У 2013 годзе пабачыў свет “Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы*”. Пад рэдакцыяй канд.гіст.навук Завальнюка У., док.філ.навук Прыгодзіча М., Раманцэвіч В. Слоўнік рэцэнзавалі праф. Булыка А., праф. Мальдзіс А..

З’явіўшыйся слоўнік на беларускай мове першы ў такім накірунку і будзе запатрабаваны як шматлікімі спецыялістамі ў рэлігіязнаўстве, так і ўсімі, хто цікавіцца рэлігійным жыццём краіны. Вітаючы яго з’яўленне і выказваючы аўтарам падзяку за зробленую працу, хацелася б падзяліцца і некаторымі крытычнымі заўвагамі, якія ўзнікаюць пад час працы з дадзеным выданнем.

Пачынаючы з першых старонак аўтары выдання ўказваюць на міжканфесійнасць ужыванай лексікі, што ўспрымаецца, як тое, што лексічныя адзінкі ў слоўніку з’яўляюцца агульнымі для ўсіх канфесій у Беларусі (першая памылка ўжо на 2-ой старонцы…) . На жаль, у многіх артыкулах ёсць шмат недакладнасцяў, у тым ліку сустракаюцца недаравальныя арфаграфічныя памылкі. На мой погляд, значны недахоп выдання і ў выкарыстанай літаратуры: у ёй мы не знойдзем ні адной спасылкі ні на адну з кніг Бібліі, ні на зробленыя раней беларускія рэлігійныя пераклады. Відаць таму на 4-ай старонцы прыведзеная цытата з кнігі Лічбаў Ст. Запавету падаецца ў невядомым перакладзе (магчыма, што гэта аўтарскі пераклад, але такія рэчы трэба таксама пазначаць) і з недакладным указаннем на месцазнаходжаньня цытаты: замест Лікі 6, 24 напісана Лік 6,22.

У прадмове, незразумела на якой падставе сцвярджаецца, што ў Х ст. хрысьціянства падзялялася на дзьве часткі: Рымска-каталіцкую і Візантыйскую цэрквы? Хаця хрысціянства тады яшчэ было непадзеленым. Далей аўтары сцвярджаюць, што Рымская Царква таксама як і Візантыйская спрычынілася да распаўсюду ц.-славянскай мовы на ўсходнеславянскіх землях .

Некаторыя ўжываныя ў кнізе лексічныя адзінкі не адпавядаюць нормам сучаснай беларускай літаратурнай мовы альбо недакладна ўжытыя, напрыклад, замест язычніцкі ўжыта ўст. язычаскі. Для тлумачэння многіх паняццяў выкарыстоўваюцца два розныя словы культ і абрад, але нідзе не патлумачана, чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго, да таго ж ў некаторых месцах пераблытана іх лексічнае значэнне.

У многіх артыкулах сустракаем сфармаваныя яшчэ за савецкім часам стэрыятыпы. Як прыклад, у дадзеным слоўніку ў чарговы раз знаёмімся з езуітамі-радыкаламі, якія нібыта былі галоўным рухавіком заключэньня Брэсцкай уніі. У негатыўным святле ацэньваецца і дзейнасць грэка-католікаў, бо найважнейшым, паводле аўтараў, было захаваньне ц.-славянскай мовы, якая дзякуючы ўніяцкай беларусізацыі выціскалася і толькі праваслаўныя брацтвы здолелі яе адрадзіць. Дзіўна чытаць такое, калі ведаеш, што адным з суаўтараў з’яўляецца каталіцкі сьвятар… Праўда, варта аддаць належнае, аўтары ўсё ж такі прызналі факт прыхільнага стаўлення Уніяцкай царквы да беларускай мовы.

Аўтарам артыкула „Аблачэнне духавенства“ у якім, як і ў іншых шмат памылак і недакладнасцяў, хутчэй за ўсё з’яўляецца каталік, бо адразу ў вочы кідаецца, што ідзе тлумачэнне толькі сімволікі колераў характэрнай для каталіцкай царквы і ігнараванне візантыйскай. Але пры тлумачэнні і каталіцкай традыцыі аўтарам дапускаюцца памылкі і недакладнасці. Звяртае ўвагу на сябе і ўплыў польскай лексікі: стола (літургічная частка аблачэньня дыяканаў, сьвятароў, біскапаў) чамусьці напісана на польскі манер – стула. Незразумелыя матывы, якім карыстаецца аўтар у адносінах да каталіцкага духавенства, калі святара называе ксяндзом, а біскупа епіскапам? Не зразумела чаму аўтары слоўніка не патлумачылі чым розніцца „Грэчаска-Візантыйскае“ праваслаўе ад „Праваслаўнага“ праваслаўя, бо, чамусці, менавіта такі ўмоўны падзел усходняга хрысціянства яны выкарыстоўваюць на старонках выдання.

У артыкуле Аборт міжканфесійнага слоўніка пададзены толькі каталіцкі погляд на гэту праблему…

Галоўная задача слоўніка, як трэба разумець, стварэнне рэлігійнай лексікі для канфесій у Беларусі, таму незразумела, чаму большасць артыкулаў падаецца толькі з пазаіцыі РПЦ МП. Таксама ў некаторых артыкулах абмінаюцца беларускія рэаліі, якія супярэчаць афіцыйнай пазіцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, напрыклад, у артыкуле пра аўтакефалію Праваслаўнай царквы ні словам не ўзгадваецца Беларуская Праваслаўная Аўтакефальная Царква, якая мае значныя пазіцыі сярод беларускай эміграцыі і, па-сутнасці, 30 % праваслаўных беларусаў у свеце належацць да БПАЦ.

Вышэйпрыведзеныя прыклады датычныя толькі першай літары А, што ставіць пад сумніў сур’ёзнасць працы. Відаць таму Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі ў сваёй заяве ад 12.09.2013 адмежавалася ад выдання, тлумачачы гэта тым, што слоўнік з’яўляецца “неаб’ектыўнай лексічнай крыніцай”.

Аналізуючы ўсё вышэйсказанае, складаецца ўражанне, што многія артыкулы слоўніка проста скалькаваныя з рускамоўных, выдадзеных пад пратэкцыя РПЦ МП.

Таму я не раіў бы карыстацца дадзеным слоўнікам, як неаб’ектыўнай і недакладнай крыніцай інфармацыі.