У траўні мінулага году выйшаў другі “ваенны” нумар беларускага часопісу “ARCHE” (першы быў у 1999 годзе). Што я магу сказаць? Як і 9 гадоў таму, навуковага рэдактара ў нумара не было, што й адбілася на якасьці і тэматыцы падабранага матэрыялу.

Я ня буду займацца дэталёвым крытычным аналізам усяго нумару, адзначу толькі зусім «левыя» подпісы пад прыблізна 2/3 фотаздымкаў. Прыблізна палова нумару – габрэйская тэма, другая тэма – калябаранты. Нічога іншага, відаць, падчас вайны на тэрыторыі краіны не адбывалася. Выключэньне –невялічкі перакладны артыкул пра прычыны разгрому немцаў у час апэрацыі «Баграціён», які крытыкуе тую частку заходняй гістарыяграфіі, якая сьледам за нямецкімі генэраламі паўтарае – “Калі б нам не замінаў Гітлер, мы б мылі боты ў Ціхім акіяне». Ён, можа, і нясе камусьці “новы погляд”, але нашаму чытачу не паведамляе нічога такога, што б ён не знайшоў у школьным падручніку гісторыі. З таго, што прыемна зьдзівіла, магу адзначыць добрую рэцэнзію на кнігу Ярша пра “генэрала” Вітушку: нарэшце хтосьці разабраў усе фантазіі аўтара па палічках.

Каб не стамляць чытача, я падрабязна спынюся толькі на адным артыкуле, які, у прынцыпе, добра ілюструе мэтады складаньня нумару.

У нумары надрукавана магістарская праца (у перакладзе на расейскую мову дыплёмная, бо ў ФРГ гісторыкі пасьля заканчэньня ВНУ атрымліваюць ступень магістра) У. Гартэншлегер «Горад Менск пад нямецкай акупацыяй (1941 — 1944)». Каму цікава, вось тут яна выкладзена ў арыгінале па-нямецку. Што я магу сказаць? Праца слабая нават для дыплёмнай. Асноўныя заўвагі па ёй наступныя:

1. Аўтар амаль цалкам ігнаруе савецкія крыніца ў частцы мэмуараў і ўспамінаў, абвінавачваючы іх у прадузятасьці (хаця ў сьпісе літаратуры яны ёсьць, праўда, самае маладое выданьне датуецца 1985 годам), што не зашкодзіла ёй пабудаваць амаль усю працу на дзьвюх асноўных крыніцах – падшыўцы нямецкай газэты Minsker Zeitung за 1942 — 1944 гады і мэмуарах Лёвэнштайна, габрэя, які здолеў пасябраваць з Кубэ, за што яго выпусьцілі з гета і захавалі жыцьцё. Для гісторыкаў далей нават можна нічога не пісаць, для астатніх патлумачу – нямецкая акупацыйная газэта аніяк ня можа лічыцца крыніцай больш вартай даверу, чым савецкія дакумэнты і ўспаміны, хутчэй наадварот. А мэмуары па вызначэньні ня лічацца вартай даверу крыніцай, калі выкладзеныя ў іх факты не пацьвярджаюцца іншымі групамі крыніцаў. Больш за тое, чэскі гісторык Міраслаў Карны (Miroslav Kárný), які сядзеў разам зь Лёвенштайнам у Тэрэзіенштадце, на падставе зробленага аналізу прыйшоў да высновы, што гэтыя мэмуары, мякка кажучы, не зусім праўдзівыя.(Падрабязьней пра Лёвенштайна і Карнага гл. тут). Ігнараваньне ж аўтарам вялікай групы крыніцаў, асабліва ў частцы апісаньня жыцьця ў акупаваным Менску, аўтаматычна зьніжае навуковую каштоўнасьць працы.

2. Аўтар піша пра вулічныя баі ў Менску як адну з прычынаў разбурэньняў, выяўленых немцамі пасьля таго, як яны ўвайшлі ў горад 28 чэрвеня 1941 г. Аніякіх вулічных баёў, ня лічачы прарыву двух савецкіх танкаў ужо пасьля пачатку акупацыі, у горадзе не было.

3. Аўтар ня ведае, што сакратар менскага падпольнага гаркаму ня быў здраднікам, а стаў ахвярай правакацыйнай кампаніі абвэру, калі за расстралянага ў вязьніцы СД Івана Кавалёва пісаліся артыкулы, а на мітынгах выступалі ягоныя двайнікі. Кавалёў цалкам рэабілітаваны яшчэ 20 красавіка 1990 г., але праз 19 гадоў аўтар працягвае пісаць пра ягоную здраду як агульнавядомы факт.

4. Аўтар піша, што акупацыйныя ўлады ніяк не заміналі працы чорнага рынку ў горадзе. Гэта няпраўда, вось некалькі прыкладаў дакумэнтаў, што абвяргаюць дадзены тэзіс. Немцы змагаліся з чорным рынкам у Менску, усяляк спрабавалі ўпарадкаваць гандаль. Іншая справа, наколькі гэта ў іх атрымлівалася.

Выснова: Праца для студэнцкай у прынцыпе неблагая. Аднак выдаваць яе, тым больш перакладаць зь нямецкай на беларускую практычнага сэнсу няма. Навуковай і адукацыйнай каштоўнасьці яна ня мае. У прынцыпе, за рэдкім выняткам, гэта адносіцца да бальшыні матэрыялаў нумару. Улічваючы кошт у 10 даляраў, набываць катэгарычна ня раю. Пераважная большасьць прыгожых карцінак, якімі рэдакцыя ўпрыгожыла выданьне, узятыя зь інтэрнэту, дзе імі можна любавацца цалкам бясплатна :)

http://pulman.livejournal.com