Водгук на матэрыял «Астроўскі: Беларускі нацыяналізм — святая справа для беларуса»

Вельмі слабы артыкул. Беларускі нацыяналізм — гэта ідэалогія якая фармавалася Кастусём Каліноўскім і ягонымі паплечнікамі (у т.л. Францішкам Багушэвічам). Асяроддзем віленскае «Нашае Нівы» класікамі беларускае літаратуры Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Максімам Гарэцкім, выдатнымі беларускімі палітыкамі братамі Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім, Аляксандрам Уласавым. Моцны штуршок развіццю беларускага нацыяналізму даў 1918 год. Трэцяя ўстаўная грамата БНР, абвяшчэнне беларускае дзяржаўнасці, г.зн. права беларусаў на ўласную дзяржаву на сваёй тэрыторыі паказала вельмі сур’ёзны ўзровень беларускага нацыяналізму ўжо на той момант. Натуральна, пасля абвяшчэння беларускае дзяржаўнасці, нягледзячы на тую барацьбу, якая была накаваная беларускай нацыі, бо акупацыйныя рэжымы на нашай тэрыторыі былі розныя (іх аб’ядноўвала толькі адно — усе яны спрабавалі знішчыць беларусаў як этнас), нацыя ўжо мела сваіх пісьменнікаў, філосафаў, палітыкаў (усіх іх можна аб’яднаць беларускім словам «мысляры»), якія развівалі ідэалогію беларускага нацыяналізму. Тут і дзейнасць заходнебеларускіх палітычных партыяў, і беларускае часткі кіраўніцтва БССР. Велічныя постаці такіх беларускіх волатаў, як айцец Вінцэнт Гадлеўскі і ягоныя паплечнікі па БНП. У канцы 80-х гадоў па стварэнні БНФ «Адраджэньне» пачаўся новы этап развіцця беларускага нацыяналізму. Тут трэба адзначыць унёсак Уладзіміра Караткевіча (на жаль, ён не дажыў некалькі гадоў да стварэння Беларускага Народнага Фронту), Васіля Быкава і Зянона Пазьняка. Значна большую ролю, чым раней пачалі адыгрываць беларускія філосафы і палітолагі (так, Уладзімір Роўда, які з’яўляецца сябрам Руху Салідарнасці «Разам», мае не адну сур’ёзную кнігу па даследаванні беларускага нацыяналізму). Але ж ёсць яшчэ адна больш важная рэч. Нацыянальная ідэя без дзеянняў мёртвая. Плошча Каліноўскага 2006 года — гэта таксама беларускі нацыяналізм. Рэзюмую: беларускі нацыяналізм, які грунтуецца на беларускіх масах з’яўляўся і з’яўляецца ідэалогіяй сотняў, калі не тысячаў беларусіх партыяў і рухаў. Зводзіць беларускі нацыяналізм да абсалютна шэраговае гарадзенскае канферэнцыі, якая не з’яўляецца ані этапам, ані нават істотнай падзеяй для развіцця беларускага нацыяналізму, досыць несур’ёзна. Самыя ж выказванні Алеся Астроўскага, у т.л. у інтэрв’ю дастаткова спрэчныя, бо беларускі нацыяналізм традыцыйны і вельмі адрозніваецца ад нацыяналізму нашых суседзяў. Ва ўсялякім разе для мяне як беларускага нацыяналіста тая сістэма каштоўнасцяў, якая прапагандоўваецца Алесем Астроўскім дастаткова спрэчная. А загаловак у інтэрв’ю добры.