Сучасны недахоп ведаў пра антысавецкі супраціў беларусаў — гэта вынік «гістарычнай палітыкі» рэжыму Лукашэнкі, згодна зь якой доступ да адпаведных архіўных крыніц маюць выключна «палітычна надзейныя» дасьледчыкі, ці беларускі падпольны рух папросту не існаваў?

У Польшчы, Эстоніі, Літве, Латвіі і Ўкраіне за апошнія гады ўзьнікла багата прац на тэму пасьляваеннага антыкамуністычнага супраціву. На гэтым фоне Беларусь заставалася асаблівай тэрыторыяй. Быў апублікаваны шэраг тэкстаў, прысьвечаных польскаму, украінскаму і літоўскаму падпольлю на тэрыторыі БССР, затое беларускае антыкамуністычнае нацыянальнае падпольле заставалася недасьледаваным. Стан нашых ведаў вобразна паказвае выдадзеная ў 1999 г. у Польшчы гісторыя Беларусі. Яе аўтар, Яўген Мірановіч, прысьвяціў гэтай праблеме два абзацы. У першым ён сьцьвярджае, што «няшмат вядома пра пасьляваенную беларускую ўзброеную апазыцыю» [1], пасьля чаго цытуе зьвесткі наконт колькасьці «антысавецкіх групаў і ўзброеных бандаў», узятыя з савецкай гісторыі БССР [2]. Пасьля дадае, што ў 1946—1947 функцыянэры НКУС выкрылі і ліквідавалі некалькі дзясяткаў беларускіх моладзевых групаў. У той жа час агаворваецца, што ўзьнікненьне часткі зь іх магло быць «ініцыявана» НКУС [3].

Таму паўстае пытаньне, ці сучасны недахоп ведаў пра антысавецкі супраціў беларусаў — гэта вынік «гістарычнай палітыкі» рэжыму Лукашэнкі, згодна зь якой доступ да адпаведных архіўных крыніц маюць выключна «палітычна надзейныя» дасьледчыкі, ці беларускі падпольны рух папросту не існаваў. Супраць тэзісу пра эфэктыўную блякаду доступу да дакумэнтаў сьведчыць допуск да дакумэнтаў НКУС і МУС БССР дасьледчыкаў польскага, украінскага і літоўскага падпольля. Яны атрымлівалі абмежаваны доступ да цікавых ім калекцый як у Беларусі, так і ў маскоўскіх архівах. Гэтыя гісторыкі натраплялі на сьляды дзейнасьці беларускага падпольля; аднак трэба зазначыць, што ў параўнаньні з актамі, зьвязанымі з УПА, літоўскіх Лясных братоў ці польскага падпольля на базе Арміі Краёвай гэта былі нешматлікія дакумэнты, якія не дазвалялі сфармуляваць адназначных высноў.

Празь некалькі гадоў пасьля здабыцьця Беларусьсю сувэрэнітэту зьявілася некалькі выданьняў, якія даводзілі, што беларускае антысавецкае падпольле ахоплівала адносна шырокія грамадзкія колы і было трывалай зьявай. У 2008 г. быў зьняты нават дакумэнтальны фільм пад назвай «Беларускі антысавецкі пасьляваенны супраціў 1944—1957», прысьвечаны «змагарам за свабодную Беларусь». Гэты твор распаўсюджваецца ў асяродзьдзі антылукашэнкаўскай апазыцыі. Як здаецца, мы можам казаць ня толькі пра спробу дасьледаваць гэтую зьяву, але і зрабіць зь яе важны элемэнт беларускага нацыянальнага міту. Якраз гэта ў спалучэньні зь недахопам інфармацыі робіць беларускае антыкамуністычнае падпольле выключна цікавым прадметам дасьледаваньня для гісторыка, ня ўцягнутага ў беларускія інтэрпрэтацыйныя баталіі.

У міжваеннай Польшчы беларусы гуртаваліся ў некалькі ідэйна адрозных арганізацый. Несумненна, найвялікшай арганізацыяй колькасьцю больш за 100 тыс. чалавек была створаная ў 1925 г. Беларуская сялянска-работніцкая грамада, лідэрам якой быў Браніслаў Тарашкевіч. Гэтая сьпярша памяркоўная лева-папулісцкая партыя хутка радыкалізавалася, прыняла камуністычную праграму і навязала цесную супрацу з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі. У выніку ўлады міжваеннай Польшчай прызналі яе антыдзяржаўнай арганізацыяй і ў 1927 г. яна была дэлегалізаваная. Нягледзячы на непрацяглае існаваньне, Грамада адыграла надзвычай важную ролю для палітычнай актывізацыі беларусаў. Празь яе шэрагі прайшлі лідэры беларускіх партый і грамадзкіх арганізацый амаль усіх арыентацый. Затое заўжды крытычна настроенымі да Грамады былі беларускія хрысьціянскія дэмакраты, якія выступалі з найбольш умеранай палітычнай праграмай [4]. Сярод лідэраў (не заўжды афіцыйных) гэтай партыі трэба назваць рыма-каталіцкіх ксяндзоў Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага [5]. Аднак уплыў гэтай партыі быў абмежаваны яе каталіцкай скіраванасьцю. Прапольскі, а паводле меркаваньня часткі беларускіх асяродкаў палянафільскі характар меў Цэнтральны саюз беларускіх культурных і гаспадарчых арганізацый Антона Луцкевіча і Радаслава Астроўскага. У 1935 г. Фабіян Акінчыц і Ўладзіслаў Казлоўскі ўтварылі Беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю Заходняй Беларусі, якая схілялася да фашыстоўскай ідэалёгіі. Аднак найбольшай падтрымкай сярод памянёных партый карысталася нелегальная Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), якая была аўтаномнай арганізацыяй у рамках Камуністычнай партыі Польшчы [6]. Беларускія хадэкі спадзяваліся, што беларускую дзяржаўнасьць дапаможа здабыць Літва, лідэры БНСП ставілі на нямецкую карту, а КПЗБ разьлічвала, што паўночна-заходняя частка міжваеннай Польшчы будзе ўлучана ў БССР [7]. Гэтыя як легальныя, так і нелегальныя партыі, зьвязаныя з суседнімі дзяржавамі, атрымлівалі ад іх фінансавую падтрымку [8].

У выніку анэксіі ў 1939 г. усходніх зямель міжваеннай Польшчы Савецкім Саюзам амаль усе тэрыторыі, населеныя беларусамі, апынуліся ў межах БССР. Тым самым было выканана галоўнае патрабаваньне КПЗБ. Ня толькі беларускія камуністы былі задаволеныя такім разьвіцьцём падзей. Я. Мірановіч заўважыў:

Несумнеўна, бальшыня беларускіх палітыкаў — ад нацыяналістаў да камуністаў — з задавальненьнем успрынялі факт далучэньня паўночна-ўсходніх тэрыторыяў польскай дзяржавы да Савецкай Беларусі. Кожная беларуская партыя ў ІІ Рэчы Паспалітай у рознай форме ставіла сабе за мэту імкненьне да аб’яднаньня беларускіх земляў. (…) Таму нават тыя, хто ўцякаў ад бальшавікоў у нямецкую акупацыйную зону, прымалі тое, што адбылося пасьля 17 верасьня 1939 г. [9]

Параза Польшчы ў верасьні 1939 г. і савецкая анэксія Літвы прывялі да пераарыентацыі беларускіх палітычных стратэгій. Пралітоўская і прапольская арыентацыі страцілі сваю прывабнасьць, а галоўнымі пунктамі прыцягненьня стала нацысцкая Нямеччына і Савецкі Саюз. Пранямецкую арыентацыю прынялі ўсе беларускія партыі, за выключэньнем камуністаў. У першай фазе вайны гэты выбар стымуляваўся захадамі нямецкіх чыноўнікаў, што абуджалі беларускія надзеі. З ініцыятывы Нямеччыны ў 1939 г. адбыліся перамовы паміж прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў Райху са старшынём найважнейшага прадстаўнічага органу беларусаў у эміграцыі, якім была Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) [10] Васілём Захаркам і беларускім эміграцыйным дзеячом Іванам Ермачэнкам. Апошні прапанаваў нямецкім перамоўцам праект разгрому Савецкага Саюзу, у якім важную ролю адыгрывала саюзная Нямеччыне беларуская дзяржава. Нямеччына прызнала беларусаў цікавымі партнэрамі і зрабіла ў дачыненьні да іх шэраг жэстаў. У 1940 г. яны выказалі згоду на ўтварэньне Беларускага камітэту самапомачы, аддзелы якога ўзьнікалі ў шэрагу польскіх гарадоў пад нямецкай акупацыяй, а таксама ў Ляйпцыгу, Празе і Мюнхэне. 19 чэрвеня 1941 г., напярэдадні нямецкага нападу на Савецкі Саюз, у Бэрліне быў утвораны Беларускі нацыянальны цэнтар (БНЦ) зь Міколам Шчорсам на чале. Праўдападобна, ён быў задуманы для выкананьня ролі беларускай выканаўчай улады. Пранямецкія беларускія дзеячы таксама зрабілі спробу стварыць правобраз заканадаўчае ўлады ў выглядзе Беларускага народнага фронту (БНФ). Затое ад супрацы зь Нямеччынай адышоў старшыня Рады БНР Васіль Захарка.

Адразу пасьля пачатку нямецка-савецкай вайны група беларускіх дзеячоў, згуртаваная вакол Вацлава Іваноўскага і Яна Станкевіча, выступіла з ініцыятывай распачаць дыялёг з польскім бокам (прадстаўнікамі польскага ўраду на выгнаньні). Гэтыя дзеячы зыходзілі з пасылкі, што Нямеччына ўрэшце прайграе вайну і ў сувязі з гэтым трэба з апярэджаньнем дасягнуць польска-беларускага пагадненьня ў такой ключавой для абодвух бакоў справе, як абрысы будучых межаў. Яны прапаноўвалі будаваць польска-беларускую фэдэрацыю, зыходзячы з таго, што мяжой суб’ектаў будучай фэдэрацыі стане лінія Керзана. У той час для польскага боку непарушнасьць межаў міжваеннай Польшчы заставалася пытаньнем, што не падлягала перамовам. Непераадольная супярэчнасьць польскіх і беларускіх тэрытарыяльных прэтэнзій рабіла немагчымай рэанімацыю прапольскай пазыцыі сярод беларускіх палітыкаў [11].

Каб паўней абмаляваць панараму беларускага палітычнага руху, трэба згадаць Беларускую незалежніцкую партыю (БНП). Яна была ўтворана праўдападобна на мяжы 1939—1940 гг. у Вільні (паводле іншай вэрсіі, у Менску ў 1942 г.). Ініцыятарам яе ўзьнікненьня быў адзін з ідэолягаў беларускага нацыянальнага руху кс. Вінцэнт Гадлеўскі, а аб’ядноўвала яна дзеячоў маладога пакаленьня. Яе чальцом быў між іншым Міхал Вітушка. Праграма гэтай партыі цьвердзіла, што ІІІ Райх і Савецкі Саюз у роўнай ступені застаюцца ворагамі беларусаў, аднак празь немагчымасьць змагацца з двума ворагамі з тактычных меркаваньняў трэба зьвярнуцца да часовай супрацы зь немцамі. Гэтая супраца мелася стварыць базу для разбудовы беларускага апарату ўлады і вайсковых сілаў. Чальцы падпольнай БНП уваходзілі ва ўтвораныя немцамі арганізацыі і паліцэйска-ваенныя фармаваньні, што дапамагло б ім у канцавой фазе вайны пабудаваць, абапіраючыся на легальныя і падпольныя арганізацыі, свабодную Беларусь. Яны стварылі таксама ўласныя партызанскія аддзелы, якія ваявалі пераважна з савецкімі партызанамі і раз-пораз з АК і немцамі. У 1943 г. у БНП перамагла канцэпцыя цеснай супрацы зь немцамі, каб дзякуючы іх падтрымцы можна было разбудаваць уласную арганізацыйную і сацыяльную базу [12].

Увосень 1941 г. надзеі дзеячоў БНЦ на пабудову беларускай дзяржавы ці прынамсі на стаўленьне да іх з боку немцаў як сур’ёзнага партнэра разьвеяліся. Аднак яны атрымалі шэраг кіраўнічых пасад у нямецкай адміністрацыі і дапаможнай паліцыі, а таксама адносна шырокае поле дзейнасьці дзеля фармаваньня нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў пры ўмове, што яе неадрыўным элемэнтам будзе антыкамунізм. Немцы згадзіліся, каб БНЦ на тэрыторыі Беларускіх камітэтаў арганізаваў выданьне прэсы, наладзіў асьвету і культурнае жыцьцё, а ў канцы 1941 г. дазволілі ўтварыць Беларускую народную самапомач (БНС), кіраўніцтва якой аддалі ў рукі Івана Ермачэнкі. У сярэдзіне 1942 г. Нямеччына пайшла на крок далей. Камісар Генэральнай акругі Беларусь, якая ахоплівала большую частку зямель, да якіх мелі прэтэнзіі беларусы, Вільгельм Кубэ выдаў адозву, якая гарантавала беларусам свабоднае разьвіцьцё краю, а дзеячы Беларускай народнай самапомачы атрымалі шэраг пасадаў у адміністрацыі Генэральнай акругі Беларусь. Ячэйкі БНС узьніклі ва ўсіх акругах і раёнах гэтай Акругі. Немцы дазволілі таксама адкрыта карыстацца нацыянальнымі сымбалямі, бела-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй», адкрыць у Менску ўнівэрсытэт, стварыць Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву і легалізавалі паўафіцыйны Саюз беларускай моладзі [13]. Была распачатая арганізацыя вайсковага фармаваньня, якім была падпарадкаваная старшыні БНС І. Ермачэнку Беларуская самаахова (БС). У жніўні 1942 г. узьнікла сыстэма падрыхтоўкі камандных кадраў. Яе найвышэйшым узроўнем была створаная ў Менску беларуская афіцэрская школа, кіраўніком якой стаў даваенны афіцэр Войска польскага Францішак Кушаль. На працягу трох месяцаў яе скончылі 260 былых афіцэраў і унтэр-афіцэраў польскай і савецкай арміі. Меркавалася, што яны ўтвораць асноўныя камандныя кадры плянаванага беларускага корпусу ў складзе трох дывізій. У хуткім часе ў БС было рэкрутавана каля 15 тыс. чалавек. Гэтыя акцыі ў вачах многіх беларусаў, здавалася, пацьвярджалі правільнасьць пранямецкай арыентацыі [14].

У канцы 1942 г. немцы мадыфікавалі палітыку ў дачыненьні да беларусаў. Яны адмовіліся ад утварэньня беларускага войска, а ролю Беларускай самапомачы зьвялі да функцыі дапаможнай паліцыі, падпарадкаванай мясцовым камандзірам СС і паліцыі. Чальцы БС былі накіраваныя на барацьбу з савецкімі партызанамі.

У сярэдзіне 1943 г., пасьля чарговых няўдач на ўсходнім фронце, немцы вярнуліся да канцэпцыі перацягваньня беларусаў на свой бок. 21 сьнежня 1943 г. была ўтворана Беларуская цэнтральная рада, якая выконвала ролю марыянэткавага пранямецкага ўраду, абвешчанага нямецкай прапагандай «прадстаўніком беларускага народу». Узначаліў яе Радаслаў Астроўскі. БЦР атрымала сур’ёзныя сродкі на грамадзкую, культурную і прапагандысцкую дзейнасьць, і ўрэшце ў студзені 1944 г. у межах БЦР узьнік вайсковы аддзел, які кіраваў утворанай у той час Беларускай краёвай абаронай (БКА). У створаныя вайсковыя камісіі БКА зьявілася 40 тыс. чалавек. Масавы наплыў рэкрутаў стаў вялікай нечаканасьцю для немцаў. Прынялі 29 тыс. прызыўнікоў, зь якіх сфармавалі 45 батальёнаў. Была створана таксама сыстэма падрыхтоўкі камандных кадраў, найвышэйшым узроўнем якой была ўтвораная ў пачатку чэрвеня 1944 г. афіцэрская школа ў Менску. Паколькі падразьдзяленьні БКА не былі адпаведна падрыхтаваныя, а іх узбраеньне пакідала жадаць лепшага, іх не выкарыстоўвалі на фронце. Частку накіравалі на барацьбу з савецкімі партызанамі, а частка займалася будаўнічымі работамі пры нямецкіх умацаваньнях, а частку ўлучылі непасрэдна ў адзінкі вэрмахту [15].

27 чэрвеня 1944 г., за некалькі дзён да адступленьня немцаў, у Менску прайшоў ІІ Усебеларускі кангрэс [16]. У ім узялі ўдзел больш за 1000 дэлегатаў. Удзельнікі кангрэсу прызналі БЦР спадкаемцай традыцыі Беларускай Народнай Рэспублікі, а БССР — прадуктам савецкіх імпэрыялістычных памкненьняў. Кангрэс, уся праграма якога ўзгаднялася зь немцамі, меў на мэце паказаць беларусам, што немцы — гэта саюзьнікі, а Чырвоная Армія выступае ў ролі акупанта. Да канца ліпеня 1944 г. саветы занялі ўсю тэрыторыю Генэральнай акругі Беларусь. Зь немцамі на захад эвакуяваліся чальцы БЦР і большасьць камандзіраў БКА, шмат жаўнераў гэтага фармаваньня (каля 10 тыс. чалавек) і работнікаў утворанай пад началам немцаў беларускай адміністрацыі (разам зь сем’ямі каля 80 тыс. чалавек) [17]. Абапіраючыся на эвакуяваных салдатаў БКА, немцы стараліся стварыць рэгулярныя збройныя аддзелы, якія ваявалі б на іх баку. У Бэрліне быў створаны т. зв. кадравы батальён БКА, які пазьней улучылі ў 30-ю (беларускую) дывізію Вафэн СС. У красавіку 1945 г. гэтая адзінка была расфармаваная, а яе салдатаў улучылі ў 38-ю дывізію грэнадэраў Вафэн СС «Нібэлюнген» [18].

У чэрвені 1944 г., згодна з пагадненьнем паміж старшынём Беларускай незалежніцкай партыі Ўсеваладам Родзькам і СД-Абвэрам [19] былі створаны пяць дывэрсійных аддзелаў (т. зв. каліноўцаў), па адным у раёне Вільні, Баранавіч, Ліды, Пастаў і Глыбокага. Пасьля ўваходу Чырвонай Арміі на тэрыторыю іх дзеяньня яны павінны былі распачаць дывэрсійныя акцыі і арганізаваць збройны супраціў. У 1944—1945 усе гэтыя групы былі ліквідаваныя НКУС [20].

У жніўні 1944 г. старшыня БЦР Р. Астроўскі зьвярнуўся да нямецкіх уладаў з мэмарандумам, адным з элемэнтаў якога была прапанова арганізаваць падпольную антыкамуністычную сетку, якая б дэзарганізавала тыл Чырвонай Арміі [21].

Цяжка сказаць, у якой ступені гэта была аўтарская задума Р. Астроўскага, а ў якой — адказ на нямецкія пляны, што ўжо ажыцьцяўляліся. Чакаючы адступленьня з Цэнтральнай Эўропы, немцы найпазьней увесну 1944 г. пачалі працаваць над падрыхтоўкай антысавецкіх партызанскіх аддзелаў, дывэрсійных груп і падпольнай сеткі для іх падтрымкі. Яны стараліся ўтвараць іх, абапіраючыся на мясцовае насельніцтва: расейцаў, латышоў, эстонцаў, літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў. Плян быў распрацаваны і ажыцьцяўляўся на даручэньне вэрмахту камандуючым Замежнымі арміямі ўсходу (Fremde Heere Ost) ген. Райнгардам Геленам (Reinhard Gehlen), начальнікам апэрацыі Цэпэлін (Unternehmen Zeppelin)[22] СС штурмбанфюрэрам Эрыхам Гэнэльгаўптам (Erich Henelhaupt) з СС, а таксама обэрштурмбанфюрэрам СС Ота Скарцэні (Otto Skorzeny) з СД. Усе яны падпарадкоўваліся начальніку СД і Абвэру брыгадэфюрэру Вальтэру Шэленбэргу. Адным з элемэнтаў апэрацыі было стварэньне летам 1944 г. СС Ядвгербандэ-Ост (Jadvgerbände-Ost), у шэрагах якой адабраныя раней рэкруты рыхтаваліся для правядзеньня заплянаваных апэрацый. Камандзірам гэтага фармаваньня ў кастрычніку 1944 г. быў прызначаны Ота Скарцэні. Паводле Б’ёрна Міхаэля Фэлбэрга:

У загадзе, датаваным кастрычнікам 1944 г., накіраваным нямецкім камандзірам на ўсіх франтах, мэты СС Ядвгербандэ апісваліся наступным чынам: па-першае, правядзеньне спэцыяльных апэрацый у варожым тыле, напрыклад, сабатаж, па-другое, разгортваньне, ініцыяваньне антысавецкага руху супраціву на ўсходзе або дапамога яму. Адным з прыкладаў дзейнасьці СС Ядвгербандэ была дапамога УПА, якую забясьпечвалі зброяй, інструктарамі і нават аддзеламі. Найбольш вядомая, мабыць, распачатая ў Ардэнах у сьнежні 1944 г. апэрацыя, якая праводзілася вайскоўцамі ў мундзірах амэрыканскай арміі [23].

На думку С. Ярша і С. Горбіка, уся апэрацыя насіла кодавую назву «Любімая котка» («Лібэн Кэтхэн») і ахоплівала тэрыторыі паміж Чорным морам і Балтыкай [24]. Інсьпіраваныя СД-Абвэрам антыкамуністычныя дывэрсійна-кансьпірацыйныя сеткі былі арганізаваныя ў нацыянальным ключы і атрымлівалі ўласныя кодавыя назвы. Ва ўсіх ужывалася слова «кот» (ням. Katze). Найпаўней плян быў рэалізаваны ў Латвіі, дзе ў межах апэрацыі пад коддпавай назвай «Дзікі кот» (Wildkatze — Mežakakis) прайшлі падрыхтоўку 2500 — 3000 чалавек [25]. Беларускім адпаведнікам латыскага «Дзікага ката» быў «Чорны кот».

На мяжы ліпеня і жніўня, а значыць яшчэ да абнародаваньня мэмарандуму Астроўскага, у Дальвіцы (Усходняя Прусія), на падставе пагадненьня паміж старшынём БЦР і СД-Абвэрам быў створаны дэсантны батальён «Дальвіц», які на практыцы быў дывэрсійна-разьведвальнай школай на чале з маёрам Герулісам (Gerulis). Батальёнам таксама камандавалі капітан Усевалад Родзька і капітан Барыс Рагуля. У падрыхтоўчым цэнтры знаходзіўся Міхал Вітушка. Меркавалася, што падрыхтаваныя ў рамках апэрацыі «Чорны кот» жаўнеры будуць дэсантаваныя на тэрыторыю БССР, каб там, абапіраючыся на беларускіх дзеячоў, якія не адступалі зь немцамі, будаваць антыкамуністычнае падпольле. Паводле савецкіх падлікаў, пасьля таго, як фронт перамясьціўся далёка на захад, на тэрыторыі БССР надалей знаходзіліся каля 35 тыс. чалавек, якія раней служылі ў пранямецкіх фармаваньнях, былі занятыя ў акупацыйнай адміністрацыі або задзейнічаныя ў беларускіх нацыянальных арганізацыях [26].

Першая група парашутыстаў з чатырох чалавек — выпускнікоў школы ў Дальвіцы — была дэсантаваная ў рамках апэрацыі «Чорны кот» у верасьні 1944 г. у раёне гораду Дзятлава пад Баранавічамі. Іх задачай былі разьведвальная рэкагнасцыроўка, наладжаньне кантакту з чальцамі БНП. Хутка пасьля дэсантаваньня партызаны былі схопленыя НКУС. Праўдападобна, 17 лістапада 1944 г. у раёне Івенца была дэсантаваная чарговая група на 28—30 чалавек беларускіх парашутыстаў, забясьпечаная зброяй, радыёстанцыяй і друкарскім абсталяваньнем. Меркавалася, што гэты аддзел арганізуе партызанскую базу ў масіве Налібоцкай пушчы і распачне разгортваньне беларускай дывэрсійнай сеткі, скіраванай супраць саветаў. У сьнежні немцы закінулі яшчэ адну групу з 4-х падрыхтаваных у Дальвіцы жаўнераў «Чорнага ката» [27].

Да гэтага пункту гісторыя сеткі «Чорны кот» не выклікае спрэчак дасьледчыкаў. Гэтага нельга сказаць пра пазьнейшую гісторыю ўтворанага з падтрымкай немцаў беларускага антыкамуністычнага падпольля. У гэтым месцы трэба падаць некалькі фактаў зь біяграфіі ключавой фігуры праекту «Чорны кот» маёра Міхала Вітушкі. Нарадзіўся ў 1907 г. у Нясьвіжы, скончыў беларускую гімназію ў Вільні, вучыўся на палітэхніцы ў Празе і Варшаве, быў дзеячом Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацый і Асьветнага таварыства беларусаў, у пэрыяд савецкай акупацыі выконваў абавязкі начальніка міліцыі ў родным Нясьвіжы, быў арыштаваны органамі НКУС і празь нядоўгі час выпушчаны на волю. У 1941 г. арганізаваў Палескую беларускую самаабарону, якая супрацоўнічала з украінскай Сеччу і салдаты якой вялі партызанскія дзеяньні супраць адступаючых саветаў. Як напісаў пазьней украінскі камандзір Т. Бульба:

Палеская Сеч і Беларуская самаабарона цалкам і з гонарам выканалі сваё першае баявое заданьне… уся палеская катлавіна была ачышчаная ад дзікай дывэрсіі бальшавікоў [28].

У пазьнейшы час Вітушка са згоды немцаў арганізаваў Беларускую самаабарону ва ўсходняй частцы БССР (Магілёўшчына), а таксама ў заходніх абласьцях РСФСР (Смаленшчына, Бранская вобласьць), і адначасова быў адным зь лідэраў падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі. Прынамсі зь сярэдзіны 1944 г. ён супрацоўнічаў з СД-Абвэрам.

Паводле адной з вэрсій, на чале групы парашутыстаў, скінутых 17 лістапада 1944 г., стаяў прызначаны кіраўніком сеткі «Чорны кот» маёр Вітушка. У канцы 1944 г., праўдападобна, з часткай падначаленых ён апынуўся ў аддзеле АК Чэслава Станкевіча «Камара». У яго шэрагах 6 студзеня 1945 г. удзяў удзел у бітве з НКУС у раёне Руднікаў і 7 студзеня загінуў у адной з сутычак. Яго падначаленыя адносна хутка былі вылаўлены або выбіты супрацоўнікамі НКУС [29].

Наколькі імаверная вэрсія сьмерці маёра Вітушкі? Фактычна аддзел Чэслава Станкевіча «Камара» ўваходзіў у склад групоўкі Поўнач Наваградзкай акругі АК, а 6 студзеня 1945 г. частка аддзелаў гэтай групоўкі ў складзе 200 чалавек прыняла бой з апэрацыйнай групай НКУС. З боку АК палёг 31 салдат, а з боку НКУС — каля 50. Вядома таксама, што ў Віленскую і Наваградзкую групоўкі АК прымалі беларусаў, як і жаўнераў вэрмахту розных нацыянальнасьцяў. Таму выглядае праўдападобным, што ў аддзел «Камара» ўключылі беларусаў з Дальвіцу, якім зусім не давялося дзяліцца з акоўцамі падрабязнасьцямі свайго мінулага. Аб адсутнасьці насьцярожанасьці «Камара» ў дачыненьні няпольскай антыкамуністычнай партызанкі сьведчаць абставіны разгрому ягонага аддзелу. У сакавіку 1945 г. правакацыйная група НКУС, якая ўдавала расейскамоўны антыкамуністычны партызанскі аддзел, зьвязалася з «Камаром» з мэтай наладзіць супрацу. «Камар» згадзіўся распачаць перамовы. Сустрэча аказала засадай, у якой быў забіты «Камар» і 25 ягоных падначаленых [30]. Нельга таксама выключыць, што ў магчымых кантактах з акоўцамі маёр Вітушка фігураваў як паляк. Як ён, так і яго падначаленыя выдатна ведалі польскую мову і польскія звычаі. Вядомыя нам факты, здаецца, пацьвярджаюць абставіны сьмерці маёра Вітушкі, датаванай 7 студзеня 1945 г.

Іншае меркаваньне маюць аўтары працы «Беларускі супраціў» С. Ёрш і С. Горбік. Паводле іх, пад Руднікамі загінуў хутчэй за ўсё маёр Чырвонай Арміі Мікалай Вітушка, узяты ў палон немцамі ў 1941 г. Пасьля вэрбоўкі Абвэрам той стаў з 1943 г. выкладчыкам у нямецкіх дывэрсійна-разьведвальных школах у Беларусі. Аўтары не выключаюць таксама, што гэта была іншая асоба, якую немцы забясьпечылі дакумэнтамі на прозьвішча Вітушкі, каб зьбіць з тропу супрацоўнікаў НКУС. Затое сапраўдны маёр Вітушка быў дэсантаваны ў ноч з 30 лістапада на 1 сьнежня [31]. Ён нібыта пабудаваў вялікую, дасканала арганізаваную падпольную сетку, якая была апораю для беларускіх партызанскіх аддзелаў. Са згаданай працы даведваемся таксама, што ў верасьні 1945 г. у Белавескай пушчы некалькі дзён адбываўся інструктаж камандзіраў шэфаў штабоў і шэфаў разьведкі партызанскіх аддзелаў з тэрыторыі БССР і Польшчы, якую праводзіў асабіста Вітушка. Гэты камандзір правёў аналіз міжнароднай сытуацыі, падчас якога зрабіў акцэнт на падзел сьвету на два блёкі, пасьля чаго сьцьвердзіў, што мэта беларускага руху — гэта свабодная Беларусь, якая ня можа пакладацца на ніводную чужую сілу. Далей паведаміў прысутным, што гэта не такі масавы рух, як ОУН-УПА ва Ўкраіне. Заявіў таксама, што беларусы ў пэрыяд Другой сусьветнай вайны панесьлі цяжкія страты, таму трэба імкнуцца не да хуткай збройнай канфрантацыі, а засяродзіцца на палітычнай агітацыі і мабілізацыі арганізацыйнага тылу. На нарадзе таксама быццам бы абмяркоўвалася праблема супрацы зь іншымі нацыянальнымі падпольлямі. Маёр Вітушка паведаміў сабраным, што ўдалося наладзіць супрацоўніцтва з арганізацыяй Тараса Бульбы і палякамі, затое перамовы з ОУН-УПА скончыліся нічым [32].

С. Ёрш і С. Горбік сьцьвярджаюць, что маёр Вітушка стварыў штаб, які няспынна дзейнічаў да канца саракавых гадоў. У структуры «Чорнага ката» Беларусь нібыта была падзелена на тры тэрыторыі, якія мелі ўласныя камандныя штабы: Беларусь-Поўнач, Беларусь-Цэнтпар і Беларусь-Поўдзень. Азначэньне «Чорны кот» не функцыянавала на практыцы, а падпольшчыкі і партызаны выкарыстоўвалі назвы: Беларускі вызвольны фронт ці Беларускае вызвольнае войска. Аўтары сьцьвярджаюць, што ў разгалінаванай сетцы «Чорнага ката» дзейнічалі 3000—3 500 чалавек, а да шырокага арганізацыйнага тылу належала 20—30 тыс. чалавек [33].

Паводле дасьледчыкаў ужо ў ліпені 1944 г. з Аўгустова ў лес перайшлі 150 чалавек з 13 беларускага батальёну паліцыі, частка зь якіх увайшла ў аддзел АК «Шчапы», а частка дзейнічала самастойна на чале з Антона Бандуком. На пачатку 1945 г. аддзел «Шчапа» быў расфармаваны, а былыя беларускія паліцыянты ў сярэдзіне 1945 г. перападпарадкаваныя Бандуку. Аўтары пішуць, што гэты аддзел падпарадкаваўся камандаваньню «Чорнага ката», а летам 1946 г. партызаны на чале з Бандуком спынілі пад Варшавай цягнік зь вязьнямі, зь якога вызвалілі 350 беларусаў. У пачатку 1947 г. аддзел быў скіраваны: «на ахову галоўнага штабу беларускага партызанскага руху пад Варшаву» [34].

Надзвычай актыўную дзейнасьць нібыта вёў аддзел «Сыча», які ў лютым 1946 г. вызваліў 250 арыштаваных, якіх перавозілі зь пінскай турмы ў Менск. У выніку засады быццам загінулі 100 супрацоўнікаў і салдат МГБ. У 1948 г. той жа партызанскі аддзел нібыта атакаваў Наваградак, а ў 1949 г. пад Горадняй пусьціў з рэек цягнік з боепрыпасамі [35]. Тамсама ў 1948 г. «Чорны кот» зьдзейсьніў напад на фільтрацыйны лягер пад Магілёвам, зь якога вызваліў 60 вязьняў [36].

Зь яшчэ большым размахам нібыта дзейнічаў з 1945 г. у БССР, ЛССР, на тэрыторыі Калінінградзкай вобласьці і Польшчы 200-асабовы аддзел партызанаў «Чорнага ката» на чале зь невядомым паводле прозьвішча лейтэнантам «Вітаўтам». З 1945 г. «Вітаўт» знаходзіўся ў кантакце зь дзейным у ваколіцах Берасьця аддзелам НУС «Зэнона» [NSZ — Нацыянальныя ўзброеныя сілы — польскі рух супраціву ў час ІІ сусьветнай вайны. — Перакл.]. Мэтай гэтага кантакту было выкарыстаньне шляхоў сувязі НУС з Захадам. У канцы 1940-х гадоў «Вітаўт» зьдзейсьніў атаку на калінінградзкі аэрадром, падчас якой партызаны зьнішчылі сем самалётаў. Яшчэ 8 верасьня 1951 г. у Вільні партызаны «Вітаўта» сарвалі партыйны мітынг [37]. А вось аддзел Аўгена Жыхара ўзьнік, на думку Ярша і Горбіка, у 1946 г., падпарадкоўваўся Вітушку ў 1948 г. і дзейнічаў да сьмерці камандзіра ў студзені 1955 г. [38] У ваколіцах Ратнага на Прыпяці з 1943 г. дзейнічаў аддзел атамана Якуба Харэўскага і Івана Перагуда, які падпарадкаваўся Вітушку ў 1946 г. Гэтыя аўтары сьцьвярджаюць, што камандзіры атрымалі загад ахоўваць беларускае насельніцтва на тэрыторыі пасьляваеннай Польшчы, у сувязі з чым перайшлі на Беласточчыну, дзе абаранялі беларусаў ад «польскіх нацыяналістаў». Супрацоўнічаючы зь беларускімі міліцыянтамі, гэты аддзел нібыта разьбіў «банды» «Бурага», «Жбіка», «Роха», а таксама «некалькі бандаў у аўгустоўскіх лясах» [39], пасьля чаго ў пачатку 1950-х гадоў партызаны групамі перайшлі на Захад. Паводле аўтараў, сетка «Чорнага ката» так і не была выкрыта, а сам Вітушка ў 1949 г. наладзіў кантакт з польскім падпольлем, што дазволіла беларусам атрымаць легальны статус і перакінуць людзей на Захад [40]. Сам жа Вітушка быццам бы выехаў з Польшчы ў пачатку 1950-х гадоў, што аднак не перашкодзіла яму яшчэ некалькі разоў пад рознымі «прыкрыцьцямі» наведваць Беларусь. Паводле гэтай вэрсіі ён памёр у 2006 г. у Заходняй Нямеччыне [41].

У падобным да аўтараў «Беларускага супраціву» тоне вытрыманыя тэксты Андрэя Блінца, паводле якога ген. Вітушка меў у распараджэньні 50 тыс. чалавек, сярод іх шматлікія партызанскія групы. Ён згадвае некалькі ўзброеных аддзелаў «Чорных катоў»: аддзел Сьцяпана Лабовіча (раён Зэльвы), «Караля» (Браслаўшчына), «Алега» (раён Вялейкі), «Крата» на Гарадзеншчыне, у ваколіцах Менску таямнічага падпалкоўніка «Г», а на Наваградчыне — аддзел Рамановіча. У іншым месцы ён піша, быццам бы на Палесьсі і Валыні беларускія «чорныя каты» цесна супрацоўнічалі з УПА, а на Наваградчыне і Гарадзеншчыне — з АК. У 1949 г., на яго думку, адбылася супольная атака УПА і «чорных катоў» на беластоцкую Гайнаўку [42].

Калі б вышэйзгаданая вэрсія беларускага падпольля аказалася праўдзівай, то трэба было несумненна прызнаць сетку «Чорны кот» самай эфэктыўнай і найлепш арганізаванай паваеннай сеткай узброенага падпольля ў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе, а генэрала Вітушку — найвыбітнейшым камандзірам. Разгон партыйнага сходу ў Вільні ў 1951 г., напад на аэрадром пад Калінінградам у канцы 1940-х гадоў ці спроба атакі на райцэнтар Наваградак у 1949 г. — гэта акцыі, якіх не магло сабе дазволіць антыкамуністычнае польскае, украінскае, латыскае ці літоўскае падпольле на піку свайго разьвіцьця (1945—1947 гг.).

Глыбейшы аналіз прац А. Блінца, С. Ярша і С. Горбіка прымушае падыходзіць да агучаных аўтарамі тэзаў з максымальнай асьцярожнасьцю. Свае цьверджаньні яны грунтуюць на артыкулах, публікаваных у беларускіх эміграцыйных выданьнях, і на ўспамінах удзельнікаў падзеяў. Невыкарыстаньне архіўных дакумэнтаў яны апраўдваюць поўнай адсутнасьцю доступу да іх дасьледчыкаў, не зьвязаных з лукашэнкаўскім апаратам улады. Гэткае тлумачэньне абгрунтавана толькі часткова. Сапраўды, незалежнаму дасьледчыку ў Беларусі архівы маладаступныя. Аднак шмат гісторыкаў часам знаходзяць там вельмі цікавыя дакумэнты.

Як выглядаюць іх цьверджаньні ў сьвятле дасьледаваньняў, якія праводзяцца ў іншых краінах? Літоўскія гісторыкі не сустрэліся зь ніякімі зьвесткамі пра беларускі аддзел «Вітаўта», які быццам бы дзейнічаў на тэрыторыі ЛССР, ім таксама невядома пра разгон партызанамі ў Вільні нейкага партыйнага мітынгу. Дасьледчыкі, якія займаюцца гісторыяй ОУН-УПА, не натрапілі ні на якія сьведчаньні супрацы ўкраінскага нацыяналістычнага падпольля з маёрам Вітушкам ці сеткай «Чорны кот», а ўкраінскі ўдзел у так званай атацы на Наваградак трэба прызнаць чыстай фікцыяй. Вынікі дасьледаваньняў антыкамуністычнага падпольля на тэрыторыі цяперашняй Польшчы ставяць пад сумнеў усе цьверджаньні гэтых аўтараў. У Аўгустоўскім краі ніколі не было аддзелаў беларускіх партызанаў. Сапраўды, у 1944 г. з разьмешчанага там беларускага батальёну паліцыі дэзэртавала вялікая група людзей, якія потым далучыліся да аддзелу Станіслава Ката «Шчапы» [43]. Аднак трэба ведаць, што гэты батальён быў «беларускі» толькі паводле назвы. Насамрэч у ім служылі шмат палякаў з Наваградчыны, якія былі яго чальцамі яшчэ да таго, як апынуліся ў аддзелах паліцыі. Аддзел Бандука ня дзейнічаў ні на Беласточчыне, ні тым больш пад Варшавай. Вызваленьне летам 1946 г. пад Варшавай транспартаваных беларускіх вязьняў — гэта чарговы, не падмацаваны фактамі міт. Кантакты лейтэнанта «Вітаўта» з НУС былі немагчымыя таксама з той прычыны, што ў раёне Берасьця не было аддзелаў НУС. Псэўданім «Зянон» можа ўказваць, што аўтары маюць на ўвазе камандзіра аддзелу АК, які дзейнічаў на паўднёвым Падляшшы, — паручніка Стэфана Выжыкоўскага «Зянона». Аднак ён, бясспрэчна, ня меў ніякіх кантактаў зь беларускім падпольлем і ня меў магчымасьці арганізаваць шляхі перакіданьня беларусаў на Захад [44]. Назапашаная багатая крыніцазнаўчая база і шматлікія працы маўчаць аб аддзеле «Чорнага ката» атамана Якуба Харэўскага і Івана Перагуда, які быццам бы дзейнічаў на Беласточчыне. Аддзел капітана Рамуальда Райса «Бурага», або ІІІ Віленская брыгада НУС (калі гаворка ідзе пра гэты аддзел), ніколі ня быў разьбіты, але падзелены на тры незалежныя аддзелы, якія працягвалі барацьбу да 1947 г., аддзел НУС харужага Фэлікса Лунеўскага «Жбіка» быў распушчаны ўвосень 1947 г., а аддзел «Роха» не існаваў. Ніводная польская падпольная сетка на Беласточчыне ці ў іншым месцы Польшчы ня мела кантактаў зь беларускім падпольлем, а інфармацыя аб дапамозе польскіх сетак у перакіданьні беларускіх партызанаў на Захад у 1949 г. — гэта чарговая байка. Пасьля 1947 г. не існавала ніводнай польскай падпольнай арганізацыі, якая б мела шляхі перакіданьня на Захад. Дастаткова агульных ведаў, каб казаць, што нелегальны пераход польска-савецкай, польска-нямецкай і нямецка-нямецкай мяжы ў 1946—1956 г. быў надзвычай цяжкім, амаль невыканальным заданьнем. Тым больш у прафэсійнага гісторыка павінна выклікаць сумненьні лёгкасьць, зь якой члены сеткі «Чорны кот» шмат разоў пераходзяць гэтыя межы. Усё гэта сьведчыць пра адсутнасьць арыентацыі аўтараў у сацыяльных і палітычных рэаліях, якія панавалі ў дзяржавах Усходняга блёку, і іх няведаньні працэсаў, што адбываліся ў падпольных арганізацыях рэгіёну. Адкуль С. Ёрш, С. Горбік і А. Блінец [45] і роднасныя ім аўтары чэрпаюць свае адкрыцьці? Несумненна, іх бачаньне беларускага антыкамуністычнага падпольля адлюстроўвае перакананьні, якія панавалі ў асяродзьдзі пасьляваенных лідэраў беларускай нацыяналістычнай эміграцыі. Як піша спэцыяліст з гісторыі Беларусі Нікаляс Вакар, старшыня БЦР на эміграцыі Р. Астроўскі ў канцы 1940-х гадоў дабіваўся, каб брытанская разьведка падтрымлівала беларускі партызанскі рух, якія налічваў 50 тыс. чалавек і змагаўся пад камандаваньнем легендарнага камандзіра ген. Міхала Вітушкі. А прэзыдэнт Беларускай Народнай Рэспублікі на выгнаньні Мікола Абрамчык [46] публічна дэманстраваў мэдалі няіснага беларускага партызанскага войска. Варта згадзіцца з заўвагай гэтага дасьледчыка, паводле якой гэтыя беларускія дзеячы «жылі ў поўным адрыве ад рэчаіснасьці» і праяўлялі «нязвыклую здольнасьць верыць ва ўсё, у што хацелі паверыць» [47]. Падобна як эміграцыйныя палітыкі на мяжы 1940—1950-х гг., гэтыя гісторыкі насуперак гісторыі хочуць верыць, што існавала вялікая падпольная антыкамуністычная армія Вітушкі.

Сур’ёзныя сумненьні наконт існаваньня агульнабеларускага руху супраціву не перашкаджалі заходнім разьведвальным службам (амэрыканскай СІС [Counter Intelligence Corps — Вайсковая контарвыведка ЗША. — Перакл.] і брытанскай МІ6 [Military Intelligence section 6 — былая назва зьнешняй разьведкі Вялікабрытаніі. — Перакл.) спрабаваць пабудаваць падпольле на тэрыторыі БССР. Нагляд за гэтай апэрацыяй МІ6 даручыла брытанскаму афіцэру і адначасова савецкаму агенту Кіму Філбі (Kim Philby). Існуюць таксама зьвесткі, якія сьведчаць пра тое, што ў непасрэдным акружэньні Міколы Абрамчыка круцілася некалькі савецкіх шпіёнаў. Дзякуючы гэтай інфільтрацыі савецкая разьведка ведала пра пляны англасаксаў на тэрыторыі БССР [48].

У кастрычніку 1951 г. на тэрыторыю БССР быў скінуты эмісар Беларускай Народнай Рэспублікі Янка Філістовіч, які пасьля прызямленьня не патрапіў у рукі МДБ і цягам году заставаўся няўлоўны. У ноч з 26 на 27 жніўня 1952 г. у масіве Налібоцкай пушчы ў раёне Іўя была скінутая група парашутыстаў з 4 чалавек, забясьпечаных зброяй, радыёстанцыяй і 10 тыс. амэрыканскіх даляраў. 10 верасьня 1952 г. функцыянэры МДБ наладзілі ў Налібоцкай пушчы апэрацыю — засаду, у якой былі затрыманы трое дэсантаваных, а чацьвёрты забіты праз два дні. На думку І. А. Валахановіча, чые высновы грунтаваліся на дакумэнтах МДБ БССР, спробаў наладзіць кантакт паміж уладамі БНР і беларускім падпольлем у Савецкім Саюзе больш не было [49]. М. Скобла і С. Ёрш, абапіраючыся на ўспаміны, згадваюць яшчэ два дэсанты, зь якіх першы нібыта адбыўся ў раёне Белавескай пушчы ў 1949 г., а другі ў красавіку 1951 г. у раёне Мазыра. Парашутысты быццам бы злучыліся з аддзеламі Вітушкі і пазьней бралі ўдзел у партызанскіх баях [50]. Аднак не ўдалося натрапіць на дакумэнтальныя крыніцы, якія пацьвярджалі б меркаваньні гэтых аўтараў.

Аспрэчаньне цьверджаньняў аўтараў «Беларускага супраціву» не раўназначнае цьверджаньню, што беларускія нацыянальныя дзеячы, якія жылі пад савецкай акупацыяй, не рабілі спроб супраціву. Аднак пры абмежаваным доступе да актаў НКУС і МУС мы часта натыкаемся на інтэрпрэтацыйныя праблемы, а зь неадназначных запісаў цяжка зрабіць высновы пра нацыянальны ці арганізацыйны характар аддзелу. Няма праблемы, калі ў апісаньні сустракаецца акрэсьленьне «літоўская банда», «белапольская банда» або калі пры слове банда бачыцца скарот АК, ОУН, УПА ці LLKS (Lietuvos Laisvės Kovos Sаjūdis — Рух барацьбы за свабоду Літвы). Аднак часта ў тэксьце дакумэнту няма ніякай згадкі, якая б дазваляла вызначыць нацыянальны характар партызанскай групы. Часам сустракаецца толькі ляканічнае ўказаньне, якое сьцьвярджае, што ўдзельнікі «банды паходзяць зь мясцовага насельніцтва». Тут трэба адзначыць, што гаворка ідзе пра фармаваньні, дзейнасьць якіх указвае на палітычную барацьбу (ліквідацыя партыйных дзеячоў, службоўцаў НКВД ці МУС, напады на калгасы і г. д.), а ня групы крымінальна-разбойніцкага характару.

Несумненна, палітычны характар мелі акцыі групы Яна Раманчука. Падчас вайны ён быў старшынём Беларускай народнай самапомачы ў Баярах і дырэктарам дому культуры ў Нясьвіжы. Пасьля ўваходжаньня Чырвонай арміі ён пераехаў у Баранавічы, дзе працаваў сталяром. У кастрычніку 1944 г. супрацоўнікі НКУС спрабавалі арыштаваць яго. Аднак яму ўдалося ўцячы, і ён перайшоў на «нелегальнае становішча». Больш за два гады ён хаваўся з дапамогай знаёмых і родных. У траўні 1947 г. да яго далучыўся Мікола Дземух, а ўвесну 1948 г. былы жаўнер БКА Браніслаў Буко. Трохасабовая ўзброеная партызанская група дзейнічала ў раёне Нясьвіжу, Стоўпцаў і Баранавіч. У 1947—1949 гг. яе ўдзельнікі забілі некалькіх партыйных актывістаў, старшыню сельсавету і аднаго міліцыянта. Учынілі таксама некалькі экспрапрыяцыйных налётаў на каапэратывы і крамы. У траўні 1949 г. у выніку апэрацыі МУС уся тройца была схоплена [51]. Падобны характар меў невялікі аддзел Аўгена Жыхара [52]. У 1943—1944 гг. Жыхар уступіў у Саюз беларускай моладзі ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі. У 1944 г. прайшоў падрыхтоўку ў Дальвіцы. На тэрыторыі Нямеччыны падаўся ў Чырвоную Армію, а пасьля заканчэньня ваенных дзеяньняў быў дэмабілізаваны, вярнуўся ў родныя мясьціны і стаў настаўнікам у Верацеях. У 1946 г. яго мінулым зацікавіліся супрацоўнікі МУС, якія спрабавалі яго арыштаваць. Аднак А. Жыхар здолеў уцячы. У 1947 г. да яго далучыліся некалькі чалавек, якія знаходзіліся ў падобнай сытуацыі. Аддзел дзейнічаў у раёне Глыбокага, Пастаў і Дуніловіч, а яго камандзір быў забіты толькі ў студзені 1955 г. [53] З савецкіх актаў вынікае, што партызаны «ажыцьцявілі 23 тэрарыстычныя акты, 42 грабяжы і 9 нападаў на сельсаветы» [54]. Іх ахвярамі былі пераважна партыйныя дзеячы і міліцыянты.

У 1949 г. на ўсход ад Маладэчна, у раёне Ільлі, узьнік 5-асабовы аддзел Сяргея Мікуліча, складзены з былых жаўнераў БКА, якія хаваліся. Гэтая група не канцэнтравалася на здабычы сродкаў для выжываньня і барацьбе зь людзьмі, якія ім пагражалі (прадстаўнікамі мясцовай улады). Сытуацыя зьмянілася, калі да групы далучыўся ўжо згаданы эмісар Беларускай Народнай Рэспублікі Янка Філістовіч. Ён паходзіў з Паняцічаў пад Вялейкай. Увосень 1943 г. быў мабілізаваны ва ўтвораны немцамі 13-ты паліцэйскі батальён і разам зь імі эвакуяваўся на Захад. У студзені 1945 г. служыў на тэрыторыі Чэхаславаччыны і за спробу дэзэртэрства быў арыштаваны. Сядзеў у турме ў Пардубіцах. Выйшаў на свабоду ў траўні пасьля заняцьця гораду саветамі і празь некалькі месяцаў, нядоўга пабыўшы ва Ўроцлаве, прабраўся на Захад. У Парыжы наладзіў кантакт з прэзыдэнтам Міколам Абрамчыкам і заняўся прапагандысцкай дзейнасьцю, выдаваў між іншым часопіс «Моладзь». Адправіўся вучыцца ў Сарбону. У сакавіку 1951 г. узяўся за місію наладжаньня кантакту беларускіх эміграцыйных уладаў з падпольлем на тэрыторыі БССР. Пасьля трохмесячнай падрыхтоўкі на базе Каўфбэрэн каля Мюнхэну ў верасьні 1951 г. быў скінуты ў раёне, зь якога паходзіў. Зьвязаўся зь сям’ёй і некалькі месяцаў хаваўся з дапамогаю родных і знаёмых. У красавіку 1952 г. праз пасярэдніцтва сваяка П. Куляша наладзіў сувязь з С. Мікулічам. Пасьля арышту Я. Філістовіч падчас аднаго з допытаў так апісаў групу Мікуліча:

Яны ня мелі аніякіх плянаў ні на будучыню, ні на цяперашні час, жылі проста як ваўкі, сёньняшнім днём. Прыгледзеўшыся да іх бліжэй, я пабачыў, што ніхто зь іх ня мае нават самай малой ідэйнай падкладкі [55].

Я. Філістовіч пераняў камандаваньне групай і зрабіў спробу ператварыць яе ў вайскова-палітычную арганізацыю. Увёў дысцыпліну, праводзіў ідэйную і падпольную падрыхтоўку, забараніў рабіць напады на мясцовы актыў і грабяжы. Групе даў назву «Беларускія нацыяльна-вызвольныя ўзброеныя сілы» і распачаў падрыхтоўку да палітычна-прапагандысцкай дзейнасьці. З гэтай мэтай ў красавіку 1952 г. аддзел правёў у Вязыні пад Маладэчнам напад на друкарню, якая друкавала газэту «Шлях да камунізму». Партызаны забралі друкарскую машыну. На ёй, меркавалася, будзе друкавацца газэта «Жыве Беларусь!». Адсутнасьць друкарскага досьведу, а таксама некаторых элемэнтаў не дазволілі тыпографу выканаць плян. У кастрычніку 1952 г. група патрапіла ў засаду супрацоўнікаў МУС. С. Мікуліч загінуў у баі, астатнія, у тым ліку Я. Філістовіч, былі арыштаваныя [56].

З архіўных матэрыялаў даведваемся пра некалькі партызанскіх аддзелаў, якім службоўцы НКУС і МУС не прыпісалі «польскага», «украінскага» ці «літоўскага» характару. У 1945 г. на тэрыторыі БССР дзейнічалі наступныя аддзелы невядомага нам паходжаньня: у ваколіцах Івенца — групы Крэза і Гармаза, у раёне Карэліч — аддзел Яўсея, групы Любко, у ваколіцах Клецку — аддзелы Алысяка і Грыбоўскага (Гжыбоўскага?), група Сяргея — у ваколіцах Ляхавіч, пад Горадняй — Папова-Гарчанкі [57]. Зразумела, гэты сьпіс няпоўны. Зь іншых дакумэнтаў вынікае, што ў 1944—1945 гг. у Дунілавіцкім раёне дзейнічаў аддзел Кабылінскага. Пасьля разгрому яго саветамі камандаваньне над яго рэшткамі пераняў капрал Войска Польскага Антоні Тайновіч «Гіль». Група «Гіля» была ліквідаваная ў студзені 1947 г. «Гіль» падчас Другой сусьветнай вайны служыў у шэрагах Беларускай краёвай абароны. Што цікава, саветы клясыфікуюць аддзел «Гіля» як «польскае фармаваньне». Падставай такога азначэньня стала тое, што партызаны выступаюць супраць савецкай улады і супрацоўнічаюць з «польскімі кулакамі». Не прыпісваючы аддзелу польскага ці беларускага характару, трэба падкрэсьліць, што ў гэтым кантэксьце важна зь вялікай асьцярожнасьцю разглядаць крытэры, якія выкарыстоўваліся супрацоўнікамі МУС.

У савецкіх дакумэнтах быў адзначаны таксама аддзел «Хахлова», вядомы яшчэ як аддзел «Юзіка», што дзейнічаў з 1944 г. да кастрычніка 1949 г. у раёне Шаркаўшчыны. У 1949 г. ён налічваў 14 удзельнікаў, характарызаваўся вельмі добрым узбраеньнем, шырокай сеткай супрацоўнікаў і добрай разьведкай у межах свайго апэрацыйнага абшару і складаўся зь «мясцовага насельніцтва» [58]. Калі ўзяць пад увагу тагачасны этнічны склад рэгіёну, вельмі праўдападобна, што гэты аддзел складаўся зь беларусаў. У дакумэнтах няма сьлядоў, якія б падказвалі яго «белапольскі» ці літоўскі характар.

Цікавы таксама выпадак сфармаванай увосень 1948 г. 7-асабовай групы Вінцлаўскага «Глінкі». З характарыстыкі гэтай «банды» даведваемся, што яна складалася «зь мясцовых жыхароў палякаў і беларусаў, дэзэртэраў са школ ФЗН [59]. Банда дзейнічала пераважна ў 3-х рэгіёнах — маладэчанскім, радашкавіцкім і ільлянскім» [60]. Чальцы гэтага аддзелу грамілі і палілі сельсаветы, каапэратывы і ліквідавалі партыйных актывістаў. 31 кастрычніка 1949 г. аддзел быў акружаны апэрацыйнай групай МДБ і ўсе чальцы аддзелу забіты [61]. У гэтым выпадку цяжка казаць пра нацыянальны (беларускі ці польскі) або арганізацыйны (якія выводзіўся з рэштак АК ці беларускіх калябаранцкіх фармаваньняў) характар. Службоўцы савецкага апарату бясьпекі выразна падкрэсьлівалі, што гэта была антысавецкая група, а не чарговая разбойніцкая банда, складзеная са звычайных злачынцаў.

Цікавай падпольнай ініцыятывай было ўтварэньне Аўгенам Казаком Саюзу вызваленьня Беларусі (СВБ). Заснавальнік гэтай арганізацыі ў пэрыяд вайны быў чальцом Саюзу беларускай моладзі і ў 1944 г. перад уваходам Чырвонай Арміі быў эвакуяваны ў Нямеччыну. Там стаў салдатам кадравага батальёну Беларускай краёвай абароны і ў Бэрліне скончыў унтэр-афіцэрскую школу гэтага фармаваньня. Потым разам з усім батальёнам быў улучаны ў беларускую 30-ю дывізію Вафэн СС. У Бэрліне ўступіў у Беларускую незалежніцкую партыю. Пасьля падзеньня Нямеччыны А. Казак вярнуўся на тэрыторыю БССР у транспарце з рэпатрыяванымі прымусовымі работнікамі. Невядома, ці выехаў зь місіяй утварэньня кансьпірацыйных сетак БНП, ці гэта было яго асабістае рашэньне. У лістападзе 1946 г. пачаў будаваць сетку СВБ, у якую гуртаваліся ў вялікай ступені былыя сябры Саюзу беларускай моладзі і жаўнеры БКА. А. Казак распрацаваў праграму арганізацыі, у якой сьцьвярджаў, што беларусы зазнаюць каляніяльную эксплюатацыю і нацыянальны ўціск, і адзіная сіла, якая можа прывесьці да свабоды, — гэта сам беларускі народ. У сувязі з гэтым найважнейшым палічыў разьвіцьцё і ўмацаваньне беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. Праграма СВБ прадугледжвала ўзьнікненьне беларускай нацыянальнай рэспублікі як дзяржавы ўсіх працоўных слаёў (сялян, рабочых і інтэлігентаў), у склад якой увойдуць усе землі, населеныя беларусамі, у тым ліку і тыя, што знаходзяцца па-за адміністрацыйнымі межамі БССР (Віленшчына зь Вільняй, Беласточчына, Смаленшчына, [Паўночная] Полаччына, частка Палесься ў межах УССР). У будучай, дэмакратычнай рэспубліцы будуць захоўвацца ўсе грамадзянскія свабоды, а зямля будзе перададзена сялянам ва ўласнасьць бяз выкупу. Творца СВБ арганізаваў арганізацыйны камітэт СВБ, які складаўся з наступных аддзелаў: арганізацыйнага, вайсковага, прапагандысцкага, фінансавага, кантрольнага і сакратарыяту. Сядзібай камандаваньня быў Наваградак. У траўні 1947 г. арганізацыя была разгромленая, а яе 18 удзельнікаў атрымалі шматгадовыя прысуды.

Былым салдатам кадравага батальёну Беларускай краёвай абароны быў Георгі Бортнік, які ў сьнежні 1945 г., выйшаўшы з амэрыканскай няволі, вярнуўся на тэрыторыю БССР. У пачатку 1946 г., абапіраючыся на былых беларускіх удзельнікаў ваенных фармаваньняў, што змагаліся па нямецкім баку, а таксама ранейшых дзеячоў Саюзу беларускай моладзі, пачаў ствараць кансьпірацыйную сетку ў Плісе і ваколіцах. Празь нейкі час наладзіў кантакт з існуючым там раней Саюзам барацьбы супраць камунізму на чале зь Пятром Шыпкам і падпарадкаваў яму сваю групу. У 1948 г. П. Шыпка быў забіты супрацоўнікамі органаў дзяржбясьпекі БССР, што, аднак, не прывяло да распаду групы. У той час кіраўніцтва сеткай зь некалькіх — дзесяці зь нечым асоб — пераняў Георгі Бортнік. Дзейнасьць арганізацыі абмяжоўвалася забароненым у СССР праслухоўваньнем заходніх радыёстанцый і «сеяньнем варожай прапаганды». У ідэйным пляне яны апэлявалі непасрэдна да палітычнай праграмы БНП. Арганізацыя была разгромлена толькі на рубяжы 1950 і 1951 гг. [62]

Акрамя ўзброеных аддзелаў і палітычных арганізацый існавалі таксама беларускія падпольныя моладзевыя групы. Такі характар мела заснаваная ў траўні 1946 г. у Слоніме група, якая абрала сабе кодавую назву «Чайка». На чале арганізацыі стаяў 5-асабовы Цэнтар беларускага вызваленчага руху, кіраваны настаўнікам Васілём Супруном «Паграмоўцам». У пэрыяд нямецкай акупацыі Супрун і частка чальцоў «Чайкі» належалі да Саюзу беларускай моладзі. Ячэйкі «Чайкі» ўзьнікалі ў Настаўніцкім інстытуце ў Баранавічах, у Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, у Берасьцейскім чыгуначным тэхнікуме і Ганцавіцкім пэдагагічным вучылішчы. У пачатку 1947 г. ячэйкі «Чайкі» ўзьніклі ў пінскім і ільлянскім раёнах. Кіраўніцтва арганізацыі меркавала, што неўзабаве выбухне вайна паміж Савецкім Саюзам і Вялікабрытаніяй ды Злучанымі Штатамі Паўночнай Амэрыкі, падчас якой беларусы павінны выступіць на баку заходніх дзяржаў. У сувязі з гэтым яны хацелі аб’яднаць падпольле на тэрыторыі ўсёй БССР і пачаць падрыхтоўку да партызанскай вайны, якая, як меркавалася, распачнецца ў момант кантактаў зь іншымі падпольнымі групамі. У другой палове 1947 г. былі арыштаваны 29 чальцоў арганізацыі, у тым ліку Васіль Супрун. Гэта прывяло да разгрому сеткі «Чайкі» [63].

Вясною 1948 г. у Мядзеле Расьціслаў Лапіцкі заснаваў антысавецкую падпольную групу з вучняў старэйшых клясаў сярэдняе школы. У 1949 г. Р. Лапіцкі пераехаў у мястэчка Смаргоні, дзе таксама здолеў арганізаваць падобную групу зь некалькіх асоб. У сьнежні 1948 г. юнакі падрыхтавалі і расклеілі некалькі дзясяткаў улётак. У студзені 1949 г. яны скралі зь мядзельскай школы дзьве стрэльбы, што выкарыстоўваліся на стралковых занятках. У кастрычніку гэтага году ўзламалі мясцовы дом культуры ў Смаргонях, адкуль забралі друкарскую машынку, на якой аддрукавалі больш за тысячу антысавецкіх улётак [64]. Яны былі расклеены ў Смаргонях і суседніх вёсках. На мяжы 1949 і 1950 гг. група была ліквідавана органамі бясьпекі БССР. У сьнежні 1949 г. Расьціслаў Лапіцкі пачаў хавацца, а ў студзені 1950 г. быў арыштаваны. Іншы ўдзельнік групы, які хаваўся, Г. Нефрановіч, у сакавіку 1950 г. быў акружаны супрацоўнікамі МДБ і зрабіў сабе сьмерць [65]. На рубяжы 1945 і 1946 гг. у асяродзьдзі студэнтаў пэдагагічных вучэльняў у Глыбокім і Паставах узьнікалі падпольныя групы, чальцы якіх займаліся вывучэньнем гісторыі Беларусі і стараліся супрацьдзейнічаць русіфікацыі моладзі. У 1946 г. яны аб’ядналіся і ператварыліся ў Саюз беларускіх патрыётаў (СПБ). Дзейнічаючы ў новай арганізацыйнай формуле, моладзь выйшла за межы самаадукацыі. Студэнты распрацавалі палітычную праграму, якая прадугледжвала адрыў БССР ад СССР і ўзьнікненьне сувэрэннай Беларусі на ўзор заходніх дэмакратый. Яны палічылі неабходным распачаць працу дзеля пашырэньня сьвядомасьці сярод грамадзян БССР і меркавалі, што ў спрыяльны момант трэба распачаць дывэрсійныя дзеяньні і збройную барацьбу [66]. У лютым 1947 г. службоўцы МУС затрымалі 33 навучэнцаў гэтай школы.

Маладасьледаваныя моладзевыя групы ўзьнікалі таксама ў Менску, Полацку, Пінску і Маладэчне [67]. Паводле ацэнак гісторыкаў, арганізацый такога кшталту ўзьнікла некалькі дзясяткаў [68].

Хоць прадстаўленая тут спроба апісаньня антыкамуністычнага беларускага падпольля мае толькі характар нарысу, яна дазваляе сфармуляваць высновы агульнага характару. У сувязі са слабой дасьледаванасьцю праблемы беларускага антыкамуністычнага супраціву ўзьнікае вакуўм, які запаўняюць дадумкі і гіпотэзы, што з часам ператвараюцца ў міты. У спэцыфічных беларускіх умовах, дзе дзяржаўны рэжым апэлюе наўпрост да традыцыяў БССР, а з усімі праявамі беларускасьці, зразуметай інакш як беларускасьць у савецкім выглядзе, змагаюцца адміністрацыйнымі і паліцэйскімі мэтадамі, у асяродзьдзі антылукашэнкаўскай апазыцыі існуе асаблівае запатрабаваньне на такога роду гераічны міт. Гаворка ідзе пра міт, зразуметы як «кананічны» вобраз мінулага, як набор падзей і асоб, прызнаны большасьцю грамадзтва важным і ўласным, які ёсьць ва ўсіх дзяржаў і нацый. Каб такі міт у даўжэйшай пэрспэктыве пасьпяхова адыгрываў ролю аб’яднаўчага фактару, ён павінен грунтавацца на фактах. Калі так не адбываецца, тады зробленая раней ці пазьней крытычнымі гісторыкамі дэканструкцыя міту выкліча рэзкі падзел, а можа прывесьці і да распаду ранейшага бачаньня ўласнай мінуўшчыны. У гэтым сэнсе беларускі супраціў С. Ярша, С. Горбіка і блізкіх ім інтэрпрэтацыйна аўтараў мае ўсе рысы ілжывага міту.

Ведаючы тагачасныя рэаліі, можна сур’ёзна задумацца, ці вэрсія пра вялікае падпольле ген. Вітушкі не зьяўляецца элемэнтам апэрацыйнай гульні савецкіх спэцслужбаў, нацэленай у гэтым выпадку ў асяродзьдзе беларускай эміграцыі і заходнія разьведвальныя службы. Нам шмат вядома аб правядзеньні такіх апэрацый у Польшчы, СССР і балтыйскіх рэспубліках, таму нельга выключыць, што савецкія чэкісты для апэрацыйных патрэб стварылі фікцыйную беларускую сетку маёра Вітушкі. Гэта толькі гіпотэза, для пацьверджаньня ці абвяржэньня якой неабходны карпатлівы пошук у беларускіх і расейскіх архівах.

Зь іншага боку трэба асьцерагацца маргіналізацыі зьявы. Прыведзеныя ў тэксьце прыклады не адлюстроўваюць усяе зьявы, але паказваюць, што насуперак думцы часткі беларускіх дасьледчыкаў, антысавецкі супраціў меў месца, хоць несумненна яго маштаб быў непараўнальна меншы, чым маштаб польскага, украінскага ці літоўскага супраціву.

Пераклаў Антон Кузьміч паводле аўтарскага машынапісу

* Дзякую гісторыкам зь Менску Ірыне Кашталян і Аляксандру Пашкевічу за дапамогу, аказаную мне падчас напісаньня гэтага тэксту.

______________________________________

1. Mironowicz E. Białoruś. Warszawa, 1999 (далей Mironowicz E. Białoruś). S. 183.

2. Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Mінск, 1975. С. 78.

3. Mironowicz E. Białoruś. S. 184.

4. Беларускія хрысьціянскія дэмакраты — каталікі — дзейнічалі пад некалькімі шыльдамі. У
1918 г. паўстала Беларуская хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць), з 1926 г. дзейнічалі як Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, а з 1936 г. як Беларускае народнае аб’яднаньне.

5. Падрабязьней на тэму беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў: Moroz M. «Krynica» Ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu. Białystok, 2001.

6. Тамсама. С. 98—104.

7. Малецкі Я. Пад знакам Пагоні. Таронта, 1976. С. 6—7, 24.

8. Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. Львоў, 2006 (далей: Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў). С. 5. Аднак апошнія дасьледаваньні сьведчаць, што ў выпадку беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў фінансавая падтрымка літоўцаў хоць і існавала, але мела другаснае значэньне. Асновай фінансаваньня дзейнасьці гэтай партыі былі перадусім унёскі, якія аплачвалі беларускія ксяндзы — чальцы партыі. Падрабязьней на гэтую тэму гл.: Вашкевіч А. Грошы для партыі. Фінансаванне партыйнай дзейнасці Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (1921—1939 гг.) // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2007. №. 28. S. 69—81.

9. Mironowicz E. Białoruś. S. 184.

10. Беларуская Народная Рэспубліка была ўтворана 25 сакавіка 1918 г. у Менску. Аднак урад Беларускай Народнай Рэспублікі ва ўмовах нямецкай акупацыі ня быў прызнаны ні бальшавікамі, ні Нямеччынай. Нягледзячы на гэта, немцы перадалі некаторыя прэрагатывы функцыі Ўраду БРН (гандаль, адукацыя, сацыяльная абарона і г. д.). БНР была прызнаная некалькімі эўрапейскімі дзяржавамі, у тым ліку Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, Чэхаславаччынай і Фінляндыяй. Савецкі Саюз імкнуўся прывесьці да ліквідацыі гэтай дзяржавы, і 1 студзеня 1919 г. група беларускіх камуністаў абвясьціла ў Смаленску Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь. Фактычна існаваньне БНР спыніў уваход 5 студзеня 1919 г. у Менск аддзелаў Чырвонай Арміі. Улады БНР перенесьлі сваю рэзыдэнцыю ў Літву, а ў 1920 г. — у Прагу. Пасьля заняцьця Чэхаславаччыны немцамі рэзыдэнцыяй БНР стаў Парыж, а з 1950 г. — Таронта.

11. Mironowicz E. Białoruś. S. 144.

12. Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. С. 19—20, 50—53, 85—89.

13. Mironowicz E. Białoruś. S. 153—154.

14. Gdański J. W. Zapomniani żołnierze Hitlera. Warszawa, 2000 (далей: Gdański J. W. Zapomniani.). S. 158.

15. Mironowicz E. Białoruś. S. 166—168.

16. Першы Ўсебеларускі зьезд адбыўся ў Менску ў сьнежні 1917 г.

17. Валаханович И. А. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944—1953 гг. Минск, 2002. С. 20.

18. Gdański J. W. Zapomniani. S. 159.

19. СД (Sicherheitsdienst des Reichsführers-SS), або Служба бясьпекі райхсфюрэра СС, была органам разьведкі, контравыведкі і бясьпекі СС. Авбэр — гэта нямецкая ваенная разьведка. У лютым 1944 г. Абвэр быў падначалены СД.

20. Валаханович И. А. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944—1953 гг. Минск, 2002. С. 21.

21. Тамсама. С. 20.

22. Гэтая апэрацыя палягала ў закіданьні ў тыл Чырвонай Арміі савецкіх ваеннапалонных, якія згадзіліся працаваць на немцаў. Перад дэсантам яны праходзілі дывэрсійна-разьведвальную падрыхтоўку. Гэты праект меў за ўзор мадэль, апрабаваную савецкім партызанскім рухам.

23. Felber B. M. SS Jadvgerbände OST (1944—1945): A Case Study // Latvija nacistiskas vaciujas okupciujas vara 1941—1945. Riga, 2004 (далей: Felber B. M. SS Jadvgerbände OST). S. 222.

24. Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. Львоў, 2006. С. 19—20.

25. Felber B. M. SS Jadvgerbände OST. S. 223—225.

26. Валаханович И. А. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944—1953 гг. Минск, 2002 (далей Валаханович И. А. Антисоветское подполье). С. 21—22.

27. Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. С. 147; Валаханович И. А. Антисоветское подполье. С. 22.

28. Бульба-Боровець T. Армія без держави. Вінніпег, 1981. С. 120, 121.

29. Сямашка Яўген. Армія Краёва на Беларусі. Mінск, 1994. С. 416.

30. Krajewski K., Łabuszewski T. Oddziały podziemia niepodległościowego i ich działalność. Ważniejsze starcia i akcje zbrojne //Atlas polskiego podziemia niepodległościowego 1944—1956. Warszawa, 2007. S. 42—44.

31. Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. С. 148—155.

32. Тамсама. С. 179—181.

33. Тамсама. С. 182—184.

34. Тамсама. С. 198.

35. Тамсама. С. 231.

36. Тамсама. С. 228.

37. Тамсама. С. 200—202.

38. Тамсама. С. 238—240.

39. Тамсама. С. 245.

40. Тамсама. С. 244—246.

41. Тамсама. С. 360.

42. Блинец А. По следам «Черного Кота».

43. Krajewski K., Łabuszewski T. Białostocki Okręg AK-AKO VII 1944 — VIII 1945. Warszawa, 1997. S. 69—70, 440—441.

44. Wnuk R. Lubelski Okręg AK, DZS i WiN 1944—1947. Warszawa, 2007. S. 60—61, 80—93.

45. Ня выключана, што А. Блінец — гэта адзін з псэўданімаў аўтараў «Беларускага супраціву».

46. Мікола Абрамчык вучыўся ў Празе, дзе належаў да Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацый. У 1930-я гг. жыў у Парыжы, дзе стаў суарганізатарам беларускага аб’яднаньня рабочых («Хаўрус беларускай працоўнай эміграцыі») і ўдзельнічаў у эміграцыйных культурных і палітычных арганізацыях. Пасьля нападу нямецкіх войскаў на Савецкі Саюз распачаў супрацу зь немцамі і быў уведзены ў кіраўніцтва Беларускага камітэту самапомачы ў Бэрліне. Быў часова арыштаваны немцамі за вядзеньне забароненай дзейнасьці. Пасьля заканчэньня вайны ўключыўся ў дзейнасьць беларускай эміграцыі, выконваў абавязкі прэзыдэнта Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі.

47. Nicholas P. Vacar. Belorusia. The Making of a Nation. Cambridge, 1956. P. 279—280.

48. Dorril S. MI6. Fifty Years of Special Operation. London, 2000. Р. 220—221.

49. Валаханович И. А. Антисоветское подполье. С. 41—49.

50. Скобла M., Ёрш С. Двойчы ў Белавескай пушчы рабіўся замах на Хрушчова.

51. Валаханович И. А. Антисоветское подполье. С. 37—40.

52. Насуперак таму, што падаюць дасьледчыкі, перакананыя ў існаваньні вялікай падпольнай
арганізацыі ген. Вітушкі, А. Жыхар дзейнічаў самастойна, ня быў падпарадкаваны ніводнаму камандаваньню і ня меў кантакту з замежжам.

53. Валаханович И. А. Антисоветское подполье. С. 39—40.

54. Тамсама. С. 41.

55. Тамсама. С. 43.

56. Тамсама.

57. Российский государственный военный архив в Москве, далей РГВА. Ф. 38794, воп. 1, спр. 36, к. 1.

58. РГВА. Ф. 38794, воп. 1, спр. 39, к. 229—231.

59. Школы фабрычна-заводзкага навучаньня — прафэсійныя школы, якія рыхтавалі да працы на заводах і на будоўлях падчас шасьцімесячнага курсу. Існавалі ў СССР з 1940 да 1958 г. Частка зь іх мела казарменны характар.

60. РГВА. Ф. 38794, воп. 1, спр. 39, к. 275.

61. Тамсама.

62. Валаханович И. А. Антисоветское подполье. С. 34—37.

63. Szybieka Z. Historia Białorusi 1795—2000. Lublin, 2002 (далей: Szybieka Z., Historia Białorusi). S. 369—370; Валаханович И. А. Антисоветское подполье. С. 49—52.

64. Гэтыя лістоўкі зьмяшчалі наступны тэкст:

Сьмерць вырадкам роду чалавечага! Партызаны! Падпольшчыкі! Стойце на абароне сваёй справы! Беражыце ў сабе сьвятую нянавісьць да камунізму, які нявечыць і разбэшчвае чалавецтва. Біце сталінскіх шакалаў! Моладзь! Не губляй сумленьня, змагайся супраць тых, хто сьлепа верыць у падман камунізму, узначаленага хрыстапрадаўцамі — Юдамі. Яны хочуць усіх нас расьпяць на пяціканцовай зьвязьдзе. Да зброі! Ня бойцеся ахвяраў і пакут! Уперад да сьветлай будучыні! Вашыя браты.

65. Валаханович И. А. Антисоветское подполье. С. 49—52.

66. Тамсама. С. 49—50.

67. Mironowicz E. Białoruś. S. 185.

68. Mironowicz E. Białoruś. S. 185; Szybieka Z. Historia Białorusi. S. 370.

_______________________________

Рафал Унук (нар. 22 траўня 1967 у Замосьці) — гісторык, дырэктар люблінскага аддзяленьня Бюро грамадзянскай адукацыі Інстытуту нацыянальнай памяці, галоўны рэдактар «Atlasu polskiego podziemia niepodległościowego 1944—1956», галоўны рэдактар гістарычнага паўгадавіка (półrocznika) «Pamięć i Sprawiedliwość». У сфэру яго прафэсійных зацікаўленьняў уваходзіць польскае падпольле на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Ўкраіны ў 1939—1941 гг., выведка польскіх узброеных сіл і Арміі Краёвай у часе Другой сусьветнай вайны, польска-ўкраінскія дачыненьні ў 1939—1947 гг. Аўтар кніг «Konspiracja akowska i poakowska na Zamojszczyźnie od lipca 1944 r. do 1956 r.» (Lublin, 1993), «Pany i Rezuny. Współpraca AK-WiN i UPA 1945—1947» (Warszawa, 1997, суаўтар Гжэгаж Матыка), «Okręg Lublin AK-DSZ-WiN 1944—1947» (Warszawa, 2000).