Выхад з ідэйнай ізаляцыі, вывучэнне заходняй метадалогіі, змяншэнне палітычнага ціску, новыя магчымасці фінансавання даследванняў і працы ў Еўропе і Амерыцы для часткі гісторыкаў на постсавецкай прасторы сталі штуршком для новага асэнсавання не толькі гісторыі СССР, але таксама гісторыі Расійскай імперыі

Darius Staliūnas. Making Russians. Meaning and Practice of Russification in Lithuania and Belarus after 1863, Rodopi, Amsterdam – New York, N. Y. 2007. – 465 p.

Цікавасць да гісторыі імперый (ці, як яшчэ кажуць, “імперыялогіі” [1]) сярод навукоўцаў краін Усходняй Еўропы і былога СССР пачалася разам з канцом камуністычнай сістэмы і пад уплывам кантактаў з заходняй навукай. Выхад з ідэйнай ізаляцыі, вывучэнне заходняй метадалогіі, змяншэнне палітычнага ціску, новыя магчымасці фінансавання даследванняў і працы ў Еўропе і Амерыцы для часткі гісторыкаў на постсавецкай прасторы сталі штуршком для новага асэнсавання не толькі гісторыі СССР, але таксама гісторыі Расійскай імперыі. ХІХ стагоддзе зноў сталася “модным” перыядам, а аналіз нацыянальнай палітыкі імперый Раманавых, Габсбургаў ці Гагенцолернаў зрабіўся прадметам шматлікіх дыскусій не толькі сярод навукоўцаў, але і палітыкаў.

Утварэнне новых незалежных дзяржаў, асэнсаванне кожнай з іх свайго шляху, гістарызацыя нацыянальнай самасвядомасці і пошук каранёў таксама спрычыніліся да цікавасці да імперскага перыяду гісторыі. Большасць краін былога СССР і Цэнтральнай і Усходняй Еўропы мела свой імперскі перыяд. Дадатковым штуршком для даследаванняў сталася ўвага да метадалагічных пытанняў. Вывучэнне этнічнасці, нацыяналізму, нацыянальнасці, якое не падтрымлівалася ў савецкі перыяд і больш нагадвала ідэалагему, патрабавала звароту да заходняй метадалогіі гэтай дысцыпліны. Дыскусіі паміж прыхільнікамі канструктывізму (мадэрнізму) і прымардыяналізму ў гісторыі, этналогіі, сацыялогіі і іншых дысцыплінах, якія ўжо адбыліся на Захадзе, паўплывалі на метадалагічнае асэнсаванне навукоўцамі сваёй працы і ў постсавецкіх краінах. Савецкая версія марксізму, якая пацярпела паразу, утварыла ідэйную і метадалагічную пустэльню і разгубленасць сярод інтэлектуалістаў, якія нават пачалі разважаць пра крытэрыі навуковасці і шукаць новыя тэорыі і канцэпцыі. Адначасна на аксіялагічным узроўні пачалося асэнсаванне паасобных перыядаў гісторыі і адкрыццё забытых ці забароненых для вывучэння ў савецкія часы тэмаў.

Комлекснае і параўнаўчае вывучэнне імперый як дзяржаўных і сацыяльных структур, якое адбывалася на Захадзе, знайшло сваіх прыхільнікаў сярод гісторыкаў і ў былым камуністычным лагеры. Увага да нацыянальнай і канфесійнай палітыкі імперый (і ў першую чаргу Расійскай і Аўстра-Венгерскай) займае значнае месца ў новай “імперыялогіі” (ці “новай імперскай гісторыі” [2] ). Нараджэнне нацый, лакалізаванае канструктывістамі менавіта ў ХІХ ст., тлумачыць таксама асаблівую цікавасць да гэтага перыяду.

Працы літоўскага гісторыка малодшага пакалення Дарыюса Сталюнаса вядомыя як на Захадзе, так і на Ўсходзе [3]. Уключэнне ў інтэлектуальны абмен з заходняй і постсавецкай (перш за ўсё расійскай) гістарыяграфіяй і добрае веданне архіўных крыніц і літаратуры царскага і савецкага часу робяць новую кнігу літоўскага даследчыка значнай з’явай у гістарыяграфіі нашай часткі Еўропы. Асноўным прадметам працы “Making Russians” з’яўляецца ідэалогія і практыка русіфікацыі на літоўскіх і беларускіх землях пасля паўстання 1863–1864 гг., таму цікавасць беларускага чытача да працы Д. Сталюнаса зусім натуральная.

Даследаванне напісана на падставе шматлікіх архіўных крыніц са сховішчаў Пецярбурга, Масквы, Вільні, Коўна, Варшавы і Кракава, перыядычнага друку ХІХ – ХХ стст., шматлікай навуковай літаратуры. Аўтар у вывучэнні нацыяналізму прытрымліваецца канструктывісцкай метадалогіі, праца напісана ў стылі найноўшай заходняй гістарыяграфіі і паказвае новае асэнсаванне палітыкі Расійскай імперыі ў “заходнім краі”.

Храналагічна Д. Сталюнас спыніўся на даволі кароткім, але кардынальна важным перыядзе 1860–1870-х гадоў і прааналізаваў уласна тэорыю і практыку нацыянальнай палітыкі царскіх уладаў перад, падчас і пасля студзеньскага паўстання 1863–1864 гадоў (кіраванне Уладзіміра Назімава і Міхаіла Мураўёва).

Праца складаецца з уводзінаў, пяці раздзелаў, высноваў і бібліяграфіі. Асноўным даследчыцкім аб’ектам з’яўляецца ўласна паняцце русіфікацыі. Яна трактуецца як практыка трох элементаў – асіміляцыі, акультурацыі, інтэграцыі (с. 2). Разуменне русіфікацыі ў Сталюнаса набліжаецца да трактавання гэтага паняцця ў Аляксея Мілера [4]. Іншай формай імперскай палітыкі побач з русіфікацыяй называецца сегрэгацыя.

Ва ўводзінах (с. 2–26) апрача падрабязнага разгляду аб’екта даследавання аналізуецца гістарыяграфія праблемы. Сталюнас шмат месца аддае крытыцы літоўскай гістарыяграфіі, адносінам да перыяду “доўгага ХІХ ст.” на розных этапах развіцця гістарычнай навукі. Асабліва вылучаюцца даследаванні пасля 1990 г., якія дэманструюць пераход ад нацыяналістычнага бачання літоўскай гісторыі да грамадзянскай версіі мінулага краіны (перш за ўсё ў даследваннях Антанаса Кулакаўскаса і Эгідыюса Аляксандравічуса). Беларуская гістарыяграфія характарызуецца як нацыянальна арыентаваная, у якой царская палітыка ацэньваецца выключна негатыўна, згадваюцца працы Святланы Куль-Сяльверставай і Сяргея Токця. Выключэнне, паводле літоўскага гісторыка, складаюць працы Паўла Церашковіча, які прыйшоў да высновы, што расійская афіцыйная палітыка прывяла да канструявання беларусаў і ўяўлення пра Беларусь (с. 10).

З польскіх аўтараў згадваюцца Генрык Глэмбоцкі і Вітальд Радкевіч. Аналіз заходняй гістарыяграфіі пачынаецца разглядам трох канцэпцый русіфікацыі ў Эдварда Тадэна (непланаванай, адміністрацыйнай і культурнай). Таксама згадваюцца працы Джэфры Госкінга, Кімітака Мацузата, Андрэаса Капелера, Тэадора Уікса, Пола Вэрта, а сярод сучасных расійскіх гісторыкаў (апрача ўжо згаданага Аляксея Мілера) Ганны Камзолавай, Леаніда Гарызонтава, Міхаіла Далбілава і Вольгі Маёравай.

Аўтар падкрэслівае, што яго ўяўленне аб расійскай нацыянальнай палітыцы адрозніваецца ад прынятых у літоўскай, беларускай і польскай гістарыяграфіях. На яго думку, ідэя і практыка палітычнага дзеяння імперыі мела шмат значных адценняў і стратэгіяў: ад асіміляцыі (у выпадку беларусаў і літоўцаў) да хістанняў паміж акультурацыяй і сегрэгацыяй (у дачыненні да палякаў і габрэяў). Асабліва важнай для аўтара падаецца ідэя «ментальнай карты» («Паўночна-Заходняга краю») і «ўяўленай геаграфіі».

Тэрміналагічныя праблемы (перш за ўсё этнонімы і іх значэнне ў разгледжаны перыяд і сёння) таксама разглядаюцца даволі дакладна (с. 22—26).

Першы раздзел «Адміністрацыйныя межы і нацыянальная палітыка» (с. 27—41) прысвечаны менавіта «ўяўленай геаграфіі» расійскіх элітаў у дачыненні да літоўскіх і беларускіх земляў. Галоўнай адметнасцю імперскай палітыкі ў адміністрацыйным пытанні была адсутнасць «тэрытарыялізацыі» этнічнасці (якая пазней практыкавалася ў СССР) і існаванне назваў губерняў у афіцыйным дыскурсе дзяржавы. Аднак, як адзначае аўтар, з сярэдзіны ХІХ ст. нараджаецца нацыяналістычны дыскурс у выказваннях Міхаіла Каяловіча пра Беларусь і яшчэ раней — у праектах стварэння асобнай губерні для Жамойці (ужо ў 1830—1840-я гг.). Гісторык разглядае праблему зменаў адміністрацыйных межаў і выказвае розныя гіпотэзы наконт прычынаў: ад вайсковых да ідэі русіфікацыйнай палітыкі. Важнае месца ў аналізе займае праблема Вільні як цэнтра рэгіёну і дамінаванне гэтага горада нават пасля таго, як ён страціў свой сталічны статус пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У расійскім нацыяналістычным дыскурсе разглядалася ідэя ператварэння Вільні з «цэнтра польскасці» ў «мясцовую сталіцу краю» і цэнтр русіфікацыі (асабліва падтрымлівалася Мураўёвым). Разам з гэтай ідэяй адраджаўся праект аднаўлення вышэйшай школы ў Вільні (натуральна, расійскай). Аптымістычная стратэгія русіфікацыі, паводле Мураўёва, заключалася ў стварэнні цэнтра русіфікацыі, універсітэта, праваслаўнай духоўнай акадэміі і навучальнай акругі. Сутнасць песімістычнай стратэгіі была ў тым, што няма надзеі ператварыць Вільню з «польскага» ў «расійскі» горад. Асобна аўтар разглядае стварэнне Ковенскай губерні ў 1842—1843 гг. (у якасці супрацьвагі «польскай Вільні» і рэалізацыі ідэі тэрытарыяльнага афармлення Жамойці). Цікавым праектам змены тэрытарыяльнай прыналежнасці розных губерняў рэгіёну былі розныя ідэі Мураўёва, Патапава і Аксакава ў 1863—1870 гг., якія фактычна разбуралі еднасць «Паўночна-Заходняга краю» і дзялілі яго паміж вялікарускімі, прыбалтыйскімі і «паўднёва-заходнімі» губернямі (с. 36—39). На практыцы пасля зменаў межаў у 1842—1843 гг. адміністрацыйны падзел рэгіёну заставаўся нязменным, але ідэі пераўтварэнняў рэалізаваліся ў ліквідацыі каталіцкіх дыяцэзіяў і змене іх прыналежнасці (напрыклад, Мінскай).

У другім раздзеле «Пошук стратэгіі нацыянальнай палітыкі на пачатку 1860-х гадоў» (с. 43—57) разглядаецца палітыка Уладзіміра Назімава як віленскага генерал-губернатара. Гэты перыяд значна менш вядомы нават у навуцы і масавай гістарычнай свядомасці і зацямняецца палітыкай Мураўёва «дзякуючы» найперш апалагетам апошняга. Апошнія гады кіравання Назімава былі цяжкім і вельмі цікавым для сучаснага даследчыка часам пошуку ідэй і метадаў рэалізацыі палітыкі імперыі на яе паўночна-ўсходніх ускраінах. Як адзначае Сталюнас, пры Назімаву цыркулявалі выразныя антыпольскія праекты, а ўлада ўсё часцей выкарыстоўвала рыторыку мадэрнага нацыяналізму. Назімаў стаў віленскім генерал-губернатарам у 1855 г. — у даволі складаны час пачатку «Вялікіх рэформаў» (дарэчы, ён сам таксама ўдзельнічаў у дыскусіі над часткай праектаў).

Праграма нацыянальнай палітыкі Назімава была выклікам для імперскай бюракратыі, якая дзейнічала на прускі ўзор. Назімаў прапанаваў стратэгію, максімальна набліжаную да габсбургскай палітыкі, якая ўключала актывізацыю сялянаў і канструяванне новых ідэнтычнасцяў. Паводле Назімава, палякі і габрэі былі чужым і небяспечным элементам у краі. Мясцовае сялянства мела далучыцца да расійскай нацыі (нават прапаноўвалася выданне газеты паралельна па-расійску і на «беларускім дыялекце»), адначасна згодна з палітыкай divide et impera трэба было падтрымліваць асобнасць літоўцаў. Праблеме стаўлення да літоўцаў у афіцыйных дакументах аўтар надае асаблівую ўвагу, якая дастаткова зразумелая. Дэпаланізацыйная палітыка ўключала ў сябе фактычнае прызнанне існавання беларусаў і ўкраінцаў, але ігнараванне іх адметнасці і стратэгію пераўтварэння іх у «проста рускіх». Для інтэлектуальнага забеспячэння гэтай палітыкі паўстала «Заходнерускае таварыства», сярод чальцоў якога быў і М. Каяловіч. У канцы раздзела разглядаюцца прапанаваныя варыянты палітыкі ў дачыненні да латышоў Віцебскай губерні. У высновах аўтар ацэньвае палітыку Назімава як частку стратэгіі «асвечанага бюракратызму» і засяроджвае ўвагу на праграме кансалідацыі беларусаў і ўкраінцаў у нацыі і дэпаланізацыі літоўцаў (1862). Першым пунктам праграмы было ўключэнне беларускай і ўкраінскай ідэнтычнасцяў у расійскую нацыю, другім — прэзентацыя падзеяў у «Заходнім краі» як барацьбы паміж палякамі і ўсёй расійскай нацыяй, трэцім — мабілізацыя сялянства супраць польскай шляхты.

Трэці раздзел «Сэнсы русіфікацыі» (с. 57—70) паказвае розныя бачанні і разуменні самога паняцця «русіфікацыі» ва ўладных і інтэлектуальных элітах імперыі ў дачыненні да тэрыторыі «Заходняга краю». Пад русіфікацыяй разумеліся часам даволі розныя рэчы, але сам тэрмін быў важным элементам публічнага дыскурсу. Галоўнымі газетамі, якія публікавалі тэксты на гэтую тэму, былі «Московские ведомости» Міхаіла Каткова, «День», «Весть», «Виленский вестник». Адзначаецца вялікі ўплыў публікацыяў Каткова на мясцовае чынавенства ў краі. «Русіфікацыя» («обрусение») была дастаткова праблемным тэрмінам і выклікала дыскусію. Правядзенне палітыкі павінна было падтрымлівацца інтэлектуальнымі высілкамі і нейкай гістарычнай перспектывай, якая б давала аргументы на карысць акрэсленых дзеянняў улады. Расійскія гісторыкі, якія займаліся мінуўшчынай «Заходняй Расіі», павінны былі ўключыць яе гістарычнае мінулае ў кантэкст гісторыі «Расіі ўсходняй». Сталюнас пералічвае асноўныя тэзісы гэтай гістарычнай аргументацыі і паказвае асаблівы ўплыў на яе працаў Мікалая Устралава і Міхаіла Каяловіча (таксама аўтарам адзначаюцца моцныя ўплывы на апошняга польскіх гісторыкаў Літвы першай паловы ХІХ ст.). Галоўны тэзіс гэтых палягаў у тым, што «Паўночна-Заходні край» ёсць краем расійскім і павінен быць аддзелены ад Царства Польскага.

Іншай праблемай, якая разглядаецца ў раздзеле, была дыскусія паміж адэптамі розных формаў паняцця «русіфікацыя» і супрацьлеглым тэрмінам «дэпаланізацыя» («располячение»). Аўтарам падкрэсліваюцца розныя разуменні гэтых тэрмінаў ва ўладных элітах як у дачыненні да розных групаў насельніцтва рэгіёну, так і ў разуменні ўласна крытэрыяў «расійскасці». Выснова Сталюнаса наступная: русіфікацыя ў дачыненні да беларусаў разумелася як асіміляцыя, у габрэйскім выпадку — як акультурацыя ці інтэграцыя, у польскім — як палітычная інтэграцыя, часам як асіміляцыя, а ў дачыненні да літоўцаў і латышоў гэты тэрмін выкарыстоўваўся даволі рэдка.

Чацвёрты раздзел «Аддзяленне «чужых» ад «сваіх». Паняцце нацыянальнасці ў палітычнай практыцы» (с. 71—129) складаецца з некалькіх падраздзелаў і прысвечаны складанаму пытанню, якое выклікае шмат дыскусіяў сярод спецыялістаў. Прааналізаваны аўтарам матэрыял асабліва цікавы ў метадалагічным ракурсе. Калі папярэднія раздзелы былі прысвечаныя ідэі русіфікацыйнай палітыкі ў «Паўночна-Заходнім краі», то ў гэтым разглядаецца пытанне нацыянальнасці ў афіцыйным дыскурсе і змена гэтага паняцця ў тагачаснай навуцы.

Зямля была найважнейшай формай уласнасці ў Расійскай імперыі, адначасна літоўскі гісторык падкрэслівае практычнае значэнне «зямлі» ў нацыянальным дыскурсе імперскай улады. Рэпрэсіўная палітыка пасля паўстання 1863—1864 гг. азначала выключэнне і пазбаўленне ўласнасці цэлай групы насельніцтва, якое было калектыўна абвінавачана ў нелаяльнасці да ўлады і ўдзеле ў паўстанні. Аўтар спыняецца на ўказе Аляксандра ІІ ад 10 снежня 1865 г., паказваючы дыскусію перад прыняццем гэтага дакумента і разуменне катэгорыі «асобаў польскага паходжання» на розных паверхах імперскай бюракратычнай машыны ўжо пасля ягонага падпісання. Дыскусія вялася вакол крытэрыяў нацыянальнасці: ці былі для яе вызначэння важныя мова ці веравызнанне? Сталюнас паказвае шматлікія праблемы з інтэрпрэтацыяй заканадаўства (асабліва ў выпадку мяшаных шлюбаў ці пры пераходзе ў праваслаўе).

Наступным значным момантам была праблема падаткаабкладання і стратэгіі эканамічнага аслаблення польскага землеўладання, кансалідацыі расійскай уласнасці ў кантэксце ўказа 1865 г.

Апрача землеўладання важным элементам палітыкі было перамяшчэнне чыноўнікаў і настаўнікаў «польскага паходжання» з краю і замена іх расійцамі з цэнтральных губерняў. Аўтар разглядае адносіны да службоўцаў польскага паходжання пасля паўстанняў 1830 і 1863 гг., параўноўвае іх і звяртае ўвагу на складанасць інтэрпрэтацыі нацыянальнасці паводле афіцыйных дакументаў.

Іншым спосабам выключэння «польскага элементу» было ўвядзенне «працэнтнай нормы» для «асобаў польскага паходжання» ва універсітэтах. Студэнты з Царства Польскага і «Заходняга краю» разглядаліся як значная пагроза для стабільнасці вышэйшай адукацыі і палітычнай сітуацыі імперыі. У перыяд «Вялікіх рэформаў» улада вярнулася да ідэі сепарацыі польскіх студэнтаў ад расійскіх. У гэтым месцы Сталюнас таксама вяртаецца да дыскусіяў вакол аднаўлення універсітэта ў Вільні.

Наступным прадметам абмеркавання ў раздзеле з’яўляецца нацыянальная статыстыка і спосабы акрэслення ў ёй нацыянальнасці (с. 105—120). Аўтар падкрэслівае значэнне дзяржаўнай статыстыкі ў працэсе фармавання мадэрнай этналінгвістычнай мадэлі нацыянальнасці. У першай палове ХІХ ст. расійскія ўлады збіралі статыстычныя звесткі перш за ўсё ў падатковых мэтах, нацыянальная статыстыка іх не цікавіла. З другой паловы стагоддзя пачаўся збор этнічнай статыстыкі ў вайсковых мэтах. Вызваленне сялян таксама было важным фактарам цікавасці да этнічнай статыстыкі. Аўтар разглядае прычыны цікавасці да гэтага пытання, выбар крытэрыяў нацыянальнасці, а таксама погляды дзеячаў, якія моцна ўплывалі на нацыянальную статыстыку. Сярод важных постацяў Сталюнас называе Міхаіла Лябёдкіна, Аляксандра Гільфердынга, Міхаіла Каяловіча, Паўла Баброўскага і Пятра Шчабальскага. Адзначаны таксама этнаграфічныя атласы, разглядаюцца ўплывы заходнееўрапейскіх этнографаў і географаў на разуменне паняцця нацыянальнасці ў Расійскай імперыі і дыскусія вакол галоўнага крытэрыя ў вызначэнні нацыянальнасці. Гісторык паказвае, што нават само вызначэнне «расійца/рускага» было прадметам дыскусіяў, спыняецца на інтэрпрэтацыі паняццяў «літовец» і «жмудзін» і выразным адрозненні крытэрыяў нацыянальнасці для шляхты і сялянства ў расійскім дыскурсе. Асобным момантам было разуменне польскасці і пошук доказаў неаўтахтоннага паходжання мясцовых палякаў у краі. Публікацыя этнаграфічных атласаў і ўзмацненне антыпольскай прапаганды былі часткай нацыянальнай палітыкі імперыі не толькі для ўнутранага ўжытку, але таксама і знешняга (антыпольская прапаганда вялася перш за ўсё па-французску).

Наступны падраздзел прысвечаны праблеме ідэнтыфікацыі габрэяў. Д. Сталюнас даволі падрабязна разглядае гэтую праблему і пералічвае розныя дэфініцыі, якія царскія ўлады ўжывалі ў дачыненні да габрэйскага насельніцтва, якое было самай вялікай нехрысціянскай групай рэгіёну. Разам з габрэямі аўтар разглядае таксама адносіны да караімаў. Адзначаюцца праблемы з дакладным акрэсленнем крытэрыяў габрэйскай нацыянальнасці (сярод іх называліся моўны, рэлігійны, сацыяльны, расавы), статыстыкай і вызначэннем палітыкі ў гэтым кірунку.

Высновы аўтара зводзяцца да наступных тэзісаў: крытэрый нацыянальнасці залежаў ад розных абставінаў, часцей за ўсё на практыцы пераважаў рэлігійны фактар. Галоўным інтэрпрэтатарам катэгорыі нацыянальнасці была бюракратыя, ад якой залежала тлумачэнне гэтага паняцця і яго практычныя наступствы.

Стаўленне да рэлігійных супольнасцяў разглядаецца аўтарам у пятым раздзеле «Канфесійныя эксперыменты» (с. 131—188). Асноўная ўвага засяроджаная на стаўленні да Рымска-каталіцкага касцёла, розных спробах правядзення «сацыяльных эксперыментаў» у дачыненні да гэтага веравызнання і праваслаўна-каталіцкіх адносінах. Як падкрэслівае Сталюнас, рэлігія ў ХІХ ст. мела вялікае значэнне, і ў гэты час узмацніліся працэсы дзяржаўнай і сацыяльнай рэгуляцыі рэлігійнага жыцця. Да таго ж у Расійскай імперыі рэлігійны фактар меў кардынальнае значэнне як атрыбут нацыянальнасці. Аўтар прыводзіць меркаванне Далбілава, які пісаў пра шматлікія паралелі паміж палітыкай Пятра І у дачыненні да праваслаўя і палітыкай царскіх уладаў у дачыненні да каталіцызму пасля 1863 г. (с. 131).

Сталюнас у гэтым раздзеле разглядае тры вялікія сюжэты: працэс масавага пераводу каталікоў у праваслаўе, увядзенне расійскай мовы ў дадатковае каталіцкае набажэнства і праект г. зв. «адваротнай уніі» паміж Каталіцкім касцёлам і Праваслаўнай царквой у імперыі.

Асабліва важным падаецца аналіз ідэалагічнай падтрымкі працэсу рэлігійнай канверсіі. Пераход у праваслаўе разумеўся як акт «гістарычнай справядлівасці». Мясцовыя чыноўнікі былі перакананыя ў тым, што сяляне не бачаць ніякай розніцы паміж канфесіямі і падтрымлівалі свае меркаванні гістарычнымі аргументамі («да ўтварэння ВКЛ мясцовае насельніцва было праваслаўным»). «Вяртанне» да праваслаўя разумелася секулярна, як «вяртанне» да «рускай нацыі». У час Мураўёва пачаўся афіцыйны курс на ліквідацыю каталіцызму, але практычныя крокі ў гэтым кірунку зрабілі ўжо наступныя генерал-губернатары, перш за ўсё Канстанцін Каўфман. Таксама аўтар піша пра палітыку Эдуарда Баранава і Аляксандра Патапава, якая лічылася больш талерантнай да каталікоў у параўнанні з папярэдняй.

Асобна Сталюнас разглядае розныя метады пераводу насельніцтва ў праваслаўе: ад адміністрацыйнага ціску, заахвочвання, далучэння да кампаніі каталіцкіх ксяндзоў, матэрыяльнай падтрымкі да рознага тыпу гвалтоўных дзеянняў з удзелам паліцыі ці войска. У даследаванні апісаны працэс масавага закрыцця каталіцкіх храмаў.

Наступным сюжэтам было стварэнне «расійскага каталіцызму»: праграмы пераходу Каталіцкага касцёла на расійскую мову і «дэпаланізацыі» гэтага веравызнання. Ідэя гэтая знайшла падтрымку Каткова, які галоўным фактарам нацыянальнасці лічыў мову, а не рэлігію. Ксенафонт Гаворскі — галоўны рэдактар «Вестника Западной России» — падтрымаў Каткова і прапаноўваў розныя захады, скіраваныя на аслабленне каталіцызму (сам факт прыняцця расійскай мовы ён лічыў пачаткам заняпаду Касцёла ў рэгіёне) і нават ператварэння каталіцкіх касцёлаў у нешта больш падобнае да Праваслаўнай царквы. Увядзенне расійскай мовы падтрымліваў Каўфман, але сама ідэя выклікала апазіцыю сярод часткі праваслаўных інтэлектуалаў і праваслаўнага духавенства. Практычная рэалізацыя ідэі прыпала на кіраванне Патапава. З дапамогай часткі ксяндзоў (напрыклад, Фердынанда Сенчыкоўскага) расійская мова была ўведзеная ў дадатковае набажэнства замест польскай у Мінскай дыяцэзіі згодна з указам ад 1869 г. Падобным чынам планавалася ўвесці расійскую мову ў кальвінісцкае набажэнства, але гэтага не ўдалося зрабіць.

Пры канцы раздзела разглядаецца праект царкоўнай уніі паміж каталіцтвам і праваслаўем у імперыі з дамінантнай пазіцыяй Праваслаўнай царквы [5]. Сталюнас падрабязна апісвае саму ідэю, праект і выказвае гіпотэзу аб аўтарстве праекту уніі. Паводле гісторыка, галоўным аўтарам уніі быў Адам Ганоры Кіркор, апрача яго спрычыніліся да распрацоўкі праекту праваслаўны епіскап Антоні Зубко і Яўстах Прушынскі. Аднак праект уніі так і застаўся на паперы і не быў падтрыманы расійскай бюракратыяй.

Апошні раздзел даследавання «Метамарфозы моўнай палітыкі» самы вялікі ў кнізе (с. 189—296). Ён звязаны з папярэднімі часткамі працы і засяроджвае ўвагу на адносінах улады да польскай, літоўскай («літоўскай і жмудскай»), беларускай моваў, а таксама да моўнага пытання сярод габрэйскага насельніцтва (распаўсюджання расійскай мовы, статусу ідыша і спробаў адраджэння старагабрэйскай мовы — іўрыту). Можна сказаць, што калі разумець русіфікацыю як працэс моўнай асіміляцыі (найбольш папулярнае разуменне гэтага тэрміну ў масавай свядомасці), то гэты раздзел кнігі з’яўляецца галоўным.

Становішча моваў недамінантных этнасаў на памежжах Расійскай імперыі было рознае і залежала ад некалькіх фактараў. Аўтар у першую чаргу апісвае стан польскай мовы, якая ў перыяд паўстання была адміністрацыйным шляхам выключаная з публічнай сферы і забароненая ў афіцыйнай карэспандэнцыі, фінансавай дакументацыі, сістэме асветы і культурных установах. Спробы патаемнага навучання польскай мове жорстка караліся, і аўтар нават згадвае прапанову Сенчыкоўскага забараніць надпісы па-польску на надмагільных плітах, якой улады не падтрымалі. Наступным элементам была палітыка ў дачыненні да польскіх кніг. З 1864 г. дзейнічала поўная забарона распаўсюду польскіх кніг і іншай друкаванай прадукцыі сярод сялянаў «Паўночна-Заходняга краю». З таго ж самага года «Виленский вестник» пачаў выходзіць толькі па-расійску. Д. Сталюнас звяртае ўвагу на цікавы метад сацыяльнай інжынерыі, які прапаноўваўся ў Царстве Польскім, а менавіта адаптацыю кірыліцы да польскай мовы. Гэтая ідэя, агучаная А. Гільфердынгам, знайшла падтрымку ў Станіслава Мікуцкага і мясцовых уладаў. Падручнікі па-польску кірыліцай выкарыстоўваліся ў Царстве Польскім нават да 1869—1870 гг. аднак, як адзначае літоўскі даследчык, кірылізацыя польскай мовы мела хутчэй маргінальны характар.

Значную частку раздзела займае аналіз моўнай палітыкі імперыі ў дачыненні да габрэяў (с. 200—233). Першым сюжэтам для аўтара стала распаўсюджанне расійскай мовы сярод габрэйскага насельніцтва: дакладна апісваюцца дачыненні Мураўёва і прадстаўнікоў віленскага руху «маскілім» («Гаскалы» — габрэйскага Асветніцтва) і працэс стварэння новых габрэйскіх школ з навучаннем расійскай літаратуры і пісьмовасці. Наступным пытаннем з’яўляюцца адносіны да ідыша (у тагачаснай наменклатуры ўжывалася назва «жаргон»): прапановы былі даволі рознымі — ад кірылізацыі і нармалізацыі гэтай мовы, моўнай германізацыі навучання габрэяў да негатыўнага стаўлення да спробаў стварэння літаратуры на ідышы. Трэцім элементам было пытанне мовы навучання ў рэлігійных габрэйскіх школах: прапановы «маскілім» аб навучанні па-расійску шэрагу прадметаў, у тым ліку і тэалагічных, знайшлі падтрымку ўладаў, аднак калі справа дайшла да перакладу габрэйскай Бібліі на расійскую мову, то гэта выклікала пратэст з боку часткі чыноўнікаў і духавенства. У 1866 г. былі таксама прапановы друкаваць габрэйскую Біблію па-расійску, але габрэйскімі літарамі.

Адносіны да габрэяў з боку чыноўнікаў Віленскай навучальнай акругі і яе кіраўніка Івана Карнілава залежалі ад поглядаў славянафілаў, і асабліва ідэолага «заходнерусізму» М. Каяловіча. Каяловіч лічыў веравызнанне галоўным фактарам нацыянальнасці, і таму габрэі не разглядаліся як патэнцыйны аб’ект асіміляцыі. Аднак Сталюнас адзначае, што з 1860-х гг. курс на паступовую русіфікацыю рабінскіх семінарый дэманстраваў паступовую нацыяналізацыю «габрэйскага пытання» ў свядомасці імперскіх элітаў.

Адносінам да літоўскай мовы аўтар цалкам натуральна прысвяціў самую вялікую частку раздзела (с. 233—282). Для беларускага чытача гэты матэрыял цікавы перш за ўсё ў параўнаўчым аспекце, а таксама ў сувязі з тым, што мясцовыя ўлады вырашылі пайсці на інстытуцыяналізацыю літоўскай мовы ў сістэме асветы. Сталюнас дакладна спыняецца на перадумовах, прычынах і рэалізацыі розных праектаў у дачыненні да літоўскай мовы.

Галоўная ўвага надаецца праекту ўвядзення кірыліцы ў літоўскую мову. Разважанні на гэтую тэму аўтар папераджае грунтоўным гістарыяграфічным аналізам. Літоўская і польская гістарыяграфіі разглядалі кірылізацыю як форму імперскай палітыкі і поўную забарону друку па-літоўску. Заходнія і расійскія гісторыкі перш за ўсё бачаць у кірылізацыі спробу дэпаланізацыі літоўцаў. Далей Д. Сталюнас разглядае стаўленне да літоўскай мовы ў афіцыйных колах: большасць прадстаўнікоў улады прызнавалі існаванне «літоўскай і жамойцкай» моваў, але лічылі іх вельмі беднымі і недапрацаванымі, а іх будучыня бачылася вельмі песімістычна. Ідэя пераводу літоўскай мовы на кірыліцу з’явілася ў 1864 г. амаль адначасна сярод чыноўнікаў Віленскай навучальнай акругі (Васіля Куліна, Мікалая Новікава, Івана Шульгіна і Івана Карнілава) і ў Варшаве ў А. Гільфердынга (падтрымана Дзмітрыем Мілюціным). У 1864 г. Мураўёў забараняе друк па-літоўску лацінкай, а ў 1865 г. была пададзена на цэнзуру апошняя кніга па-літоўску, надрукаваная паралельна кірыліцай і лацінкай. Канчатковая афіцыйная забарона друку лацінкай была выдадзеная Каўфманам у 1865 г.

Д. Сталюнас адрознівае дзве стратэгіі кірылізацыі літоўскай мовы. Першая ідэя, рэалізаваная ў Царстве Польскім (у гістарычным рэгіёне Сувалкі — Аўгустоўская губерня) і апрацаваная Гільфердынгам, ацэньваецца аўтарам як больш жыццяздольная, бо рабіла націск на навучанне менавіта па-літоўску і на захаванне літоўскай нацыянальнасці. Гэтая палітыка прывяла да стварэння цэлай групы літоўскай інтэлігенцыі. Другая стратэгія, якую спрабавалі рэалізаваць у «Паўночна-Заходнім краі» (перш за ўсё ў Ковенскай губерні) грунтавалася на тым, што кірылізацыю разумелі як сродак да пераходу да расійскай мовы і поўнай паступовай асіміляцыі літоўцаў. Асноўным прыхільнікам такога разумення кірылізацыі быў Новікаў. Аднак лёс праекта кірылізацыі ў «Паўночна-Заходнім краі» быў няўдалы, а асноўнымі прычынамі гэтага быў байкот кірылічных друкаў з боку духавенства і насельніцтва, няведанне большасцю настаўнікаў пачатковых школаў літоўскай мовы (прымалі на працу выключна праваслаўных, збольшага выпускнікоў семінарый з цэнтральнай Расіі) і няведанне дзецьмі расійскай мовы.

Даследчык падрабязна спыняецца на стварэнні сістэмы пачатковай адукацыі ў Ковенскай губерні (з 1862 г. ствараліся «народныя вучылішчы»), якая павінна была праводзіць праграму навучання на расійскай і літоўскай (амаль выключна на пачатковым узроўні) мовах. Новыя школы мелі велізарныя праблемы з настаўніцкімі кадрамі: каталікам забаранялася паступаць у настаўніцкія семінарыі (Маладзечанскую і Панявежскую), чыноўнікі перш за ўсё рабілі націск на веданне настаўнікамі расійскай мовы.

Эксперыменты з мовай пайшлі далей: было забаронена ўжываць гатычны шрыфт для літоўскай мовы, а саму мову Новікаў прапанаваў максімальна наблізіць да расійскай шляхам дадатку адпаведнай лексікі і стварэння нават «литовско-русского наречия». Каўфман лічыў, што перш за ўсё вучні школ павінны былі хутка навучыцца чытаць па-расійску. Улады даволі хутка страцілі цікавасць да моўных эксперыментаў: і на пачатку 1870-х гг. спыніўся друк па-літоўску кірыліцай, а з 1874 г. у Вільні не было ўжо цэнзара, які б ведаў літоўскую мову. Кірылізацыя літоўскай мовы не мела на мэце поўнай асіміляцыі літоўцаў, але прадугледжвала паступовае прыняцце праваслаўя і ўвод літоўскай мовы ў праваслаўнае набажэнства. Аднак гэтыя ідэі сутыкнуліся з рэальным жыццём і ўзмацненнем нелегальнага ўвозу літоўскіх кніжак лацінкай з Прусіі і ЗША.

Асобны падраздзел аўтар прысвяціў лёсу пратэстанцкіх парафіяльных школаў. Рэарганізацыя гэтых школаў пачалася толькі ў 1868 г., значна пазней, чым каталіцкіх. Пратэстантызм разглядаўся як больш лаяльнае веравызнанне і меў сваіх апекуноў сярод вышэйшых чыноўнікаў у Пецярбургу. Нягледзячы на спробы інспектара Новікава поўнасцю русіфікаваць навучанне ў лютэранскіх і кальвінскіх школах, зрабіць гэта так і не ўдалося.

Праект асіміляцыі літоўцаў праз прыняцце кірыліцы і праваслаўя сутыкнуўся са значным супрацівам, і таму даволі хутка мясцовыя ўлады страцілі цікавасць да гэтай ідэі, а разам з ёй і надзею на поўнае ўключэнне літоўцаў у «расійскае нацыянальнае цела».

Пры канцы раздзела аналізуецца стаўленне імперскай улады да беларускай мовы (с. 283—296). Праблема статусу беларускай мовы разглядаецца Сталюнасам значна менш разгорнута ў параўнанні з літоўскай і нават з ідышам. Галоўная аўтарская выснова — беларусы разглядаліся ўладамі як частка «трыадзінай рускай нацыі», а альтэрнатыўныя ўкраінскі і беларускі рухі разглядаліся як «сабатаж унутры нацыянальнага цела» (у гэтым месцы Сталюнас спасылаецца на Мілера). Аўтарам адзначаюцца навуковыя дыскусіі вакол праблемы забароны беларускага друку ў ХІХ ст., а асноўная частка падраздзелаў прысвечана дыскусіям 1860-х гг. вакол падтрымкі развіцця беларускай тоеснасці, за якую выступала частка славянафілаў і «асвечаных бюракратаў».

Літоўскі гісторык выдзяляе дзве галоўныя праблемы для фармавання беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ ст.: адсутнасць адукаваных сацыяльных класаў, якія б гаварылі па-беларуску, і гетэрагенны характар беларускага насельніцтва, падзеленага пасля 1839 г. на дзве галоўныя рэлігійныя плыні, якія карысталіся рознымі алфавітамі. Аўтар коратка апісвае спробы аднаўлення мовы часу ВКЛ, першыя беларускія публікацыі лацінкай у 30—50-я гг. ХІХ ст. і граматыку Паўла Шпілеўскага (1845). Адным са штуршкоў для забароны друку па-беларуску лацінкай Сталюнас лічыць аналагічную забарону ўвозу ўкраінскіх кніг з Галіччыны і друку па-расійску лацінкай у 1859 г. У гэтым годзе Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч атрымаў адмову на выданне «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча па-беларуску ў віленскай цэнзуры. Цэнзарская інструкцыя выразна акрэслівала забарону друку лацінкай для «маларускай мовы» і «беларускага дыялекту» (с. 285). Аўтар адзначае, што пасля гэтага мясцовая польская інтэлігенцыя палічыла нямэтазгодным друкаваць тэксты па-беларуску, але асобна піша пра казус выдання беларускага лемантара ў Варшаве ў 1862 г.

Далей разглядаецца справа кірылічнага беларускага друку. У 1862 г. Назімаў і кіраўнік навучальнай акругі Аляксандр Шырынскі-Шыхматаў звярнуліся да «беларускага дыялекту» з надзеяй выкарыстаць яго для прышчаплення нацыянальнай свядомасці сялянству. Сталюнас апісвае праект «часопіса для простага народа» («Друг народа» ці «Русское чтение»). Калі пры Назімаву часопіс планавалі выдаваць па-беларуску, то ўжо Мураўёў і Карнілаў хацелі яго выдаваць толькі па-расійску, бо практычна не бачылі розніцы паміж беларускай і расійскай мовамі. У выніку дзякуючы Мураўёву грошы на «народны часопіс» пайшлі на перавод з Кіева ў Вільню рэдакцыі «Вестника Западной России» на чале з К. Гаворскім. Аднак у 1863 г. былі выдадзеныя «Рассказы на белорусском наречии», якія даволі хутка пачаў крытыкаваць Карнілаў. Аўтар канстатуе, што афіцыйнай забароны друкаваць па-беларуску кірыліцай не было, але фактычна цэнзура дазваляла друкаваць па-беларуску толькі ў спецыяльных этнаграфічных матэрыялах. Спробы Дуніна-Марцінкевіча апублікаваць уласныя вершы кірыліцай у 1867 г. зноў напаткалі адмову.

Апошнім сюжэтам стала дыскусія вакол ужывання беларускай мовы ў пачатковым навучанні і дадатковым каталіцкім набажэнстве. Прапановы ўводу «мясцовых моваў» на пачатковым этапе навучання гучалі як з боку мясцовых элітаў, так і з Пецярбурга (у пачатку 1862 г. Акадэмічны камітэт прапанаваў навучанне для каталікоў па-польску ці на «мясцовым дыялекце», для праваслаўных — на царкоўнаславянскай мове і «мясцовым дыялекце з выкарыстаннем рускіх літар», але ў снежні таго ж года ўжо прапанаваў навучанне толькі па-расійску). Падобныя прапановы гучалі з боку Шырынскага-Шыхматава. У лютым 1863 г. Назімаў прапанаваў навучанне рэлігіі для каталікоў на «мясцовай беларускай мове». Летам 1863 г. славянафільскі «День» прапагандаваў увядзенне «беларускага дыялекту» ў школьніцтва (у межах палітыкі дэпаланізацыі). Замену польскамоўнага дадатковага набажэнства беларускамоўным прапаноўвалі ў час Каўфмана ў межах «дэпаланізацыі» каталіцкага касцёла: у 1865 г. вікарны біскуп Ю. М. Станеўскі падтрымліваў гэтую ідэю, але яна сутыкнулася з апазіцыяй з боку праваслаўнага духавенства.

Высновы аўтара зводзяцца да наступных тэзісаў: прапанову інстытуцыяналізацыі беларускай мовы ў навучанні і касцёле была гатовая падтрымаць толькі невялікая частка чыноўнікаў, бо гэта разбурала канцэпцыю трыадзінства; беларускасць лічылася часткай расійскасці, а беларусы не мелі ўласнага «П’емонта» ў адрозненне ад украінцаў.

Агульныя высновы (с. 297—305) у асноўным паўтараюць тэзісы канкрэтных раздзелаў. Сталюнас вылучае дзве асноўныя тэндэнцыі паводзінаў расійскіх уладаў на тэрыторыі «заходняга краю» — падтрымка недамінантных нацыянальных групаў у самым пачатку 1860-х гг. супраць палякаў і ўзмацненне мыслення ў расійскіх нацыянальных катэгорыях пасля падаўлення паўстання. Тэрыторыя «заходняга краю» разглядалася як этнічна расійская тэрыторыя. Адносіны да розных этнічных супольнасцяў тлумачыліся рознымі прычынамі (лаяльнасцю да ўлады, ідэалогіяй, эканамічнымі фактарамі і рэлігіяй), а сама нацыянальная палітыка была даволі варыятыўная і залежала ад выніку дыскусій ва ўладных і інтэлектуальных элітах. Аўтар паказвае, што існавала некалькі версіяў разумення як канцэпту «русіфікацыі», так і ўласна паняцця «нацыянальнасці». У даследаванні засяроджваецца ўвага на розных праектах «сацыяльнай інжынерыі», сярод якіх даволі цікавым падаецца царкоўная унія і кірылізацыя алфавітаў [6]. Сталюнас робіць некаторыя параўнанні гэтых дзеянняў з практыкай расійскай улады ў Волга-Камскім рэгіёне і палітыкай Габсбургаў.

Даследаванне Дарыюса Сталюнаса адрозніваецца цікавай і сучаснай метадалогіяй даследавання, высокім узроўнем абагульнення і асвятленнем расійскай нацыянальнай палітыкі на літоўскіх і беларускіх землях на базе шматлікіх крыніцаў і максімальна аб’ектыўнага падыходу да прадмету. Праца літоўскага гісторыка безумоўна вартая прачытання беларускімі гісторыкамі, а можа нават і перакладу на беларускую мову.

__________________________________________

1. Nowak, A. Ab Imperio — nowe spojrzenia na historię Rosji // Nowak, A. Od imperium do imperium. Spojrzenia na historię Europy Wschodniej. Kraków, 2004. S. 13—42.

2. Новая имперская история постсоветского пространства: Сб. статей / Под ред. И. В. Герасимова и др. — Казань, 2004.

3. Сталюнас, Д. Границы в пограничье: белорусы и этнолингвистическая политика Российской империи на западных окраинах в период Великих реформ // Ab Imperio. № 1. 2003.С. 261—292; Сталюнас, Д. Этнополитическая ситуация Северо-Западного края в оценке М. Р. Муравьёва (1863—1865) // Балтийский архив. Русская культура в Прибалтике. VII. Вильнюс, 2002. С. 250—271; Staliūnas, D. ‘The Pole’ in the Policy of the Russian Government: Semantics and Praxis in the Mid-Nineteenth Century // Lithuanian Historical Studies. 2000. Vol. 5. P. 45—67; Staliūnas, D. From Ethnocentric to Civic History: Changes in Contemporary Lithuanian Historical Studies // Emerging Meso-Areas in the Former Socialist Countries: Histories Revived or Improvised? Sapporo, 2005. P. 311—331.

4. Миллер, А. Русификация или русификации? // Миллер, А. Империя Романовых и национализм. Эссе по методологии исторического исследования. Москва, 2006. С. 54—77.

5. Гл. ранейшыя артыкулы па гэтай тэме: Долбилов, М., Сталюнас, Д. «Обратная уния»: проект присоединения католиков к православной церкви в Российской империи (1865—1866 годы) // Славяноведение. № 5. 2005.С. 3—34; Dołbiłow, M., Staliūnas, D. «Unia Mińska» — próba odwrócenia Unii Brzeskiej // Arcana. № 64—65, № 79.

6. Даволі цікавае назіранне Д. Сталюнаса пра атаясамленне канкрэтных алфавітаў з адпаведным веравызнаннем у вачах часткі расійскіх элітаў: кірыліца звязвалася з праваслаўем, лацінка — з каталіцызмам, а гатычны шрыфт — з пратэстантызмам.

_________________________________________

Андрэй Ціхаміраў — гісторык, дактарант Варшаўскай школы сацыяльных навук. Дэбютаваў у «ARCHE» аглядам «Левалібэральнае асэнсаваньне беларускай ідэі» (7—8/2008). Назва тэксту паходзіць ад рэдакцыі.