Манах каталіцкага ордэна капуцынаў Ян Фібэк выдаў кнігу „Wskrzeszenia na pograniczu dwóch światów”, у якой апісаў гісторыю каталіцкіх парафій на тэрыторыі Докшыцкага раёна.

“Гэтая публікацыя паўстала не для здабывання навуковых тытулаў, а выключна з “патрэбы сэрца” і любові да месцаў, у якіх давялося мне калісьці працаваць душпастырам”, — піша ў прадмове айцец Ян Фібэк. Назва кнігі — “Wskrzeszenia na pograniczu dwóch światów” – сведчыць, як піша аўтар, пра “Хрыстовае дзеянне, якое вяртае жыццё тым, у чыім існаванні можна было ўжо засумнявацца”. У гэтых словах адгукаюцца велізарныя страты, а месцамі і татальнае вынішчэнне, якое спазнала каталіцкая супольнасць рэгіёна за часамі камуністычнага рэжыму.

Аўтар даследваў велізарны пласт крыніц па гісторыі каталіцтва на Докшыччыне. У кнізе можна знайсці спасылкі на сотні дакументаў, якія захоўваюцца ў нацыянальных, касцельных і прыватных архіваў, дзясяткі навуковых прац і публікацый у прэсе. Сабраўшы інфармацыю па драбніцах, аўтар вельмі дэталёва прадставіў гісторыю каталіцкіх кляштараў, касцёлаў, капліц, касцельных маёнткаў.

Апісанне гісторыі каталіцкіх парафій спалучана з багатым агульнагістарычным кантэкстам. У выданні можна знайсці цікавую інфармацыю пра грамадска-палітычную сітуацыю, развіццё адукацыі, рэлігійную свядомасць насельніцтва Докшыччыны на працягу многіх стагоддзяў. Аўтар арыгінальна падыйшоў да храналогіі, падзяліўшы гісторыю парафій на параграфы ў адпаведнасці з датамі служэння святароў.

Кнігу а. Яна Фібэка можна лічыць найбольш грунтоўным даследваннем гісторыі Докшыцкага раёна. Аднак аўтар падкрэслівае, што выданне павінна стаць падмуркам для далейшых даследванняў. Ён дае пералік крыніцаў, якія могуць праліць святло на невядомыя пакуль аспекты рэлігійнай гісторыі Докшыччыны. Мова і стыль выдання не надта зручныя для масавага чытача, затое праца ўяўляе сабой вялікую цікавасць і каштоўнасць для мясцовых краязнаўцаў.

Зрэшты, аўтар выказвае жаданне, каб матэрыялы з кнігі былі выкарыстоўваліся пры падрыхтоўцы беларускамоўных выданняў, прысвечаных гісторыі рэгіёна – і такім чынам станавіліся даступнымі для шырокага чытача. Першая такая спроба была зроблена ў 2008 годзе, калі была выдадзена кніга “Тройцы спрадвечнай будзь хвала”, прымеркаваная да 400-годдзя парафіі Святой Тройцы ў Докшыцах.

Спампаваць кнігу а. Яна Фібэка “Wskrzeszenia na pograniczu dwóch światów” можна па гэтай спасылцы (PDF 5,2 Mb).

westki.info