Прыкладаў, што ілюструюць падарожжы па тэрыторыі нашага краю ў ХІ — ХІV стст., у пісьмовых крыніцах нямала. Але што да транспартных сродкаў, з дапамогай якіх гэта адбывалася, дык інфармацыя пра іх — больш чым сціплая. Таму звернемся да крыніц археалагічных. Балазе культурны пласт у большасці старадаўніх гарадоў Беларусі добра захоўвае рэчы, вырабленыя з арганікі — дрэва, косці, скуры. З іх тады транспартныя сродкі, у асноўным, і ствараліся

Паводле агульнапрынятай класіфікацыі, усе транспартныя сродкі падзяляюцца на сухапутныя і водныя. Прычым апошнія з’яўляюцца па сваім паходжанні найбольш старажытнымі. Яны ж — і найбольш распаўсюджаныя для эпохі Сярэднявечча. Узнікненню і развіццю воднага віду транспарту спрыяў геаграфічны фактар Беларусі, а менавіта — Балтыйска-Чарнаморская гідрасістэма, што налічвае больш за дзве тысячы вялікіх і малых рэк. Дваццаць з іх і сёння можна аднесці да ліку судаходных.

Найбольш старадаўнія — Заходнедзвінская водная магістраль, што ўжо ў сярэдзіне ІХ ст. мела міжнароднае значэнне. Да канца гэтага стагоддзя такое ж значэнне набыў і Дняпроўскі водны шлях. У Х ст. да іх далучаецца гандлёвая пуцявіна па Прыпяці і Заходнім Бугу, якая атрымала найбольшае развіццё ў ХІІ ст., пра што сведчаць знаходкі свінцовых таварных пломб у Драгічыне Надбужскім.

Каб плаваць па такіх буйных рэках, як Дзвіна, Днепр і Нёман, былі неабходны і адпаведныя транспартныя сродкі — вялікія лодкі або караблі. Верагодней за ўсё, на падобных суднах ажыццяўлялі марскі пераход да сцен Царграда ў 907 г. крывічы і радзімічы ў складзе войска князя Алега. У транскрыпцыі таго часу такія судны мелі найменне «ладдзі». Менавіта на ладдзі, як гэта відаць з мініяцюры Радзівілаўскага летапісу, пераплывае ў 1067 г. Днепр пад Оршай і полацкі князь Усяслаў. Візуальнае ўспрыняцце гэтага плавальнага сродку даюць нам і знаходкі дзвюх шахматных фігур, вырабленых у выглядзе ладдзі, якія датуюцца 1-й паловай ХІІ ст.

У прыватнасці, на экзэмпляры, знойдзеным у Гродне, добра відаць адтуліны, зробленыя ў корпусе судна, што прызначаліся пад грэбельныя вёслы, а таксама сістэма абароны весляроў з дапамогай прымацаваных да бартоў шчытоў — тарчаў. А вось асобнік фігуры са Слуцка прэзентуе нам лодку, у якой нос і карма высока ўзнятыя. Выразаны і вузкі неглыбокі лажок, што, верагодна, сімвалізуе планшыр — брус, які праходзіць паўзверх фальшборта ў суднаў.

Згадваюцца караблі і ў Хроніцы Лівоніі Генрыха Латвійскага, калі на іх у 1206 і 1216 гг. ажыццяўляў паход на Рыгу полацкі князь. Выявы буйных лодак, у тым ліку з ветразем, сярод якіх, несумненна, былі і ладдзі, маюцца таксама на костках жывёлін, што знойдзены на гарадзішчы Маскавічы ў Браслаўскім раёне.

На вялікі жаль, ні дэталей, ні фрагментаў саміх суднаў гэтай пары на Беларусі пакуль у раскопках не выяўлена. Знойдзены адно металічныя заклёпкі ў Лукомлі і Капылі, якімі мацавалася абшыўка да корпуса ладдзі. Больш прадстаўніча выглядае калекцыя снасцей да плавальных сродкаў: гэта, у тым ліку, фрагменты кармавых вёслаў з раскопак Віцебска, Брэста і Слуцка.

Так, кармавыя вёслы з Віцебска выяўлены ў пласце ХІІ ст. Іх лопасці мелі грушападобную форму. Адметна, што па шырыні і таўшчыні лопасці і ручкі гэтых прадметаў ідэнтычныя карабельным вёслам з Ноўгарада. У Брэсце, у пласце ўжо ХІІІ ст., знойдзены тры рулявыя карабельныя вяслы. Амаль цэлае, вялікіх памераў, вясло было адшукана і ў Слуцку ў пласце ХІІ ст. Мяркуючы па памерах і яго наўгародскіх аналагах, гэты прадмет можна аднесці да кармавых або рулявых вёслаў буйных лодак.

Варта сказаць, што ўсе гэтыя вёслы былі выяўлены паводдаль ад берага ракі, прычым ля пабудоў ці нават у іх саміх. Гэта дае падставу сцвярджаць, што і самі караблі належылі мясцовым рулявым.

Але як выглядалі гэтыя караблі на Беларусі ў тыя часы, якія былі іх формы і параметры? Для рэканструкцыі знешняга выгляду нашых матэрыялаў недастаткова, таму звернемся да наўгародскіх артэфактаў. Менавіта там у цікавы нам перыяд былі судны ладзейнага (з акруглым або завостраным дном) і барачнага ці барачна-ладзейнага тыпу (з плоскім дном, з развалам ці без развалу бартоў). Грузапад’ёмнасць такога судна магла быць да 15 тон. Гэта азначае, што на ім магло б адначасова плысці больш за 40 чалавек. Калі ж прыняць пад увагу тоеснасць нашых і наўгародскіх паказчыкаў памераў карабельных вёслаў, то можна меркаваць, што падобныя судны хадзілі і па нашых рэках.

Акрамя карабельных, кармавых, у шэрагу гарадоў Беларусі — Брэсце, Віцебску, Слуцку і Гродне — пад час раскопак выяўлены і грабельныя вёслы. Хутчэй за ўсё, яны, меншыя па памерах, прызначаліся для звычайных лодак — пласкадонак і чаўноў. Дэталі такіх лодак таксама сустрэты пад час раскопак шэрагу беларускіх гарадоў.

Так, драўляныя дугападобныя рэбры — шпангоўты, на якія мацавалася абшыўка корпуса лодкі, выяўлены ў Брэсце, Полацку і Віцебску. Акрамя таго, у Віцебску і Слуцку знойдзены лодачныя лавы: гэта дошкі памерамі 30 х 40 см з выразамі па баках для шчыльнай іх падгонкі да шпангоўтаў.


Мець ўяўленне пра чаўны тых часоў дапамагаюць знаходкі фрагментаў гэтых плавальных сродкаў у рэчышчах Сожа, Шчары і Нёмана. Так, у 1992 годзе непадалёк ад вёскі Ліцвінавічы Кармянскага раёна быў выяўлены амаль цэлы човен даўжынёй у сем метраў. Паводле вызначэння спецыялістаў з лабараторыі радыевугляроднага аналізу Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай акадэміі навук, човен быў зроблены больш чым 800 гадоў таму! Сёння ён экспануецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры.

Два чаўны XVI ст. былі знойдзены ў 1995 і 1996 гг. паміж вёскамі Пархуты ды Гарадкі, што на Дзятлаўшчыне, у Шчары. Цікава, што паміж бартамі гэтых чаўноў зроблены перагародкі, якія ўтвараюць ёмістасць для перавозу грузаў.

Акрамя таго, варта згадаць яшчэ адзін плавальны сродак — плыты. Пра наяўнасць апошніх сведчаць знаходкі камлявых частак тоўстых бярвёнаў і шырокіх аполкаў, у якіх захавалася скразная вырубка — паз, «вока», куды закладалася спецыяльная жэрдка-рубельчык. Ёю прымацоўваліся бярвёны плыта. Апошнія знаходкі выяўлены ў Віцебску і ў Слуцку.

Такім чынам, транспартныя сродкі на Беларусі ў гэты час развіваліся ў агульным рэчышчы ўсходнеславянскай матэрыяльнай культуры. Што цікава, без асаблівых змен яны бытавалі да позняга Сярэднявечча — часу існавання ВКЛ і Рэчы Паспалітай.