У апошнія некалькі гадоў на тэрыторыі нашай краіны актывізавалі сваю дзейнасць прыхільнікі праімперскай (заходнярускай) ідэалогіі. Звязана гэта з развіццём і станаўленнем нацыянальнай самасвядомасці беларускага грамадства.

Наш соцыюм паступова прыходзіць да ўсведамлення таго, што гісторыя Беларусі ў корані адрозніваецца ад канонаў, навязаных беларусам рускай і савецкай гістарыяграфіяй. Усё гэта выклікае асцярогі мясцовых заходнерускіх ідэолагаў, якія з усіх сіл спрабуюць навязаць беларусам свае хлуслівыя ідэі. Прапаную прааналізаваць некаторыя пастулаты сучасных адэптаў заходнерусізму ў Беларусі.

У гэтым годзе адзначаецца 150-я гадавіна паўстання Кастуся Каліноўскага. Гэта нацыянальна-вызвольнае паўстанне паклала пачатак абуджэнню самасвядомасці беларускага народа. Аднак мясцовыя дамарослыя імперскія ідэолагі спрабуюць «давесці» беларусам, што быццам бы царскія войскі “выратавалі” беларусаў ад «апалячвання» і вярнулі іх у «ўлонне матухны Расеі».

«Чырвонай ніткай» праз усё іх публікацыі праходзіць ідэя пра тое, што тады, у 1863-1864 гг., у Беларусі змагаліся палякі і рускія, а беларусы – гэта, маўляў, не правільныя, акаталічаныя, паланізаваны рускія, якіх царскія салдаты штыком і шабляй настаўлялі на праўдзівы шлях.<!** Image 3 align=»middle» alt=»»Палітасвета» пад знакам заходнерусізму» sub=»»Палітасвета» пад знакам заходнерусізму» >З нядаўніх часоў сталым «калумністам» газеты адміністрацыі прэзідэнта Беларусі «СБ-Беларусь сегодня» стаў В. Шымаў. У адным з сваіх матэрыялаў, названым «Гульня тронаў», гэты адэпт заходнерусізму намагаецца цалкам выключыць беларускі кантэкст з падзеяў шматвяковага проціборства Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай, а затым і Расійскай імперыяй.

Аднак варта ўлічваць, што старажытная беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае нават пасля заключэння Люблінскай уніі з Каралеўствам Польскім фармальна працягвала заставацца незалежнай дзяржавай. У 1840 годзе рускаму цару давялося адмяняць на захопленых ім беларуска-літоўскіх землях не польскія законы, а Статут ВКЛ, старажытны дакумент (па сутнасці – першую еўрапейскую канстытуцыю), які распрацавалі беларускія шляхціцы Леў Сапега і Астафі Валовіч.

Ды і ў бітве пад Воршай з маскоўскім агрэсарам змагаліся зусім не палякі, а «літвіны» – продкі сучасных беларусаў. Нягледзячы на паланізацыйныя працэсы ВКЛ не стала Польшчай, як не была Польшчай і Рэч Паспалітая, дзяржава двух, а на самай справе шматлікіх народаў. «Польскасць» гэтай дзяржавы наўмысна «падкрэслівалася» ў рускай дарэвалюцыйнай афіцыйнай гістарыяграфіі, а потым выкарыстоўвалася і ў савецкія часы. Цяпер усе гэтыя імперскія брэдні паўтараюць тыя, хто хоча перапісаць беларускую гісторыю.
Дарэчы, Шымаву ў ягоным жаданні «выкінуць беларускі аспект» з гісторыі ўзаемаадносін Польшчы і Расійскай імперыі ўторыць ягоны расійскі калега з Інстытута расійскай гісторыі РАН Андрэй Марчукоў. Ён, у прыватнасці, адзначае: «Калі браць польска-рускую нацыянальную спрэчку, якую яшчэ Пушкін называў «спрэчкай славян паміж сабою», то яе пачынальніцай была зусім не Расея, а польскі бок. Яна захоплівала заходнерускія землі, уключаючы Смаленск, які ўваходзіў у склад Рэчы Паспалітай, палякі ладзілі там сацыяльны і нацыянальны прыгнёт рускага праваслаўнага насельніцтва».

І гэта кажа супрацоўнік Акадэміі навук, кандыдат навук. Пра якія «заходнерускія землі» вядзецца, калі ВКЛ было незалежнай дзяржавай, а Смаленск гістарычна уваходзіў у склад гэтай старажытнай беларускай дзяржавы? Пра які польскі сацыяльны прыгнёт заяўляе гэты «гісторык»? Тлумачэнне гэткай «плыні свядомасці» досыць простае: у сучаснай афіцыйнай расійскай гістарыяграфіі ізноў ўзяты курс на абгрунтаванне старога «кацярынінскага пастулату» – «адарванае вернем». Таму для такіх, як А. Марчукоў няма ні ВКЛ, ні беларусаў, ні літвінаў, а ёсць нейкі пусты панятак “рускі свет”.

Паўстанне 1863-1864 г. паводле Марчукова было «процістаяннем палякаў і рускіх». «Калі да гэтага працэсу прымазваюцца беларусы, гэта проста смешна», — рэзюмуе «гісторык». Сапраўды, было б смешна, калі не было б так сумна. Для людзей, якія думаюць імперскімі катэгорыямі XIX стагоддзя, насельніцтва Беларусі – «рускае» насельніцтва, заваяванае нейкімі «літоўскімі» і «польскімі» феадаламі. Паўтаруся, гэтую «страшную» ва ўсіх сэнсах казку прыдумалі рускія прыдворныя гісторыкі, а потым яе падхапілі ўжо савецкія даследчыкі, якія на аснове «рускага этнасу» спрабавалі пабудаваць «homo soveticus».

Добра б гэтыя брэдні тыражаваліся ў Расіі, але ж іх спрабуюць навязаць беларусам. Менавіта таму важна данесці да нашага грамадства сапраўдную беларускую гісторыю. Занадта доўга нам у галовы ўбівалі думку пра тое, што беларусы – гэта лапцевы, сярмяжны, забіты народ, без сваёй высокай культуры, архітэктуры, нарэшце, без сваёй дзяржаўнасці. Усё гэта рабілася дзеля таго, каб адвучыць наш народ думаць і прымусіць яго тупа выконваць указанні з “Трэцяга Рыма”. Аднак, пастулат пра «векавую барацьбу беларусаў за ўз’яднанне з Расіяй» стаўся «мыльнай бурбалкай», якая лопнула пасля таго, як Беларусь атрымала незалежнасць.

Векавая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, старажытныя беларускія шляхетныя фаміліі Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх і інш, пышная еўрапейская культура, увасобленая ў замках, касцёлах, сядзібах, палацах сталі тымі каталізатарамі, якія абудзілі нацыянальную свядомасць беларусаў і дапамаглі ім скінуць з сябе ідэалагічную мішуру, якую ім накідалі рускія і савецкія ідэолагі.

Аднак не след супакойвацца, бо мясцовыя адэпты імперскай, заходнерусай ідэалогіі з апошніх сіл спрабуюць перапісаць беларускую гісторыю ва ўгоду сваім гаспадарам. Да такіх антыбеларускіх праяваў адносіцца дзейнасць імперскага сайта zapadrus.su. Яго адыёзны кіраўнік Ігар Зелянкоўскі актыўна тыражуе заходнерускія ідэі, накіраваныя на выкараненне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў.
Чаго варта хаця б вось гэткая фраза: «Беларусізацыя (1920-х гадоў) з пастаяннымі рэформамі беларускай мовы, якія паступова набліжае яго да польскай мовы, шмат у чым з’яўлялася варыянтам паланізацыі». У працэсе нацыянальнага адраджэння беларусаў на пачатку ХХ стагоддзя, звязанага з развіццём беларускай мовы і культуры заходнерускі ідэолаг бачыць крамолу і нейкую небяспеку для насельніцтва Беларусі. Насамрэч Зелянкоўскі перажывае не за беларусаў, а за імперскасць, якой тады, у 1920-х гадах далі адпор па сродках развіцця беларускай культуры і мовы.Дарэчы, Зелянконкоўскі гэтаксама ж крытыкаваў і адмову ад выкарыстання ў Беларусі тэрміна «Айчынная» вайна 1812 года. Такое рашэнне абгрунтавана тым, што тады, у 1812 годзе, на беларуска-літоўскіх землях была хутчэй грамадзянская вайна, у якой з двух бакоў (і з рускага, і з французскага) ваявалі беларусы. Пры гэтым, Напалеон паспрабаваў адрадзіць ВКЛ, і ў гэтым сэнсе для беларусаў, якія ваявалі ў складзе войска ВКЛ, вайна сапраўды была ў пэўным сэнсе «айчыннай», бо яны абаранялі сваю радзіму, захопленую Расійскай імперыяй у канцы XVIII стагоддзя.

Вось і атрымліваецца, што ўсе гэтыя заходнерускія фантазіі з’явіліся не з-за занепакоенасці аб беларусах, а з-за жадання пэўных колаў рэалізаваць у Беларусі старыя «кацярынінскія» імперскія пастулаты. Таму і тыражуюцца выдумкі наконт нейкай «векавой барацьбы беларусаў супраць літоўскіх феадалаў за ўз’яднанне з Расіяй», якія насамрэч рэальных падстаў пад сабой не маюць.

Перспектывы развіцця беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці залежаць ад кожнага з нас. Мы самі павінны зразумець, што ў нашай краіны свая гісторыя і традыцыя дзяржаўнасці. Беларусаў не ў капусце знайшлі. Нашаму народу давялося прайсці праз шматлікія жорсткія і крывавыя выпрабаванні для таго, каб у ХХІ стагоддзі мы нарэшце знайшлі сваю дзяржаву. Беларуская культура, мова, традыцыі маюць шматвяковую гісторыю і гэтым трэба ганарыцца. Толькі так мы зможам перашкодзіць адэптам заходнерусізма перапісаць летапіс нашага мінулага.