Хроніка палявых работ у 1996 – 2007 гг.: асноўныя вынікі і  магчымыя перспектывы.

Капыль – адно з нямногіх паселішчаў у Беларусі, дзе адносна добра захаваліся розначасовыя помнікі археалогіі і дзе ў большай ці меншай ступені захаваўся гістарычны ландшафт.

Цэнтральнае і галоўнае месца ў гэтай групе помнікаў займае старажытнае гарадзішча, вядомае ў мясцовага насельніцтва пад назваю «Замкавая гара», якая велічна ўзвышаецца (на 11 м) над поймаю рэчкі Каменкі. Сваім выглядам яна вабіць вока з любой кропкі далягляду ў любую пару года.

Другі археалагічны аб’ект сучаснага Капыля – гэта яго курганы. Яны, як і Замкавая гара, маляўніча глядзяцца ў любую пару года. Відаць, пад іх уздзеяннем і нарадзіліся славутыя радкі Анатоля Астрэйкі: «Яго сівыя курганы, мо не адну стаілі быль» у вершы «Я родам з Капыля».

Курганы захаваліся ў цэнтры сучаснага горада – тэрыторыя праваслаўных і яўрэйскіх могілак ХХ ст., а таксама ў акрузе Капыля: урочышча «Грабавы гай» і ўрочышча «Дубы». Наступны па сваёй навуковай значнасці помнік археалогіі Капыля – гэта вакольны горад Капыля ХІІ-ХІІІ стст., які паўкальцом ахоплівае Замкавую гару з паўднёвага ўсходу. Па-за рэчкаю Каменкаю, на процілеглым ад гарадзішча і вакольнага горада баку можна прасачыць сляды паселішча канца ХVІ-ХVІІІ стст. Тут у агаленнях культурнага пласта, які ўскрываецца падчас будаўнічых земляных работ, сустракаецца кераміка гэтага часу. Але зрэдку, бліжэй да рэчкі Каменкі, на другой надпоплаўнай тэрасе, можна знайсці і чарапкі больш ранняга часу – ХІІ-ХІІІ стст., і нават ХІ ст. Часам на выспінах каля р. Каменкі можна падняць крамянёвы інвентар эпохі неаліту і мезаліту.Па шчаслівым збегу часу тэхнагенныя і ўрбанізацыйныя працэсы мала нанеслі шкоды гэтым помнікам, і таму і сёння яны могуць з’яўляцца аб’ектам спецыяльнай увагі для гасцей горада і навукоўцаў. І тым не менш, аб’ектам навуковай увагі Капыль стаў адносна нядаўна, калі тут пачаліся планамерныя шырокамаштабныя археалагічныя раскопкі, якія праводзіліся намі ў час археалагічнай практыкі студэнтаў БДПУ імя М. Танка ў 1996-1999 і 2005 гг. У 2006 г. археалагічная практыка ў БДПУ была скасавана. І ў 2007 г. мы праводзілі археалагічныя раскопкі ў Капылі ўжо ў час свайго водпуску і за ўласныя сродкі.

Аб’ектам вывучэння былі пляцоўка гарадзішча «Замкавая гара», а таксама вал і роў гэтага помніка, вал і роў вакольнага горада, курганы ў Капылі і яго акрузе. Ускрытая раскопкамі плошча складае 675 кв. м, пры таўшчыні культурнага пласта каля 1 м.Курганоў раскопана чатыры. Акрамя таго, фіксаваліся агаленні культурнага слою і на правым беразе р. Каменкі тэрыторыі колішняга мястэчка Капыль, праводзілася вывучэнне падмуркаў касцёла св. Пятра і Паўла, будынка сярэдзіны–другой паловы ХІХ ст., размешчанага на месцы касцёла ХV ст., вяліся назіранні за распрацоўкаю культурнага пласта ля будынка былой карчмы ХІХ ст.

Калекцыя індывідуальных знаходак з нашых раскопак налічвае 1042 адзінкі. Агульны аб’ём справаздач аб палявых работах складае больш за 40 аўтарскіх аркушаў (880 старонак).

Матэрыялы археалагічных даследаванняў даюць падставы вылучыць чатыры перыяды ў станаўленні матэрыяльнай культуры Капыля.

1-ы этап, ІХ-ХІ стст., дагарадскі і раннегарадскі. На гэтым этапе, магчыма, ужо ў канцы ІХ ст., на тэрыторыю будучага Капыля пранікаюць носьбіты культуры Лука-Райкавіцкая, продкі ўсходнеславянскага племені дрыгавічоў. У курганах з крэмацыяй і на паселішчы, побач з гарадзішчам, сустракаецца ўласцівы для гэтага часу і для гэтай культуры гліняны посуд. Само гарадзішча ў гэты час хутчэй за ўсё выкарыстоўваецца як свяцілішча – капішча. Культурны пласт гэтага часу на ім невыразны, а знаходкі гэтай пары – з’ява рэдкая. Магчыма, што функцыянальнае прызначэнне гарадзішча ў ІХ-Х стст. і стала прычынаю ўтварэння ўрбатапоніма Копыль, вытворным ад слова капішча, копішча, копь.Верагодна, у канцы Х–пачатку ХІ стст. на капыльскім гарадзішчы ўсталёўваецца дзяцінец раннефеадальнага Капыля. У гэты перыяд тут, мяркуючы па знаходках скандынаўскага паходжання, магла пражываць і купка прадстаўнікоў гэтага этнасу.

2-гі этап, ХІІ-ХІІІ стст., можна назваць перыядам развітога горада. Адбываюцца якасныя змены ў тапаграфіі Капыля. Вакол пасада, што ахопліваў дзяцінец з паўднёвага ўсходу, узводзяцца штучныя ўмацаванні. І з гэтага часу ён набывае статус вакольнага горада.Увогуле, умацаванні Капыля гэтага часу даволі ўнушальныя. Так, роў вакольнага горада меў глыбіню да 3-х метраў і шырыню 11 м. Вал вакольнага горада меў вышыню 2,5 м і шырыню 14 м. Агульная даўжыня перашкоды (адлегласць ад грэбня вала па яго схіле да дна рва) для вакольнага горада складала 7,5-8 м. Насып вала вакольнага горада перакрыў напластаванні Х-ХІ стст. У самім жа насыпе вала выяўлена кераміка ХІІ-ХІІІ стст. Абарончы вал дзяцінца шырынёю 16-18 м захаваўся на вышыню 2,5-3 м. Перыметр яго па грэбню – 280 м. Роў дзяцінца пры глыбіні 3 м дасягаў шырыні 20 м (!).

Культурны пласт ХІІ-ХІІІ стст. на пляцоўцы дзяцінца мае таўшчыню 30-50 см і вылучаецца больш цёмнаю афарбоўкаю ў агульнай стратыграфіі помніка. Матэрыяльная культура Капыля гэтага перыяду аднатыпна абсалютнай большасці старажытнарускіх помнікаў. Матэрыялы раскопак прадстаўляюць увесь (альбо амаль увесь) спектр веталітыўнай культуры насельніцтва дзяцінца, упрыгожванняў і прадметаў узбраення, ствараюць магчымасць атрымаць уяўленне пра гаспадарку: рамяство, земляробства, жывёлагадоўлю, промыслы і гандлёвы абмен. Апошні ілюструецца знаходкамі, геаграфія паходжання якіх – Візантыя, Сярэдняя Азія, Паўднёварускія землі, Заходняя Еўропа. Сярод знаходак адзначым адно эксклюзіўныя: залатая падвеска, срэбны крыжык, латунны пярсцёнак са шчытком, на якім выява крынаў – квітнеючай лазы, абойміца на скураныя похвы шаблі, навершша шлема, наканечнік кап’я ланцэтападобнага тыпу, пісала, цэльнастальны хірургічны нож, пчаліныя соты.

У цэлым Капыль ХІІ-ХІІІ стст. можна ахарактарызаваць як «горад сярэдняй рукі», такі як, напрыклад, Слуцк і Клецк, перыферыйныя цэнтры Тураўскай зямлі, з развітаю тапаграфічнаю структураю, дзе акрамя дзяцінца, вакольнага горада, гарадскога некропаля і сельскай акругі, магчыма, было яшчэ і прадгароддзе. Апошняя пасылка вымагае далейшых археалагічных даследванняў.

У 1274 г. Капыль упершыню трапляе на старонкі летапісу. Наступны запіс пра яго з’явіцца толькі праз 120 гадоў. Пачнецца новы этап яго гісторыі – прыватнаўласніцкага замка князёў Алелькавічаў, які будзе доўжыцца да канца ХVІ ст. Са знаходак гэтага перыяду адзначым рэнесансавую кафлю, арбалетны болт для палявання на драпежную птушку, фрагменты шклянога посуду венецыянскага паходжання, срэбную манету 1570 года і пячную кафлю з выяваю на ёй герба Алелькавічаў – Пагоні.

Апошні перыяд ахоплівае ХVІІ-ХVІІІ стст., калі Капылём валодалі ўжо Радзівілы. Археалагічны матэрыял гэтага часу даволі прадстаўнічы, найперш разнастайным па тэхналогіі вытворчасці  і па прызначэнні гліняным посудам. Сярод керамічнага матэрыялу сустрэта і кафля з выяваю герба Радзівілаў. Да ліку цікавых можна аднесці знаходку бронзавага медальёна з выявамі св. Лайолы і Францыска Ксаверыя, які мог трапіць у Капыль у прамежку 1684-1687 гг., калі з фундацыі Радзівілаў пры касцёле св.Пятра і Паўла быў адкрыты пункт місіянерскай дзейнасці калегіума езуітаў, дзе пачаргова адбывалі сваю службу Ян Срэдзінскі, Казімір Абранпольскі і Марцін Хадкоўскі. Знойдзена і медная манета – солід сярэдзіны – другой паловы ХVІІ ст.У 1669 г. у пісьмовых крыніцах згадваецца «замак Капыльскі». Называецца і агульная плошча гэтага замка, якая складала каля 6 га. А ў дакуменце 1744 г. ужо асобна называюцца «замак Горні» і «замак Дольні» Капыля. Археалагічны матэрыял сведчыць пра пажары замкавых умацаванняў, уласна Горняга замка. Але да якога часу аднесці гэтую з’яву – да ХVІ ці да ХVІІ ст. – падказаць могуць толькі дадатковыя даследаванні.

Што тычыцца тэрыторыі па-за межамі замка, дык тут, на правабярэжжы р. Каменкі, у ХVІІ-ХVІІІ стст. віравала жыццё. Сведкаю таму наяўнасць культурнага пласта таўшчынёю ад 20 да 80 см з артэфактамі таго часу. Але вызначыць сацыяльны статус гэтага паселішча – месца або мястэчка – могуць толькі далейшыя даследаванні, у тым ліку і археалагічныя.

Колькі слоў пра пытанні аховы археалагічнай спадчыны Капыля. Клопат пра захаванне археалагічнай спадчыны – гэта маральны абавязак кожнага археолага-даследчыка. Дарэчы, гэта прадугледжана і Інструкцыяй аб парадку выдачы Дазволаў на выкананне археалагічных работ. Таму падчас правядзення намі археалагічных работ у Капылі мы неаднойчы ініцыіравалі правядзенне мерапрыемстваў па захаванні археалагічнай спадчыны Капыля.

Так, у 1996 г. Капыльскі райвыканкам прыняў рашэнне (№ 47 ад 22 жніўня), а ў 1997 г. распараджэнне (№ 477 ад 11 жніўня) накіраванае на паляпшэнне аховы помнікаў археалогіі, у прыватнасці курганоў. У тым жа годзе Інстытут гісторыі НАН Беларусі, дзе на той час я яшчэ працаваў, ініцыіраваў ушанаванне помніка археалогіі і экалогіі «Замкавай крынічкі» (гл. Вых. № 705-34/491 ад 08.12.1997 г.). У 1999 г., да юбілею горада, гэта мерапрыемства было ажыццёўлена. Над крынічкаю, што б’е з нетраў Замкавай гары, была ўзведзена памятная альтанка, а сама крынічка асвечана Мітрапалітам Філарэтам. Праўда, некаторыя дабрачынныя мерапрыемствы тых часоў сёння маюць патрэбу ў іх дапрацоўцы.Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь была зацверджана ахоўная зона, якая ахоплівае тэрыторыю Верхняга і Ніжняга замка Капыля, а таксама тэрыторыю гарадскога курганнага некропаля Х-ХІ стст. На жаль, гэты дакумент на стадыі распрацоўкі не ўзгадняўся з намі. І як вынік гэтага – тэрыторыя Ніжняга замка – вакольнага горада, дзе ёсць напластаванні Х-ХІ стст. – выпала з поля зроку як тэрыторыя, што ўтрымлівае культурны пласт.

Якія перспектывы можна было б прапанаваць, ці хаця б, улічваючы сённяшнюю сітуацыю, дэкларыраваць у справе вывучэння археалагічнай спадчыны Капыля, мерапрыемстваў па паляпшэнні аховы яго помнікаў археалогіі і іх прапагандзе?

Лічым неабходным аднавіць археалагічныя раскопкі ў Капылі і на тэрыторыі яго раёна. Гэта можна ажыццяўляць як сіламі вучняў мясцовых школ у час летняй вытворчай практыкі, так і сіламі невялікай групы студэнтаў-аматараў. Для гэтага, зразумела, неабходна хаця б сціплае фінансаванне, закладзенае ў мясцовы бюджэт.

У справе аховы помнікаў лічым неабходным дапоўніць існуючы дакумент аб ахоўнай зоне Капыля ад 2012 г. палажэннем аб ахове культурнага пласта тэрыторыі вакольнага горада Капыля Х-ХІІІ стст. І распрацоўцы ахоўнай зоны для тэрыторыі паселішча ХVІІ-ХVІІІ стст., размешчанага на правабярэжжы р. Каменкі.

У справе прапаганды археалагічнай спадчыны мы б прапанавалі наступнае. Так, ужо сёння мажліва выпусціць набор паштовак з выявамі самых маляўнічых археалагічных знаходак з раскопак Замкавай гары. Да 2014 года, да 740-годдзя згадкі Капыля ў пісьмовых крыніцах, можна было б выпусціць хаця б навукова-папулярную кніжку аб раскопках у Капылі, а ў перспектыве паспрыяць выданню (г. зн. прафінансаваць) і навуковае выданне «Капыльскі замак (Х- ХVІІІ стст.)», аснова якога намі ўжо зроблена.

І цяпер самае, на наш погляд, цікавае. Прапаганду помнікаў археалогіі можна рабіць не толькі словам, вусным альбо друкаваным. Але і з дапамогаю малых архітэктурных форм і «продажу гістарычнай ауры».Гэта ідэя належыць Дар’і Лагуцёнак, аднаму з аўтараў распрацоўкі Генеральнага плана Капыля, якая сёлета абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Архітэктурна-горадабудаўнічыя сродкі матэрыяльнага ўвасаблення гісторыка-культурнай спадчыны ў гарадской прасторы (на прыкладзе малых і сярэдніх гарадоў Беларусі)».

Што маецца на ўвазе? Археалагічныя помнікі для масавага гледача вызначаюцца невысокай ступенню візуальна-эстэтычнай прывабнасці. У лепшым выпадку, каля іх стаіць ахоўны знак са сціплай інфармацыяй. У масе жа сваёй гэтыя помнікі яскрава ілюструюць банальны сказ «Нямыя сведкі мінулага…».

Як прымусіць іх загаварыць, звярнуць на сябе больш пільную ўвагу? Вядома, што са многімі помнікамі археалогіі звязаны шматлікія легенды, паданні, а часам і рэальныя гістарычныя падзеі. Ёсць гэта і ў Капылі. Таму прапануем матэрыялізаваць, спалучыць гэту духоўную спадчыну з матэрыяльнай, а ў шэрагу выпадкаў і персаніфіцыраваць. Што канкрэтна? Замкавая гара і крыніца больш бы прыцягнулі ўвагі, калі б побач з імі паставіць скульптуркі чараўніцы, якая, паводле мясцовай легенды, схавала ваду ў нетры Замкавай гары. На пляцоўцы гарадзішча, на месцы, дзе культурны пласт ужо даследаваны, можна было б устанавіць фігурку язычніцкага бажка – Копшы, які, паводле зноў жа мясцовай легенды, ахоўвае скарбы, схаваныя ў нетрах Замкавай гары.

Думаецца, магло б знайціся месца і першаму князю Капыля з роду Алелькавічаў – Уладзіміру Альгердавічу, скажам, на падыходзе да Замкавай гары. І зусім неабавязкова гэта рабіць у бронзе. Ёсць камень, ёсць дрэва…

Што тычыцца «продажу гістарычнай ауры», дык чаму б тут не наладзіць рыцарскія фэсты, як гэта ёсць у Лідскім, Мірскім і Навагрудскім замках, чаму б не адрадзіць раз у год тэатралізаванае вяселле, якое згулялі на Капыльскім замку 30 кастрычніка 1650 года Ян Цадроўскі – грамадска-палітычны дзеяч ВКЛ і мемуарыст – з дачкою стражніка ВКЛ Ганнаю Мірскай…

У заключэнне хацелася б шчыра падзякаваць капыльскім уладам, усім старшыням райвыканкама, іх намеснікам, аддзелу культуры, Капыльскаму музею, рэдакцыі мясцовай газеты, кіраўніцтву ФАКу і СШ № 2, якія на працягу ўсіх нашых работ спрыялі гэтай справе.


Падбор ілюстрацый arche.by