Мінск гэтымі днямі проста перанасычаны тэатральнымі падзеямі. Так прыемна! Ёсць куды схадзіць, над чым паразважаць. Адчуваеш поўнае паглыбленне ў міжнародны тэатральны кантэкст. Прычым, заўважце, у сталіцы Беларусі.

10-ы міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар» працягнецца да 28 верасня. Падчас гэтага фэсту мы яшчэ паглядзім, а потым і вам раскажам, эстонскі спектакль «Жывеш так і не заўважаеш, як сам на тым свеце апынаешся» паводле п’есы нашага драматурга Паўла Пражко «Майткі»; літоўскі спектакль «Цырк»; грузінскі спектакль «Ана і ананас» паводле Мікалая Рудкоўскага.

Міжнародны тэатральны форум «ТэАрт» будзе ісці амаль месяц — з 28 верасня па 21 кастрычніка. І вось днямі адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды адкрыцця, якая ператварылася ў «круглы стол» па абмеркаванні мецэнацтва ў мастацтве на прыкладзе галоўных спонсараў і партнёраў «ТэАрта» — Белгазпрамбанка і «Газпрам трансгаз Беларусь». І вось яна адбылася ў той жа дзень, калі я паглядзела «Латэнтных мужчын» Карняга. І ўсё гэта ў мяне змяшалася ў нейкі адзін набор думак пад назвай «сучасная беларуская тэатральная сітуацыя». Імі і спяшаюся з вамі падзяліцца.

Калі ласка, Карняг-тэатр

Я імкнулася патлумачыць гэта сваёй маці, але не змагла. Я падбірала словы, спрабавала проста апісаць убачанае: потныя мужчыны ў адных майках, сцэны мастурбацыі, уладныя жанчыны, чырвоная памада, чорныя сукенкі, надзіманыя шарыкі ў выглядзе сардэчак, пісуары… Не сказаць, каб надта прыемнае відовішча. Хаця напаўаголеныя беларускія акцёры і глядзяцца вельмі эфектна. Не горш, чым на пазамінулым фестывалі «Тэатральны куфар» аголеныя італьянскія.

Але гэта ўсё не тое. Гэта не той шлях. Так мама не зразумее, што такое новая пастаноўка рэжысёра Яўгена Карняга «Латэнтныя мужчыны». Яе паказалі днямі ў Мінску на малой сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў рамках «Тэатральнага куфра». Сёлета гэты фэст, як і «ТэАрт», даволі грунтоўна прэзентуе сучасны беларускі тэатр: драматургію, рэжысёрскія падыходы, нашых творцаў, якія ўжо зрабіліся трэндам у Маскве, напрыклад, але ў нас, як часта бывае, іх яшчэ толькі пачынаюць адкрываць.

Пра такія спектаклі пісаць трэба шмат, трэба абмяркоўваць. Гэта важна. Мая мама не мастацтвазнавец і наогул ніяк не звязана з мастацтвам. Яна выдатны спецыяліст у сваёй галіне. Але тое, што адбываецца сёння з мастацтвам наогул, мне складана ёй патлумачыць. Мы сёння ўсе жывём у такі час, калі трэба прывыкаць, што мастацтва — гэта не атракцыён для ўзняцця настрою, а тое, што нам вяртаецца з рэчаіснасці. Лаецеся на вуліцах, забіваеце дзяцей, гвалтуеце жанчын — схадзіце ў тэатр, паглядзіце на гэта збоку, падумайце… Славутае шэкспіраўскае «Жыццё — тэатр, а людзі ў ім — акцёры» ў дачыненні да сучаснага тэатра можна справядліва перайначыць у нешта падобнае на «Тэатр — гэта жыццё, і там усё па-сапраўднаму».

Яўген Карняг разам са студэнцкай трупай свайго ж тэатра закранае агульначалавечыя матэрыі. Прычым заўжды. Прыгадайма хаця б яго спектаклі «Не танцы» ды «Спектакль № 7». Але адначасова ён працуе вельмі чуйна, далікатна, на нейкім амаль сенсорным узроўні. Сюжэт яго спектакляў цяжка пераказаць так, каб цябе не палічылі вар’ятам альбо, як мінімум, дурнем, вартым відэа на уоutubе. Але калі глядзіш такі тэатр, то — адчуваеш. А пачуцці бывае так цяжка выказаць словамі…

«Латэнтныя мужчыны» — гэта спектакль пра мужчын і жанчын, пра засілле жанчын з аднаго боку і пасіўнасць мужчын — з другога. Пра тое, што жанчыны мусяць станавіцца ўладнымі, моцнымі, самастойнымі і злоснымі, таму што мужчыны страчваюць сваю мускуліннасць. І наадварот. Што тут прычына, а што вынік — разабрацца складана. Гэта спектакль пра каханне таксама, пра любоў. Пра тое, што ў кожнага пра яе сваё ўяўленне. У жанчын сваё, у мужчын — сваё. Асабліва калі яны яшчэ і латэнтныя.

Але вось Карняг ператварае сваіх гераінь у нейкіх юных «эсэсавак», якія падпарадкоўваюць сабе кволых, слабых і пасіўных мужчын. Гэта як крык мужчын, маўляў, жанчыны не даюць ім праявіцца. І ў гэтым жанчыны вінаватыя самі. Альбо вінаватыя мужчыны, што з-за сваёй пасіўнасці зноў-такі ненаўмысна прымушаюць жанчын браць на сябе функцыі і мадэлі паводзін мужчын. Карацей, вось такі рэбус. Але вынік усё роўна адзін — усе не задаволены. І ўсе прагнуць любові, кахання. Гэтым спектакль і заканчваецца. Тым, што нехта ад нешчаслівага кахання памірае. Тым, што каханне таксама мае ўласцівасць заканчвацца. Тым, што якімі б мужчыны і жанчыны ні былі рознымі, яны ўсё роўна цягнуцца адно да аднаго. Потым кахаюць, пакутуюць, церпяць і зноў кахаюць…

Чамусьці спектакль Карняга «Латэнтныя мужчыны» нагадаў мне творчасць расійскага музыканта Дэльфіна. Магчыма, таму, што ў Карняга таксама шмат музыкі і сацыялкі. І пластычныя выказванні рэжысёра пад музыку і без музыкі — гэта як рэчытатыў Дэльфіна. Толькі не са слоў, а з рухаў цела. Наогул, тое, як Яўген Карняг працуе з пластычнай мовай, прадметамі, захапляе. Як ён выбудоўвае мізансцэны — таксама. Дакладна. Лаканічна. Пераканаўча.

Дарэчы, у сувязі са згаданымі пісуарамі на сцэне мне прыгадалася яшчэ і кіно. Фільм «Магнолія» рэжысёра амерыканскага незалежнага кінематографа Пола Томаса Андэрсана. Адзін з самых выдатных фільмаў, якія мне наогул калі-небудзь даводзілася глядзець. Сюжэт гэтага фільма не такі заблытаны, як сюжэты фільмаў Дэвіда Лінча, напрыклад. Але сцісла пераказаць яго таксама будзе складана. Таму згадаю толькі адзін эпізод, калі хлопчык-вундэркінд удзельнічае ў тэлегульні, дзе трэба адказваць на розныя пытанні. Накшталт «Што? Дзе? Калі?». І вось ён хоча ў прыбіральню. А яго не пускаюць. Маўляў, эфір хутка пачнецца, пацярпі, чувак. І ён церпіць. Але цярпець цяжка. І жаданне гуляць як заўсёды добра, у хлопца знікае. Ён цалкам падпарадкоўваецца прыроднаму жаданню — схадзіць у прыбіральню, і больш ні пра што думаць не можа. Чалавекам, як вядома, у самыя адказныя моманты кіруюць прыродныя інстынкты.

Гэта я да таго, што спектакль Карняга таксама пачынаецца з гэтага самага жадання. Жанчыны дражняць мужчын, не даючы ім задаволіць натуральную патрэбу. Маніпуляцыя свядомасцю. Калі мужчыну ставяць у такія ўмовы, што ён перастае паводзіць сябе не тое што як мужчына, а як чалавек. Пра гэта яшчэ экзістэнцыялісты пісалі. І гледачоў Карняг хацеў уцягнуць у гэтае «рабства» — перад праглядам прапаноўвалі ўсім наведнікам папіць соку… Адзін з тых самых прыкладаў мастацтва эпохі «смерці аўтара», калі глядач становіцца непасрэдным (ха-ха!) удзельнікам і суаўтарам твора мастацтва.

Я паспрабавала рэабілітаваць перад мамай увесь сусветны постдраматычны, дакументальны тэатр, усю «новую драму» і ўсе астатнія сучасныя тэатральныя кірункі «пост», ахарактарызаваўшы гэта абстрактным словам «эксперыментальны тэатр». Хоць мая мама жыве ў Віцебску і слаба сабе ўяўляе, што такое постдраматычны тэатр. У беларускіх рэгіёнах пра гэта наогул вельмі мала ведаюць. І гэта яшчэ адна праблема.

Зрабіў працу — аказаўся незапатрабаваным?..

Праблема, уласна кажучы, у тым, што мы самі не ведаем свой тэатр. Вось прозвішчы беларускіх драматургаў і рэжысёраў — Яўген Карняг, Мікалай Рудкоўскі, Дзмітрый Багаслаўскі, — якія зрабіліся сапраўднымі трэндамі ў блізкім замежжы.

Людміла Саянкова, загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ, захапляецца смеласцю і эфектыўнасцю працы дырэкцыі фестывалю «ТэАрт». Яны прывозяць у Мінск самыя цікавыя спектаклі з усяго свету. І галоўная задача дзяржавы тут — хаця б не перашкаджаць. А то ў нас часта як: зрабіў працу — аказаўся незапатрабаваным ды яшчэ і вінаватым у нечым…

Але шкада аднаго: «ТэАрт» хоць і абагнаў па якасці і маштабе два іншыя буйныя тэатральныя форумы краіны — «Белую вежу» (Брэст) і «М.@рт.кантакт» (Магілёў) — але так і не стаў у Беларусі набыткам. Зрэшты, як і іншыя высокакультурныя падзеі.

— Без культуры немагчыма нічога! Але нашае грамадства не культураарыентаванае. З гэтага вынікае шмат нашых праблем… — пераканана Людміла Саянкова.

У прыватнасці, наша тэатральная сітуацыя вельмі спецыфічная. Вось Анжаліка Крашэўская, дырэктар Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпрэйшн», які займаецца арганізацыяй фестываляў «ТэАрт» і «Лістапад», кажа, што наш тэатр тэхнічна адстае ад еўрапейскага гадоў на 30. І што ў нас вечная праблема з альтэрнатыўнымі пляцоўкамі.

Вось сапраўды, калі прыязджаюць да нас паказваць нейкі эксперыментальны спектакль, то, часцей за ўсё, даводзіцца ладзіць яго недзе ў клубе, у канцэртнай зале, на стадыёне. Таму што тэхнічныя патрабаванні бываюць самыя розныя, а сцэны нашых галоўных тэатраў не заўжды пад гэта прыстасаваныя. Але сцэны — гэта яшчэ паўбяды. Прывезці спектакль у Беларусь недзяржаўнай арганізацыі, якой з’яўляецца «АРТ Карпарэйшн», бывае настолькі складана, што даводзіцца пераадольваць непераадольнае. Безліч паперак, у кожнай інстанцыі ад вас патрабуюць нешта новае і заўжды непрадказальнае. А ўсё таму, што не ўрэгулявана заканадаўства ў гэтай галіне.

— Ну, пацярпіце, пацярпіце, — спрабуе супакоіць расстроеных тэатралаў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі. — Неўзабаве мы дапрацуем закон аб дзяржаўных закупах, і ўсё наладзіцца.

Адчайна верым. Бо хочацца, каб дзяржаве таксама было патрэбна мастацтва. І беларускае мастацтва ў тым ліку. І каб яна прыслухоўвалася да людзей, якія сапраўды ў нечым разбіраюцца, а не да тых, хто ладзіць інтрыгі і зайздросціць.

Вось Віктар Бабарыка, старшыня праўлення Белгазпрамбанка, — сапраўдны тэатрал. Арганізацыя, якую ён узначальвае, з’яўляецца адным з арганізатараў тэатральнага форуму «ТэАрт». Сам Віктар Дзмітрыевіч наведвае бадай кожны спектакль. Гэта сапраўды варта таго, каб браць прыклад. Таму што часам мецэнаты ў Беларусі альбо даюць грошы на культуру чыста для «галачкі», альбо, што яшчэ горш, таму, што іх прымусілі. Выпадак з «ТэАртам» — прыклад сапраўднай шчырай зацікаўленасці. Такім было мецэнацтва ў нашай краіне спрадвеку. Радзівілаў прыгадайце хаця б.

— Усё з’явілася з-за пачуцця сораму! — гаворыць Віктар Бабарыка. — Аднойчы мне стала сорамна, што ў нас няма твораў прадстаўнікоў Парыжскай школы з Беларусі. І мы вырашылі набыць іх карціны для калекцыі Белгазпрамбанка. Потым мне стала сорамна, што ў Беларусі няма вартага буйнога тэатральнага форуму. І мы вырашылі стварыць «ТэАрт». Падтрымка культуры — гэта агульначалавечая практыка. Так і павінна быць. Дзяржава ў гэтым мусіць недзяржаўным ініцыятывам толькі спрыяць. Заканадаўства павінна ў гэтым дапамагаць. Яно павінна стварацца для сумленных людзей, а не па прынцыпе «абы жулікі сабе якой выгады не знайшлі». Таму што фарміраванне культурнага асяродку — задача дзяржавы. І я, па шчырасці, не ведаю яе пазіцыю на гэты конт. Калі ёй гэта трэба (а дэкларуецца, што нібыта трэба), то мне тады некаторыя рэчы не зразумелыя…

А што тэатр? Тэатр — гэта мы. Пасля тэатра наступае рэальнасць. І мы здольныя на яе ўплываць.