Выбарчае заканадаўства яшчэ больш «удасканаляць».


Былі нават спрэчкі!

6 жніўня ў Аляксандра Лукашэнкі адбылася чарговая нарада. Абмяркоўвалі папраўкі ў заканадаўства аб выбарах. Уявіце сабе: былі нават спрэчкі!

Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, навошта прысутныя сабраліся: «Выборы проходят в Беларуси для белорусского народа и во имя этого народа. Мы должны все делать так, как сегодня желает народ в нашей стране».

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына паспяшалася абвергнуць версію, што змены рыхтуюцца ў межах наладжвання кантактаў з Захадам: «Данный законопроект отнюдь не является реверансом в чью-то сторону». І гэта сапраўды так. Бо прапанаваныя папраўкі толькі ўскладняюць становішча апазіцыйных палітыкаў і, наадварот, ствараюць больш спрыяльныя ўмовы для кандыдатаў ад улады.

Найперш звяртае ўвагу на сябе намер уладаў увесці адказнасць за заклікі да байкоту выбараў. Гэта абмяжоўвае дэмакратычных палітыкаў у стратэгіях і тактыках: альбо маўчы, альбо пойдзеш пад суд. Фактычна абмяжоўваецца права грамадзяніна агучваць уласнае меркаванне, калі ён лічыць, што у такіх «выбарах» удзельнічаць наогул няварта.

Усё – для стаўленнікаў адміністрацыі

Выбары ў палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу цяпер мяркуюць праводзіць у адзін тур. Гэтая ідэя узнікла таму, што ў другім туры выбаршчыкі, якія галасавалі не за праўладнага палітыка, а за іншых кандыдатаў, з вялікай доляй верагоднасці аб’яднаюцца, і тады пераможа апазіцыянер. Пры аднатуравай сістэме стаўленік адміністрацыі мае добрыя шанцы набраць адносную большасць галасаў.

Чытаць болей