Напрыканцы мая ў Брэсце адбыўся міжнародны “круглы стол” “Берасцейская Біблія” — унікальны помнік культуры: да 450-годдзя выдання”. Арганізавалі навуковае сумоўе ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкая абласная бібліятэка імя Максіма Горкага.

Падобныя сустрэчы абласная бібліятэка ладзіць не ўпершыню. Іх тэматыка заўжды датычыцца актуальных для беларускай гістарычнай навукі пытанняў і выклікае вялікую цікавасць у навукоўцаў сумежных з Беларуссю краін. Інакш кажучы — у нашых суседзяў, з якімі мы ў розныя часы ўтваралі адзіную палітычную ды культурную прастору. Вось і сёлета на юбілей легендарнай кнігі ў Брэст прыехалі госці з Украіны, Расіі, Польшчы, Латвіі і Літвы. Фактычна рабочымі мовамі “круглага стала” былі беларуская, руская, украінская і польская. Навукоўцы лёгка пераходзілі з мовы на мову. Патрэбы ў перакладзе не было.Своеасаблівым камертонам для ўдзельнікаў сумоўя сталі выступленні намесніка дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандра Сушы “Берасцейская Біблія” як помнік кніжнай культуры Беларусі” і загадчыка аддзела рэдкай кнігі Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі
(г. Санкт-Пецярбург) Мікалая Нікалаева “Які дыяметр юбілейнага торта ў 450-ы дзень нараджэння?»: Берасцейская Біблія як прадмет даследавання”. Пра выданне славутай кнігі казалі як пра эпахальную з’яву не толькі для ўсяго абшару колішняга Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, але і для тагачаснай Масковіі. Пра гэта сведчыць і геаграфія распаўсюджання “Берасцейскай Бібліі”.

Выклікала цікавасць выступленне загадчыка кафедры гісторыі славянскіх народаў Брэсцкага ўніверсітэта Аляксандра Вабішчэвіча “Рэфармацыя ў ВКЛ у беларускіх гістарычных даследаваннях”. З яго вынікае, што роля пратэстантызму ў беларускай канфесійнай, палітычнай і культурнай гісторыі абшару Вялікага Княства Літоўскага дагэтуль не акрэслена. Фактычна, няма навукова абгрунтаванага адказу на пытанне, чаму пратэстантызм, маючы ў прыхільніках і спонсарах Радзівілаў, палітычную эліту краіны, “некаранаваных каралёў” ВКЛ, не здолеў скласці рэальную канкурэнцыю праваслаўю і каталіцызму. Між тым, у дадзеным міжканфесійным канфлікце часоў Сярэднявечча — вытокі шэрагу геапалітычных праблем сучаснасці.

Адзін з аспектаў гэтай вялікай тэмы быў асэнсаваны ў дакладзе дэкана гістарычнага факультэта Драгобыцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Івана Франко (Украіна) Леаніда Цімашэнкі “Берасцейская Біблія” ў кантэксце ўплыву пратэстанцкай рэлігійнай культуры на праваслаўную культуру”. Нягледзячы на стан канфлікту, абумоўленага палітычнай рэчаіснасцю, на нязгоду ў шэрагу маральна-этычных пытанняў, дзве плыні хрысціянства, аднак, знаходзіліся ў культурным кантакце і ўзаемна ўплывалі адна на адну.

Шэраг выступленняў уяўляў з сябе справаздачу пра наяўнасць і стан экзэмпляраў “Берасцейскай Бібліі” ды іншых беларускіх старадрукаў у зборах Кіева, Астрога, Адэсы, Вільнюса, Львова, Мінска… Згадвалася і цікавая акалічнасць: каб скарыстоўваць пратэстанцкую “Берасцейскую Біблію” для патрэб іншых канфесій, ад яе адрывалі аркушы з “выходнымі данымі”, як мы сказалі б сёння.

“Берасцейскую Біблію” яшчэ называюць Радзівілаўскай. Для “некаранаваных каралёў” Вялікага Княства гэтае шыкоўнае выданне было не толькі праявай дабрачыннасці і культурнай акцыяй, — тут выразна прасочваецца палітычны чыннік. Для сцвярджэння свайго разумення хрысціянскага канона, які для еўрапейскіх краін з’яўляўся стрыжнем дзяржаўнай ідэалогіі, Радзівілы не шкадавалі грошай на “прапагандысцкую літаратуру”, замаўляючы яе кампаненты ў перадавых на той час краінах. Іх “Біблія” па мастацкай аздобе і друкарскай якасці пераўзыходзіла ўсё, што друкавалася ў нашай дзяржаве раней. “Берасцейская Біблія” — гэта яшчэ і тэхналагічны прарыў. Адно з выступленняў якраз і датычылася тэмы рэальнага кошту “Берасцейскай Бібліі” для выдаўцоў.

На заканчэнне згадаю даклад дацэнта кафедры грамадска-гуманітарных дысцыплін Маскоўскай школы эканомікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Міхаіла Ламаносава Кацярыны Шчарбаковай “З’яўленне Брэста ў еўрапейскай картаграфіі”. Наўпрост ён, нібыта, не датычыцца тэмы сумоўя. Але спадарыня Шчарбакова пераканаўча даводзіць, што толькі пасля выхаду ў свет “Берасцейскай Бібліі” горад, адкуль яна родам, трывала замацаваўся на еўрапейскіх геаграфічных картах, — да таго часу Брэст на тых картах то з’яўляўся, то знікаў. Кнігу заўважылі — выданне мела агульнаеўрапейскі розгалас. І, як вынік, ігнараваць такі культурны горад было ўжо нельга. Над гэтым фактам варта задумацца. Сама гісторыя сведчыць: культурныя праекты працуюць на імідж гарадоў, мясцін, краін.