Літоўская палітычная думка. Канец ХІХ ‒ пачатак ХХ стагоддзя. Анталогія (2013). Уклад. Андрэй Казакевіч, навук. рэд. Томаш Блашчак. Мінск: Медисонт, 320 с+[6] л. іл.

Homines historiam ignari semper sunt pueri

Людзі, якія даўніну не зведваюць. – назаўсёды дзеці

Выхад у свет анталогіі “Літоўская палітычная думка” (канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя)” стаў прыемнай навіной для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, Літвы, Цэнтральна-Усходняй Еўропы і нацыянальнымі рухамі ў гэтай частцы свету.

Нягледзячы на геаграфічную і гістарычную блізкасць, паўночна-заходняя суседка для беларусаў дагэтуль застаецца ў вялікай ступені terra incognita. Моўны бар’ер і слабая зацікаўленасць айчынных навуковых устаноў літоўскімі сюжэтамі становяцца моцнай перашкодай для кожнага даследчыка. Таму імёны Ёнаса Басанавічуса (Jonas Basanavičius), ці Мацеюса Валанчуса (Motiejus Valančius), назвы “Aušra” (“Світанак”) і “Vilniaus žinios” (“Віленскія весткі”) з’яўляюцца для большасці прадстаўнікоў гуманітарнай навуковай супольнасці пустым гукам. Толькі зварот да польска-, руска- ці англамоўнай літаратуры дазваляе ў нейкай ступені запоўніць гэты прабел.

Для знаёмства з гісторыяй Літвы ХІХ – ХХ стагоддзя можна выкарыстаць шматлікія выданні, якія ўжо сталі класікай гістарыяграфіі. Вылучаецца тут польская літуаністыка. Тут можна ўспомніць працы Міхала Ромера (Michał Römer) (Römer, 1908), Лявона Васілеўскага (Leon Wasilewski) (Wasilewski, 1912). З пазнейшых прац вельмі важныя даследванні Ежы Ахманьскага (Jerzy Ochmański) (Ochmański, 1965; Ochmański, 1990) і Пятра Ласоўскага (Piotr Łossowski) (Łossowski, 2001).

На польскую мову перакладаліся працы літоўскіх гісторыкаў Эгідыюса Алесандравічюса (Egidijus Aleksandravičius) і Антанаса Кулакаўскаса (Antanas Kulakauskas) (Aleksandravičius, Kulakauskas, 2003). Прыкладам сумеснага асэнсавання мінулага Літвы польскімі і літоўскімі навукоўцамі з’яўляецца праца Анджэя Рахубы (Andrzej Rachuba), Юратэ Кяўпене (Jūratė Kiaupienė) і Зігмантаса Кяўпы (Zigmantas Kiaupa) (Rachuba, Kiaupienė, Kiaupa, 2009). Зусім нядаўна з’явілася і выдадзеная на некалькіх мовах найноўшая гісторыя Літвы (Eidintas, Bumbauskas et al., 2013).

Своеасаблівым locus classicus даследвання праблематыкі з’яўляецца фундаментальная манаграфія Міраслава Гроха (Miroslav Hroch) (Hroch, 1985: 86-97).

Даробак айчыннай навукі ў галіне даследванняў мадэрнага літоўскага нацыянальнага руху пакуль досыць сціплы. Можна прыгадаць адпаведныя раздзелы пра Літву і літоўцаў у кнізе Паўла Церашковіча (Терешкович, 2004) і працы Юрыя Унуковіча (Унуковіч, 2006).

Кніга адкрываецца кароткім нарысам развіцця літоўскай палітычнай думкі ў ХІХ стагоддзі аўтарства Томаша Блашчака (Tomasz Błaszczak). У ім сцісла апісаны важнейшыя фактары, якія паўплывалі на яе станаўленне і развіццё.

Беларускім навукоўцам асабліва важна, на нашу думку, звярнуць ўвагу на звесткі пра дзьве ўнікальныя з’явы ў гісторыі нашай суседкі, якія ў значнай ступені паўплывалі на паспяховасць літоўскага патрыятычнага руху ў цэлым – таварыствы цвярозасці (падчас існавання ахоплівалі да 80 % насельніцтва Ковенскай губерні) і рух кніганошаў (амаль 40 гадоў забяспечвалі літоўцаў друкаваным родным словам). Тым больш, што абедзьве з’явы звязаныя і з айчыннай гісторыяй – літоўскія кантрабандысты пераносілі і беларускія кнігі (Ластоўскі, 1926: 106; Туронак, 2006: 29), а таксама кнігі для літоўцаў у Беларусі (Унуковіч, 2006: 39).

Існавалі ў нас і масавыя таварыствы цвярозасці (Brensztejn, 1918; Gieczys, 1935). На жаль невядома, у якой ступені яны паўплывалі на сацыяльныя працэсы ў Беларусі.

Анталогія ахоплівае 28 тэкстаў, якія з’явіліся паміж 1846 і 1915 гадамі, прычым пераважная большасць з іх (а гэта 24 з іх) была створана на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, калі і развіваўся літоўскі нацыянальны рух. Дакументы змешчаны ў пяці раздзелах. У прынцыпе, гэты падзел адпавядае класічнай схеме Міраслава Гроха (фазы A, B і C нацыянальнага руху) (Хрох, 2002: 125).

Першыя дакументы прысвечаны патрабаванням літоўцаў захоўваць і вывучаць уласную культуру. Сярод іншага, ўвагу беларускага даследчыка прыцягвае і выкарыстаны літоўцамі славуты эпіграф “Загляне сонца і ў наша ваконца” (71), які нам падаваўся прыдуманым кімсьці з беларускіх адраджэнцаў у ХІХ стагоддзі.

Другая частка прысвечана літоўскаму друку і ідэі літоўскай нацыі. Цікава, што і тут у літоўцаў шмат падабенстваў з беларусамі. Напрыклад “Aušra” пачала выходзіць толькі у 1883 годзе. Нагадаем, што беларускі “Гоман” выходзіў у 1884 годзе. Аднак калі літоўская газета аказала вялікі ўплыў на патрыятычную інтэлігенцыю, то беларускі часопіс, што выходзіў у Пецярбурзе, так і застаўся малавядомым і стаў набыткам даследчыкаў толькі праз 50 гадоў.Калі нешматлікія літоўскія інтэлектуалы з зайздроснай актыўнасцю апрацоўвалі нацыянальную ніву, беларусы “заснулі” на 20 гадоў і “абудзіліся” толькі напачатку ХХ стагоддзя. За гэты час літоўцы ўжо стварылі адзін з найбольш паспяховых рухаў у Расійскай імперыі. Вацлаў Ластоўскі ў 1910 годзе пісаў аб гэтым так: “Што могуць зрабіць два мільёны грамадзян, авеяных адным духам, можам бачыць хаця-бы з развіцця літоўскай прэсы (газет). Усяго выходзіць цяпер 43 літоўскія газеты, з гэтых у Расіі 16, у Нямеччыне 8, у Англіі 2, у Амерыцы 17” (Włast, 1910: 190).

Беларускія тэксты, створаныя ўжо ў пачатку ХХ стагоддзя, паказваюць, што нашы нацыянальныя дзеячы ўважліва сачылі за літоўцамі і, у вялікай ступені, выкарыстоўвалі іх напрацоўкі ва ўласных мэтах. Той жа Ластоўскі пісаў: “Літвіны шчыра працуюць на нацыянальнай глебе і праз трыццаць гадоў, лічучы ад пачатку нацыянальнага руху, зрабілі многа; нам, беларусам, шмат чаму можна навучыцца, гледзячы на працу літвіноў…” (Włast, 1910: 189). Можна ў гэтым плане ўзгадаць пра “Нашу долю”, якая была блізкай па зместу да літоўскай “Naujoji Gadynė” (“Новая эра”). І прыклады такіх запазычаанняў, а то і выкарыстання літоўскіх структур у сваіх мэтах можна прыводзіць безліч.

Анталогія дазваляе нам праводзіць у гэтым плане карысныя параўнанні. Возьмем, напрыклад, паведамленне аб выхадзе “Vilniaus žinios”: “Абраўшы для сябе…мэту,…рэдакцыя…не прысвячаем часопіс нейкай адной частцы нашага грамадства, а жадаем, каб кожны літовец, які імкнецца да светлага і прагне зразумець жыццё свайго краю і свету ў цэлым, мог знайсці на старонках часопіса мілы і чаканы для сябе свет. Таму мы робім наш штодзённік не для пэўнага саслоўя, не для якой-небудзь часткі, а цалкам для ўсяго нашага грамадства” (87).

Параўнаем гэта з праграмным патрабаваннем рэдакцыі “Нашай нівы”: “Не думайце, што мы хочэм служыць толькі ці панам, ці адным мужыкам. Мы будзем служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу…Ведайце добра, што “Наша ніва” – газета не рэдакцыі, а ўсіх беларусоў, і ўсіх тых, хто ім спагадае. Кожны мае права быць выслуханым на страніцах нашай газеты і кіраваць ёю, каб толькі было разуменне. Мы з сваей стараны будзем старацца, каб усе беларусы, што не ведаюць, хто яны ёсць, – зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі свае права і памаглі нам у нашай рабоце” (Nasza niwa, 1906: 1).

Часткі III i ІV прысвечаныя пачаткам фарміравання літоўскай нацыянальнай свядомасці і першым літоўскім палітычным партыям. Гэта праграмы Літоўскай дэмакратычнай партыі, нацыянальнай партыі літоўскіх дэмакратаў і Літоўскага аб’яднання хрысціянскіх дэмакратаў. На вялікі жаль, не знайшлося месца для праграмы літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, з якой прыклад брала айчынная Беларуская сацыялістычная грамада.

У апошнім, V раздзеле практычна ўсе дакументы распавядаюць пра падзею, якая паказала значную сілу літоўскіх нацыянальных дзеячоў – Вялікі вленскі сойм 1905 года. На яго сабралася каля 2 000 чалавек (у тым ліку з паветаў, дзе беларусы складалі большасць). Справа ў тым, што яшчэ ў часы, калі выдавалася “Aušra”, налічвалася каля 250 літоўскіх актывістаў. І такія якасныя і колькасныя зрухі адбыліся дзякуючы неверагоднай актыўнасці інтэлігенцыі, якая, нягледзячы на сваю нешматлікасць, змагла дасягнуць масавай падтрымкі і мабілізаваць розныя сацыяльныя слаі літоўскага грамадства для дасягнення палітычных мэтаў.

Апошняй у анталогіі змешчана дэкларацыя незалежнасці Літвы ад 16 лютага 1918 года, якую можна лічыць падсумаваннем літоўскага нацыянальнага адраджэння канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Думаецца, мала хто ў Беларусі ведае, што публікацыя гэтага дакумента ў газеце “Lietuvos aidas” (“Літоўскае рэха”) быў ажыццёўлены вялікім прыхільнікам беларускай справы Марцінам Кухтам. І што за гэта яму давялося заплаціць зняволеннем у нямецкай турме (Pasaulio anykštėnas, 2011: 26).

Выданне нельга крытыкаваць за тэхнічны бок. Апрача звароту ад укладальніка, у якой, між іншым, агаворваюцца прынцыпы, тэрміналогія і тэхнічныя дэталі выдання, таксама ёсць і карысныя дадаткі, у якія змешчаны звесткі пра асоб, геаграфічныя аб’екты і арганізацыі, карта мясцовасцей, што згадваюцца ў кнізе. Таксама ёсць імянны і геаграфічны паказальнік, што дазваляе прасцей арыентавацца ў тэкстах, фотаздымкі некаторых літоўскіх дзеячоў і выданняў (Терешкович, 2004: 188).

Відавочна, велізарную працу давялося зрабіць перакладчыкам. Праца іх ускладнялася і пэўнымі тэхнічнымі момантамі, адсутнасцю той жа нацыянальнай традыцыі пры трансілітарацыі літоўскіх імёнаў на беларускую мову (11). Тым не менш, як нам падаецца, не заўсёды ўдалося пазбегнуць пэўных спрэчных момантаў пры перакладзе. Так, для абазначэння паняцця “кафедральны сабор” паслядоўна ўжываецца наватвор “Кафедра” (sic), адначасова выкарыстоўваюцца такія тэрміны як “адкольніцтва” (sic) і “раскольніцтва”, “бажніца” і “касцёл”, “пробашч” і “настаяцель”, неабгрунтаваныя паланізмы такія, як “закрэнты” (sic) (50), “менш-больш” (sic), “плашчыні” (19). Таксама акрамя слова “летувінінкі” варта было б ужываць больш зразумелы для беларускага чытача тэрмін “прускія літоўцы”.

У цэлым анталогію можна назваць вельмі карыснай. Думаецца, што ігнараваць яе пры знаёмстве з адным з самых загадкавых і парадаксальных нацыянальных рухаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы было б недаравальнай памылкай. Таксама трэба спадзявацца, што гэта будзе не апошняе выданне інстытута на тэму гісторыі Літвы і нацыянальнага руху ў гэтай краіне.

Літаратура, якая згадваецца ў аглядзе

    1. Römer. M (1908). Litwa. Studium o odrodzeniu narodu litewskiego. Lwów: Polskie towarzystwo nakładowe.
    2. Wasilewski. L (1912). Litwa i Białoruś. Przeszłość-teraźniejszość-tendencje rozwojowe. Kraków: Spółka nakładowa “Książka”
    3. Ochmański. J (1965). Litewski ruch narodowo-kulturalny w XIX wieku (do 1890 r). Białystok.
    4. Ochmański. J (1990). Historia Litwy. Wroclaw etc.: Ossolineum.
    5. Łossowski. P (2001). Litwa. Warszawa: Trio.
    6. Aleksandravičius. E., Kulakauskas A (2003). Pod władzą carów. Litwa w XIX wieku. Kraków: Universitas.
    7. Rachuba A., Kiaupienė J, Kiaupa Z (2009). Historia Litwy: dwugłos polsko-litewski . Warszawa: DiG.
    8. Eidintas A., Bumbauskas A i inni (2013). Historia Litwy Wilno: Eugrimas.
    9. Терешкович П (2004). Этническая история Беларуси XIX – начала XX вв.: В контексте Центально-Восточной Европы. Мн: БГУ.
    10. Унуковіч Ю (2006). “Літоўцы ва Усходняй Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХІ стагоддзя“, Беларускі гістарычны часопіс, № 9.
    11. Hroch M (1985). Social Preconditions of National Revival in Europe. A Comparative Analysis of the Social Composition of Patriotic Groups among the Smaller European Nations. Cambridge ‒London et al.: Cambridge University Press.
    12. Ластоўскі В (1926). “Беларускія (крыўскія) друкі ў Тыльзіце”, Крывіч, № 1.
    13. Туронак. Ю (2006). Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі.
    14. Brensztejn M (1918). Bractwa trzeźwości na Litwie, głównie w djecezji Żmudzkiej 1858-1863. Wilno.
    15. Gieczys K (1935). Bractwa trzeźwości w diecezji żmudzkiej w latach 1858-1864/ Dysertacja doktorska. Wilno.
    16. Хрох. М (2002). “От национальных движений к полностью сформировавшейся нации: процесс строительства наций в Европе” у Нации и национализм. М: Праксис.
    17. Włast (1910). “ІV Litoŭskaja wystaŭka ŭ Wilni”, Naša niwa, № 12.
    18. “Paczynajuczy wydawać biełaruskuju hazetu…” (1906), Nasza niwa, № 1.
    19. “Iš laiko gelmės – trakiniečiai. Biografijų kronika” (2011), Pasaulio anykštėnas. Pasaulio anykštėnų bendrijos almana-chas kiekvienam, laikančiam save anykštėnu, № 1.