Выданне, якое разглядаецца ў рэцэнзіі: Гародня Х—ХХ стст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам / Рэд. А. Смалянчук. — Гарадзенская бібліятэка, 2014. — 514 с.

У сувязі з тым, што даследаванні гарадоў, у тым ліку іх мінулага, набылі ў апошні час надзвычайную папулярнасць, любая кніга па гарадской гісторыі з’яўляецца цяпер падзеяй і аргументам у дыскусіі. Выхад выдання, што разглядаецца ў рэцэнзіі, уяўляе з сябе падзею з вялікай літары. Па-першае, менавіта такім чынам кніжка задумвалася, а па-другое, 500-старонкавы том на самай справе атрымаўся вартым увагі. Нягледзячы на тое, што гісторыі старажытнай Гародні прысвечана немалая колькасць тэкстаў, аж да гэтага часу не хапала менавіта такога акадэмічнага выдання, якое прадставіла б агляд адразу ўсёй яго гісторыі.

Рэцэнзаваная кніга — ці то калектыўная манаграфія, ці то зборнік нарысаў (тут вызначэнні могуць разыходзіцца) — аб’ядноўвае пад адной вокладкай тэксты адзінаццаці гісторыкаў з Беларусі і Польшчы. Мэтай аўтарскага калектыва, узначаленага доктарам Аляксандрам Смаленчуком, было апісанне і рэканцэптуалізацыя ўсёй гісторыі Гародні, і перш за ўсё гісторыі сацыяльных адносін у горадзе.

get_imgБезумоўна, такая сур’ёзная праца заслугоўвае вельмі падрабязнага разбору. Усю шматстайнасць закранутай аўтарамі праблематыкі гарадской гісторыі, вядома, немагчыма ахапіць у рамках дадзенай рэцэнзіі, таму, спадзяюся, выданню будзе прысвечана яшчэ мноства аглядаў. Хацелася б верыць, што дыскусія вакол аўтарскіх падыходаў працягнецца і ў іншых акадэмічных тэкстах. Кампліментарнымі яны будуць ці крытычнымі — не так ужо і важна, галоўнае, каб кніжка «зажыла». Выказваючы такі аптымізм, абмяжуюся тут разглядам выдання толькі з дзвюх пазіцый: з пункту гледжання публічнага выказвання, а таксама з пазіцыі адпаведнасцi гістарычнага зместу першапачатковай ідэі складальнікаў.

Змест і праблематыка публічнага выказвання

Няма аніякага сумневу, што кніга транслюе сур’ёзную грамадзянскую пазіцыю аўтараў і перш за ўсё яе галоўнага рэдактара Аляксандра Смаленчука. У першую чаргу яна — пераканаўчы доказ банкруцтва справядліва ліквідаванага нядаўна гістарычнага факультэта Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, з якога паступова былі выціснуты самыя яскравыя выкладчыкі і які так і не змог самастойна «нарадзіць» аніводнай прыстойнай кніжкі па агульнай гісторыі Гародні. Абуральная асаблівасць гарадзенскай гістарыяграфіі найноўшага часу — гэта тое, што амаль уся яна, за невялікімі выключэннямі, ствараецца энтузіястамі. Як паказвае практыка, найлепшае і самае цікавае ніколі не нараджаецца ў акадэмічных сценах. І гэта сапраўдная ганьба.

Рэцэнзаваная кніга — ці то калектыўная манаграфія, ці то зборнік нарысаў (тут вызначэнні могуць разыходзіцца) — аб’ядноўвае пад адной вокладкай тэксты адзінаццаці гісторыкаў з Беларусі і Польшчы. Мэтай аўтарскага калектыва, узначаленага доктарам Аляксандрам Смаленчуком, было апісанне і рэканцэптуалізацыя ўсёй гісторыі Гародні, і перш за ўсё гісторыі сацыяльных адносін у горадзе.

Менавіта таму кніга, якую павінен быў падрыхтаваць навуковы інстытут, з’явілася ў якасці грамадскай ініцыятывы, а Аляксандр Смалянчук, такім чынам, стаў кіраўніком нефармальнага інстытута гароднязнаўства. Прытым аказалася, што гарадзенскаму інтэлектуальнаму асяродку выкананне такіх амбітных праектаў [1] цалкам па сілах. З іншага боку, зразумела, што гэтая нефармальнасць і неінстытуалізаванасць не магла застацца без наступстваў, у тым ліку такіх, што негатыўна паўплывалі на якасць выніковага прадукту.

Справа ў тым, што кожная кніжка «Гарадзенскай бібліятэкі» — гэта так ці інакш адказ на знешні ціск. І гарадской адміністрацыяй, і нават некаторымі аўтарамі кніжкі гэтыя ініцыятывы ўспрымаюцца як бомба, як дыверсія. Подласць сучаснай гарадзенскай улады і КДБ прывялі да таго, што фармат вялікай часткі выказванняў гарадзенскіх гісторыкаў цяпер менавіта такі, a contrario. Што, на жаль, часам перашкаджае ўзважанасці ды аб’ектыўнасці аўтарскіх ацэнак і ўплывае на іх танальнасць. Не ведаю, шчыра кажучы, што на самай справе трэба рабіць у такой сітуацыі бесперапыннага супрацьстаяння. Магчыма, дапамагла б змена тэматыкі даследаванняў, пераход да іншай метадалогіі. Трэба аддаць належнае, пошукі ў гэтым кірунку вядуцца, аднак пакуль з пераменным поспехам.

Адным з аспектаў публічнага выказвання кніжкі з’яўляецца актуалізаваная аўтарамі тэма сталічнасці Гародні. Гэтая інтэнцыя адчуваецца тут літаральна ва ўсіх раздзелах. Само слова з назвы, «каралеўскі», мае на ўвазе сталічны статус (хоць у караля можа быць і не адна сталіца). У якім вымярэнні ляжыць жаданне бачыць Гародню сталіцай — палітычным, псіхалагічным ці нейкім яшчэ — тэма для асобнай дыскусіі.

Але, як кажуць кракавяне, nie przenoście nam stolicy do Krakowa! Нават у гістарычнай перспектыве сталічнасць — хутчэй урбаністычная катэгорыя [2], і Гародня пад яе азначэнне не падыходзіць. Функцыі сталіцы горад выконваў усяго некалькі разоў, і тое вельмі непрацяглы час. Гэта практычна не адбілася на яго абліччы (калі не лічыць руінаў Старога замка). Ментальнай сталіцай Гародні таксама не было наканавана стаць. Таму, верагодна, дакладней было б назваць кнігу «Правінцыйны горад з каралеўскім лёсам», але гэта ўжо справа густу, каму як больш да сэрца ляжыць.

На жаль, засталося адно толькі рытарычным прыёмам абяцанне, дадзенае рэдактарам ва ўводзінах: «У гэтай кнізе адказ на класічнае для нашага рэгіёну пытанне “Чый горад?”знаходзіцца па-за межамі нацыянальнага наратыву» (с. 8). На самай справе добрая частка кнігі ў той ці іншай меры напісана менавіта з нацыянальных пазіцый. Улічваючы асабліва апошнія ўкраінскія падзеі, нацыянальна арыентаваная гісторыя — гэта, у прынцыпе, добра. Разам з тым, неасцярожна, у стылі «Вільня — наша!» актуалізуючы нацыянальнае пытанне ў гістарычным даследаванні, мы тым самым аўтаматычна ўключаем сябе ў даволі бесперспектыўную ды інтэлектуальна спусташальную дыскусію.

Па ўсёй кнізе, пачынаючы ад моманту ўваходжання ў склад Расійскай Імперыі, а потым і ад далучэння да СССР, тэкст прасякнуты дыскурсам грамадзянскага супрацьстаяння. Дзе падборам фактаў, а дзе і чыста моўнымі сродкамі надаецца негатыўная ацэнка ледзь не ўсяму, што ішло ад расійскай губернскай адміністрацыі. «Горад жыў і змагаўся» (с. 273) — гэта не толькі цытата, але і агульны сэнс аўтарскага паслання. Хто і як менавіта змагаўся ў горадзе, больш за 60% насельніцтва якога складалі апалітычныя да канца ХІХ ст. габрэі? Праблема гэтая канцэптуалізуецца большасцю аўтараў вельмі адназначна.

Напрыклад, як пагроза гораду ўспрымаюцца планы расійскай улады аб пераўтварэнні горада ў крэпасць і пазбаўленні яго губернскага статусу (памяншаецца сталічнасць!). Але ж менавіта ў ходзе рэалізацыі гэтых планаў ішло развіццё энергазабеспячэння ды іншай гарадской інфраструктуры. Калі чытаеш тэкст адпаведнага раздзела «Канец XVIII — пачатак ХХ ст. Горад супраць імперыі», складваецца адчуванне, што ўсе пазітыўныя трансфармацыі адбываліся насуперак гарадскім уладам, а вось усё дрэннае (антысанітарыя, злачыннасць і павелічэнне колькасці рускіх) — выключна дзякуючы ім.

Дагаварыліся нават да тэрміна «урбіцыд»: «разам з мясцовымі традыцыямі горадабудаўніцтва ўлады імкнуліся сцерці ўсе праявы еўрапейскасці» (с. 270). Гучыць страшна! Але далей прыклады злачынных намераў прыводзяцца выключна ў плашчыні культавага будаўніцтва. Так, касцёльнае будаўніцтва ў горадзе прыпынілася, і саміх касцёлаў сапраўды стала менш. Але праўда таксама і тое, што ў гэты час горад стаў амаль цалкам каменным, што з’явіліся вадаправод, пажарная вежа, лютэранская кірха, што вялося будаўніцтва сінагог ды мастоў (прытым якіх!).

Як кульмінацыя прыводзіцца фраза Віленскага генерал-губернатара К. Каўфмана «Тут будет Тамбов» (с. 272). Натуральна, ані кантэкст, ані статус дадзенага выказвання не аналізуюцца. Або яшчэ: аўтары пішуць пра антыцарскія настроі падчас руска-турэцкай вайны, а вось пра «патрыятычны» ўздым падчас руска-японскай — ані слова. Адкуль жа, горад змагаўся!

Зусім інакш паказаны побыт Гародні ў міжваенны час, у складзе Польскай Рэспублікі (хоць і гэты раздзел называецца «ХХ стагоддзе. Змаганне за горад»). Калі папярэднія параграфы пра Гародню ў Расійскай імперыі былі напісаныя пад знакам барацьбы свабодалюбных гарадзенцаў супраць расійскіх чыноўнікаў, у чорных фарбах апісваўся штодзённы побыт гараджан, а негатыўныя сацыяльныя ўмовы і антысанітарыя звязваліся з бяздзеяннем улады, то польскі перыяд апісаны цалкам супрацьлегла. Па-ранейшаму квітнее крымінал, затое сярод злачынцаў з’яўляюцца мілыя народныя героі: «Знаёмства з крымінальным жыццём было пастаянным прадметам цікавасці гарадзенцаў і нават своеасаблівым адпачынкам» (!!) (с. 342). Можна было б нават скласці параўнальную табліцу моўных сродкаў апісання адных і тых жа з’яў рэчаіснасці ў расійскі і польскі перыяды. Нагляднасць гарантуецца!

Пра эканамічны крызіс, беспрацоўе, палітычных зняволеных, працэсы супраць партызан (!) (с. 354), якіх было, верагодна, не менш, чым за царскім часам, згадваецца мімаходзь, нейтральна, наогул без ацэнак. Наратыў гэтых параграфаў вельмі кантрастуе з папярэднімі. Архітэктурныя пераўтварэнні таксама апісваюцца зусім не ў катэгорыях «урбіцыду». Вядома ж, «урбіцыд» могуць ажыццяўляць толькі царскія ўлады, у той час як польскія ладзяць «дэідэалагізацыю» (с. 334) шляхам закрыцця парафій, перайменавання вуліц і замены царскіх знакаў на польскія. Увогуле, апрача насельнікаў раптам узніклых трушчобаў (іх паходжанне не тлумачыцца), усім у Гародні жылося сыта і годна. Адзіная добра апісаная цёмная пляма польскага перыяду — рост антысемтызму сярод гараджан.

Аналізуючы прычыны такой розніцы ў ацэнках, варта сказаць, што справа тут не толькі ў асабістай пазіцыі аўтараў. У дадзеным выпадку самі крыніцы (перш за ўсё вусныя ўспаміны сталых гарадзенцаў пра маладосць) дыктуюць танальнасць выказванняў. А аўтары з імі проста пагаджаюцца. Такая вось тэхналогія напісання гістарычных тэкстаў. Ці можа быць інакш — пытанне зусім не рытарычнае…

Дыскурс барацьбы і супрацьстаяння вяртаецца на старонкі выдання з прыходам савецкай улады. У той час як аўтар адпаведнага раздзела згаджаецца з Сяргеем Харэўскім наконт таго, што ў Гародні ў пасляваенны час нічога вартага не пабудавалі (с. 464), я б з ім усё ж паспрачаўся: драмтэатры, чыгуначны вакзал (безадносна разбурэння старога будынка), вуліца Горкага з Домам навукі і тэхнікі да гэтага часу глядзяцца цалкам па-еўрапейску. Усё ж большасць будынкаў у цэнтры горада, пабудаваныя за савецкім часам, нават не будучы шэдэўрамі самі па сабе, упісаныя ў гістарычнае асяроддзе даволі тактоўна. Пры ўсёй нелюбові камуністаў да гарадзенскай старызны, горад усё адно ўдала асіміляваў большасць прадуктаў той эпохі.

Аднак прыцішым трохі крытыку, бо ёсць і выразны пазітыў. У якасці дасягнення трэба прызнаць, што ў кнізе даволі грунтоўна закранута тэма антысавецкага інтэлектуальнага супраціву. Ён у горадзе сапраўды існаваў. Па сутнасці, менавіта гэты рух заклаў ідэйны падмурак будучай беларускай незалежнасці. Як напісана ў кнізе, гэтыя людзі — выкладчыкі і пісьменнікі — ратавалі гонар гарадзенскай інтэлігенцыі. Прадухіляючы забыццё, аўтар параграфа, Аляксандр Смалянчук, у сваю чаргу ратуе іх гонар, заадно з гонарам сучаснай інтэлігенцыі.

Але ізноў жа, падзеі перабудовы звязваюцца ў кнізе перадусім з актуалізацыяй цікавасці да гісторыі, з развіццём краязнаўчага ды горадаабарончага рухаў. Сапраўды, усё гэта мела месца. Аднак ці не звязаная такая ўвага да дадзенай праблематыкі з тэхналогіяй стварэння гісторыі, а менавіта з тым, што гісторыкі пішуць тэксты, выліўшы ў іх уласныя адчуванні, уласнае бачанне сучасных ім працэсаў? Апісваюць як самае важнае тое, у чым удзельнічалі непасрэдна. І мы тут зноў сутыкаемся з няздольнасцю супрацьстаяць суб’ектывізму крыніцы. Але наколькі такая ацэнка грамадскіх працэсаў рэлевантная для ўсёй Гародні? Мала нададзена ў кнізе ўвагі палітычным падзеям, рабочаму руху, эканамічнаму жыццю ў 1980-х — пачатку 1990-х гг. (мімаходзь узгадана толькі пра дэфіцыт).

Нарэшце, самы апошні раздзел кнігі, прысвечаны нацыянальным месцам памяці Гародні, можна ахарактарызаваць хутчэй як спробу выдаць пажаданае ідэальнае за сапраўднае. Тым больш што тэкст гэтага своеасаблівага заключэння ўступае ў сэнсавую супярэчнасць з прымірэнчым пасылам уводзін. У гэтым раздзеле «распіл» горада па этнічнай/ нацыянальнай прыкмеце ідзе ўжо ў адкрытую. Прычым, натуральна, аўтар праводзіць думку пра яго прыярытэтную беларускасць (беларускай памяці ў тэксце адведзена самае значнае месца). Наогул сама пастаноўка такога пытання здаецца вельмі эсэнцыялісцкай, але калі ўжо так, дык чарговая спроба даказаць у беларускім горадзе, што ён беларускі, аказалася не надта ўдалай.

Услед за беларускімі месцамі памяці апісваюцца польскія і яўрэйскія. Рускія ідуць на ганаровым апошнім месцы. Не, бачыць бог, я не русафіл, але выйдзіце, у рэшце рэшт, у горад, пагутарыце з людзьмі! Усё ж не адныя чыноўнікі сёння з’яўляюцца ў Гародні носьбітамі рускасці (с. 495). Не пры цары ж жывем! Рускі патэнцыял горада не варта недаацэньваць, і Гародня — ніякі не Львоў, а татальна русіфікаваны горад. Ну і атрымліваецца — ці то ён зусім не беларускі, ці то яго беларускасць заключаецца ў нечым іншым, што аўтарам, на жаль, не ўдалося канцэптуалізаваць.

Думаю, аўтарам знойдзецца што мне адказаць. Будаваць уласную ідэнтычнасць як на міфалагізацыі вобразу ўласнай культуры, так і адштурхваючыся ад дэманізаванага вобраза ворага — занятак на аматара, і такіх аматараў у нас хапае. Але, баюся, спрэчка гэтая можа завесці кудысьці не туды…

Кніжка як гістарычны твор

Скончым на гэтым разбор публічнай пазіцыі выдання. Не хочацца, каб у чытача рэцэнзіі склалася ўражанне, што тыя ці іншыя аўтарскія ацэнкі важнейшыя за шчыльны наратыў гістарычнага даследавання. Безумоўна, каб сапраўды поўна разгледзець менавіта гэты бок кніжкі, варта было б быць спецыялістам па ўсіх перыядах гісторыі Гародні. Мне гэта не па сілах, таму другая частка рэцэнзіі будзе прысвечана збольшага пэўным «тэхналагічным» момантам стварэння калектыўнага твора. Вышэй я ўжо згадваў пра не заўсёды крытычнае стаўленне пэўных аўтараў да крыніц. Дадзены аспект працы тым больш важны, што большасць тэкстаў напісана ў традыцыйным для айчыннай гістарыяграфіі пазітывісцкім рэчышчы. Сам па сабе пазітывізм, калі ён правільна канцэптуалізаваны, не мае нічога заганнага. Але менавіта тут назіраецца некаторае разыходжанне паміж заяўленай ва ўводзінах канцэпцыяй і рэальным тэматычным фокусам вялікай часткі тэкстаў, асабліва якія тычацца гісторыі Гародні да 1795 г.

І ва ўводзінах, і ў сваіх публічных выступах [3], апісваючы агульную задуму выдання, Аляксандр Смалянчук робіць выразную адсылку да французскай школы «Аналаў», цалкам справядліва звяртаючы ўвагу на важнасць даследавання сацыяльнай гісторыі. Дадзены падыход, сфармуляваны яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны, не страціў актуальнасці і да цяперашняга часу. Па сутнасці, такія гісторыкі, як Пітэр Берк, Арон Гурэвіч, Норман Дэвіс і іншыя ўжо даўно працавалі і працуюць на полі культурнай антрапалогіі, толькі звернутай у мінулае. Спробы трымацца іх метадаў гістарычных даследаванняў патрабуюць сур’ёзнай тэарэтычнай падрыхтоўкі. Аднак не заўсёды, на жаль, у нашых беларускіх аўтараў, выхаваных на іншых прыкладах і жывучых у кантэксце абсалютна адрознай сацыяльна-палітычнай рэчаіснасці, атрымліваецца адпавядаць пастаўленай самімі сабе высокай планцы. Ужо ў самым першым раздзеле, «Х—ХV стст. Горад рыцараў, дойлідаў і гандляроў», нягледзячы на намер працаваць у рэчышчы сацыяльнай гісторыі, Аляксандр Краўцэвіч дае чытачу абсалютна традыцыйны тэматычны набор: гісторыю архітэктуры, палітыкі і войнаў. Не назіраецца аніякіх спробаў сысці ў аналіз ментальнасці чалавека таго часу, у асаблівасці сацыяльнагаа жыцця і г. д. Застаецца незразумелым, чым жа гарадзенцы ХІ ст. адрозніваліся ад нас і ці наогул было адрозненне? Вось гэта было б найбольш цікавым!

Думаю, падыскутаваць можна было б нават з прыведзенымі матэрыяламі [4]. Напрыклад, на с. 15 аўтар гіпатэтычна аднаўляе геапалітычную арыентацыю гарадзенскіх князёў ХІІІ ст. на падставе ўсяго некалькіх невыразных летапісных запісаў. Колькі ж усяго раз згадваецца Гародня ў гэты перыяд? Ці можам мы давяраць такім крыніцам? Яшчэ адзін цікавы момант: на с. 42 палітычная арыентацыя Гародні на ВКЛ, а не на Галіцка-Валынскае княства, тлумачыцца эканамічнай зацікаўленасцю мясцовых князёў. Але ўжо на наступнай старонцы робіцца маралізатарская спроба апраўдаць гарадзенцаў: маўляў, не з-за часовай выгады, а быў гэта свядомы, ледзь не цывілізацыйны выбар. На гэтых жа дзвюх старонках аўтар лёгка пераносіць на гараджан XIII ст. каштоўнасці адзінаверства, без усялякіх агаворак выкарыстоўвае катэгорыю этнічнага сваяцтва. Ці карэктна гэта? Пытанне адкрытае… Таксама хочацца выказаць некалькі сумневаў з нагоды апісання гісторыі гарадзенскай архітэктуры. Архітэктура, як вядома — гэта адлюстраванне стану сацыяльнага жыцця і культурных адносін. Дык вось, рызыкну выказаць меркаванне: сувязь пачатку каменнага будаўніцтва з эканамічным уздымам горада (с. 36) — сумнеўная. Дзе іншыя доказы гэтага ўздыму? Можа, нешматлікія багатыя гарадзенцы проста пераймалі суседзяў?

А што наконт якасці архітэктуры? На думку аўтара, гарадзенская архітэктурная школа «не мае аналагаў у свеце» (с. 39) (стыль «Советской Белоруссии»!?). Тлумачэнне бянтэжыць: школа «самая невялікая» (с. 39). Але ці можам мы ўвогуле размаўляць пра якую-небудзь школу, калі паверыць, што аўтарам усіх гарадзенскіх цэркваў быў адзін і той самы чалавек?

Раздзелы, напісаныя Юрыем Гардзеевым, — гэта тая ж гісторыя архітэктуры, палітычная гісторыя, пералік фактаў гарадскога развіцця, г. зн. усё, што змяшчаецца ў архіўных дакументах. Але што стаіць за шматлікімі фактамі? Якая логіка развіцця горада? Дзе аналітыка па масавых крыніцах? Дзе канцэпцыі, інтэрпрэтацыі і гіпотэзы? Напрыклад, чаму Каложскае плато, будучы самым старажытным гарадскім прадмесцем са значнай забудовай, ужо ў XV—XVI стст. апынулася па-за межамі горада?

У тэксце даецца найпадрабязнейшае апісанне структуры гарадскога самакіравання. Але што прыняцце магдэбургскага права змяніла для шараговых гарадзенцаў? І як можна інтэрпрэтаваць вялікую колькасць іншаземцаў сярод паважаных гараджан — кіраўнікоў, рамеснікаў, купцоў і г. д.?

Шмат чаго яшчэ не хапае для таго, каб прызнаць кніжку прарывам у сацыяльную гісторыю Гародні, асабліва ў перыяд да 1795 г. Не хaпае апісання ардынарных гарадскіх падзей і іх інтэрпрэтацыі ў духу мікрагісторыі. Ментальнай гісторыі няма зусім. Што займала думкі гарадзенцаў? Практычна не раскрытая гісторыя гарадскіх супольнасцяў — этнічных (акрамя габрэяў), прафесійных, рэлігійных (пададзены толькі даты будаўніцтва храмаў і імёны біскупаў). Нарэшце, як змянялася колькасць жыхароў горада? На якія хваробы яны хварэлі? І г. д., і да т. п.

Чаму не даецца практычна аніякіх адсылак да прыкладаў іншых усходнееўрапейскіх гарадоў у апісаныя аўтарамі перыяды часу (гэта, дарэчы, характэрна для ўсіх тэкстаў)? Ёсць жа маса гісторыка-антрапалагічных даследаванняў, на падставе якіх можна рабіць аналогіі, выходзячы пры гэтым на нейкія высновы. Але патэнцыял параўнаўчай гісторыі не выкарыстаны наогул.

Беларускія аўтары кнігі часцяком расказваюць факты, знойдзеныя ў крыніцах, практычна без аналітыкі. Што паказваюць ім дакументы, тое яны і бачаць. Напрыклад, нарыс Вячаслава Шведа «Жыццё горада ў першай трэці XIX ст.». Больш слушна было б назваць яго «Рамеснікі, мануфактуры, масоны, таемныя таварыствы, Дамініканская гімназія, тэатр і музыка Гародні». І яшчэ роўна 4 радкі пра рэлігію. Але ці адлюстроўвае гэтая мазаіка тагачаснае жыццё? Ці можна па ёй скласці цэласнае ўяўленне пра тэндэнцыі развіцця горада ў гэты перыяд ці пра сацыяльную гісторыю?

Але ж і прыведзенага матэрыялу хапае. Мяне, напрыклад, у нарысе В. Шведа вельмі ўразілі два факты, згаданыя мімаходзь, без сэнсавага вылучэння і інтэрпрэтацыі: 1) да пачатку 1830-х гг. у міжрэгіянальным гандлёвым абмене Гародня была найбольш звязаная з Масквой, Кіевам, Харкавам, Палтавай, Крамянчугам і Пецярбургам (с. 196), г. зн. з рэгіёнамі Расійскай Імперыі, а не з тэрыторыямі былой Рэчы Паспалітай ці Прусіяй; 2) пры гэтым у гарадзенскім Дамініканскім вучылішчы руская мова стала абавязковым прадметам толькі ў 1823 г. (с. 204). Як гэта магло суіснаваць паралельна? Толькі на інтэрпрэтацыі гэтых двух фактаў можна было б зрабіць неверагодны паводле сэнсавага напаўнення партрэт гарадскога жыцця.

І ўсё ж такі, нягледзячы на крытыку, у кнізе прадстаўлена вельмі шмат цікавага! З XIX ст. стыль тэкстаў і іх тэматыка ўжо значна больш адпавядаюць канцэпцыі сацыяльнай гісторыі. Асабліва хочацца адзначыць нарысы Аляксандра Радзюка. Яшчэ адно несумненнае дасягненне — кароткае апісанне гісторыі і сацыяльных трансфармацый у мясцовай габрэйскай супольнасці (Вольга Сабалеўская). Так аб’ёмна, як габрэяў, не ўдалося больш прадставіць аніводную гарадскую супольнасць. Але асабліва вялікая ўвага ім у кніжцы падаецца цалкам апраўданай, улічваючы хоць бы вялікую колькасць габрэяў у структуры гарадскога насельніцтва да сярэдзіны ХХ ст.

Высновы

Як варта ацэньваць разгледжанае выданне? Па-першае, атрымалася хоць і неадназначная, але ўсё ж такі дастаткова магутная публічная заява. Як і меркавалася ва ўводзінах, з кнігай і яе аўтарамі сапраўды цікава дыскутаваць. Пра гэта ўскосна сведчыць і аб’ём дадзенай рэцэнзіі.

З пункту гледжання стыляў гістарычнага даследавання кніга — гэта своеасаблівая выстава дасягненняў гарадзенскай гістарыяграфіі. Тут тэксты на любы густ: хочаце магутнай факталогіі — чытайце Гардзеева і Шведа, хочаце аналітыкі і сацыяльнай гісторыі — чытайце Сабалеўскую і Радзюка. Хочаце зразумець інтарэсы польскай гістарыяграфіі — чытайце Пшэмыслава Баравіка і Яна Ежы Мілеўскага.

Кніга неверагодна добрая для школьнікаў ці студэнтаў, якім неабходна напісаць рэферат. А вось чытача, які не з’яўляецца прафесійным гісторыкам, можа спужаць надзвычай шчыльная факталогія асобных частак. І ўсё ж такі для большасці сучасных гарадзенцаў апісаныя ў кнізе падзеі стануць поўнай навіной.

Няўдачы канцэптуальнага характару, не заўсёды вытрыманыя рамкі сацыяльнай гісторыі можна растлумачыць складанасцю працы з вялікім, але па зразумелых прычынах колькасна абмежаваным калектывам аўтараў. Атрымалася не столькі суцэльная і завершаная гісторыя горада (гараджаніна?), колькі зборнік, кампендыум нядрэнных нарысаў, складзены ў храналагічнай паслядоўнасці. Думаецца, варта было галоўнаму рэдактару пайсці ва-банк і запрасіць да ўдзелу ў выданні не толькі тых, хто не працуе ў дзяржаўных установах, але ўсіх, хто можа пісаць годныя тэксты.

Можна таксама канстатаваць спробу намацвання аўтарамі новага канону гісторыі не толькі Гародні, але і беларускага горада ў цэлым. На гэтую тэму яшчэ трэба будзе зрабіць якасную аналітыку на падставе аналізу аглядных кніжак па гісторыі нашых гарадоў, якіх у апошні час з’яўляецца, на шчасце, усё больш.

А скончу ўсё ж невясёлай высновай: такая кніжка павінна была з’явіцца як мінімум у пачатку 1990-х гг. Сумна, што менавіта з пункту гледжання папулярызацыі гісторыі горада яна ўсё яшчэ захоўвае сваю надзвычайную актуальнасць. Замест пераасэнсавання па трэцім коле, замест выкарыстання сапраўды новых метадалогій гістарычнага даследавання, замест пераваротаў у разуменні мінулага мы ўсё яшчэ вымушаныя займацца падсумаваннем яго элементарных фактаў, пазітывізмам у класічным сэнсе. Ну што ж, хаця б гэтая вялікая лакуна цяпер закрытая. Можна нарэшце ісці далей!


1. Прыгадаем тут і іншыя выданні «Гарадзенскай бібліятэкі» — падручнік «Гродназнаўства», энцыклапедыю «Ад Фартоў да Каложы», зборнікі «Гарадзенскі палімпсест», «Гарадзенскі соцыюм», «Гарадзенскі гадавік» і іншыя выданні.

2. Гл: Готтман Ж. Столичные города // Логос. 2013. № 4. С. 15—38.

3. Шота А. Новая кніга ад «Гарадзенскай бібліятэкі»: гісторыя каралеўскага горада з правінцыйным лёсам // http://www.t-styl.info/by/116/history/12333/ (25.02.2014); Скобла М. Алесь Смалянчук: З Гародні хацелі зрабіць Тамбоў // http://www.svaboda.mobi/a/25295220.html (13.03.2014).

4. Такую дробязь, як заснаванне Гародні ў 1128 г. (с. 14), пакінем без каментароў.


АРТЫКУЛ БЫЎ НАДРУКАВАНЫ Ў ARCHE № 7,8 ЗА 2014 ГОД

Чытайце таксама водгук Алеся Краўцэвіча «І ўсё-такі мы гэта зрабілі!»