У вёсцы Мохаў Лоеўскага раёна закончыла работу самая вялікая ў рэспубліцы валанцёрская археалагічная экспедыцыя.

 

Кожнае лета гэта вёска становіцца месцам сапраўднага паломніцтва людзей, якія жадаюць спасцігнуць таямніцы зямлі, зазірнуць за заслону часу. Школьнікі і студэнты, гісторыкі і краязнаўцы, маладыя археолагі цягнуцца сюды не толькі з розных куточкаў нашай бацькаўшчыны, але і з Украіны, Расіі, каб прыняць удзел у валанцёрскай міжнароднай археалагічнай экспедыцыі ГДУ імя Ф. Скарыны і Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”. Пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук дацэнта Алега Макушнікава пачынаючы з 2003 года тут даследуецца ўнікальны помнік — Мохаўскі археалагічны комплекс.

Мохаў не адно стагоддзе стаіць на высокай тэрасе правага берага Дняпра. Каля сівых курганоў адкрываецца найпрыгажэй­шы пейзаж гэтага краю: сярод шырокіх заліўных лугоў ззяе люстэрка двух азёр, якія пакінуў пасля сябе, крыху адышоўшы ўбок, Дняпро. Далей, за паваротам, магутная рака нясе свае воды ў мора-акіян. На процілеглым беразе растуць старыя высачэзныя дубы, якія, здаецца, сваімі кронамі дасягаюць аблокаў. Усё наваколле паблізу вёскі здаецца нейкім чароўным, загадкавым.

Вось і гэтым летам навукоўцы не абмінулі археалагічны комплекс — яны прадоўжылі даследаванне самага вялікага на тэрыторыі Беларусі сярэдневяковага курганнага могільніка. Палатачны лагер, дзе адначасова маглі размясціцца больш за 50 чалавек, быў недалёка ад месца даследаванняў. Побач з лагерам бруілася крыніца, якая частавала ўсіх студзёнай вадой, належным чынам падтрымлівала працу кухні.

Раніцай, пакуль сонца яшчэ не так моцна прыпякала, паснедаўшы, групы нястомных даследчыкаў выходзілі на свае аб’екты. Слой за слоем, асцярожна яны здымалі старажытныя напластаванні — вывучалі земляны летапіс. Кожны з іх ведае, што археалогія — гэта кніга, старонкі якой можна разгарнуць і прачытаць толькі адзін раз. Таму тут няма дробязей. У перапынках паміж працай хлопцы і дзяўчаты распавядалі адзін аднаму гісторыі аб вёсцы, якія пачулі і запісалі ад старых жыхароў Мохава. Шмат гэтых апавяданняў будзе пакладзена ў аснову будучых курсавых і дыпломных работ студэнтаў.

А пасля абеду ўсе адпачывалі, хаваючыся ад прамянёў сонейка ў цені вольх ды вербалозу. Пад вечар маладыя археолагі, узброіўшыся рыдлёўкамі ды іншымі спецыяльнымі інструментамі, зноў працягвалі чытаць земляны летапіс. Калі чырвоны дыск сонца ўжо вісеў над плотам вясковых агародаў, хлопцы і дзяўчаты збіраліся ісці ў лагер, а ўсе курганы, нават тыя, якіх не было відаць днём, нагадвалі аб сабе, пакідаючы невялікі цень.

Пасля доўгай і нялёгкай, але дужа цікавай і карыснай працы археолагі здымалі прыемную стому ў водах Мохаўскага возера. А пазней спяшаліся ў лагер, каб, падсілкаваўшыся, хутчэй прысесці каля вогнішча і спяваць славянскія песні. І ліліся яны паўсюль: па вёсцы, над курганамі, возерам, ракой…

У чым унікальнасць гэтага помніка, чым прываблівае вёска на Лоеўшчыне маладых навукоўцаў, якія едуць сюды з усёй рэспублікі і з-за мяжы? Гэта пытанне адрасую доктару гістарычных навук, нязменнаму кіраўніку экспедыцыі Алегу Макушнікаву.

— Мохаўскі археалагічны комплекс складаецца з гарадзішча, пасада і захоўвае рэшткі буйнейшага на Беларусі курганнага могільніка, — расказвае Алег Анатольевіч. — Раскопкі выявілі тут прыкметы развітай рамеснай дзейнасці, пахаванні рознаплемяннога, сацыяльна адасобленага ўзброенага насельніцтва.

Курганы Мохава паказваюць, што ў Х — ХІ стагоддзях на гэтым месцы жылі выхадцы з паўночных, паўночна-заходніх раёнаў Усходняй Еўропы, верагодна, Паўночнай Еўропы. Магчыма, што гэты ваенны лагер быў арганізаваны кіеўскімі князямі для далучэння да старажытнарускай дзяржавы радзімічаў і дрыгавічоў. Гэта быў своеасаблівы паліцэйскі пункт. Трэба заўважыць, што аналагічных помнікаў у Беларусі больш няма, адзінкі засталіся ва Усходняй Еўропе. Вельмі важна захаваць Мохаўскі археалагічны комплекс для будучых пакаленняў.

Студэнтка Інстытута гісторыі, этналогіі і правазнаўства імя А. М. Лазарэўскага Чарнігаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі Кацярына Калатуша ўжо другі год запар працуе ў беларускай экспедыцыі. І гэта невыпадкова. У сябе на Радзіме яна выконвае навуковы праект, у якім даследуе мохаўскія старажытнасці. Кацярына расказала, што з задавальненнем едзе сюды, каб далучыцца да грунтоўных навуковых даследаванняў, сустрэцца з людзьмі, якія сталі для яе сябрамі.

Для жыхароў Мохава самая чаканая пара года — лета, менавіта той час, калі ля вёскі пад бугром спыняецца археалагічная экспедыцыя.

— Выйдзем вечарам на вуліцу, сядзем на лаву і слухаем, як з-пад гары даносяцца песні студэнтаў, — расказвае карэнная жыхарка вёскі Матрона Афанасенка. — Днём гэтыя валанцёры, абавязкова, калі каму патрэбна, дапамогуць: дровы папілуюць, вады наносяць, адрамантуюць плот. Цяжка нам самім, у многіх дзеці далёка. А са студэнтамі добра і весела. Калі іх няма, вёска становіцца пустой, сумуе па іх.

Закончылася экспедыцыя, ад’ехалі валанцёры. Але кожны з іх абяцае сабе, што абавязкова вернецца на гэтую святую зямлю. Вернецца да вытокаў, каб яшчэ раз пачуць гоман продкаў, зазірнуць за заслону часу.