Пераклад рэзюмэ артыкула з Lietuvos archeologija. – 1995. – №11. С. 212-213.

 

Археалагічныя крыніцы аб рытуалах памінання памерлых (XIV – XVI стст.)

Інстытутам гісторыі Літвы ў 1980-1982 гг. на тэрыторыі грунтовага могільніка Пагрыбіс Шылальскага р-на (цэнтральная Жамойць) даследавана 217 пахаванняў V – VI стст. Акрамя таго, паміж шэрагамі магільных ям былі выяўлены рэшткі двух агнішчаў, разгляду якіх і прысвячаецца дадзены артыкул.

У раскопе №12 кв. В, С-5,6 у пясчанай глебе захаваліся рэшткі агнішча №1 у выглядзе акруглай пляцоўцы шырынёй 1.1 м і даўжынёй 1.3 м. З усіх бакоў, нібыта колам (шырыня 0.005-0.25 м) яго атачала абпаленая гліна. На паверхні пляцоўкі ў хаатычным беспарадку захаваліся 6 невялікіх камянёў. Магутнасць пласта зямлі з прадуктамі гарэння дасягала 02.-0.25 м. У ім паўсюдна сустракаліся аскепкі керамікі, фрагменты абпаленых костак жывёл, недапаленыя кавалкі дрэва. Вызначана, што сценкі і падмурак ямы абмежаваныя глінянай абкладкай.

У раскопе №28 кв. А, В-2 былі выяўлены рэшткі агнішча №2 злёгку выцягнутай авальнай формы, якая абкружана каменнай агароджай дыяметрам 0.65-0.95 м. З вонкавага боку найлепш захаванай каменнай дугі знойдзена частка конскага чэрапа і частка косці нагі. Гэтыя знаходкі трапілі сюды выпадкова з-за разбурэння магільных ям V – VI стст. Магутнасць пласта зямлі з рэшткамі вогнішча (сажа, невялікія кавалкі вуголля і асмалкаў) дасягала 0.1-0.12 м. У ім сустракаліся аскепкі бітага посуду, асобныя абпаленыя косткі жывёл.

Час функцыянавання агнішчаў вызначаецца знаходкамі керамікі. Яе прадстаўляюць аскепкі 9 ганчарных гаршкоў. Бліжэйшыя аналагі вядомы ў керамічным матэрыяле пахавальных помнікаў XIV – XVI стст., а таксама ў культурным пласце тагачасных гарадзішчаў.

З улікам паведамленняў храністаў, гісторыкаў і вандроўнікаў XV – XVІI стст. пра памінкі з пачастункам для памерлых, а таксама аб абрадавай трапезе з ахвярапрынашэннямі жывёл ў хрысціянізаванай Літве, з улікам этнаграфічных звестак, якія сведчаць аб тым, што для светапогляду земляробаў характэрны ўяўленні пра ўзаемасувязь замагільнага свету са светам жывых, ідэя залежнасці дабрабыту ад свету памерлых продкаў, робіцца выснова, што згаданыя агнішчы служылі ў якасці алквеце (месца ахвярапрынашэння).

Адпаведна, для выканання памінальных абрадаў на тэрыторыі старажытнага магільніка ствараліся агнішчы, распальваўся агонь. Святкаванне суправаджалася пірам, на якім прысутныя елі мяса ахвярных жывёл, а таксама іншую ежу, запівалі напоямі. Ежу клалі і ў агнішчы, лілі напоі. Усе гэтыя дзеянні былі скіраваны на тое, каб памянуць і ўшанаваць памерлых, улагодзіць продкаў-апякуноў, каб яны не шкодзілі, а захоўвалі дабрабыт жывых сваякоў-нашчадкаў.

Тыя памінальныя піры, якія ладзіліся пасля збору ўраджая (у кастрычніку – пачатку лістапада ў Жамойці), паводле храніста М. Стрыйкоўскага (1547 – 1586 гг.), мелі назву ільгес (ilgės).

Паказальна, што ніводнае з даследаваных агнішчаў не дагарэла да канца. Відаць, па заканчэнні памінальнай трапезы агонь заліваўся і засыпаўся зямлёй. Хутчэй за ўсё, гаршкі разбіваліся адмыслова, бо літоўцы верылі, што гук, які ідзе ад бітага посуду, адпуджвае, адганяе злыя нячыстыя сілы.

План агнішча №2

Фрагмент агароджы агнішча №2 з чэрапам каня