Водгук Алеся Краўцэвіча на артыкул Сцяпана Стурэйкі «Новае люстэрка гарадзенскай гістарыяграфіі».

Найперш хачу падзякаваць сп. Сцяпану Стурэйку за рэцэнзію на калектыўную беларуска-польскую працу «Гародня X — XX стст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам» (рэд. А. Смалянчук. Гародня: Гарадзенская бібліятэка, 2014. — 514 с.)[1]. Рэцэнзія, акрамя цікавых заўвагаў і назіранняў, дае добрую магчымасць яшчэ раз акцэнтаваць унікальнасць нашага выдавецкага праекта, пра якую, на жаль, не здагадваецца шмат хто з яго адрасатаў-чытачоў (у тым ліку і рэцэнзент).

Акрамя таго, у рэцэнзіі нямала спрэчных выказванняў, ацэнак і рэкамендацый, якія правакуюць на дыскусію, да чаго заахвочвае і сам аўтар. Магчыма, дзеля гэтага (ці, можа, ад маладога запалу) рэцэнзент выкарыстоўвае даволі вострыя, часам на мяжы карэктнасці, фармулёўкі сваіх думак і ацэнак («дагаварыліся нават да тэрміна «урбіцыд» С. 404; «няздольнасць супрацьстаяць суб’ектывізму крыніцы» С. 406; «распіл» горада па этнічнай/нацыянальнай прыкмеце ідзе ўжо ў адкрытую» С. 406 і інш.).

Тэкст рэцэнзіі цікава, нават забаўна чытаць, бо, акрамя жывых моўных зваротаў, у ім уражвае кантраст паміж агульнай мэтраўска-ментарскай танальнасцю, пэўнасцю высноваў, ацэнак і іх наіўнасцю, выкліканай слабой ведай гісторыі. У гэтым плане тэкст С. Стурэйкі таксама моцна кантрастуе з іншай рэцэнзіяй значна больш масцітага даследчыка — прафесара Адама Чэслава Даброньскага з Беластоку, рэцэнзіяй даволі крытычнай, але пазбаўленай якога-небудзь ментарства[2].

Вось адзін з прыкладаў. С. Стурэйка, заўважыўшы, што значная частка кнігі «напісана менавіта з нацыянальных пазіцый», выводзіць: «Улічваючы асабліва апошнія ўкраінскія падзеі, нацыянальна арыентаваная гісторыя(выдзяленне маё. — А.К.) — гэта, у прынцыпе, добра». І тут жа працягвае: «актуалізуючы нацыянальнае пытанне ў гістарычным даследаванні, мы тым самым аўтаматычна ўключаем сябе ў даволі безперспектыўную ды інтэлектуальна спусташальную дыскусію» (с. 403).

Цяжка ў гэта паверыць, але С. Стурэйка не чуў, што ў нашым рэгіёне, менавіта ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе, прынамсі ўжо два стагоддзі ствараюцца паасобныя нацыянальна арыентаваныя, нават этнацэнтрычныя гістарыяграфіі, а іншых і не бывае[3]. І ўжо больш дваццаці год існуюць міжнародныя камісіі па справе падручнікаў гісторыі, праца якіх па збліжэнню гістарычнага наратыву суседніх народаў сутыкаецца з вялікімі цяжкасцямі (польска-беларуская не збіралася хіба ўжо з пятнаццаць гадоў). Але ўсё-такі наш рэцэнзент С. Стурэйка, хоць і з агаворкай «у прынцыпе», прызнаў рацыю быту нацыянальным гістарыяграфіям і гэта цешыць, бо цяпер тысячы іх стваральнікаў: нябожчыкі і яшчэ жывыя гісторыкі, могуць спакойна спаць у сваіх магілах і ложках.

Рэцэнзент не заўважыў самае важнае ў нашай калектыўнай працы: насмелюся сказаць, унікальную з’яву ў гістарыяграфіі цэлага рэгіёну. Упершыню ў гісторыі створана супольнае даследаванне мінуўшчыны памежнага горада гісторыкамі суседніх народаў, якія заяўлялі на яго правы. Польскі рэцэнзент праф. Даброньскі гэта ацаніў і спецыяльна адзначыў, што падобнай працы не ўдалося напісаць ні пра Вільню, ні пра Львоў. Дадам: і доўга яшчэ не ўдасцца па прычыне значна вастрэйшых у мінулым польска-ўкраінскіх спрэчак за Львоў і польска-летувіскіх — за Вільню. Цешуся з рэалізацыі ў кнізе выдатнай ідэі праф. А.Смалянчука, а менавіта ўшанавання ўкладу ў развіццё горада жыдоўскай супольнасці, раней амаль ігнараванага.

Праф. Даброньскі трохі прыадкрывае закулісы падрыхтоўкі да друку нашай кнігі, дзе перамовы, намовы, узгадненні цягнуліся даўжэй, чым пісаліся тэксты. Па гэтай прычыне забракла часу для грунтоўнага рэдагавання і карэктарства, што відаць па даволі шматлікіх арфаграфічных і стылёвых недакладнасцях у тэксце кнігі. Магчыма, адсутнасць сярод аўтараў некаторых польскіх калегаў выклікана якраз іх няверай у поспех справы. Спачатку планаваліся два аўтарскія калектывы — беларускі і польскі і, адпаведна, два рэдактары. Меркавалася, што некаторыя раздзелы будуць напісаныя сумесна, а іх суаўтары абазначаць у дужках розніцу ў поглядах і ацэнках. А самыя спрэчныя тэмы: «напрыклад, перыяд, г. зв. «першых Саветаў» ад верасня 1939 да чэрвеня 1941 г., дзейнасць Арміі Краёвай, першыя пасляваенныя гады» мелі быць напісанымі асобна беларусамі і палякамі[4].

Аднак удалося так падрыхтаваць, адкарэктаваць і ўзгадніць тэксты (ведаю, пра што кажу, бо перакладаў польскіх калегаў), што яны добра ўклаліся па храналогіі, незалежна ад нацыянальнасці аўтара. Тое няпроста давалася самім аўтарам. Польскі сябра скардзіўся: маўляў, пішу тэкст, стараюся быць максімальна аб’ектыўным, а назаўтра раніцай перачытваю, бачу: «Polak pisał!». Беларускі аўтар таксама наракаў на сябе, што ў яго тэксце заўважныя невыкараняльныя беларускія падыходы і ацэнкі. Але, галоўнае, гэтыя падыходы і ацэнкі не прывялі да канфрантацыі, а да «узаемнага ўшанавання польскага і беларускага ўкладу ў развіццё горада ў прасторы стагоддзяў». Усё-такі нам гэта ўдалося! Польскі рэцэнзент пахваліў: «Анансаваная праца добра сведчыць асабліва пра асяродак гарадзенскіх гісторыкаў, якія маюць кантакты з калегамі з іншых асяродкаў (і дзяржаў) і якія адкінулі «высока зацверджаныя» схемы» (С. 136). А шаноўнаму беларускаму рэцэнзенту С.Стурэйку у кнізе ўбачыўся «распіл» горада па этнічнай/нацыянальнай прыкмеце», «няўдачы канцэптуальнага характару» (с. 410). Тут ужо як хто ўмее глядзець.

Калі С. Стурэйка і хваліць працу, то заўсёды з негатыўным падтэкстам: «Кніга неверагодна добрая для школьнікаў ці студэнтаў, якім неабходна напісаць рэферат» (але дадае, што непрафесійнага чытача можа адстрашыць «шчыльная факталогія»); ці: атрымаўся «…зборнік, кампедыум нядрэнных нарысаў, складзены ў храналагічнай паслядоўнасці» (але не суцэльная і завершаная гісторыя горада) (с. 410).

У рэцэнзента, які вырас у незалежнай Беларусі, выяўляюцца даўнія савецка-расейскія падыходы адносна напісання і выдання працаў па гісторыі, менавіта, што яны павінны быць справай нейкіх дзяржаўных інстытутаў, а не грамадскай ініцыятывы (с. 402). Адкажу, што ў нас, у Еўропе, тое можа рабіцца інакш. Неяк давялося пазнаёміцца з сістэмай адукацыі Даніі, і выявілася, што там дзяржава не мае дачынення нават да падрыхтоўкі падручнікаў па гісторыі. Гэтым займаецца грамадская арганізацыя — асацыяцыя гісторыкаў.

Рэцэнзенту здаецца, што незалежныя гарадзенскія гісторыкі пішуць свае працы ў «адказ на знешні ціск» (мае на ўвазе сучасную гарадзенскую ўладу і КДБ) і гэта «часам перашкаджае ўзважанасці ды аб’ектыўнасці аўтарскіх ацэнак і ўплывае на іх танальнасць» (с. 403). Лічыць, што «варта было галоўнаму рэдактару пайсці ў ва-банк (не разумею, прычым тут «ва-банк?» — А. К.) і запрасіць да ўдзелу ў выданні не толькі тых, хто не працуе ў дзяржаўных установах, але ўсіх, хто можа напісаць годныя тэксты» (с. 410).

З гэтым нельга пагадзіцца. Па-першае, з адзінаццаці аўтараў кнігі шэсць працуюць у дзяржаўных установах. Па-другое, напрыклад, я (мяркую, мае калегі таксама) не адчуваю знешняга ціску і не лічу сябе нейкім падпольшчыкам, які вядзе контрпрапаганду праз самвыдат. Мы спакойна працуем, ствараем і друкуем свае кнігі, у тым ліку ў «Гарадзенскай бібліятэцы», выданні якой як па якасці зместу, так і па тэхнічным узроўні друку стаяць непараўнальна вышэй за прадукты, напрыклад, выдавецтва дзяржаўнага Гарадзенскага ўніверсітэту. І ў натуральнай канфрантацыі беларускіх гісторыкаў з мясцовай лукашысцкай уладай невядома, чый ціск мацнейшы: іх праз службовыя рэпрэсіі ці наш праз якасць і колькасць друкаванай прадукцыі.

Увогуле, С. Стурэйка — патрабавальны і суворы рэцэнзент. Ён нібы хапае аўтараў за каўнер і вытрасае з іх: «Якая логіка развіцця горада? Дзе аналітыка па масавых крыніцах? Дзе канцэпцыі, інтэрпрэтацыі і гіпотэзы?», «Што займала думкі гарадзенцаў? Практычна не раскрыта гісторыя гарадскіх супольнасцяў…», «Нарэшце, як змянялася колькасць жыхароў горада? На якія хваробы яны хварэлі?», «Чаму не даецца практычна ніякіх адсылак да прыкладаў іншых усходнеславянскіх гарадоў…?» (с. 408—409) і г.д. Пры гэтым ён не заўважае, што паўтарае тыповую памылку рэцэнзента-пачаткоўца, парушаючы правіла: рэцэнзуецца тое, што аўтары напісалі, а не тое, чаго яны не пісалі.

Калі казаць пра заўвагі да маёй часткі тэксту, то яны проста непрафесійныя. Рэцэнзенту «застаецца незразумелым, чым жа гарадзенцы 11 ст. адрозніваліся ад нас і ці наогул было адрозненне?» (с. 407). Усё ж такі мы пісалі тэкст для людзей, якія маюць хаця б базавую гістарычную адукацыю на ўзроўні сярэдняй школы. Але паведамляю С. Стурэйку, што гарадзенцы 11 ст. не адрозніваліся ад нас у антрапалагічным плане, бо належалі да таго ж біялагічнага віду Homo sapiens, толькі агулам былі драбнейшыя па габарытах. Нейкую асабістую інфармацыю пра іх жыццё мы перадаць не можам, бо з 11 ст. пра Гародню не захавалася ніводнай (!) пісьмовай звесткі. Па даным археалогіі мы ведаем, у якіх дамах яны жылі, якую мелі рэлігію, да якіх этнічных супольнасцяў адносіліся, пра што я і пішу ў сваім раздзеле.

Для рэцэнзента сувязь пачатку мураванага будаўніцтва ў Гародні з эканамічным уздымам горада сумнеўная, у адрозненне ад людей, якія атрымалі інфармацыю пра сярэднявечча са школьных падручнікаў. У 12 ст. адбываўся дэмаграфічны і эканамічны ўздым па ўсёй Еўропе, які сваёй вяршыні дасягнуў у першай палове 13 ст. Менавіта тады паўсюдна разгарнулася будаўніцтва мураваных храмаў, якое было вельмі дарагой справай, і не выпадкова перарвалася ў 14 ст., падчас агульнаеўрапейскага крызісу.

«Геапалітычную» арыентацыю гарадзенскіх князёў 13 ст. я не аднаўляю (што прыпісвае мне рэцэнзент), бо тады, па-першае, яшчэ не існавала геапалітыкі; па-другое, невядома, ці існавалі тады гарадзенскія князі (а не прысланыя намеснікі з Галіцка-Валынскага княства, ці можа, з Наваградка), таму нідзе ў тэксце гарадзенскіх князёў 13 ст. не ўпамінаю. Што тычыцца «невыразнасці», на думку рэцэнзента, летапісных запісаў адносна палітычнай арыентацыі гарадзенцаў, то, наадварот, лічу іх вельмі выразнымі, пра што неаднакроць пісаў[5]. Гэтаксама, у 13 ст. «каштоўнасці адзінаверства» як і этнічнае сваяцтва былі не менш, а больш трывалымі і актуальнымі, чым у нашыя часы.

Разважанні рэцэнзента перастаюць забаўляць, калі справа даходзіць да канцэптуальных рэчаў. Бо іх інтэрпрэтацыя стварае ўражанне, нібыта ў сп. С. Стурэйкі цалкам атрафіравана пачуццё патрыятызму і ён атрымлівае задавальненне ад прыніжэння і ахайвання гісторыі свайго гораду. Так, С.Стурэйка, гарадзенец па нараджэнні, крытыкуе аўтараў за «актуалізацыю тэмы сталічнасці Гародні». Ён пераконвае, што Гародня пад азначэнне сталічнасці не падыходзіць, маўляў, функцыі сталіцы горад выконваў усяго некалькі разоў і вельмі непрацяглы час. «Гэта практычна не адбілася на яго абліччы (калі не лічыць руінаў Старога замка)». Як быццам С.Стурэйка не чуў ні пра Новы замак, спецыяльна збудаваны для правядзення соймаў і прыёму каралёў, ні пра магнацкае будаўніцтва, звязанае з тымі ж соймамі, каралеўскія загарадныя сядзібы і інш.

Па Стурэйку, лепш было б назваць кнігу «Правінцыйны горад з каралеўскім лёсам» (с. 403). Але ў той самы час старонні чалавек, польскі рэцэнзент праф. А. Даброньскі, заступаецца за Гародню і крытыкуе аўтараў, наадварот, за прыніжэнне сталічнага статуса Гародні ў назве кнігі: «Гародня была таксама сталічным горадам па прычыне правядзення ў ёй соймаў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, сталіцай вялікай губерні, бо з далучанай Беластоцкай вобласцю. Прымала шмат знакамітасцяў (напрыклад, караля Стэфана Баторыя), захапляла — і надалей захапляе, прыгожым краявідам і пабудовамі, увайшла ў гісторыю культуры некалькіх народаў і ў біяграфіі творцаў (напрыклад, Элізы Ажэшка[6].

Той жа беластаччанін праф. А. Даброньскі раіць «папулярызаваць дасягненні гарадзенскай архітэктурнай школы 12 ст.», а С. Стурэйка ўвогуле адмаўляе існаванне гэтай школы, і лічыць, што нельга размаўляць пра якую-небудзь школу, калі паверыць, што аўтарам усіх гарадзенскіх цэркваў быў адзін чалавек (с. 408) (як быццам адзін чалавек не можа стварыць школу). Мой выраз: «не мае аналагаў у свеце», расцэньвае як («стыль «Советской Белоруссии»!?»).

Казус вось у чым: найбуйнейшыя замежныя спецыялісты са святовымі імёнамі, у тым ліку праф. Павал Рапапорт, які спецыяльна працаваў у Гародні, не змаглі далучыць яе да ніякай іншай тагачаснай архітэктурнай школы і былі вымушаныя прызнаць асобнай з’явай у архітэктуры: «И в конце 12 в. внезапно и ярко проявилась совершенно новая архитектурная школа в древнем Городенском (Гродненском) княжестве»[7]. А малады навуковец, гарадзенец і беларус (прынамсі па грамадзянству) С. Стурэйка, наадварот, не ўпускае моманту прынізіць сваё. На жаль, гэта не адзінкавы выпадак сярод беларускіх інтэлектуалаў. Магчыма, тут спрацоўвае цяперашняя лукашысцкая сістэма адукацыі, якая фармуе своеасаблівы феномен свядомасці — «сіндром халопства», калі сваё a priori уяўляецца горшым за чужое.

С. Стурэйка чамусьці адчувае крыўду за расейскую спадчыну ў Гародні, недаацэненую, на яго думку, аўтарамі. Папярэдзіўшы, што «бачыць бог, я не русафіл» (як быццам гэта нешта заганнае ці непрыстойнае), рэцэнзент нахвальвае расейскія часы (19 — пачатак 20 ст.), прыводзячы сапраўдныя факты: горад стаў амаль мураваным, з’явіліся вадаправод, пажарная вежа, лютэранская кірха, вялося будаўніцтва сінагог ды выдатных мастоў (с. 404). Праўда, у еўрапейскіх краінах у той самы час, падобная інфраструктура развівалася нашмат інтэнсіўней, бо там эпоха індустрыялізацыі пачалася раней, чым у Расейскай імперыі.

С. Стурэйка не верыць аўтарам, што расейскія ўлады імкнуліся сцерці ўсе праявы еўрапейскасці. Для яго такая выснова «Гучыць страшна!». Але я асабіста ў Ваенна-гістарычным архіве ў Маскве трымаў у руках план перапланіроўкі Гародні з пачатку 20 ст., у якім якраз прадугледжвалася знішчэнне гістарычнай еўрапейскай планіровачнай структуры горада. Расейцы гэта зрабілі ў нашых усходніх гарадах (Полацку, Віцебску, Магілёве і інш.), а ў нас не паспелі, бо пачалася Першая святовая вайна.

Гісторык архітэктуры з Масквы ацаніў тыя часы ў Гародні як хуткае развіццё горадабудаўніцтва (транспарту, сувязі, інжынерныя збудаванні) і пераважна хаатычную забудову з ігнараваннем «мастацкіх патрабаванняў».«Застройка велась домами с разноликой, большей частью безвкусной архитектурой сообразно с финансовыми возможностями и вкусом заказчиковСухостью, официальностью веет от больших казарменных зданий, построенных в последнюю треть 19-го и первые годы 20 в. Близка к ним и архитектура Народного дома»[8].

С.Стурэйка таксама сцвярджае, што ў савецкі час збудавалі многа вартага, «большасць будынкаў у цэнтры горада, пабудаваныя за савецкім часам, нават не будучы шэдэўрамі самі па сабе, упісаныя ў гістарычнае асяроддзе даволі тактоўна» (с. 405). Гэтае сцверджанне — увогуле нейкі аксюмарон. Савецкія архітэктары Гародні «тактоўна» збурылі «басняцкія дамкі» на вул. Ажэшкі, «тактоўна» ўзарвалі Фарны касцёл, «тактоўна» знеслі квартал гістарычнай забудовы пад будынак аблвыканкама, «тактоўна» засыпалі Гараднічанку, каб паставіць помнік Леніну і будынак гаркама кампартыі, «тактоўна» збудавалі пачварны панэльны дом за 20 метраў ад каралеўскай сядзібы ў Станіслававе, «тактоўна» вынішчылі прыгарадныя шляхецкія сядзібы з паркамі і г. д., і г. д. Моўную русіфікацыю гарадзенцаў С.Стурэйка лічыць «рускім патэнцыялам гораду», які нельга недаацэньваць (с. 406).

Чамусьці яму здаецца, што кніга моцна спазнілася і «павінна была з’явіцца як мінімум у пачатку 1990-х гг. Сумна, што менавіта з пункту гледжання папулярызацыі гісторыі горада яна ўсё яшчэ захоўвае сваю надзвычайную актуальнасць» (с. 410). Іншы рэцэнзент праф. А.Даброньскі не сумуе з гэтай нагоды, а, наадварот, радуецца, ды лічыць кнігу каштоўнай і наватарскай, спадзяецца, што яна стане прыкладам для наступных падобных прац[9].

Пасля прачытання рэцэнзіі С. Стурэйкі складваецца ўражанне, быццам гэты малады чалавек, паводле анатацыі: «гісторык, культурны антраполаг, выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту», з’явіўся да нас з нейкай іншай залюстэркавай краіны з такой самай назвай, як наша Беларусь, але ў якой усё бачыцца наадварот і дзе мала чаго ёсць беларускага.

Увогуле, жанр рэцэнзіі — складаная і адказная справа не толькі для яе аўтара, але і для рэдактара выдання, якое рэцэнзію публікуе. Ці ўкладаецца яе тэкст, хай і напісаны з апломбам, пэўным сябе аўтарам, у рамкі навуковасці? Падобнага роду востра крытычныя рэцэнзіі ў салідных перыёдыках, да якіх адносіцца «Arche», прынята публікаваць разам з адказам аўтара, у нашым выпадку рэдактара, кнігі. Прынамсі, так дыктуе логіка і этыка навуковай дыскусіі.


[1] Стурэйка Сцяпан. Новае люстэрка гарадзенскай гістарыяграфіі // ARCHE. 2014. № 7—8. С. 400—410.

[2] Dobroński A. Cz. Гародня XXX стст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам, Гародня 2014, 513 с. [Grodno XXX w. Królewskie miasto z prowincjonalnym losem, Grodno 2014, s. 513] // Biuletyn Historii Pogranicza. Białystok, 2013. S. 135—139.

[3] Ферро Марк. Как рассказывают историю детям в разных странах мира. Москва, 1992.

[4] Dobroński A.Cz. Гародня XXX стст…S. 135.

[5] Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Беласток, 2008. С. 151—152.

[6]Dobroński A. Cz. Гародня XXX стст… S. 135.

[7] Раппопорт П. А. Древнерусская архитектура. Санкт-Петербург, 1993. С. 87.

[8] Кудряшов В. И. Гродно. Москва, 1960. С. 90—92.

[9] Dobroński A. Cz. Гародня XXX стст…S. 139.