За сваё больш за паўтысячагадовае жыцьцё міфічныя гарматы, адлітыя Германам Мольцфэльдтам на зломе XVI-XVII стагодзьдзяў па загадзе Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, пабачылі шмат.

Больш за дзьвесьце гадоў пасьля адліву яны спраўна выконвалі свой абавязак на валах Нясьвіскага замка, у тым ліку ў час вайны 1654 — 1667 гадоў, калі замак абложвалі ажно тры разы.

 

У час швэдзкага наезду 1706 года, калі замак быў цалкам зьнішчаны, а большасьць гармат  расплаўлены, сем мольцфэльдтаўскіх фальканэтаў (Вінаград, Цэрбэр, Гідра, Хімера, Сава, Папугай, Цырцэя) уратавала іх прыгажосьць. Відаць, швэды пашкадавалі іх і намерыліся вывезьці ў Швэцыю, як Мэлюзіну (восьмую мольцфэльдтаўскую гармату). Аднак, па невядомых прычынах, гарматы затапілі ў Лахве, дзе яны былі знойдзены ў 1717 годзе. Так сем сястрычак вярнулася назад у разрабаваны Нясьвіж. Арсэнал замка ўжо ніколі не набыў той баяздольнасьці, у якой яго пакінуў Сіротка.

Тыя самыя сем мольцфэльдтаўскіх гармат застаў у замку Сыракомля, які наведаў яго ў сярэдзіне XIX ст. З пачаткам нямецкага наступленьня ў 1915 года, гарматы, відаць, былі вывезены ў Расею. У той час пад фармулёўкай «каб вораг не парабіў з іх снарадаў, якія будуць забіваць нашых рускіх бацькоў, братоў і сыноў» у масавым парадку вывозіліся таксама і званы з тэрыторыі ўсяе Заходняй Беларусі.

 

Здымак Вінаграда пачатку ХХ ст.

 

У 1922 годзе паводле Рыскай дамовы ўсе сем гармат былі «вернутыя» Польшчы, але абмінулі Нясьвіж, а патрапілі на дзядзінец каралеўскага замка ў Варшаве. Немцам, якія пачалі ўпарадкаваць эўрапейскі сьвет у 1939 годзе зь ліквідацыі Польшчы і, між іншым, досыць сымбалічнага зьнішчэньня каралеўскага замка, відавочна, даспадобы падалося, што гарматы адліваў немец Мольцфэльдт, таму і гарматы былі накіраваныя ў Нямеччыну, наступную сваю «гістарычную радзіму».

Савецкія вызваліцеля гэтаксама «абдумана» паставіліся да нясьвіскіх гарматаў: пяць гармат было перададзена Польшчы (Гідра, Хімера, Папугай, Цырцэя, Сава), а дзьве (Вінаград і Цэрбэр) былі адпраўлены ў колішнюю сталіцу імпэрыі — Пецярбург. Прычына такога «брацкага» падзелу застаецца невядомай. Але, што цікава, у музэі польскага войска ня ведаць пра гэты факт, бо туды былі перададзены гарматы, якіх там раней ня было. Такім чынам, Вялікая Айчыннай стала повадам для Расеі ў каторы раз узбагаціць свой музэйны фонд, але ня толькі за кошт Рэйха, але і за кошт «вызваленых брацкіх» народаў. Пры «навуковай апрацоўцы» трафэяў Вінаград быў пераназваны ў «Чашу дастатка», відавочна, з прычыны абсалютнай адстунасьці інфармацыі ў музейшчыкаў пра гэтыя трафеі. З Цэрбэрам было прасьцей: на ім ёсьць інскрыпцыя, дзе напісана імя.

Доўгі час мне было невядома, куды падзеліся гэтыя дзьве гарматы, пакуль выпадкова не натрапіў у інтэрнэце на здымак Цэрбэра. А пазьней, калі пачаў больш шчыльна займацца нясьвіскімі справамі ўсё стала больш менш зразумела.

Другая чарга рэканструкцыі Нясьвіскага замка (фактычна ўвесь зама) мусіць быць здадзена ў ліпені гэтага года. Тады ж павінны быць зроблены копіі шэрагу мольцфельдтаўскіх гармат. Першымі стануць якраз Вінаград і Цэрбэр. У час свайго апошняга наезду ў Менску, мне ўдалося пазнайміцца з майстрам, які працуе над імі і паглядзець на амаль скончаныя мадэлі.

 

 

Мікалай Іванавіч Байрачны — майстар:

 

Такім чынам, цені Вінаграда і Цэрбэра вернуцца ў Нясьвіж.

І пару словаў пра самі гарматы.  Абедзьве — фальканэты паводле тыпа вагамерам каля 1 фунта (ці калібрам каля 50 см). На жаль, дакладных дадзеных пакуль ня маю, але па тыпу і памерах ўсе сем гармат, акрамя Хімеры (3 фунта) — падобныя.  На абездьвух гарматах ёсьць радзівілаўскі герб. Ужо у самых першых інвэнтарах Цэрбэр апісваецца як «неацясаная калодан», а Сыракомля піша наступнае: «да паловы кшталту неацясанай калоды, а ад паловы віецца полымя». Вінаград ня меў акрэсьленай назвы ў інскрыпцыі, таму ў інвэнтарах ён ўзгадваецца таксама пад назвамі «Вінагрона» і «Бахус». Інскрыпцыі (надпісы) па-лацінску з’яўляюцца лейтматывам мастацкай праграмы гармат. Цэрбэр: «CERBERUS ACRE TONO CUM DITIONES MILITI DONO» — «Як цэрбер жахліва рыкаю і даю жаўнерам перавагу». Вінаград: «POPULI SINT DITIS NOSTRAE VIDEMIA VITIS» — «Няхай народы будуць багатыя ураджаем нашай віньніцы».

 

wouk.livejournal.com