Паўгады таму ў зборніку “Вяртаньне” натрапіў на артыкул А. Мальдзіса аб вывезеных у Нямеччыну ў часе Другой сусьветнай вайны.

Паводле аўтара дзясятак радзівілаўскіх гарматаў, якія немцы вывезьлі на захад і першапачаткова меркавалі пераплавіць, нейкім цудам ператрывалі вайну і да сёньнешняга дня ляжаць дзесьці ў Нямеччыне. Гэтая напаўлегендарная гісторыя па-дзіцячы заінтрыгавала мяне і ўзьнікла наўнае жаданьне, а што калі паехаць і пашукаць. Пазьней паўсталі цяжкаватыя пытаньні: “дзе шукаць?”, “што канкрэтна шукаць?”, і “за якія грошы?)”.

 

Ужо на штудыях ў Варшаве я між іншым вырашыў зазірнуць у музэй польскага войска, дзе перахоўваюцца некаторыя нясьвіскія гарматы. І тут справа закруцілася. Аказваецца, што далёка ня ўсё зразумела і вядома пра тыя гарматы, што зараз захоўваюцца ў музэю. Ды і ўвогуле спэцыяльна радзівілаўскімі гарматамі пасьля Другой сусьветнай вайны, відаць, ніхто не займаўся. Нават у грунтоўнай працы Бэрнатовіча апошніх гадоў па скарбах Нясьвіжа ў XVI-XVII стст. ёсьць пэўная блытаніна. Аднак справай Бэрнатовіча ня быў сам арсенал, колькі ўсе каштоўнасьці, а вывучэньне іх лёсу з канца XVІІІ ст. да ХХ ст. ня было ягонай мэтай. А цікавых незразумеласьцяў і хітраспляценьняў у лёсе гэтых гарматаў хапае. Гэтаму будуць прысьвечаны сэрыя маіх допісаў, якія я пастраюся забясьпечыць больш-менш якаснымі ілюстрацыямі.

 

Пачнем з музэя польскага войска. Тут перахоўваюцца 5 сапраўдных шэдэўраў Гэрмана Мольцфэльдта, які адліваў гарматы для Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі ў заснаванай князем на тэрыторыі замка людвісарні.

 

На першы фотаздымку якраз можна ўбачыць гэтыя гарматы: (зьлева-направа) 2-ая – Хімера (1600),  3-ая – Гідра (1599), 4-ая – Папугай (1600), 5-ая – Цырцэя (1600), 6-ая – Сава.

 

 

Ужо з агульных малюнкаў бачна, наколькі міфалягічныя ўяленьні перапляталіся з новай рацыяналістычнай пляньню, якой уласна і была гэта звышэфэктыўная (на той час) зброя. Назва кожнай гарматы ўказваецца ў дэвізах, выразаных на рулі гармат, і абгрунтоўвае дэкор. Прасьцей за ўсё гэта пабачыць на Гідры, на рулі якой наўпроста сядзіць пяцігаловая пачвара. Але падрабязьней аб кожнай гармаце пазьней. Цяпер прапаную яшчэ колькі агульных фота.

 

 

Зусім паблізу ад сіроткаўскіх гарматаў знаходзяцца чатыры львоўскія гарматы, якія патрапілі ў нясьвіскі арсэнал у першай палове XVIII ст.: 1-ая – гармата з гербам Львова, а таксама польскім арлом і нашай Пагоняй (1529), 2-ая – гармата з гербам Сфорцаў (1537),  5-ая – гармата з гербам Рэчы Паспалітай (без даты) і 6-ая – якую з гэтага ракурса зусім нябачна, гармата з гербам Львова (1541)

 

У іншай залі музэя ляжыць гармата адлітая па загадзе Яна ІІІ гармата з выявай Яна Хрысьціцеля.

 

 

Такім чынам, па маіх падліках атрымалася, што ў варшаўскі музэй патрапілі 5 гарматаў Мольцфэльдта і 5 львоўскіх гарматаў. Аднак згодна Эрэнталю, дырэктару Дрэздэнскага гістарычнага музэя, які напрыканцы ХІХ ст. займаўся ўпарадкаваньнем нясьвіскай збраёўні, у замку захавалася мелаcя 21 (!) гармата.

 

Далей ланцужок пошукаў можна разьвіваць у два бакі: 1) у глыб, вывучаючы па інвэнтарах што было; 2) і ў напрамку сучаснасьці, шукаючы зьніклыя ў невядомым накірунку 11 гарматаў.

 

*Шчасьлівы той, хто спадзяецца выйсьці з гэтага мора памылак (ням.).

 

wouk.livejournal.com