Прадмова да сёлетняга № 7-8 «ARCHE», прысвечанага еўрапейскім традыцыям у Беларусі —  традыцыям даўняй Рэчы Паспалітай.

Каталiцкая супольнасць Беларусi, нягледзячы на шматлiкiя цяжкасцi, апошнiя дваццаць гадоў устойлiва расла, але гэта быў пераважна экстэнсiўны або структурны рост: аднаўлялася сетка парафiй, адчынялiся семiнарыi i выдавецтвы, закладалiся традыцыi новых фэстаў, культ новых мучанікаў за веру. Усё гэта адбывалася паралельна i сiнхронна са станаўленнем iнстытутаў беларускай дзяржаўнасцi, чые праблемы i хваробы росту былi шмат у чым падобныя, бо i дзяржава, i Касцёл дзейнiчаюць сярод адных i тых жа людзей.

Але, бадай, унутраны рост усё болей адстае ад вонкавага. Каталiцкая супольнасць Беларусi ўсё яшчэ слаба ўсведамляе сама сябе — сваю гiсторыю, сваё месца ў сацыяльнай структуры беларускага грамадства, сваю мiсiю. Такiя балючыя праблемы грамадства, як распад натуральнай сям’i, культ бяздумнага спажывецтва, гвалту i сэксу, якi навязваюць камерцыйныя медыi, дэградацыя навакольнага асяроддзя i духоўнага свету чалавека, мусяць стаць клопатам не некалькiх соцень святароў, але дзесяткаў тысяч цывiльных актывiстаў, якiя, на жаль, застаюцца пераважна пасiўнымi. У многiх вясковых парафiях дзецi, з якiмi няма каму працаваць па-за Святой імшой, знiкаюць з Касцёла адразу пасля першай Камунii. Ці шмат з iх прыгадаюць Слова Божае, пераехаўшы ў горад, i ці шмат балючых, а часам непапраўных расчараванняў перажывуць праз гэтае нявольнае адлучэнне? Надзвычай бракуе свядомых цывiльных каталiкоў, асаблiва валанцёраў, каб весцi разнастайныя гурткi, экскурсii, апекавацца хворымi, праводзiць парафiяльныя фэсты.

Усё гэта, урэшце, — пытаннi свядомасцi, унутрана акцэптаванага, асабiста засвоенага пачуцця абавязку. Хто будзе матэрыяльна ўтрымлiваць разгалiнаваную касцельную iнфраструктуру праз пяцьдзесят або сто гадоў? (І ў Рэчы Паспалiтай, i ў Расiйскай iмперыi гэта было справай самiх цывiльных каталiкоў, як сведчыць, у прыватнасцi, артыкул I. Лаўроўскай «Ахвярадаўцы і ахвяраваньні ў Берасці Літоўскім» (XVII—XVIII ст.). Насуперак стэрэатыпам, будаўніцтва і ўтрыманне касцёлаў не было клопатам ураду Рэчы Паспалітай. Міф пра «гвалтоўнае акаталічванне беларусаў» створаны і ўкаранёны ў масавую свядомасць расійскімі ўладамі.) Цi аформiцца праз нейкі час каталiцкая цывiльная супольнасць, i адпаведна — сiстэма адукацыi, ад дзiцячых садкоў да унiверсiтэтаў, навука (не толькi тэалогiя), шпiталi i прытулкi, дамы дзіцячай творчасці, электронныя СМI? Або самае простае: цi будуць, напрыклад, студэнты-каталiкi дзяржаўных ВНУ супольна адзначаць Божае Нараджэнне i Вялiкдзень, з ведама i пры спрыяннi рэктараў? Цi будуць шанаваць каталiцкiя святы і звычаі працадаўцы i школьныя настаўнiкi? Якім чынам мусяць быць аформленыя ўзаемныя абавязкi дзяржавы i Касцёла — давядзецца вырашаць у найблiжэйшы час, бо зразумела, што без такога афармлення ўжо не абысцiся.

Каталiкi, бадай, самая дысцыплiнаваная i законапаслухмяная частка беларускага грамадтва, i наўрад цi гэтая ўласцiвасць iстотна зменіцца ў будучынi. Усе спробы некаторых легкадумных палiтыкаў уцягнуць каталiкоў у канфрантацыю з уладамi нязменна правальваюцца. Калектыўны гiстарычны досвед апошнiх двухсот гадоў навучыў супольнасць разважнасцi i стрыманасцi — але таксама i вернасцi сваiм традыцыям, часам насуперак асабiстай бяспецы. Некаторым неразважным асобам або iдэйным плыням хацелася б супрацьпаставiць каталiкоў iншым хрысцiянскiм канфесiям, прадставiць каталiцызм «iншародным целам» у Беларусi. Але наш час, калi секулярызацыя i дэхрысцiянiзацыя еўрапейскай цывiлiзацыi фактычна набылi маштаб расчалавечвання, прымушае рэшту верных, незалежна ад абрадаў i дагматыкi, да салiдарнасцi i супрацоўнiцтва. Як сумясцiць гэтую патрэбу з патрэбай ва ўласнай iдэнтычнасцi? Як гарманiчна спалучыць iнтарэсы клера i цывiльных, «лацiннiкаў» i «грэкаў», беларусаў i палякаў, каб культываваная культурная разнастайнасць не правакавала бессэнсоўных i дэструкцыйных канфлiктаў? Адказ на гэтыя пытаннi даваць будзе новае пакаленне, для якога магчымасць адкрыта малiцца, хадзiць у пiлiгрымкi, хрысцiцца i браць шлюб у касцёле — бясспрэчнае права i арганiчная патрэба, у адрозненне ад сiтуацыi дваццацігадовай даўнiны.

Нягледзячы на сваю малалiкасць (адносную, зрэшты: бо беларускiх каталiкоў у абсалютным вымярэннi больш, чым, напрыклад, латышоў або эстонцаў у iх нацыянальных дзяржавах), каталiцкая супольнасць Беларусi патэнцыйна адыгрывае важную геапалiтычную ролю ўва ўсёй Цэнтральнай i Усходняй Еўропе, што засведчыў i нядаўнi вiзiт дзяржаўнага сакратара Ватыкана кардынала Тарчызiё Бертанэ. Ролю стабiлiзуючую, кансерватыўную — у пазiтыўным значэннi гэтага слова. Сама наяўнасць гэтай супольнасцi аб’ектыўна супрацьстаiць рознага кшталту авантурным рэваншысцкiм планам як з Усходу, так i з Захаду.

Чытачоў «ARCHE», натуральна, найбольш цiкавiць цывiлiзацыйнае, iнтэлектуальнае ды эстэтычнае вымярэнне беларускага каталiцызму, цывiльная праекцыя лацiнскага культурнага коду: традыцыйна вялiкi ўклад каталiкоў у культуру, навуку, юрыспрудэнцыю Лiтвы-Лiтоўскай Русi-Беларусi. Таму матэрыялы гэтага тэматычнага нумару маюць не так вузка-клерыкальную накіраванасць, але спрабуюць прадставiць каталікоў Беларусі як пэўную ўяўленую супольнасць. Супольнасць са сваёй гiстарычнай мiфалогiяй, сваiм культурным кодам i пантэонам культурных герояў. Але не музей-скансэн, а менавiта жывую супольнасць: народ Божы.

Досвед цяжкiх выпрабаванняў, якiя каталiцкая меншасць зазнала ў апошнiя дзвесце гадоў (гл., напрыклад, артыкулы С. Лукошкі «1780—1800-я гады: рэлігійная канверсія беларускіх уніятаў» ды А. Расiнскага «Памяць ахвяраў і памяць катаў»), добра засвоены калектыўнай свядомасцю (прытым не толькi каталiкоў). Але цi можна сказаць тое самае пра амаль забыты досвед пазiтывiзму апошняй трэцi XIX ст. або ролю юрыдычнай карпарацыi былога ВКЛ — палестры — у складаным i супярэчлiвым працэсе, якi пазней назавуць беларускiм нацыянальным адраджэннем? (Артыкул А. Дзярновiча «<!** Link Internal IdPublication=1&IdLanguage=21&NrIssue=8&NrSection=20&NrArticle=114 TARGET _blank>Наўздагон. Заўвагі на палёх кнігі Анджэя Раманоўскага «Пазітывізм у Літве»»<!** EndLink>, публікацыю М. Хаўстовiча пра Ігнацыя Яцкоўскага і ягоную «Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды» ( i iнш.) А многiя меркаваныя матэрыялы гэтага нумару так i засталiся ненапiсанымi: сведчанне таго, што патэнцыял каталiцкай эстэтыкi ды неатамiсцкай метадалогii ўсё яшчэ слаба выкарыстоўваецца ў посткаланiяльным беларускiм дыскурсе. Зрэшты, у гэтым i бачылася задача гэтага тэматычнага нумару: заахвоцiць патэнцыйных творцаў у розных галiнах, i неабавязкова толькi практыкуючых i намiнальных каталiкоў, больш упэўнена звярнуцца да лацiнскага культурнага коду, арганiчнасць i легiтымнасць якога ў Беларусi не выклiкае сумневаў ужо больш як шэсцьсот гадоў.

___________________________________________________

Алесь Белы — гісторык. Неўзабаве ў выдавецкай сэрыі «Кнігарня «Наша Ніва» выйдзе яго кніга «Наша страва», прысьвечаная аўтэнтычным беларускім кулінарным традыцыям.