Сучасная беларуская геральдыка даволі дзіўна падыходзіць да пытання выкарыстання гістарычных гербаў. Амаль усе гістарычныя магдэбургскія гербы вернуты гарадам, але часцяком на гэтых гербах з’яўляюцца элементы, якіх не было з самага пачатку – а гэта ўжо навадзел, каштоўнасць такога герба падае. Часцяком складана зразумець мэты, якія пераследуюць геральдысты, ствараючы навадзелы. Давайце ж разгледзім найбольш яскравыя прыклады такой дзейнасці.

У першую чаргу нельга абыйсці ўвагай два нашых “асаблівых, у геральдычным плане” горада – Гомель і Чавусы. А асаблівасць іх у тым, што маючы магдэбургскія гербы, яны выкарыстоўваюць гербы больш познія, часоў Расійскай імперыі. У Гомеля герб з’явіўся яшчэ да ўзнікнення Рэчы Паспалітай, ў 1560 годзе: “у чырвоным полі срэбны крыж”. Прычым герб быў падараваны на 110 гадоў раней, чым Магдэбурскае права, што з’яўляецца рэдкасцю. У 1772 годзе горад увайшоў у склад Расейскай імперыі, і быў падораны імператрыцай рускаму палкаводцу Румянцаву “для увеселения”. Герб перасталі выкарыстоўваць. Затое ў 1781 герб з’явіўся ў створанага па ўказе імператрыцы суседняга мястэчка Новая Беліца, які стаў павятовым цэнтрам. На гербе была намаляваная рысь: “У верхняй частцы шчыта, частка герба Магілёўскага: у залатым полі палова Расейскага герба. У ніжняй – у блакітным полі, рысь, якая ляжыць спакойна, бо такіх звяроў у наваколлях гэтага горада вельмі шмат”. У 1852 павятовы цэнтр перайшоў ад Новай Беліцы да Гомеля, у 1854 Новую Беліцу далучаюць да Гомеля, і ў 1855 Гомель атрымлівае герб. І як не дзіўна, гэта герб маладога гомельскага прадмесця – Новай Беліцы.

Зразумець дзеяньні расейскай улады можна, але чаму ў 1997 годзе быў зацверджаны гербам Гомеля менавіта расейскі герб з рыссю – даволі складана. (мал. 1) Бо мясцовая ўлада напэўна ведала пра існаванне старадаўняга магдэбургскага герба Гомеля, але мабыць наўмысна праігнаравала гэты факт.Падобная сітуацыя і з гербам горада Чавусы. У 1634 годзе горад атрымаў Магдэбурскае права і герб: “у блакітным полі на белым кані Св. Марцін з мечам у руцэ, на плячах чырвоны плашч”. Праз амаль паўтары сотні год, у 1781 годзе, расейская імператрыца даруе Чавусаў новы герб: “У верхняй частцы шчыта частка герба Магілёўскага: у залатым полі палова Расейскага герба. У ніжняй – у чырвоным полі шпага, якая пакладзена крыжападобна з мячом, злучаныя лаўровым вянком, у памяць слаўнай перамогі, здабытай над шведамі, у наваколлях гэтага горада пад Лясным”. Здавалася б, расейскі герб, расейская гісторыя, для Беларусі мае пасродкавае значэнне, да таго ж у горада існуе старадаўні магдэбургскі герб. Але ў 2005 годзе гербам горада Чавусы зацвярджаецца менавіта расейскі герб: “Герб места Чавусы ўяўляе сабою выяву на чырвоным полі францускай тарчы шпагі і меча, размешчаных крыжападобна і злучаных ляўровым вянком”. (мал. 2) Пракаментаваны гэты выбар быў так: герб часоў Расійскай імперыі “больш адказвае менталітэту грамадзян” … Хто знаходзіцца ва ўладзе ў нашых слаўных гарадах Гомель і Чавусы? Беларуская Ці гэта ўлада ці расейская? Чые яны інтарэсы адстойваюць? І чаму з-за нечых палітычных прыхільнасцяў павінна пакутаваць геральдыка роднай краіны? Пытанняў шмат…Прывядзём яшчэ некалькі падобных прыкладаў – гербы Ваўкавыска і Мазыра. Абодва герба вельмі старыя. Таму расейскія ўлады пры стварэнні новых гербаў адштурхваліся ад арыгіналаў, а не стваралі новыя, як гэта часта здаралася ў той час з нашымі гербамі. Разгледзім абодва выпадку.

Магдэбургкае права і герб з’явіліся ў Ваўкавыска прыкладна ў 1503 годзе: “у блакітным полі выявіла галава ваўка”. І карысталіся гараджане гэтым гербам амаль тры стагоддзі, да 1795 года. Затым у 1845 расейскія ўлады даравалі гораду свой герб: “Шчыт падзелены на дзве паловы: у верхняй – Гродзенскі герб, а ў ніжняй, у блакітным полі, воўк, звернуты ў правы бок шчыта”. Быццам бы і воўк застаўся, але гэта ўжо зусім іншы герб. Але самае цікавае, што ў 2001 годзе Ваўкавыск атрымаў менавіта расейскі герб: “У блакітным полі барокавай тарчы срэбны воўк у поўны рост». (мал. 3) І зноў з’яўляюцца пытанні да мясцовай ваўкавыскай улады. Як і да ўлады Мазыра. Мазырскі герб з’явіўся ў 1577 годзе разам з Магдэбурскім правам: “у блакітным полі чорны аднагаловы арол з срэбным шыльды на грудзях; на шыльдзе – чырвоная літара S” (манаграма Стэфана Баторыя). У 1796 годзе расейскія ўлады даравалі Мазыру новы герб, створаны на аснове папярэдняга: “У верхняй частцы герб Мінскі. У ніжняй, у блакітным полі, чорны арол, распрасьцёр свае крылы”. Усё тое ж самае, але шчыт адсутнічае. У 1994 годзе быў зацверджаны герб без шчыта, расейскі герб. (мал. 4) Але шчыт гэта важная дэталь, ён адлюстроўваўся ў розны час па рознаму: і з літарай S, і цалкам чырвоным, і з гербам Радзівілаў “Трубы”, але заўсёды ён быў – гэта неад’емны элемент старажытнага магдэбургскага герба.Адзін з найбольш цікавых навадзелаў – герб Мсціслаўля. Гістарычны герб атрыманы разам з Магдэбурскім правам ў 1634 годзе: “у залатым полі збройная рука з мечам – Малая Пагоня”. У 1781 годзе расейская імператрыца даравала Мсціслаўлю новы герб: “У верхняй частцы тарчы частка гербу Магілёўскага: у залатым полі палова Расейскага гербу. У ніжняй, у срэбным полі, чырвоная лісіца, якая бяжыць, каторых звяроў ваколіцы гэтага места маюць багата”. А цяпер самае цікавае – сучасны герб 2000 года: “У срэбным полі францускай тарчы з сіняга воблака выходзіць далонь Гасподняя, узброеная сталёвым мечам, а пад ёю гербавая эмблема Мсціслаўскага княства, чырвоны воўк, павернуты налева”. (мал. 5) Гэта абсалютна новы герб, прычым гібрыдны, створаны з дзвух гістарычных гербаў. Ён з серыі “і нашым, і вашым”. Не аб якойсьці гістарычнай каштоўнасці такога герба казаць не прыходзіцца. Да таго ж расейская лісіца заменена на ваўка, які ніколі эмблемай Мсціслаўскага княства не быў. Увогуле палёт фантазіі сучасных геральдыстаў і ніякай гістарычнай пераемнасці і каштоўнасці.
Герб Наваградка таксама з навадзелаў, хоць амаль цалкам адпавядае гістарычнаму гербу, акрамя адной дэталі. Вось апісанне магдэбурскага герба, атрыманага ў 1595 годзе: “у чырвоным полі постаць арханёла Міхала ў чорным узбраенні з крыламі за спінай; у правай руцэ меч, у левай – шалі”. А вось апісанне сучаснага герба 2001 года: “У чырвоным полі барокавай тарчы Святы Арханёл Міхал у чорных даспехах з мечам і шалямі стаіць на зялёнай зямлі”. (мал. 6) Але ніякай зялёнай зямлі няма ні на магдэбурскім, ні на расейскім гербах. Затое чырвона-зялёнае спалучэнне вельмі добра нагадвае сучасны афіцыйны сцяг Беларусі. І напэўна нездарма колеру афіцыйнай сімволікі з’явіліся на гербе першай сталіцы ВКЛ…На думку сучасных беларускіх геральдыстаў гістарычны герб Кобрына з’яўляецца “некананічным”. У 1589 годзе мястэчкам Кобрын і Гарадзец было падаравана Магдэбурскае права і герб: “у срэбным полі выява святых Ганны і Марыі з немаўлём Ісусам на руках”. Адзін герб атрымалі два розных мястэчка, што з’яўляецца рэдкасцю. У 2002 годзе прыступілі да распрацоўкі герба Кобрына. Гістарычны герб палічылі некананічным, так як паводле хрысціянскаму канону, “у сваім зямным жыцці Ісус не мог сустрэць маці Дзевы Марыі, так як Святая Ганна памерла задоўга да нараджэння Хрыстова”. Таму выява Святой Ганны вырашылі змясціць у вольную частка герба, што, на думку дзеячаў РПЦ, з’яўляецца кананічным. Колер поля герба па незразумелых прычынах таксама змянілі, быў срэбным, а стаў блакітным: “Герб места ўяўляе сабою францускую тарчу, у блакітным полі якой выява немаўля Ісуса Хрыста ў залатых адзеннях, Прачыстай Панны Марыі ў адзеннях чырвонага колеру, па-над зялёным хітонам, у залатой вольнай частцы тарчы праведная Ганна ў чырвоных адзеннях па-над блакітным хітонам. Твары і рукі постацяў – целавага колеру, над іх галовамі залатыя німбы”. Такім яго і зацвердзілі ў 2004 годзе. Герб цалкам зменены і не адпавядае гістарычнай праўдзе. Але самае цікавае, што кобрынскія ўлады, судзячы па ўсяму, не ведалі, што Кобрын і Гарадзец мелі адзін герб. Гарадзецкі герб, зацверджаны ў 2008 годзе, цалкам адпавядае гістарычнай рэальнасці. А кобрынскі, на жаль, не. (мал. 7)Прыкладаў падобных навадзелаў дастаткова. У гэты спіс можна аднесці і герб Віцебска, у якога чырвоны гістарычны меч у 2009 годзе быў заменены на срэбны. І гербы Камянца і Ашмянаў, у якіх не супадаюць колеры палёў гістарычных і сучасных гербаў. І яшчэ шэраг беларускіх гістарычных гербаў, у якіх не адпавядаюць больш дробныя дэталі. Прыкладаў хапае, і ўсе яны ідуць у мінус сучаснай беларускай геральдыцы. Нам жа застаецца спадзявацца, што калі-небудзь гістарычная справядлівасць пераможа, старажытныя гербы вернуцца на свае месцы, а ўсе часовыя навадзелы і гібрыды застануцца ў мінулым, увасабляючы сабой “сучасную беларускую геральдыку”.