Ніхто не можа ўсур’ёз заяўляць, што сярод нацысцкіх ваенных злачынцаў не было беларусаў. З іншага боку, абвінавачванні, асабліва скіраваныя супраць цэлай нацыі, павінны быць пацверджаны доказамі.

У траўні 2009 году ў беларускім друку (спачатку ў заакіянскай беларускай газеце «Беларус», а пасля і ў «Нашай Ніве») быў надрукаваны артыкул Віталя Зайкі «Стары знаёмы, ці яшчэ раз пра фальсіфікацыі Лофтуса». У ім прыгадвалася пра нашумелую справу амаль трыццацігадовай даўніны, калі амерыканскі юрыст і былы супрацоўнік амерыканскіх спецслужбаў Джон Лофтус, жадаючы на роўным месцы здабыць персанальную папулярнасць ды яшчэ пры гэтым «злупіць сабе «хуткага даляра» з грамадзкасьці», надрукаваў кнігу «Сакрэт Беларусі», у якой была выкладзеная тэорыя пра тое, як пасляваенныя амерыканскія дзяржустановы (войска, спецслужбы, а асабліва знешнепалітычнае ведамства) уступілі ў кантакт з нацысцкімі вайсковымі злачынцамі з ліку немцаў і прадстаўнікоў народаў Усходняй Еўропы. У «вайсковыя злачынцы» з ліку прадстаўнікоў народаў Усходняй Еўропы Лофтус безапеляцыйна запісаў беларускіх нацыянальных дзеячоў, якія падчас Другой сусветнай вайны засталіся на акупаванай тэрыторыі і ў той ці іншай ступені бралі ўдзел у працы акупацыйнай адміністрацыі. Пры гэтым аўтар дапусціў відавочную аднабаковасць у ацэнцы фактаў, не спыняючыся ў выпадку неабходнасці нават перад відавочным імі маніпуляваннем. Ён не бачыў розніцы паміж працай у якіх заўгодна структурах мясцовай адміністрацыі ў часы нямецкай акупацыі і ваеннымі злачынствамі, а калі акрэсліваў беларускіх дзеячоў як злачынцаў, то не лічыў патрэбным шукаць для гэтага нейкія пераканаўчыя доказы. Ды і ўвогуле, людзям, хоць бы больш-менш абазнаным у беларускай праблематыцы, адразу ж кідалася ў вочы выключная некампэтэнтнасць аўтара ў гісторыі таго народу, які ён узяўся «навукова» разглядаць.

«Тэорыя» Лофтуса дзеля яе відавочнай навуковай бездапаможнасці тады не здабыла папулярнасці ў навуковых колах на Захадзе, і адзінае, на што яна, і тое ненадоўга, прыдалася — дзеля выкарыстання савецкай антыбеларускай прапагандай. На жаль, сёння, у іншых гістарычных умовах, ужо ў Беларусі знайшліся пэўныя спадкаемцы Лофтуса, якія ягоныя «напрацоўкі» фактычна паклалі ў аснову ўласных «нацыятворчых» канцэпцый. Дастаткова сказаць, што ў пачатку свайго сумнавядомага паклёпніцкага опусу «Не стать сардинами для нацистов» (сёння, дарэчы, дзякуючы надзвычайнай актыўнасці ягонага аўтара ён пачынае пашырацца і за межы расейскамоўнай аўдыторыі) стваральнік і ідэолаг сучаснага «гарлівалітвінскага» руху Алесь Белы свае закіды ў бок вядомага беларускага дзеяча Станіслава Станкевіча, які ў гады вайны быў бургамістрам горада Барысава, грунтуе выключна на інфармацыі, змешчанай у публіцыстычнай кнізе Аляксандра Разэнблюма «Память на крови», выдадзенай у 1998 годзе ў ізраільскім горадзе Петах-Ціква. Апошні ж, у сваю чаргу, звесткі пра дзейнасць Станкевіча ў Барысаве падчас вайны чэрпае з опусу Лофтуса, у чым сам прызнаецца напрыканцы аднаго са сваіх шматлікіх надзвычай эмацыйных артыкулаў, прысвечаных дадзенай тэме.

Ёсць, аднак, публіцыстыка, а ёсць навука. Навукоўцы сваё слова адносна творчасці Джона Лофтуса сказалі яшчэ па гарачых слядах, адразу пасля выхаду ягонай кнігі. Шкада толькі, што да масавага беларускага чытача дадзеныя матэрыялы патрапляюць толькі цяпер. Але лепш позна, чым ніколі. Ніжэй у перакладзе на беларускую мову друкуецца першапачаткова ангельскамоўная рэцэнзія аўтарства вядомага ангельскага навукоўца-беларусіста Джыма Дынглі (пра якую толькі мімаходзь згадаў Віталь Зайка ў сваім артыкуле). Магчыма, азнаямленне з гэтай даўняй, але ўсё ж, на вялікі жаль, і да гэтай пары актуальнай публікацыяй змусіць пра нешта задумацца і сённяшніх духоўных спадкаемцаў Джона Лофтуса.

Алесь Пашкевіч — гісторык

 


Рэцэнзія на кнігу: Loftus, John. The Belarus Secret. New York: Alfred A. Knopf, 1982. 196 p. Брытанскае выданне: Harmondsworth: Penguin Books, 1983. Ніжэй cпасылкі на нумары старонак зробленыя паводле нью-ёркскага выдання.

У рэцэнзаванай кнізе змешчаны два галоўных абвінавачванні. Першае: беларусы актыўна супрацоўнічалі з нямецкімі акупантамі ў 1941–1944 г., асабліва ў здзяйсненні масавых злачынстваў. Другое: некаторыя разведвальныя службы ЗША, перадусім аддзел каардынацыі палітыкі Фрэнка Віснера (OPC), дапусцілі вядомых беларускіх ваенных злачынцаў, якія змагаліся на баку нацыстаў, у Злучаныя Штаты – парушыўшы амерыканскае заканадаўства і нічога не паведаміўшы Прэзідэнту і Кангрэсу. Другое абвінавачванне падпіраецца дапушчэннем Лофтуса, што Віснер быў уведзены ў зман злачынцамі, незаконна дапушчанымі ў ЗША, якія збіраліся разгарнуць сетку для збору разведвальных звестак у Еўропе, акупаванай саветамі.

Аўтар кнігі – малады (32 гады на час выхаду кнігі) юрыст ірландска-каталіцкага паходжання, жыхар Бостана. Матэрыял для кнігі ён сабраў у час сваёй працы федэральным пракурорам (так ён атэстуе сябе ў прадмове) у службе спецыяльных расследаванняў (Office of Special Investigations, OSI) аддзела крымінальных спраў міністэрства юстыцыі. Такім чынам, ён працаваў у “адзінцы па расследаванні злачынстваў нацыстаў”, і яго задачай, у прыватнасці, было “каардынаванне моцна засакрэчанага расследавання, названага “беларускім праектам””. Аднак начальнік Лофтуса з OSI апісвае абсяг ягонай дзейнасці ў значна больш сціплых выразах. У інтэрв’ю, дадзеным Чарльзу Р. Алену (гл.: Allen Charles R. Give me your tired, your poor… your Nazi war criminals // The Jewish Veteran. T. 37. № 1. Верасень-кастрычнік 1982. С. 10), Алан А. Раян адмаўляе, што Лофтус займаўся расследаваннем крымінальных спраў нацысцкіх злачынстваў. Раян кажа, што яго падначалены “рыхтаваў юрыдычныя матэрыялы для нашых прадстаўнікоў у судзе”.

Высновы кнігі грунтуюцца перадусім на запісах, даступных публіцы, але адразу трэба падкрэсліць, што Лофтус надае вялікую значнасць двум дагэтуль афіцыйна засакрэчаным дакументам, недаступным звычайнаму чытачу і нават даследчыку-навукоўцу. Першы з гэтых дакументаў – рукапісныя мемуары былога вязня Калдычаўскага канцэнтрацыйнага лагера Саламона Чадава, а другі – успаміны Фрыдрыха Бухарта, які служыў у камандзе “Масква” айнзацкаманды B на чале з штандартэнфюрэрам праф. Францам Зіксам. У кнізе няма ілюстрацый гэтых сакрэтных папер. Аўтар карыстаецца навуковым апаратам – зноскамі, падрабязнымі заўвагамі да тэкстаў, але ў яго кнізе няма асобнай бібліяграфіі, а ўсе ілюстрацыі ўжо публікаваліся. На працягу даследавання аўтару дапамагалі людзі, якія, у адрозненне ад яго, верагодна, умелі чытаць на іншых мовах, апрача англійскай – на мовах, патрэбных для працы.

У рамках гэтай рэцэнзіі няма магчымасці асвятліць тыя раздзелы кнігі, дзе гаворыцца пра амерыканскія сакрэтныя службы, таму я проста адзначу абазнанасць Лофтуса ў гэтай галіне. З іншага боку, бліжэйшае знаёмства з кнігай выяўляе столькі памылак і алагізмаў у іншых галінах, што чытачу давядзецца паставіць пад сумнеў дарэчнасць аўтарскіх высноў.

Відавочна, Лофтус валодае толькі адной мовай і не мае глыбокіх ведаў у найноўшай гісторыі народу, які бярэцца судзіць. Так, ён не разумее гістарычнага становішча Беларусі, ігнаруе прэтэнзіі палякаў і рускіх на панаванне ў краіне. Гэты факт сам па сабе выклікае сумнеў у аўтарскім падыходзе, але сумневы растуць, калі становіцца ясным, што ад метадалогіі Лофтуса патыхае дэтэктыўным жанрам. Напрыклад, ён скарыстоўвае агента-правакатара, нейкага Марка Мазуроўскага (калі гэта яго сапраўднае імя), які выдае сябе за даследчыка, каб пранікнуць у дамы амерыканскіх беларусаў, караскаецца на сцяну пасярод ночы, каб трапіць на могілкі, адкрытыя ўдзень (як Лофтус адзначае на с. 6). У мове кнігі таксама прасочваецца дваістасць аўтарскай мэты: часам мова сур’ёзная і сухая, часам – афарбаваная эмоцыямі, што нагадвае танныя трылеры. Напрыклад, у апісанні С. Станкевіча грувасцяцца прыметнікі (“тлусты і азызлы”), скарыстоўваецца метад “залішняй дэталізацыі дзеля абуджэння цікавасці” (нам паведамляецца, што Віснер захварэў на гепатыт, калі з’еў у Афінах нясвежых лангустаў).

Аднак галоўныя недахопы кнігі тояцца ў месцах, дзе аўтар прэтэндуе на навуковасць. Няведанне Лофтусам беларускай гісторыі вядзе да такіх відавочных памылак, як заява аб зліцці БНР і БССР у 1930 г., называнне беларусаў у Польшчы “эмігрантамі” (с. 15). Сапраўды, у Празе жылі беларусы-эмігранты, але як можна казаць пра эмігрантаў у Польшчы, калі згодна з Рыжскай дамовай Польшча акупавала заходнюю палову краіны? “Грамада” была не польскай арганізацыяй (с. 34), а беларускай палітычнай партыяй у Польшчы ў 1920-х. Ігнараванне законаў мовы ці простая непісьменнасць прывялі да таго, што аўтар блытае тэрміны “пераклад” і “транслітэрацыя” (“translation” і “transliteration”, на с. 91). Лофтус настойвае, што беларусы наўмысна скажалі напісанне сваіх прозвішчаў, каб пазбегнуць прыцягнення да адказнасці ў якасці ваенных злачынцаў, “забываючыся”, што гэтым людзям на працягу жыцця даводзілася пісаць свае прозвішчы прынамсі чатырма рознымі спосабамі: кірыліцай па-руску і па-беларуску, лацінкай па-беларуску і па-польску (напрыклад: Островский, Acтроўскі, Astroǔski, Ostrowski). Калі Лофтус з’яўляецца гэткім рупліўцам дакладнай транслітэрацыі, то дзіўна, што сам ён робіць у ёй гэтак многа памылак (будзем справядлівымі – памылкі, хутчэй за ўсё, робяць яго памочнікі). Хто такі, да прыкладу, Jury Bartishevic (с. 51)? Горад Нясвіж наўрад ці варта перадаваць па-ангельску як Nezvish (правілы Бібліятэкі Кангрэсу ЗША рэкамендуюць Niasvizh). Цяжка пагадзіцца з напісаннем “Белавежы” як Belovezh – хіба што калі ідзецца пра расійскую форму назвы (што не можа быць апраўданнем, паколькі Белавежа знаходзіцца не ў Расіі). Найбольш смешная памылка такога кшталту трапляецца на с. 192 у паказніку імёнаў: “Kushel, Arsenieva”. Выглядае, Лофтус і яго асістэнты не могуць адрозніць імёны ад прозвішчаў.

Нядбайнасць у дэталях відаць і ў тым, як падаецца ў зносках бібліяграфічная інфармацыя – дакладней у тым, як яна не падаецца. Класічны прыклад таго, як памылкі пераходзяць ад аднаго аўтара да другога з-за няведання рэалій і неахайнасці, можа быць знойдзены ў зносцы 13 на с. 164. Лофтус спасылаецца на нямецкамоўную кнігу Яўгена Энгельгарта 1943 г. “Беларусы: народ і зямля”, але скажае яе назоў і не ўказвае нумароў старонак, якія цытуе. Лофтус імкнецца давесці, што “больш за палову асоб” з васьмі, названых Энгельгартам на с. 215 ягонай кнігі ў якасці “вядучых дзеячаў даваеннага Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый”, сталі ў вайну нацысцкімі калабарантамі. “Больш за палову” ад васьмі – гэта прынамсі пяць. З пералічаных людзей двое (Чарапук і Варонка) жылі ў Злучаных Штатах з 1920-х гг., адзін (А. Цікота) служыў у Рыме генералам ордэна айцоў марыянаў у 1933–1939 гг. Па завяршэнні сваёй службы ў 1939 г. ён не мог вярнуцца ў Беларусь з прычыны савецкай акупацыі. Цікота паехаў займацца місіянерскай дзейнасцю ў Манчжурыю і ў 1948 г. быў арыштаваны камуністамі, памёр у савецкім канцэнтрацыйным лагеры ў 1954 г. (паводле “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” – у 1952 г. – заўв. перакл.) В. Захарка, які ўжо моцна хварэў на пачатку вайны, памёр у Празе ў сакавіку 1943 г., адмовіўшыся мець якія б там ні было справы з нацысцкімі акупантамі. З астатніх чатырох толькі двое, Абрамчык і Касмовіч, “ідэнтыфікаваныя” Лофтусам у іншых месцах кнігі як “калабаранты”. Лофтус “ідэнтыфікуе” Касмовіча як Зарэчнага, але не мае рацыі: “Зарэчны” – псеўданім Людвіка Галубовіча, які, падобна, у свой час быў афіцэрам НКУС. Лофтус нават паўтарае памылку Энгельгарта і піша прозвішча Чарапука як “Cherepukan”.

На фоне злачынстваў, якія сваім жахам дагэтуль скаланаюць уяўленні людзей, нехта можа сказаць, што ўсе гэтыя заўвагі – чыста акадэмічнае капанне ў драбніцах. Аднак мы мусім памятаць: Лофтус прэтэндуе на адкрыцці, што выпалі з-пад увагі ўсіх іншых даследчыкаў Халакосту, і скарыстоўвае свае “адкрыцці”, каб абвінаваціць у ваенных злачынствах і жывых, і мёртвых беларусаў. Калі яго праца з першаснымі крыніцамі неахайная, то такімі ж мусяць быць і яго высновы. Сапраўды, аж дух займае ад “смеласці” яго цэнтральнага тэзіса – працытуем яго цалкам: “…Халакост у Беларусі быў унікальным. Ні ў воднай іншай краіне пад нямецкай акупацыяй яе жыхары так ахвотна, з такім бесчалавечным энтузіязмам не абрыналіся на сваіх суседзяў” (с. 29). Каб абгрунтаваць гэткі відавочны паклёп, Лофтусу даводзіцца ўжываць тактычныя хітрыкі, найперш – замоўчванне. Калі Нікалас Вакар у кнізе “Беларусь: стварэнне нацыі” гаворыць пра ролю Р. Астроўскага ў час акупацыі (с. 121), Лофтус цытуе яго з ухвалай, але “не заўважае” с. 186 кнігі Вакара, дзе той піша пра жах, з якім беларусы ўспрынялі масавыя забойствы яўрэяў. Ужо шмат дзе скарыстоўваліся справаздачы атрадаў СС (данясенні і аператыўныя зводкі), дзе паказана апатыя беларускага насельніцтва і яго нежаданне дапамагаць немцам (гл., у прыватнасці, артыкул “Яўрэі” у “Агульнай энцыклапедыі” на ідышы – “Алгемейнэ энцыклапедые”. Т. 6. Нью-Ёрк, 1963. С. 259, 273). Лофтус карыстаецца з працы Вакара ў зносцы 20 на с. 167, каб абгрунтаваць заўвагу на с. 31, што “цэлая нацыя, здавалася, перайшла на бок нацыстаў” – але гэта цалкам супярэчыць як уласным поглядам Вакара, так і меркаванням любога даследчыка ваеннага перыяду, савецкага ці заходняга, яўрэйскага ці неяўрэйскага. Лофтус не спасылаецца ў працы на выразна антынямецкія (і антысавецкія) беларускія падпольныя выданні, такія як “Бюлетэнь Беларускай Незалежніцкай партыі”. Ведама, калі б ён наважыўся на гэта, яго заявы аб пранацысцкай пазіцыі беларускага народу пахіснуліся б.

Такім чынам, крыніцы Лофтуса і метады, якімі ён працуе з імі, – пад вялікім пытаннем. Кніга поўніцца нестыкоўкамі і неабгрунтаванымі заявамі. На с. 22 мы чытаем, што Кушаль пачаў працаваць над фармаваннем беларускай паліцыі адразу пасля акупацыі Мінска ў 1941 г., а на с. 33 гаворыцца, што “беларусам нават не было дазволена сфармаваць уласнае войска ці нацыянальную паліцыю”. На с. 44 чытаем: “адной з кпінаў гісторыі стала тое, што палякі, якія нядаўна так многа пакутавалі ад рук беларусаў, былі першымі, хто бараніў іх ад помсты з боку рускіх”, хаця на с. 14 гаворыцца аб прыгнёце беларусаў у міжваеннай Польшчы. Беручы пад увагу дзейнасць польскай Арміі Краёвай у некаторых раёнах Беларусі ў час вайны, можна запытацца: дык хто ж каго змушаў пакутаваць? У сувязі з гэтымі дзвюма нестыкоўкамі павучальна адзначыць тое, што Лофтус ізноў грашыць замоўчваннем фактаў. Ён скарыстоўвае кнігу К. Акулы “Змагарныя дарогі” як сведчанне таго, што Кушаля прасілі сфармаваць паліцэйскія сілы ў Мінску, але не скарыстоўвае ў гэтым жа кантэксце звесткі Акулы пра ролю палякаў у паліцыі, створанай акупантамі. У іншым месцы Лофтус не лічыць патрэбным чэрпаць з працы Акулы звесткі пра “беларускую дывізію”: калі б ён зрабіў гэта, то не выдумаў бы казкі пра брыгаду, якая змагалася супраць амерыканцаў, а потым адступіла ў Германію, пахаваўшы сваіх загінулых у нейкім “Бісцэнсоне” (пад назвай “Biscenson”, трэба меркаваць, Лофтус меў на ўвазе горад Безансон). Пры трохі большай уважлівасці аўтар не адправіў бы 30-ю дывізію Вафэн-СС (2-ю “Рускую”) у Монтэ-Касіна. Логіка і даты здрадзілі Лофтусу і ў гэтым фрагменце.

Пасля Другой Сусветнай вайны словы “калабарант” і “калабарацыя” набылі выразна адмоўнае адценне. Праз Відкуна Квіслінга, які пайшоў на супрацу з немцамі, калі яго родная Нарвегія трапіла пад акупацыю, у ангельскай мове з’явілася новае і вельмі злавеснае слова. Аляксандр Верт у “Манчэстэр Гардыян” 23 чэрвеня 1941 г. ужыў гэтае слова ў іншым кантэксце, выявіўшы недахоп гістарычнай арыентацыі: “Гітлер можа спадзявацца на з’яўленне… мясцовых латвійскіх ці эстонскіх квіслінгаў”. Паглядзім жа на факты без перадузятасці і задамо некалькі простых пытанняў.

У верасні 1939 г. нацысцка-савецкі пакт развязаў СССР рукі, дазволіўшы аб’яднаць Беларусь у савецкіх граніцах. Пасля гэтага пакту СССР павялічыў свой уплыў у рэспубліках Балтыі, якія яшчэ захоўвалі незалежнасць, але страцілі яе ў 1940 г. і сталі зонай савецкай акупацыі. Нарвегія, з іншага боку, да акупацыі немцамі ў 1940 г. вяла нармальнае існаванне незалежнай дзяржавы, і можна было чакаць, што яе палітыкі адмовяцца ад спакуслівых прапаноў з боку акупантаў. Чаго трэба было чакаць ад жыхароў некалі незалежных краін Балтыі? Ці ім трэба было бараніць цывільную ўладу, прынесеную ім форс-мажорнымі абставінамі – уладу, якая ў любым выпадку растала як дым з-за наступу немцаў? Становішча ў Беларусі аказалася ў чымсьці падобным: краіна была аб’яднаная паводле ўмоў дагавору з Гітлерам, савецкая ўлада не паспела пусціць глыбокіх каранёў у заходняй частцы, а ва ўсходняй (БССР да 1939 г.) выклікала значную варожасць. Улічваючы, што немцы лічылі вайну на ўсходнім фронце крыжовым паходам супраць бальшавізму і што ў акупаваным краі мелася цывільнае насельніцтва, натуральна, сярод цывільных знайшліся антыбальшавіцкія лідэры, якія мелі дзве задачы: па-першае, прыйсці да нейкага пагаднення з акупантамі, па-другое, удыхнуць у беларусаў нацыянальную самасвядомасць, каб атрымаць гэтулькі нацыянальнай незалежнасці, колькі дазволіць сітуацыя. Першая з задач была агульнай для ўсіх акупаваных краёў, у тым ліку брытанскіх Нармандскіх астравоў; другая існавала толькі ў СССР і вынікала непасрэдна з гісторыі пакутнага краю. Лофтус бесклапотна піша пра беларускі “марыянеткавы ўрад”, які служыў нацыстам у 1941–1943 гг., але нічога не гаворыць ні пра склад гэтага “ураду”, ні пра яго паўнамоцтвы. Яму варта было б своечасова даведацца, што ўлада ў Беларусі была ўскладзена на нямецкія цывільныя службы ў сілу параграфа 4 загаду рэйхскамісара Лёзэ ад 18 жніўня 1941 г., дзе сказана: “кіраванне ажыццяўляецца рэйхскамісарам Остланду”. Гэты загад быў апублікаваны ў № 1 “Amtsblatt des Generalkommissars fur Weissruthenien” (Мінск, 30 верасня 1941 г., с. 2–3). Зразумела, што немцы мелі памочнікаў з ліку беларусаў, але казаць пра “марыянеткавы ўрад”, падобны да квіслінгаўскага ў Нарвегіі ці да ўраду Вішы ў Францыі, проста смешна.

Лофтус высоўвае больш спецыфічнае абвіначванне – саўдзел у забойстве яўрэяў, супраць чатырох беларусаў, прычым усе чацвёра ўжо памерлі. Трэба думаць, што ўсе іншыя беларусы ЗША, прынамсі тыя, хто жыве ў Саўт-Рыверы, (штат Нью-Джэрсі), таксама маюць дачыненне да забойстваў. Віна пастулюецца, дарма што расследаванні яшчэ вядуцца. З пункту гледжання юрыспрудэнцыі – сумнеўны крок, але Лофтус ідзе нават далей. Яго абвінавачанне Станіслава Станкевіча ў забойстве вязняў Барысаўскага гета ў 1941 г. – не новае і не пацвярджаецца ніякім сур’ёзным новым сведчаннем. Калі б савецкія ўлады мелі доказы, яны даўно маглі іх прадставіць. У падобных абставінах сведчанні з СССР прымаліся амерыканскімі судамі – ва ўсялякім выпадку Алан Раян, начальнік Лофтуса ў OSI, не адмаўляў надзейнасці доказаў з савецкага боку (гл. допіс С. Караванскага “Кто следующий?” у часопісе “Континент”, № 36, 1983, с. 219–229, дзе аўтар рэкамендуе крытычна ставіцца да такіх доказаў). Прозвішчы беларусаў, падазроных у ваенных злачынствах, друкаваліся раней і працягваюць друкавацца ў савецкай беларускай прэсе (самыя нядаўнія выпадкі – рэцэнзіі на кнігу Лофтуса). Лофтус абвінавачвае савецкія ўлады ў тым, што яны слаба супрацоўнічаюць з амерыканцамі ў справах, узбуджаных супраць беларусаў – адрозна ад спраў супраць украінцаў ці літоўцаў – з прычыны таго, што ў беларускай супольнасці ЗША дзейнічае вялікая шпіёнская сетка, якую прыйшлося б рассакрэціць, калі б справы дайшлі да суда. Гэтае дзіўнае дапушчэнне напрошваецца на шэраг пытанняў: чаму Савецкі Саюз не раскінуў шпіёнскую сетку сярод колькасна большай украінскай абшчыны? Ці ўдзельнічае ў справе раскрыцця беларусаў-злачынцаў Сімон Візенталь? (Візенталь – чалавек, які ўмее здабываць сведчанні супраць нацысцкіх ваенных злачынцаў і ацэньваць іх, а згадка пра яго Лофтусам на с. 138, мякка кажучы, зняважлівая).

Яшчэ пару прыкладаў сумніўнай метадалогіі Лофтуса будуць дастатковымі, каб паставіць пад пытанне ўсю яго кнігу. На с. 74 Лофтус піша: “Прэтэнзіі іх [беларускіх “калабарантаў” – Дж. Д.] на лідэрства ў легітымным нацыяналістычным палітычным руху былі проста неабгрунтаванымі, бо, як адзначана ў падручніку [арыентавання для контрразведкі ЗША, выдадзеным у 1948 г. – Дж. Д.]: “Каб лягчэй развязаць праблемы акупацыі і скарыстаць з нацыяналістычных пачуццяў мясцовага насельніцтва, немцы стварылі марыянеткавую дзяржаву Белай Русі ў час свайго ўварвання…”” Калі ў мясцовага насельніцтва былі “нацыяналістычныя пачуцці”, чаму трэба лічыць прэтэнзіі лідэраў беларускіх нацыяналістаў неабгрунтаванымі? На с. 91 мы даведваемся, што “большасць эмігрантаў-беларусаў ужо пазначала месца свайго нараджэння як “Польская Беларусь” (Polish Byelorussia), каб пазбегнуць пазнейшых спроб рэпатрыяцыі”.Магчыма, яны сапраўды нарадзіліся ў Беларусі, кантраляванай Польшчай? На с. 107 Лофтус ставіць пад сумнеў каштоўнасць даследавання, праведзенага “Інстытутам рускіх доследаў” у Мюнхене. На жаль, такой установы няма (быў Інстытут па вывучэнні СССР) – вось яшчэ адзін прыклад нядбайнасці аўтара. На с. 97 згадваецца агент, які працаваў юрыстам у Балтыі (прыкладна тое, што сказаць пра юрыста Лофтуса з Бостана, што ён працаваў у “Атлантыцы”). Заява на с. 142 абвяргае загаловак кнігі: “У Бібліятэцы Кангрэсу ЗША таксама змяшчаецца дастаткова інфармацыі, каб падтрымаць многія з савецкіх абвінавачванняў супраць беларусаў-калабарантаў”. Калі інфармацыя была апублікаваная, то ў чым жа “сакрэт”?

Сапраўдная віна беларусаў, паводле Лофтуса, заключаецца ў тым, што яны пісалі пра сябе на сваёй уласнай мове. Адзначым таксама, што ён згадвае савецкія абвінавачванні супраць беларусаў, але на с. 157 вядзецца аб тым, што савецкі ўрад адмаўляецца прадастаўляць сведчанні супраць іх (некаторыя з публікацый, “адкрытых” Лофтусам, пералічаныя на с. 186 у зносцы 40 – памылкі ў напісанні беларускіх слоў таксама сведчаць пра многае). Ці не падумаў Лофтус, які фанабэрыста спрабуе ўдасканаліць працу сапраўдных гісторыкаў (Хілберг, Райтлінгер, Люсі Давідовіч), што беларусы маюць поўнае права ўжываць беларускую мову ў сваіх выданнях, не зважаючы на няведанне яе бостанскім юрыстам, і што сам факт публікацыі на любой мове здымае з падзей заслону сакрэтнасці?

Брытанскае выданне кнігі Лофтуса, якое выйшла следам за выдачай Клаўса Барб’е балівійскім урадам Францыі, мала чым адрозніваецца ад амерыканскага – хіба што, цешыць вока сенсацыйная вокладка, дзе намаляваны амерыканскі сцяг са свастыкамі замест зорак. Адзіная істотна новая інфармацыя ў гэтым выданні змяшчаецца на с. 165, дзе мы даведваемся, што бібліятэка Францішка Цкрвыны (так!) у Лондане – гэта прыватная даследчыцкая ўстанова, дзе некалі размяшчаўся штаб Абрамчыка. Даволі дзіўная заява, калі ўлічыць, што Абрамчык памёр у 1970 г., а бібліятэка Францішка Скарыны (калі Лофтус мае на ўвазе менавіта яе) была заснаваная ў 1971 г. Партрэт Абрамчыка нібыта вісіць “проста ў калідоры бібліятэкі”. Як пастаянны наведнік бібліятэкі магу запэўніць Лофтуса: не, не вісіць. Лофтус піша, што бібліятэка мае поўны набор нацысцкай прапагандысцкай літаратуры ваеннага часу; на жаль, гэта не так. Сярод іншага ў бібліятэцы ёсць маса газет і часопісаў, выдадзеных у савецкай Беларусі; ці гэта не ператварае яе ў перадавую савецкую ўстанову?

Абрамчык, калі верыць Лофтусу, пазней пераехаў на неіснуючую вуліцу ў Парыжы, дзе заснаваў “падобную “даследчую” арганізацыю”. Падобную да бібліятэкі “Цкрвыны”? Калі заснаваў, то ці ведае хто-небудзь, дзе яна знаходзіцца? Асабліва дапытлівы чытач таксама адкрые для сябе, што Саламон Чадаў яшчэ жывы (цудоўна – магчыма, ён дазволіць публікацыю сваіх мемуараў) і што спадарыня Лофтус мае хваробу спіны (спачуваю).

 * * *

Ніхто не можа ўсур’ёз заяўляць, што сярод нацысцкіх ваенных злачынцаў не было беларусаў. З іншага боку, абвінавачванні, асабліва скіраваныя супраць цэлай нацыі, павінны быць пацверджаны доказамі. Відавочна, што Лофтус яшчэ не ўмее збіраць гэтыя доказы і не мае дастатковых моўных ды гістарычных ведаў, каб працаваць з крыніцамі.

Пераклаў Уладзімір Паўловіч паводле: Dingley James. Book Review // The Journal of Byelorussian Studies. Т. V. № 3-4. Гады выдання XIX-XX. Старонкі 58-64. Выдавец: The Anglo-Belarusian Society, London, © 1984 & 2000.