Званні “нацыянальны” і “акадэмічны” абавязваюць да Вялікага стылю. На такой сцэне нельга ставіць толькі лірычныя камедыі, гледачы, крытыкі, улады будуць заўсёды чакаць ад Купалаўскага тэатра ўзнёслых пачуццяў. У сваю чаргу беларускі Вялікі стыль – гэта найперш эпічныя паэмы Купалы і Коласа, сялянскі побыт, паэзія прыроды. Колькі год таму казалі, маўляў, мае адбыцца інсцэніроўка “Новай зямлі”, якая пры пераездзе ў новы дом была б, мажліва, больш сімвалічнай. Але выбар паў на рамантычную паэму з шляхецкага жыцця беларускага (гэта неаднаразова найстойліва падкрэсліваецца стваральнікамі спектакля) па паходжанні паэта Адама Міцкевіча. “Пан Тадэвуш” называюць апошняй эпічнай паэмай еўрапейскай літаратуры, і прыгожы высакародны спектакль паводле гэтага тэксту цалкам меў адпавядаць шыкоўнаму новаму гістарычнаму выгляду будынка Купалаўскага тэатра.

Інсцэніраваць паэму Міцкевіча – гэта амбіцыйны крок, яго мэта – пашырыць арэал беларускай культуры, шанец заявіць свае правы на твор, які распавядае гісторыі людзей, што жылі на беларускай зямлі. “Пан Тадэвуш” наўрад ці ўспрымаецца масава творам беларускім і пра Беларусь. І спектакль на сцэне Купалаўскага мае на мэце звярнуць увагу грамадскасці на гэты твор. Спадзяемся, гэта спрацуе, як са спектаклем “Хам” паводле Элізы Ажэшка, калі пасля прэм’еры раскупілі ў Мінску ўсе кніжкі з гэтай аповесцю.

Ужо напярэдадні прэм’еры сваімі выступленнямі ў відэаблогу tut.by Мікалай Пінігін быццам бы сцвярджае: “На што аддаваць палякам нашае?!!” І дарэчы ў дыскусіі, якая ўзнікала паводле гэтых прамоваў, людзі з большага схіляліся да яго пункту гледжання. Так, Міцкевіч піша па-беларуску, але за гэта прынамсі сёння не пазбаўляюць права называцца беларусам. Адбываецца такое пашырэнне ідэнтычнасці. І поспех прэм’еры меў бы зацвердзіць плён такой ідэйнай экспансіі.

Тым не менш, пасля прэм’ерных паказаў пануе настрой расчаравання. І справа, канешне, не ў тым, што не атрымалася давесці беларускасць Міцкевіча. Прырода гэтага расчаравання носіць сугуба эстэтычны характар. Нам паказалі не той тэатр, да якога мы звыклі, на які спадзяемся. Галоўная прэтэнзія да спектакля ў тым, што ён недастаткова нас закрануў эмацыянальна…

Інсцэніроўкі недраматычных тэкстаў – адна з найбольш складаных мастацкіх праблем. І безумоўны поспех тут вельмі рэдкі. Але ён быў і быў нядаўна. Я маю на ўвазе спектакль “Сымон-музыка”, які выглядаў лірычнай споведзю самога Мікалая Пінігіна. Такога спектакля, я думаю, усе чакалі. Насычанага атмасферай, магіяй лірычнага ўнутранага свету.

Чаму “Пан Тадэвуш” не такі? Быццам бы, гучыць пытанне. Ёсць малады герой, ёсць яшчэ сталыя купалаўскія ветэраны… Што не так? Што гэта? Хібы інсцэніроўкі? Немач акцёраў і рэжысёра? Чаму так?

На маю думку, тут ёсць віна самога Міцкевіча. Спрэчкі няма, “Пан Тадэвуш” адзін з найбольш славутых твораў рамантызму, але што можа з гэтага твора ўзяць для інсцэніроўкі тэатр? Тэатр, які мы любім і цэнім, жывіцца гісторыяй. А тут…

Сюжэт паэмы не сказаць, каб просты, але калі прыглядзецца, ён з сябе ўяўляе хітрае спляценне з некалькіх вельмі простых сюжэтных ліній. Пакахаў адну, потым пакахаў іншую. Крыўдзілася-крыўдзілася, і прабачыла. Ненавідзіў-ненавідзіў, і таксама прабачыў. Паэму Міцкевіча часта параўноўваюць з “Яўгенам Анегіным”, але Пушкін быў больш удалы памясціўшы ў інтэр’еры сваёй энцыклапедыі дваранскага побыту сапраўдную трагічную гісторыю кахання, якая лёгка становіцца падставай і для опернага лібрэтта, і для сучаснай галівудзкай экранізацыі.

Героі “Пана Тадэвуша”, на жаль, выглядаюць фігуркамі на пейзажы, выпадкова трапіўшымі ў поле зроку мастака. Мне спадабалася, як выглядае на сцэне таленавітае маладое пакаленне купалаўцаў і Раман Падаляка, і Павел Харланчук, і дэбютантка Крысціна Казак, якая толькі сёлета выпусцілася з Акадэміі мастацтваў. Іх героі пылкія, яны насычана існуюць на сцэне, і з гэтага мог бы атрымацца лёгкі наіўны вадэвіль кшталту “Ідыліі”. Для Міцкевіча аднак адносіны персанажаў толькі нагода, каб сказаць яшчэ колькі прыгожых слоў пра сваю радзіму, каб у дэталях апісаць яе прыгажосці. І калі ён укладвае словы пра тыя славутасці ў вусны персанажаў, то яны гучаць пафасна і нацягнута, і лёгкая вадэвільная атмасфера знікае.

І тым не менш Пінігіну трэба, каб гэтыя словы прагучалі, яму не патрэбны ад Міцкевіча вадэвіль. Рэжысёр выводзіць Тадэвуша Паўла Харланчука на авансцэну, і той чытае адзін патрыятычны маналог за другім.

Гістарычны кантэкст змяняе гучанне тэксту. 1812 год правёў галоўную еўрапейскую мяжу па беларускіх землях. Там, за Нёманам, стаіць войска Напалеона, а за ім не толькі Францыя, але ўся прагрэсіўная Еўропа. Еўропа пасля Вялікай французскай рэвалюцыі, Еўропа свабодных ад феадальных звычак законаў, вольнасці-роўнасці-братэрства. Супрацьстаіць Напалеону кансерватыўная, традыцыйная Расія, якая яшчэ толькі мае стаць турмой народаў. Сцэна рэкруцкага набору ў спектаклі, у якой пад галашэнне мамак маладых хлопцаў забіраюць у салдаты, становіцца, напэўна, самым моцным эмацыянальным момантам спектакля, на фоне якога амурныя прыгоды Пана Тадэвуша здаюцца зусім ужо недарэчнымі.

Адзін з нечаканых кантрапунктаў спектакля зусім няяўная сюжэтная лінія супрацьстаяння ксяндза Робака і Герваза (у тым складзе, што я глядзеў, іх выконвалі адпаведна Сяргей Журавель і Ігар Дзянісаў). Гэта змаганне “шэрых кардыналаў” становіцца яўным толькі напрыканцы, калі адбываецца прымірэнне двух заклятых ворагаў, і ў нечым (магчыма такая трактоўка) прыміраецца панеўрапейская і нацыянальная ідэя.

Гэты нечаканы здвіг пратаганістаў нечаканы для гледача, збівае яго спанталыку. Але такі погляд дазваляе па-новаму глянуць на сюжэт і на саму структуру спектакля, ды і самой паэмы. Ёсць тыя, хто сцвярджае, што не ўласна Тадэвуш, а ягоны бацька Яцэк Сапліца з’яўляецца сапраўдным рамантычным героем паэмы, а Тадэвуш хіба толькі працягвае яго справу. Напрыканцы ён даруе волю сваім прыгонным, і нам цяжка звязаць гэты момант са сцэнай рэкруцкага набору, але гэтая сувязь ёсць!..

Патэтычную інтанацыю задае нам і сцэнографія Зіновія Марголіна. Тут нагадваецца і рымскі архітэктурны стыль, і парыская трыюмфальная арка. Нам дастаткова зрабіць толькі крок, каб даведацца, што за ёй, але брама насоўваецца на глядзельную залю, прыціскае нас да крэслаў. І ўжо ўзнікае цяжкая мроя жалезнай заслоны, якую не перасекчы, цераз якую не збегчы. Але ў герояў атрымліваецца, і мы мусім прайсці следам за імі, мабыць, да той самай вольнасці-роўнасці-братэрства.

Нам тое зрабіць цяжка, а героям лёгка, бо ім пашчасціла жыць у часы, калі хаця б часткова, але лёс еўрапейскай цывілізацыі вырашаўся тут у нас, а не ў Парыжы і Пецярбургу. Пан Тадэвуш і граф Гарэшка адпраўляюцца служыць Напалеону, перажываюць рэдкую хвіліну салодкай перамогі (часовай, Пінігін зрабіў гэты кавалак спектакля вельмі стрыманым, нават іранічным) і шчасця, і нарэшце церпяць паразу. І гэтая параза ўспрымаецца балюча, як нешта асабістае. Рускія войскі выратывалі сваю радзіму, а пан Тадэвуш са сваёй развітаўся гэтак жа, як Міцкевіч. Менавіта на гэтым спектаклі мне адчулася, якая вялікая прывілея мець такую далучанасць да вялікіх ідэй, мець шанец выйсці за межы ўласнай правінцыйнасці. Нязвыклае адчуванне. Амаль неразпазнавальнае…

Я думаю, чытач здагадаўся, што чытае старонныя радкі пра спектакль “Пан Тадэвуш”. Хоць я і імкнуся да аб’ектыўнасці, але мне вельмі і вельмі падабаецца гэты спектакль у сваёй ідэі асветніцкай місіі . Настолькі моцна падабаецца, што я гатовы стаць для спектакля адвакатам. Наіўна думаць, што трохгадзінны спектакль заменіць непасрэднае спазнанне паэмы Міцкевіча, але ён адназначна мае даць іншыя ракурсы яе разумення (маю спадзеў, што здолеў хаця б часткова паказаць нейкія з іх).

Але безумоўна для паўнаты такой місіі спектакля недастаткова. Неабходны сустрэчы, дыскусіі, лекцыі, магчыма сумесныя прагляды фільмаў, відэаматэрыялаў і нават экскурсіі на радзіму Міцкевіча. Мы не прызвычаіліся да таго, што спектакль можа не быць цалкам самадастатковым мастацкім творам, але менавіта ў выпадку эпічнай паэмы, энцыклапедыі шляхецкага жыцця такое мае сэнс. Тэатр імкнецца выйсці за межы сваёй забаўляльнай функцыі і стаць часткай жыцця. Мне бачыцца вельмі яўна, што гэты спектакль пастаўлены на дзесяцігоддзі. Менавіта таму ў мяне не выклікае занепакоенасці пэўныя хібы спектакля. У яго будзе час саспець, расквісці. У яго ёсць падставы для развіцця. А ў нас ёсць падставы для аптымізму.