Германска-савецкая вайна — зручны інструмент для лукашэнкаўскага рэжыму, паколькі тагачаснае процістаянне можна перанесці на сённяшнюю сітуацыю. Так навязваецца спрошчаная, але зусім не бяскрыўдная ў прапагандысцкіх адносінах сувязь паміж мінуўшчынай і сучаснасцю.

 

УВОДЗІНЫ

 

Гэты артыкул разглядае важнасць гістарычнай памяці і той яе часткі, што датычыць Другой сусветнай вайны, у сучаснай беларускай палітыцы. Ён аналізуе тое, як улада ўключае ваенныя падзеі ў кантэкст дзяржаўнай філасофіі і нацыянальнай гісторыі, а таксама ўжывае мас-культуру для ўвечнення вайны як найважнейшай падзеі беларускай мінуўшчыны. Артыкул закранае і актуальныя дачыненні Беларусі і Расіі, а таксама повязі паміж вайной і маладым пакаленнем беларусаў, г. зн. дваццацігадовымі юнакамі і дзяўчатамі, якіх заахвочваюць да ўступлення ў БРСМ, дзе ім навязваюць нават менш рэалістычную канцэпцыю ваенных падзей, чым тая, што панавала ў савецкай прапагандзе. Артыкул пастулюе, што Лукашэнкаў рэжым у сваёй новай прапагандысцкай кампаніі «За незалежную Беларусь» спрабуе выкарыстоўваць вайну як інструмент кантролю над розумамі. У процілегласць савецкаму перыяду Вялікая Айчынная вайна, як яе звычайна называюць, цяпер выкарыстоўваецца не як прыклад міжнацыянальнага братэрства ў барацьбе з бязлітаснымі захопнікамі, а як падзея, у якой асабліва вызначыліся беларусы.

Сёння існуе шмат праяваў памяці аб ваенным часе: манументы, музеі, мемарыяльныя комплексы, магілы герояў, усенародныя святкаванні Дня Перамогі і Дня абаронцаў Айчыны, а таксама дакументальныя фільмы, навукова-папулярныя працы, тэлеперадачы і акадэмічныя даследаванні. Прэзідэнт неаднаразова выступаў з прамовамі на тэму вайны, у тым ліку ў Брэсцкай крэпасці — адным з галоўных мемарыяльных комплексаў. Гэты артыкул — частка новага праекту, які мае на мэце ахапіць усе гэтыя праявы, каб ацаніць ролю вайны ў грамадскім жыцці сучаснай Беларусі, і найперш у яе папулярнай культуры — бо наўрад ці большасць жыхароў рэспублікі рэгулярна чытае новыя навуковыя працы пра вайну, якімі сістэматычна папаўняецца Нацыянальная бібліятэка. Наш артыкул абмяжуецца адной галоўнай тэмай, а менавіта працэсам стварэння сувязей паміж вайной і беларускай моладдзю.

ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ-2008

8 мая 2008 г., у дзень, калі ў большасці еўрапейскіх краін адзначаюць паразу гітлераўцаў, беларускі прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка выступіў з прамовай з нагоды 63-й гадавіны заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Адрозна ад папярэдніх гадоў, гэтым разам прамова вызначалася сцісласцю. У друку яна выйшла пад загалоўкам «Мы перамаглі!». Такі самы лозунг ужываўся ў савецкі перыяд і прысутнічае на многіх прапагандысцкіх плакатах, якія можна знайсці ў музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Некаторыя тэзісы прамовы можна назваць рытуальнымі, закліканымі абудзіць у аўдыторыі тыя самыя пачуцці, што і дзесяцігоддзі таму, напрыклад:

Гэта самая памятная і ўрачыстая дата ў гісторыі нашага народа, якая сімвалізуе яго гераізм, мужнасць і самаадданасць у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі за свабоду роднай краіны.

Аднак у іншых адносінах прамова вызначаецца менавіта сваімі адсылкамі да сучаснасці:

Новыя пакаленні беларусаў высока ўшаноўваюць подзвіг дзядоў і бацькоў і пабудовай міралюбнай суверэннай дзяржавы, дэманструюць вернасць запаветам тых, хто праліваў кроў за права на існаванне нашай Айчыны.

Тут няма згадак пра сумесную барацьбу ці шкадавання з нагоды распаду Савецкага Саюза. Лукашэнка асобна ўспамінае пра Хатынь — вёску, якую спалілі немцы разам з усімі жыхарамі, апрача аднаго старога і хлопчыка, пра якіх сёння нагадвае вялікі помнік на ўваходзе ў мемарыяльны комплекс.

9 мая, калі ў Расіі і Беларусі (як раней ва ўсім СССР) адзначаецца Дзень Перамогі, Лукашэнка прысутнічаў на афіцыйных святкаваннях у Мінску. Ва ўрачыстым шэсці ў сталіцы ўзялі ўдзел каля 6000 чалавек, у тым ліку былі 500 прадстаўнікоў ад кожнай вобласці. У сваёй прамове прэзідэнт спыніўся на палітыцы ізаляцыі Беларусі з боку краін Захаду. Ён згадаў пра велізарныя арсеналы зброі масавага знішчэння, назапашаныя на планеце, і «асобныя краіны», якія «ўявілі сябе звышдзяржавамі» і дазваляюць сабе ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншых краін. Лукашэнка выказаўся і пра рост актыўнасці блока НАТО, а таксама пра размяшчэнне элементаў амерыканскай сістэмы стратэгічнай проціракетнай абароны ў цэнтры Еўропы. Беларусы, сказаў Лукашэнка, ніколі не імкнуліся падзяліць перамогу 1945 г. на сваю і чужую, і ўдзячныя тым, хто змагаўся разам з імі, але «ўсе павінны помніць пра вядучую ролю Савецкага Саюза ў разгроме фашызму». Тым часам «сёй-той спрабуе перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны. Перакроіць карту Еўропы». Беларусь жа зазнае эканамічны шантаж.

Праводзіцца, такім чынам, прамая сувязь паміж вайной і сучаснымі праблемамі Беларусі. Адно што ў прамове 9 мая прысутнічаюць згадкі пра Савецкі Саюз. Прэзідэнт завяршыў выступленне сцверджаннем, што ўзброеныя сілы Беларусі стаяць на варце «рубяжоў Айчыны», г. зн. ахоўваюць як Беларусь, так і Расію. Аднак не Расія знаходзіцца пад непасрэднай пагрозай. Падставай для слоў прэзідэнта несумненна стала забарона на ўезд у ЗША і ЕС беларускіх чыноўнікаў, а таксама забарона на гандаль з беларускай кампаніяй «Белнафтахім». У час, калі рабілася прамова, Беларусь распачала захады дзеля скарачэння персаналу амерыканскага пасольства ў Мінску, якія прывялі да ад’езду пасла і змяншэння колькасці дыпламатаў з трыццаці пяці да пяці чалавек. У ранейшыя гады беларускі лідэр нязменна падкрэсліваў вялікую ролю цеснага супрацоўніцтва з Расіяй як у перамозе ў Другой сусветнай вайне, так і ў сучасным процістаянні Захаду. Аднак гэтыя ўзаемаадносіны ўсё часцей пачалі рабіцца прадметам перагляду. Так, пытанне пра расійска-беларускі саюз выклікае вострыя дэбаты не толькі ў колах апазіцыі, але і сярод прадстаўнікоў беларускіх уладаў.

У красавіку 2008 г. пытанне пра ўзаемаадносіны з Расіяй прынамсі двойчы закраналася назіральнікамі. Аляксандр Фадзееў, загадчык аддзела Беларусі ў Інстытуце краін СНД, заявіў, што элітам дзвюх краінаў яшчэ належыць выпрацаваць адзіную рэалістычную канцэпцыю міждзяржаўнай інтэграцыі. У Беларусі ж тым часам працягваюць змагацца дзве спрадвечныя тэндэнцыі: з аднаго боку, любоў да Расіі і надзея на яе дапамогу, а з другога — боязь страціць нацыянальную незалежнасць, падпаўшы пад расійскі ўплыў і ўладу. У Генадзя Давыдзькі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, як уяўляецца, больш аптымізму наконт супрацоўніцтва з Расіяй; яго таксама больш турбуе стаўленне да гэтага пытання беларускай моладзі. Так, ён адзначыў (не надта дбаючы пра гістарычную дакладнасць), што ва ўсіх войнах, якія перажыла Расія, — са шведамі, французамі і туркамі — беларускі народ стаяў на полі бітвы поплеч з рускім. У час Вялікай Айчыннай вайны «Беларусь была рэспублікай-партызанкай, рэспублікай-гераіняй». Ваенная еднасць была, на яго думку, галоўнай перадумовай поўнай перамогі. Але «нам трэба ўкараняць сярод моладзі разуменне гэтых каштоўнасцей». Давыдзька згадвае пра шэраг ключавых праблем, з якімі цяпер сутыкнулася краіна. Па-першае, ён лічыць трагедыяй паступовае забыццё беларусамі сваіх культурных адметнасцей і гістарычных здабыткаў, чым хутка карыстаюцца суседзі і палітычныя апаненты. Па-другое, з парадку дня па-ранейшаму не сыходзіць пытанне, як абараніць незалежнасць, выстаяць перад разнастайнымі выклікамі і пагрозамі, а таксама захаваць «нашу культуру» ды «маральнае здароўе» маладых людзей [1].

ПОМНІКІ І МУЗЕІ

Лукашэнкаў рэжым пераняў ад савецкай улады большасць памятных дат і рытуалаў, якім у перыяд «часовага праўлення» Вярхоўнага Савета на чале са Станіславам Шушкевічам надавалася мала ўвагі. Хоць прызнанне Мінска «горадам-героем» зацягнулася амаль на трыццаць год, перш за ўсё праз палітычныя матывы [2], канец савецкай эпохі стаў часам актыўнага ўзвядзення помнікаў і мемарыялаў. Апошнія гады ў рамках кампаніі «За незалежную Беларусь» і дзеля фармавання новай формы патрыятызму, заснаванага на ваенных подзвігах, сучасны аўтарытарны рэжым дапоўніў савецкія намаганні шэрагам новых ініцыятыў. Такім чынам, Лукашэнка і яго паплечнікі імкнуцца да таго, каб вайна на няпэўны тэрмін засталася галоўнай падзеяй у нацыянальнай гісторыі і народнай памяці. Акцэнт робіцца пераважна на пакутах і гераізме, прыкладамі якога выстаўляюцца найперш дзейнасць партызан, акты супраціву на самым пачатку вайны (у прыватнасці, у Брэсцкай крэпасці), а таксама вызваленне Беларусі Чырвонай Арміяй. Мы коратка разгледзім разнастайныя прыклады ўшанавання ваеннай мінуўшчыны, але з прычыны абмежаванасці месца пытанне помнікаў будзе прааналізаванае на прыкладзе адной Віцебскай вобласці.

У 1980-я гг. у Віцебскай вобласці быў створаны шэраг новых помнікаў, афіцыйны статус якіх замацавала пастанова Віцебскага абласнога Савета ад 27 снежня 1990 г. Раскіданыя па розных раёнах, большасць гэтых помнікаў або пахаванняў былі прысвечаныя германска-савецкай вайне. Як правіла, такімі помнікамі з’яўляліся памятныя знакі на месцах, дзе гераічна загінулі савецкія салдаты, на брацкіх магілах ахвяр фашызму, а таксама мемарыялы на месцы вёсак, спаленых акупантамі. У цэнтры Віцебска высіцца вялікі манумент у гонар Перамогі з традыцыйнымі трыма шпілямі, якія ўвасабляюць гераізм Чырвонай Арміі, падпольшчыкаў і беларускіх партызан. Як і многія іншыя помнікі, гэты манумент дамінуе над наваколлем і размешчаны на велізарнай забрукаванай плошчы ў адным з найвышэйшых пунктаў горада. У пярэдняй частцы плошчы знаходзяцца два прастакутныя басейны з фантанамі, а з яе процілеглага краю разгортваецца від на даліну Дзвіны. Немцы акупавалі Віцебск 11 ліпеня 1941 г. пасля шасцідзённых баёў з 19-й, 20-й і 22-й арміямі Заходняга фронту. Горад быў вызвалены 28 чэрвеня 1944 г.

Іншыя раёны вобласці таксама маюць свае значныя памятныя месцы. У красавіку 1966 г., напрыклад, у Воршы былі заснаваны мемарыяльны парк Герояў з Курганам Неўміручасці, ад якога адыходзяць шэсць алей, названых у гонар Герояў Савецкага Саюза (у тым ліку К. Заслонава і Ю. Смірнова). На вяршыні Кургана ўстаноўлена Залатая Зорка Героя Савецкага Саюза з прысвячэннем палеглым у «барацьбе за свабоду». У 2004—2005 гг. мемарыяльны парк Герояў быў рэканструяваны. У канцы 2007 г. беларускія ўлады абвясцілі пра будаўніцтва новага мемарыялу ў выглядзе партызанскай вёскі на тэрыторыі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці — як паведамляецца, у месцах дзейнасці брыгады Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. Падчас стварэння мемарыялу прадугледжвалася пабудаваць акопы, зямлянкі і іншыя аб’екты, якія дазволілі б аднавіць карціну штодзённага жыцця ў тыповай партызанскай зоне. Заслонаў, расіец па нацыянальнасці, быў забіты 13 лістапада 1942 г. у баі з атрадам нямецкіх карнікаў. Яго магіла знаходзіцца на платформе чыгуначнай станцыі Ворша-Цэнтральная, там жа ўзведзены вялікі помнік яму. Заслонаў быў камандзірам легендарнай партызанскай брыгады, якую ўзначальваў пад псеўданімам «Дзядя Косця». Пры жыцці ён быў двойчы ўзнагароджаны ордэнам Леніна, а пасмяротна яму надалі званне Героя Савецкага Саюза. Яго імем названы вуліцы ў Санкт-Пецярбургу, Цвяры, Белгарадзе і Краматорску. Паколькі з 1939 г. ён працаваў на чыгуначнай станцыі Воршы, ёсць пэўныя падставы лічыць яго нацыянальным героем Беларусі.

У 2005 г. Лукашэнка прысутнічаў на цырымоніі адкрыцця «Лініі Сталіна» — гістарычна-культурнага комплексу непадалёк ад Заслаўя, які быў створаны на сарака гектарах поля побач з шашой Мінск—Маладэчна. На адкрыццё комплексу былі запрошаны ветэраны, якім прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі падаравалі экзэмпляры кнігі «Сталину, Европа, поклонись». Тэарэтычна створаны на грамадскіх пачатках, комплекс быў пабудаваны пры падтрымцы ўрада, унутраных і памежных войскаў, а таксама грамадскіх арганізацый. Прэзідэнт нярэдка выкарыстоўвае «Лінію Сталіна» як аб’ект паказу для замежных гасцей, што наведваюць Мінск. Гістарычна-культурны комплекс уключае ў сябе доты (некаторыя з якіх аснашчаныя кулямётамі), музей ваеннай тэхнікі і разнастайнага ўзбраення часу не толькі Другой сусветнай, але і пазнейшай халоднай вайны, у тым ліку даволі сучаснага. Часам там наладжваюцца рэканструкцыі баёў паміж вермахтам і Чырвонай Арміяй. «Лінія Сталіна» мае вялікае значэнне з дзвюх прычынаў. Па-першае, як паказвае вышэйпрыведзены прыклад з ветэранамі, комплекс можна разглядаць як спробу яго стваральнікаў і, ускосным чынам, Лукашэнкавага рэжыму рэабілітаваць Сталіна. На карысць гэтага сведчыць і велізарны бюст былога савецкага дыктатара, пастаўлены на ўваходзе ў комплекс. Калі мы там былі, бюст Стална быў укрыты вянкамі. Па-другое, што больш важна з ракурсу гэтага артыкула, комплекс грунтуецца на старым і трывалым міфе, які добра стасуецца з сённяшняй афіцыйнай канцэпцыяй Вялікай Айчыннай вайны: што поступ нацыстаў быў запаволены і сур’ёзна стрыманы магутнай лініяй умацаванняў, якая распасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора і ўключала чатыры такія зоны ў Беларусі, з цэнтральнай часткай у раёне Заслаўя.

Аднак нічога падобнага да такой лініі ў часе нямецкага ўварвання ў СССР не існавала. Сталін на самай справе загадаў ліквідаваць згаданыя ўмацаванні. У Беларусі яны мелі мала сэнсу, паколькі ў верасні 1939 г., пасля далучэння зямель Усходняй Польшчы да Савецкага Саюза, мяжа БССР была перанесеная на Захад, а раён вакол Заслаўя апынуўся ў цэнтры краіны. Доты ішлі ўздоўж ранейшай мяжы, і цяпер іх рэшткі, больш ці менш разбураныя, можна знайсці на пэўнай адлегласці ад комплексу. Аднак яны ўвасаблялі ў найлепшым выпадку бачнасць пунктаў супраціўлення. Надпісы крывёй на сценах некаторых дотаў, што знаходзяцца за межамі комплексу, дазваляюць дапусціць, што іх абаронцы загінулі ў баях з немцамі, але невядома, калі былі зробленыя гэтыя надпісы.

Дык якая ж мэта комплексу «Лінія Сталіна»? Гэта новы ўзор міфатворчасці на тэму германска-савецкай вайны, непасрэдна натхнёны Лукашэнкавым рэжымам. Адрозна ад Брэсцкай крэпасці на заходняй мяжы Беларусі, гераічнае супраціўленне абаронцаў якой было засведчана нават у нямецкіх рапартах, «Лінія Сталіна» з’яўляецца вобразам вайны на службе інтарэсаў дзяржавы. Немалаважна і тое, што комплекс наведваецца як старымі, так і моладдзю. Частку яго персаналу складаюць курсанты вайсковых вучэльняў, і гэта таксама спрыяе ўсталяванню сувязі паміж ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і беларускай моладдзю. Пры гэтым «кантакт пакаленняў» адбываецца ў цікавай для моладзі форме на шырокіх прасторах комплексу, добра бачных з шашы.

БЕЛАРУСКІ РЭСПУБЛІКАНСКІ САЮЗ МОЛАДЗІ

Як адзначана вышэй, рэжым імкнецца да пашырэння сярод моладзі ідэалаў мінуўшчыны, а таксама такога вобразу сучаснай Беларусі, які стварае прэзідэнт. Адным з галоўных сродкаў для выхавання, так бы мовіць, «новага патрыятызму» з’яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ), які паўстаў на аснове былога Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі (камсамола). Працяг традыцый былога камсамола сімвалізуе, сярод іншага, той факт, што БРСМ займае той самы будынак у цэнтры Мінска насупраць адміністрацыі прэзідэнта, што і яго савецкі бацька. Некаторы час суіснавалі дзве буйныя моладзевыя арганізацыі — Беларускі саюз моладзі і Беларускі патрыятычны саюз моладзі, але ў верасні 2002 г. яны былі афіцыйна аб’яднаныя пад назвай БРСМ. У студзені 2003 г. А. Лукашэнка выдаў указ аб дзяржаўнай падтрымцы БРСМ, закліканага аб’яднаць людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года. Сёння БРСМ на чале з яго першым сакратаром Леанідам Кавалёвым працуе паводле разлічанай на чатыры гады (2007—2010) праграмы «Будучыню Радзімы ствараць маладым», якая прадугледжвае такія формы работы з моладдзю, як будаўнічыя атрады, суботнікі, а таксама шэраг патрыятычных акцый. Пад эгідай БРСМ дзейнічае і вайскова-патрыятычны клуб «Памяць». Заяўленымі мэтамі клуба з’яўляюцца фармаванне ў моладзі пачуццяў грамадзянскасці і патрыятызму, выхаванне любові да Радзімы, прыцягненне ўвагі да гераічнай мінуўшчыны народа, а таксама далучэнне моладзі да актыўнага ўдзелу ў рабоце па аказанні дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Вэб-старонка і практычна ўсе публікацыі аб дзейнасці БРСМ прадстаўленыя выключна на расійскай мове. Прысутнічае таксама моцна скарочаная англамоўная версія. Такім чынам, моладзевы патрыятычны саюз не карыстаецца нацыянальнай мовай краіны, якую закліканы прадстаўляць.

У лютым 2008 г. БРСМ абвясціў акцыю «Служым Беларусі», якой спадарожнічаў дэвіз «Мы — унукі салдат Вялікай Перамогі». Канец акцыі быў запланаваны на 28 мая; такім чынам, яна мела ахапіць чатыры дзяржаўныя святы: 23 лютага — Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, 4 сакавіка — Дзень міліцыі, 18 сакавіка — Дзень унутраных войскаў — і 28 мая — Дзень памежных войскаў. Мерапрыемствы акцыі ўключалі ўдзел у дзейнасці саветаў ветэранаў часцей, злучэнняў і аб’яднанняў у рамках праграмы «Наша памяць вечная». З 30 красавіка да 11 мая — г. зн. зноў-такі ў рамках акцыі «Служым Беларусі» — БРСМ і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя (БРПА) праводзілі ўсебеларускі праект «Дзякуй за жыццё!», прымеркаваны да Дня Перамогі. Лозунгам усіх мерапрыемстваў, прысвечаных гэтаму дню, сталі словы «Мы перамаглі!». Такі дэвіз быў закліканы сімвалізаваць галоўныя каштоўнасці БРСМ — еднасць нацыі, непарыўнасць гісторыі і трывалую повязь пакаленняў. Маладыя людзі меліся даведацца пра велічную гісторыю Беларусі і дзякуючы гэтаму вырасці «свядомымі грамадзянамі» сваёй краіны. У Дзень Перамогі моладзь, апранутая ва уніформу БРСМ, удзельнічала ў святочных гуляннях нароўні з ветэранамі, што было зафіксавана на афіцыйных фотасправаздачах з гэтых падзей у Мінску.

Тут выглядаюць дарэчнымі некалькі каментарыяў. Па-першае, даволі працяглы час было відавочным непрыманне лукашэнкаўскага рэжыму маладым пакаленнем. Шмат моладзі было на многіх масавых акцыях, якія мелі за мэту пратэст супраць уладаў, у тым ліку ў пятнаццацітысячным намётавым лагеры пратэсту, які з’явіўся на Кастрычніцкай плошчы пасля змадэляваных прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 г. Такія рухі, як колішні «Зубр» і «Малады фронт», раздражняюць прэзідэнта і яго паплечнікаў. Маладыя людзі складаюць значную долю асуджаных за «дробнае хуліганства» і іншыя антыўрадавыя акцыі ў розных гарадах і мястэчках Беларусі. Разрыў між пакаленнямі выяўляецца і ў тым, што найбольш трывалую падтрымку прэзідэнту аказваюць прадстаўнікі старэйшых пакаленняў. Такім чынам, моладзевы саюз, які ў той ці іншай форме існаваў ужо даўно, быў прызнаны найлепшым сродкам для пашырэння сярод моладзі лаяльнасці не толькі да цяперашняй улады, але і да прынцыпаў, на якіх яна стаіць. Абедзве арганізацыі — БРСМ і БРПА — нагадваюць пра савецкі час; розніца толькі ў тым, што цяпер сфера іх дзейнасці абмяжоўваецца адной рэспублікай, а не саюзам братэрскіх народаў. Такім спосабам уяўленні пра подзвігі і самаахвярнасць беларускага народа пашыраюцца сярод моладзевага руху, які ў сваю чаргу пільна кантралююць органы ўлады.

ГІСТАРЫЧНАЯ ПАМЯЦЬ І ЛУКАШЭНКАЎСКІ РЭЖЫМ

Аднак інтарэс да гісторыі культывуецца толькі ў вельмі вузкай перспектыве — датычна падзей Вялікай Айчыннай вайны [3]. Прычым гаворка ідзе не пра крытычнае асэнсаванне тых віхурных падзей, а хутчэй пра індактрынацыю моладзі афіцыйнымі міфамі пра вайну. Прысутнасць гэтай падзеі ў штодзённым жыцці, можна сказаць, ашаламляльная. У кожным горадзе і пасёлку ёсць шматлікія помнікі, прысвечаныя вайне. У сталічным Мінску ёсць не толькі плошча Перамогі, але і найвялікшы музей Вялікай Айчыннай вайны на постсавецкай прасторы. Ёсць так званы Курган Славы непадалёк ад горада на Маскоўскай шашы, а таксама мемарыяльны комплекс «Хатынь» за 50 кіламетраў ад Мінска ды новыя мемарыялы накшталт «Лініі Сталіна». Альтэрнатыўныя памятныя мясціны таксама існуюць. Напрыклад, усё больш звыклай з’явай робяцца помнікі ахвярам яўрэйскіх гета, але яны ствараюцца коштам замежнікаў. Менавіта гераічная карціна вызвалення ад немцаў была прынятая ўладамі ў якасці адпраўнога пункта ў працэсе стварэння суверэннай Беларусі. Так, хоць афіцыйная кампанія «За незалежную Беларусь» нібыта не прывязвалася ні да якай канкрэтнай даты, ясна, што яна зусім не датычыла падзей ні 27 ліпеня 1990 г., калі прынялі Дэкларацыю аб суверэнітэце, ні 25 жніўня 1991 г., калі была абвешчаная незалежнасць ад СССР.

Сёння не праводзіцца выразнага адрознення паміж Савецкай Беларуссю (БССР) і Рэспублікай Беларусь пасля 1995 г. — у адпаведнасці з вынікамі рэферэндуму, на якім былі змененыя дзяржаўныя герб і сцяг. 1991—1994 гг. малююцца лукашэнкаўскімі ідэолагамі найперш як перыяд смуты, калі дзяржава збілася з тропу, апынуўшыся пад кіраўніцтвам авантурыстаў, што дзейнічалі па ўказцы Захаду [4]. Таму існаванне незалежнай дзяржавы не замінае спасылкам на 1941—1945 гг.

Здавалася б, выкарыстанне германска-савецкай вайны ў якасці палітычнага і прапагандысцкага інструмента не можа працягвацца доўга. Ветэраны хутка паміраюць, і неўзабаве ваеннае пакаленне адыдзе. Аднак логіка ніколі не была моцным бокам Лукашэнкі. Яго палітыка ажыццяўляецца праз спалучэнне грубай сілы і прапаганды. І хоць ён зрабіў пэўныя саступкі адносна іншых гістарычных падзей і асобных дзеячаў мінулага — накшталт помніка Скарыну каля Нацыянальнай бібліятэкі, — большасць яго ініцыятыў у галіне гістарычнай памяці звязаныя з вайной супраць фашыстаў. У той жа час роля Расіі цяпер прыніжаецца; СМІ робяць акцэнт на тым, што расіяне не апраўдалі ўскладзеных на іх спадзяванняў: яны не ўхвалілі «прынцыпу раўнапраўя» пры стварэнні саюзнай дзяржавы; яны здрадзілі старой дружбе, павысіўшы цэны на газ і паставіўшы пад пагрозу беларускі суверэнітэт; яны загрузлі ў дробных войнах у процілегласць міралюбнаму беларускаму народу.

Расійцы па-ранейшаму ўспрымаюцца як браты і найбліжэйшыя сябры беларусаў. Лукашэнка нярэдка заўважае, што не лічыць расіян чужаземцамі. Аднак кіраўніцтва Расіі — асабліва ў час прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна — не заўсёды паводзіла сябе рацыянальна. Таму другой расійскамоўнай дзяржаве даводзіцца выжываць самастойна, хоць яе і яднае з большай суседкай супольная мінуўшчына. Гісторыя вайны з гэтай прычыны павінна падавацца з беларускага гледзішча.

«Неабыякавасць» рэжыму да германска-савецкай вайны не толькі шкодзіць вывучэнню астатняй беларускай гісторыі, але і абмяжоўвае народнае ўспрыманне самой вайны. Так, напрыклад, вельмі мала ёсць аб’ектыўных прац, прысвечаных антысавецкаму руху ў Беларусі ў перыяд нямецкай акупацыі [5]. Рэдка згадваюцца сталінскія злачынствы супраць беларускага народа; недастаткова вывучаны Халакост у Беларусі і наступны заняпад яўрэйскага жыцця ў рэгіёне. Пакуль замежнікі не пачалі праяўляць ініцыятыву што да ўзвядзення помнікаў беларускім яўрэям, ахвярам вайны, такіх помнікаў зусім не было. Акцэнт на моладзевы рух, ваенную славу і самаахвярнасць таксама выглядае досыць злавесна і нагадвае хутчэй 1930-я гг., а не XXI ст. Памяць пра чужаземную акупацыю выкарыстоўваецца для малявання новых трывожных карцін магчымай акупацыі Беларусі войскамі краін НАТО — і ў першую чаргу ЗША. Што да паказу «заходняй пагрозы», то тут няма амаль ніякіх змен у параўнанні з часам халоднай вайны, хоць зрэдку беларускія ўлады праводзяць адрозненне паміж Еўрапейскім Саюзам — патэнцыяльна добразычлівым — і Злучанымі Штатамі, што ўмешваюцца ва ўнутраныя справы краін, якія ім не даспадобы. Германска-савецкая вайна, такім чынам, зручны інструмент для лукашэнкаўскага рэжыму, паколькі тагачаснае процістаянне можна перанесці на сённяшнюю сітуацыю, калі Беларусь зноў чуе пагрозы з боку магутных дзяржаў і адчувае брак дапамогі ад сваіх сяброў, пры тым што яе войскі па-ранейшаму бароняць рубяжы былога Савецкага Саюза. Так навязваецца спрошчаная, але зусім не бяскрыўдная ў прапагандысцкіх адносінах сувязь паміж мінуўшчынай і сучаснасцю.

___________________________________________

1. Абодва каментарыі былі апублікаваныя ў матэрыяле «На глабальныя выклікі мы мусім даць глабальны адказ» у газеце расійска-беларускага саюза «Союзное вече». № 10. 10—16 красавіка 2008. С. 2—3.

2. У маі 1945 г. меркавалася, што Мінск будзе ўзнагароджаны званнем горада-героя разам з Ленінградам, Сталінградам, Севастопалем і Адэсай. Гэтая ідэя знайшла падтрымку ў шэрагу Герояў Савецкага Саюза, а таксама ў першага сакратара ЦК КПБ П. Панамарэнкі. Аднак прапанову адхіліў НКВД на чале з Л. Берыем, а многіх простых мінчукоў і падпольшчыкаў абвінавацілі ў супрацоўніцтве з ворагам. У верасні 1959 г. ідэя была зноў агучаная тагачасным партыйным лідэрам і былым партызанам К. Мазуравым, аднак і гэтая спроба не мела поспеху. Трэцяя спроба была зробленая ўвесну 1965 г., гэтым разам з ініцыятывы Масквы, уладу ў якой у той час узначаліў Л. Брэжнеў. Аднак яе ажыццяўленню перашкодзіў М. Падгорны, другі сакратар ЦК КПСС, якому здавалася, што ў выпадку атрымання такой узнагароды Мінскам Беларусь апярэдзіць яго родную Украіну ў знаках ваеннай славы. Толькі падчас падрыхтоўкі да святкавання 30-годдзя заканчэння вайны ў Еўропе, 26 чэрвеня 1974 г., Мінск атрымаў ганаровае званне «Горад-герой» за гераізм яго жыхароў у барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў і ў разгортванні партызанскага руху ў Беларусі. На пачатку 1978 г. кіраўніцтву Беларусі і Мінска ўручылі ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка». Гл. артыкул Яўгена Бараноўскага «Мінск мог стаць горадам-героем амаль на 30 гадоў раней — яшчэ ў пераможным 1945-м?».

3. Адносна дэбатаў наконт гістарычнай памяці ў Беларусі і дзяржаўных утварэннях, што папярэднічалі ёй, гл., напрыклад, артыкул Андрэя Катлярчука «The Tradition of Belarusian Statehood: Conflicts About the Past of Belarus» у зборніку пад рэдакцыяй Эгле Рындзевічутэ «Contemporary Change in Belarus» (Huddinge, Sweden: Baltic and East European Graduate School, 2004. С. 41—72).

4. Больш рацыянальны аналіз эканамічных праблем гэтага перыяду гл. у працы І. Коўкеля і Э. Ярмусіка «История Беларуси с древнейших времён до нашего времени» (Мінск: Аверсэв, 1998). С. 572—573.

5. Нядаўна ў вёсцы Дражна (Мінская вобласць) быў пастаўлены памятны крыж у памяць аб жыхарах вёскі, 15 красавіка 1943 г. забітых мясцовымі партызанамі. Як паведамляецца, партызаны знішчылі 37 двароў і забілі 25 мірных жыхароў (БелаПАН. 19 красавіка 2008). Пазней улады дэмантавалі гэты крыж.

____________________________________________

Дэвід Марплз — прафэсар катэдры гісторыі ўнівэрсытэту Альбэрты (University of Alberta, Edmonton), дырэктар праграмы дасьледаваньняў сучаснай Украіны імя Стасюка пры канадзкім Інстытуце ўкраінскіх дасьледаваньняў. Летась убачыла сьвет яго дасьледаваньне, прысьвечанае фэномэну лукашэнкаўскай улады «The Lukashenka Phenomenon: Elections, Propaganda, and the Foundations of Political Authority in Belarus (Trondheim, Norway: Trondheim Studies on East European Cultures and Societies, No. 21, 2007), а таксама нарыс сучаснай украінскай гістарыяграфіі «Heroes and Villains: Creating National History in Contemporary Ukraine» (Budapest and New York: Central European University Press, 2007). Апошняя публікацыя ў «ARCHE» — палеміка з Грыгорыем Ёфэ «Выбары і нацыятварэньне ў Беларусі» (6/2007).

Уладзімер Падгол — публіцыcт, аўтар раману «Куля для прэзыдэнта», які на старонках «ARCHE» ў свой час разгледзеў Пётра Рудкоўскі. Аўтарская назва тэксту — «Стварэньне новай гісторыі на базе старой: роля гістарычнай памяці і другой сусветнай вайны ў сучаснай Беларусі».