да Крамля. А вось вынікі гэтай «пераможнай» вайны застаюцца няяснымі: напісана толькі, што ў 1372 годзе літоўскае войска зноў рушыла ў паход, «які скончыўся новым замірэннем». Аднак, акрамя «Хронікі Быхаўца», ёсць і іншыя летапісы, з якіх вядома пра падпісаны дагавор, паводле якога Альгерд абавязаўся за князя Міхаіла Цвярскога, што той верне ўсё нарабаванае ў Маскве, а калі Цвер зноў пачне вайну з Масквой, то Літва не будзе ўмешвацца. Менавіта так і адбылося ў 1375 годзе, калі пад Цвер’ю «убоявшеся Литва побегоша назад» [6, c. 191].
 
Такім чынам, паколькі вайна вялася менавіта за ўплыў на Цвер, гэта азначае, што ВКЛ яе фактычна прайграла, хоць самі паходы Альгерда на Маскву і былі вельмі разбуральнымі і жорсткімі.
 
Яшчэ адна рыса кнігі – гэта вялізныя гістарычныя прабелы. Аўтар выкрасліў з мінулага цэлыя перыяды, падзеі. Зразумела, ён мае права сам выбіраць, што з’яўляецца больш ці менш важным. Бо кніжка ж не гумавая, каб змясціць усё. Але як зразумець, што ў выданні адсутнічаюць згадкі пра такія вырашальныя для лёсу Беларусі падзеі, як Грамадзянская вайна XV стагоддзя і Вількамірская бітва, змова князёў 1481 года, паўстанне Міхаіла Глінскага ў 1508 годзе? Увогуле не ўзгаданы вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч. Самаму буйному народнаму паўстанню ў гісторыі Беларусі – вайне 1648–1651 гадоў – прысвечана ўсяго некалькі радкоў. У. Арлоў амаль не ўзгад­вае народныя выступленні часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай: Смаленскае паўстанне 1440 года, каляндарныя бунты XVI стагоддзя, вялікае Магілёўскае паўстанне 1606–1610 гадоў, Мазырскае паўстанне 1615 года, нават Крычаўскае паўстанне Васіля Вашчылы засталося па-за ўвагай. Чаму?
 
Відавочна, што шматлікія скажэнні фактаў, недакладнае цытаванне павінна адпавядаць пэўнай ідэалагічнай канцэпцыі аўтара, пад якую ён і падганяе гісторыю. Аднак не толькі гэта. Скажыце, якая ідэа­лагічная дактрына вымусіла У. Арлова, напрыклад, зрабіць наступныя памылкі?
 
На с. 132 напісана, што вялікі князь маскоўскі Іван ІІІ узяў шлюб з дачкой апошняга візантыйскага імператара. Зразумела, не дачкой, а пляменніцай.
 
На с. 167 аўтар піша, што, паводле Статута 1588 года, дзеці і падлеткі да 18 гадоў вызваляліся ад крымінальнай адказнасці. Вядома, не да 18, а да 16. Тут ужо не ідэалогія, а элементарны недахоп ведаў.
 
Няшчасны «Грунвальд»
 
Вельмі тэндэнцыйна ў кнізе прадстаўлена гісторыя падрыхтоўкі і наступствы Брэсцкай царкоўнай уніі. Адну з самых драматычных, нават трагічных падзей у нашай гісторыі, якая прывяла да расколу грамадства, доўгага перыяду рэлігійнага супрацьстаяння, шматлікіх паўстанняў, вя­лікіх чалавечых ахвяраў, У. Арлоў называе «духоўным Грунвальдам». І зноў жа такая спрэчная выснова заснавана на памылковых тэзісах. Напрыклад, аўтар сцвярджае, што «праваслаўныя святары вельмі часта мелі невысокі ўзровень адукацыі, не разумелі нават царкоўнаславянскай мовы, на якой маліліся, і звычайна не здольныя былі канкурыраваць з добра адукаванымі каталіцкімі святарамі» (с. 173). У XVI стагоддзі ўзровень адукацыі ўсіх святароў, як праваслаўных, так і каталіцкіх, быў не надта высокі. Але менавіта ў гэты перыяд праваслаўная супольнасць прыкладала вялікія намаганні па стварэнні шырокай сеткі брацкіх школ. А ў 1576 годзе была арганізавана легендар ная Астрожская славяна-грэка-лацінская школа (акадэмія), якая стала фактычна рускім універсітэтам у Рэчы Паспалітай. З колаў праваслаўнага святарства выйшлі такія выдатныя пісьменнікі і публіцысты, як М. Сматрыцкі, браты Зізаніі і інш. Казаць, што ў палеміцы яны прайгравалі сваім каталіцкім апанентам, – перабольшанне.

 
У. Арлоў выдае жаданае за наяўнае, калі на с. 177 сцвярджае, што нібыта пасля забойства ўніяцкага арцыбіскупа І. Кунцэвіча «ўціск праваслаўных» быў спынены. Напэўна, маецца на ўвазе час каралявання Уладзіслава IV, у прыватнасці, пастановы соймаў 1633, 1635, 1641 гадоў, якія крыху палягчалі становішча праваслаўных. Аднак уціск не спыніўся. Каталіцкія магнаты папросту ігнаравалі каралеўскія прывілеі і рашэнні соймаў [7, c. 248–252] , як гэта бачна на прыкладзе пераследу канцлерам Альбрэхтам Радзівілам Брэсцкага брац­тва. Афанасій Філіповіч у гэты час тройчы арыштоўваўся і ў рэшце рэшт быў заката ваны за сваю веру.
 
У другой палове XVII стагоддзя пачалася новая хваля пераследаў. Шэрагам пастаноў 1673, 1676, 1699 гадоў праваслаўным забаранілі ўваходзіць у шляхецкі стан, выязджаць за мяжу, займаць выбарныя магістрацкія пасады. Варшаўскі сойм 1732 года фактычна пазбавіў праваслаўных апошніх грамадзянскіх правоў.
 
Калі фарба толькі чорная
 
На с. 214–217 У. Арлоў не шкадуе жорсткіх слоў, каб намаляваць гаротнае стано­вішча беларускага народа пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння да Расіі. У да­дзеным выпадку мы маем справу з класіч­ным прыкладам выбарачнага стаўлення да гісторыі.

 
Пасля далучэння зямель былой Рэчы Паспалітай царскія ўлады прыкладалі шмат намаганняў, каб навесці элементарны парадак, палепшыць становішча мясцовых жыхароў. У 1776 годзе кіраўнікам і арандатарам маёнткаў рэкамендавалася пазбягаць фізічных пакаранняў сялян. Магнатам забаранілі трымаць уласныя войскі. У 1797 годзе памер паншчыны афіцыйна абмяжоўваўся трыма днямі на тыдзень. У 1799 годзе на беларускія губерні распаўсюдзілі ўказ аб адмене смяротнага пакарання. Па словах сучаснікаў, гэтыя меры («палёгка», як яе называлі) нават стварылі ў прыгонных уражанне, што цар збіраецца адмяніць прыгоннае права. У 1801 годзе
была спынена практыка вечнаспадчынных падараванняў сялян. У 1803–1809 гадах частка дзяржаўных зямель была перада­ дзена самім сялянам у грашовую арэнду [8, c. 268–270].
 
Характарызуючы палітыку царскіх улад пасля паўстання 1830–1831 гадоў, У. Арлоў сцвярджае, што «на ўсе дзяржаўныя пасады прызначалі толькі расейскіх чыноўнікаў» (с. 229). Наколькі можна зразумець, маюцца на ўвазе этнічныя рускія. Аднак гэта не так, у той перыяд сярэдняе і ніжэйшае чыноўніцтва беларускіх губерняў фарміравалася выключна з дробнай шляхты. Нават сярод кіраўніцтва Мінскай губерні толькі 25 % прыехалі з унутранай Расіі і Украіны [9, c. 72].
 
Ні словам не ўзгадваецца ў кнізе і адна з самых прыкметных падзей у гаспадарчым жыцці Беларусі XIX стагоддзя – «кісялёўская рэформа» кіравання дзяржаўнымі сялянамі, якая праводзілася ў 1837–1841 гадах. Аlпаведна ёй, дзяржаўныя сяляне пазбавіліся паншчыны, была спынена практыка здачы дзяржаўных маёнткаў у арэнду, а па душны чынш быў заменены больш пры датным зямельна-прамысловым зборам. Дзяржаўныя сяляне атрымалі выбарнае самакіраванне.
 
У сваім абурэнні палітыкай царскіх улад У. Арлоў, як звычайна, робіць шэраг чыста фактычных памылак. На с. 233 ён піша, што ў 1840 годзе Мікалай І «адмысловым указам забараніў у афіцыйных дакументах ужываць назву «Беларусь» і ўвёў для беларускіх губерняў найменне «Северо-Западный край». Гэта фантазіі аўтара. На самай справе 18 ліпеня 1840 года цар на адным з дакументаў паставіў візу, каб болей выкарыстоўваліся не назвы «беларускія і літоўскія губерні», а фактычныя назвы. І ўсё. Не было ні ўказа, ні забароны. Сам тэрмін «Беларусь» (як і «Літва», дарэчы) ужываўся і надалей, у тым ліку і на афіцыйным узроўні. Так, Беларуская вучэбная акруга захоўвала назву да 1850 года. А найменне «Паўночна-Заходні край» мела паўафіцыйны статус.
 
Канешне, нельга ідэалізаваць палітыку царскіх улад, але і маляваць яе адной чорнай фарбай, як гэта робіць У. Арлоў, – прамое скажэнне гісторыі.
 
Найноўшую гісторыю трэба падвучыць!
 
Калі справа даходзіць да ХХ стагоддзя, то тут з ведамі аўтара ўвогуле пачынаюцца сур’ёзныя праблемы. Амаль цалкам не адпавядае рэчаіснасці тое, як падаецца гісторыя Першага Усебеларускага з’езда (с. 308–309). Насуперак сцвярджэнню У. Арлова, ініцыятыва склікання з’езда належала не толькі Вялікай беларускай радзе, але і Беларускаму абласному камітэту пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў, які чамусьці ў кнізе ўвогуле не згадваецца. Менавіта дзякуючы БАК і яго старшыні Я. Канчару, удалося атрымаць падтрымку з боку Савета народных камісараў, асабіста І. Сталіна, і нават субсідыю ў памеры 50 тыс. рублёў на правядзенне з’езда. Выклікае здзіўленне такая фраза з кнігі: «Запрошаныя на кангрэс камуністы ад удзелу ў ім ухілілся, але пільна сачылі за падзеямі». Па-першае, незразумела, пра каго ідзе гаворка: партыя бальшавікоў пачала называцца камуністычнай толькі ў сакавіку 1918 года. Па-другое, бальшавікі якраз удзельнічалі ў рабоце з’езда. Нават з тых 367 анкет дэлегатаў з’езда, што захаваліся, 33 належаць бальшавікам, а яшчэ 57 – спачуваючым бальшавікам і левым эсэрам[10, c. 202]. Дакументы сведчаць, што ў з’ездзе ўдзельнічалі нават прадстаўнікі Паўночна-Заходняга камітэта РСДРП(б).
 
І зусім дзіўна, што У. Арлоў, які на наступных старонках поўнасцю прыводзіць тэксты трох Устаўных грамат БНР, не знайшоў месца для цытавання выніковай рэзалюцыі Усебеларускага з’езда, якую дэлегаты паспелі прыняць перад разгонам. А там пацвярджалася дзяржаўная сувязь з Расійскай дэмакратычнай Рэспублікай і вернасць ідэалам рускай рэвалюцыі. Памыляецца аўтар, калі піша, што дэлегаты з’езда перадалі ўладу Радзе Усебеларускага з’езда.  Паводле рэзалюцыі, дэлегаты павінны былі стварыць Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які часова станавіўся на чале кіравання краем. Аднак гэтага зрабіць не паспелі. А Рада з’езда – гэта зусім іншы орган.

 
У. Арлоў паўтарае старую байку, што нібыта дэ-юрэ або дэ-факта БНР прызналі 11 дзяржаў Усходняй Еўропы (с. 317). Аднак гэта не так. Вось што мяркуе вядомы даследчык гэтай тэмы У. Ляхоўскі: «Формально БНР признала Украина и даже дала кредит. Литва была заинтересована в признании правительства БНР в изгнании, потому что ее интересовала судьба Виленского края. Говорят, что БНР признали Латвия, Эстония, Финляндия, Дания, Чехословакия, Англия, Франция, Германия – но все это не подтверждается документально» [11]. Найноўшыя даследаванні дазваляюць сказаць, што і Украіна, як гетманская, так і пятлюраўская, БНР не прызнала і разглядала яе, хутчэй, як нейкае нацыянальнае прадстаўніцтва [12, c. 201–340].
 
Скажона падаецца і працэс утварэння БССР: «Як бы ім таго ні хацелася, ідэю нашай дзяржаўнасці не маглі ігнараваць і бальшавікі ў Расеі. Яны мусілі даць беларускім камуністам дазвол на стварэнне БССР, абвешчанай 1 студзеня 1919 г.» (с. 316). Але расійскія бальшавікі не толькі не ігнаравалі права Беларусі на самавызначэнне, аднак актыўна яго падтрымлівалі, бо былі зацятымі праціўнікамі старой царскай улады і імперскіх парадкаў. Яшчэ 2 (15) лістапада 1917 года Саўнаркам прыняў Дэкларацыю правоў народаў Расіі. Яна абвяшчала роўнасць і суверэннасць народаў Расіі, іх права на свабоднае самавызначэнне, аж да аддзялення і ўтварэння незалежных дзяржаў. Ужо гаварылася, што І. Сталін і Саўнаркам актыўна падтрымалі Першы Усебеларускі з’езд. 30 студзеня 1918 года быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят пры Наркамнацы – выдатная з’ява ў нашай гісторыі, пра якую У. Арлоў ні словам не ўзгадвае. Цэнтральныя ўлады падтрымлівалі беларускія бежанскія арганізацыі, выданне беларускіх газет і часопісаў, стварэнне беларускіх нацыянальных секцый пры РКП(б). Сапраўды, супраць самавызначэння Беларусі выступала кіраўніцтва Аблвыканкамзаха на чале з А. Мясніковым, В. Кнорыным і К. Ландарам, аднак іх нельга атаясамліваць з усімі расійскімі бальшавікамі.
 
Дыягназ – русафобія
 
Асобная тэма – гэта русафобскія выпады, якія раскіданы па ўсёй кнізе то тут, то там, часта нават без нейкай непасрэднай прывязкі да тэксту.
 
На с. 115 У. Арлоў сцвярджае: «На ўсход ад Беларусі, у Маскоўскай дзяржаве, а потым Расейскай імперыі, дзе панавалі адсталыя феадальныя парадкі, магдэбургскага права ніколі не існавала». Пра ступень адсталасці ВКЛ, а потым Рэчы Паспалітай, з аднаго боку, і Масквы, а пасля Расійскай імперыі, з другога, канешне, можна спрачацца. Ні адна, ні другая дзяржава не адносіліся да перадавых. Аднак, магчыма, я здзіўлю спадара Арлова, сказаўшы, што Расія ведала магдэбургскае права. Напрыклад, «Да равальная грамата гарадам», выдадзеная Кацярынай ІІ у 1775 годзе, была заснавана на прынцыпах магдэбургскага права. Па ім ажыццяўлялася кіраванне ў многіх гарадах Маларасіі. У Расійскай імперыі магдэбургскае права было скасавана толькі ў 1831, а ў Кіеве – у 1835 годзе.
 
Спробы давесці чытачу ступень адста­ласці Расіі праходзяць літаральна праз усю кнігу. Напрыклад, на с. 152: «На вялікі жаль, наша ўсходняя суседка – Расейская дзяржава засталася па-за межамі еўрапейскага Адраджэння». А на с. 191 У. Арлоў узмацняе сваю думку: «Расея засталася далёка ўбаку ад агульнаеўрапейскіх эпох Рэнесансу і Рэфармацыі. Перасяленцы са значна больш перадавой на той час Беларусі спрыялі развіццю ў суседняй дзяржаве пісьменства, рамёстваў, мастацтва, прыродазнаўства, медыцыны, філасофскай і грамадскай думкі».
 
Моцна, ці не так? І гэтак жа малааргументавана. Што датычыцца таго, была ці не ў Расіі эпоха Рэнесансу – гэта даўняе і спрэчнае ў навуцы пытанне. Паслядоўным прыхільнікам тэзіса аб тым, што на Русі не было сваёй эпохі Адраджэння, выступаў славуты даследчык старажытнарускай культуры акадэмік Д. Ліхачоў. Ён выставіў тэорыю «Перададраджэння» як асаблівай стадыі развіцця рускай культуры, якая перажывала буйны ўздым, аднак не змагла да канца вызваліцца з пад уплыву рэлігіі. Даследчык пісаў: «Эпоха Предвозрождения оказала огромное влияние на общий характер русской культуры последующих веков. Живопись Андрея Рублева и его последователей оказывала влияние и в XVI, и в XVII в. Психологизм русской литературы XIV–XV вв. сказывался и в дальнейшем. Впоследствии эти начала русской живописи и русской литературы развились в особую «сердечность» русского искусства. Живописное начало в русской архитектуре, начавшее усиленно развиваться на грани XIV и XV вв., расцвело с необыкновенной пышностью в XVI и XVII в. «Плетение словес» в значительной мере превратилось в своеобразный прием, но прием этот все же отразил обостренную любовь к слову и дожил до XVIII в.» [13, c. 480] . Як бачым, гэты тэзіс вельмі далёкі ад безапеляцыйных сцвярджэнняў У. Арлова.

 
Што тычыцца феадальнай адсталасці, то можна прывесці цікавы факт. Нягледзячы на шырокае распаўсюджанне магдэбургскага права (а можа, менавіта з-за яго), эканоміка Рэчы Паспалітай так і не здолела перайсці да капіталістычнай вытворчасці. Нават мануфактуры пачалі развівацца ў ёй запознена. Параўнаем. Першая прыватная мануфактура ў Расіі была створана ў 1631 годзе на Урале – гэта Ніцынскі медзеплавільны завод. Усяго ў XVII стагоддзі ў Расіі дзейнічала каля 30 мануфактур. А першае мануфактурнае прадпрыемства ў Беларусі, якая ўваходзіла ў «перадавое» ВКЛ, узнікла толькі ў 1717 го­дзе. Гэта Налібоцкая шкляная мануфактура. У той час у Расіі існавала ўжо каля 200 падобных прадпрыемстваў. І як быць з гэтым?
 
На с. 186 аўтар сцвярджае: «Менавіта беларусы прынеслі ўсходнім суседзям аб’ёмную разьбу, запачаткаваўшы гэтым у Расеі развіццё скульптуры». Што тут сказаць? У. Арлоў, мабыць, выкарыстоўвае прынцып «чаго не ведаю, таго не існуе». Так, беларусы ў XVII стагоддзі прынеслі ў Маскву г.зв. «беларускую разьбу». Аднак скульптура была вядома ў Расіі і раней. Яе было няшмат, бо праваслаўная царква аддавала перавагу абразам, лічачы скульптурныя творы прыкметай лацінства. Але скульптура існавала. Вось што запісана ў летапісе: «Того же лета [1464] месяца июля 15, поставлен бысть святыи великий мученик Георгии на воротех на Фроловьских, резан на камени, а нарядом Васильевым, Дмитреева сына Ермолина» [14, c. 158] . А ў 1466 годзе той жа В.Д. Ярмолін паставіў побач і скульптуру св. Дзмітрыя Салунскага. Выдатным узорам аб’ёмнай разьбы і скульптуры было царскае месца, зробленае па загаду Івана Грознага ва Успенскім саборы Крамля ў 1551 годзе. І гэтыя прыклады можна працягваць.
 
Цікава, што пастаянна прыводзячы параўнанні з Расіяй (зразумела, не на карысць апошняй), У. Арлоў як бы імкнецца паказаць культурную гістарычную і цыві­лізацыйную розніцу паміж ёй і Беларуссю, але гэтым знарочыстым узгадваннем усходняй суседкі ён толькі дэманструе свой хай і адмоўны, але ж русацэнтрызм. Напрыклад, называючы Полацк «бацькам гарадоў беларускіх», а гэта ж непасрэдная калька з «Аповесці мінулых гадоў», фундамента рускай гістарычнай свядомасці: «И сел Олег, княжа, в Киеве, и сказал Олег: «Да будет это мать городам русским» [1, c. 173].
 
Дарэчы, У. Арлоў вельмі актыўна цытуе К. Маркса, Ф. Энгельса і У. Леніна там, дзе трэба «прыструніць» Расію, але цалкам за бываецца пра іх ацэнкі, напрыклад, Рэчы Паспалітай. Прытым, што на с. 179 пры­знае: Ф. Энгельс вельмі грунтоўна вывучаў гісторыю Рэчы Паспалітай. Дададзім – і ацэньваў яе, дарэчы, вельмі крытычна: «Гэта заснаваная на рабунку і прыгнёце сялян дваранская рэспубліка знаходзілася ў стане поўнага расстройства, яе канстытуцыя рабіла немагчымым якое небудзь агульнанацыянальнае дзеянне і ў сілу гэтага асу­джала краіну на становішча лёгкай здабычы суседзяў. З пачатку васемнаццатага стагоддзя Польшча, па выказванні саміх палякаў, трымалася беспарадкам» [15, с. 18]. Яму ж належыць ацэнка дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай як «адной з самых прымітыўных грамадскіх форм»[16, с. 394].
 
Я спецыяльна прывёў прыклады з розных гістарычных перыядаў, каб давесці тыповыя памылкі і асэнсаваныя скажэнні, што ёсць у кнізе У. Арлова. Спіс іх можна пра­ цягваць, але для гэтага давялося б выдаць асобную кнігу. Некаторыя з недакладнасцей аўтар паправіў у новым выданні пра гісторыю ВКЛ, але і там нарабіў столькі памылак, што яны патрабуюць асобнай рэцэнзіі.
 
Зразумела, кніга У. Арлова не з’яўляецца ніякай энцыклапедыяй гісторыі. Каб аўтар проста выдаў ілюстраваны альбом, то гэта было б больш карыснай справай. А так… Нават і не ведаю, што параіць чытачам рабіць з гэтай кнігай. Упэўнена можна сцвярджаць, што вывучаць гісторыю Беларусі па ёй сапраўды нельга.

Літаратура
 
1. Повести Древней Руси: сборник / вступ. ст. Д.С. Лихачева; подгот. текстов, пер., прим. О.В. Творогова, Д.С. Лихачева, В.В. Колесова и др. – М.: Эксмо, 2009.
 
2. Константин Багрянородный. Об управлении империей (текст, перевод, комментарий) / Под ред. Г.
Г. Литаврина, А.П. Новосельцева. – 2-е изд., исправ. – М.: Наука, 1991.
 
3. Галенчанка, Г. Скарына / Г. Галенчанка // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя: у 2 т. – Т. 2: Кадэцкі корпус – Яцкевіч / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – 2-е выд. – Мінск: БелЭн, 2007. – С. 575–581.
 
4. Латышонак, А. Навуковыя крыніцы самаакрэслення Саламона Рысінскага як беларуса /А. Латышонак // Рэфармацыя і грамадства: XVI стагоддзе: матэрыялы Міжнар. навук. канферэнцыі. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2005. – С. 126–131.
 
5. Трокі // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя: у 2 т. : Кадэцкі корпус – Яцкевіч / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – 2-е выд. – Мінск: БелЭн, 2007. –С. 667–668.
 
6. Полное собрание русских летописей. –Том XXV. – М.: Языки славянской культуры, 2004.
 
7. Зноско, К. Исторический очерк церковной унии: ее происхождение и характер / К. Зноско. – Минск: Белорусский экзархат; Харвест, 2007.
 
8. Нарысы гісторыі Беларусі: у 2 ч. – Ч. 1 / М.П. Касцюк [і інш.]; Ін-т гісторыі Беларусі АНБ. – Мінск: Беларусь, 1994.
 
9. Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVIII – пачатку XXI ст.: у 2 кн. / А.А. Каваленя [і інш.]; рэдкал.: А.А. Каваленя [і інш.]; Нац. Акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. – Кн. 1. – Мінск: Беларус. навука, 2011.
 
10. Скалабан, В. «Хай ведаюць патомкі …»: Алесь Гарун – дэлегат і гісторык Усебеларускага з’езда 1917 г. / В. Скалабан // Роднае слова. – 1997. – No 8. – С. 195–207.
 
11. БНР: поверх барьеров [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://www.sb.by/post/BNR_poverh_barerov/. – Дата доступа: 22.03.2014.
 
12. Кукса, А.Н. На пути к самоопределению народов Беларуси и Украины в 1917–1918 гг. / А.Н. Кукса. – Минск: БНТУ, 2012.
 
13. Лихачев, Д.С. Вопрос о возрождении на Руси / Д.С. Лихачев // История всемирной литературы: в 8 т. / АН СССР ; Ин-т мировой литературы им. А.М. Горького. – Т. 3. – М.: Наука, 1985. – С. 480–487.
 
14. Полное собрание русских летописей. – Т. XXIII. Ермолинская летопись. – СПб., 1910.
 
15. Маркс, К., Энгельс, Ф. Сочинения / К. Маркс, Ф. Энгельс. – 2-е изд. – Т .22. – М.: Политиздат, 1962.
 
16. Маркс, К., Энгельс, Ф. Сочинения / К. Маркс, Ф. Энгельс. – 2-е изд. – Т .16. – М.: Политиздат, 1960.

Меркаваньне аўтараў артыкулаў можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі сайту.