Аб дзейнасці ткацкай мануфактуры ў Вялікай Бераставіцы ў сярэдзіне ХVІІІ ст. мала хто ведае з бераставічан альбо не ведае зусім. Няма звестак пра яе і ў беларускай навуковай літаратуры. Звесткі пра гэта можна знайсці толькі ў біяграфіі тагачаснага ўладальніка мястэчка Ежы Аўгуста Мнішка (1715-1778), што змешчаны ў кнізе “Польскі слоўнік біяграфічны”( Том ХХІ/3, Варшава, 1976).

Гэта крыніца пакуль што адзіны пісьмовы ўпамінак аб дзейнасці бераставіцкай мануфактуры, у якой быў наладжаны выпуск залотнай тасьмы (пазумента). Другой крыніцай , але ўжо выяўленчай, з’яўляецца сам герб мястэчка Вялікая Бераставіца 1754 года, які аздоблены вырабамі з гэтай мануфактуры.

Васямнаццатае стагоддзе ў гісторыі Беларусі адметнае працэсам станаўлення мануфактурнага прадпрыемства. Прычым манаполія цэхаў на гарадскіх рынках абумовіла размяшчэнне мануфактур у малых гарадах і мястэчках, якія з’яўляліся магнацкімі ўладаннямі. Такія магнаты Рэчы Паспалітай, як Радзівілы, Сапегі, Мнішкі, Агінскія, пачалі адкрываць у сваіх уладаннях мануфактуры па вырабу разнастайнай прадукцыі (са шкла, кафлю, тканіны, паперу, шпалеры, дываны і інш.). Кіравалі работай як замежныя, так і мясцовыя майстры. Напрыклад, у першай палове ХVІІІ ст. Ганна Радзівіл заснавала ў маёнтках Налібокі і Урэчча (Мінская вобл.) мануфактуры па выпуску мастацкага і бытавога шкла (люстэркі, келіхі і інш.). У 1750-ых гадах Міхал Радзівіл заснаваў ткацкія мануфактуры ў Карэлічах (Гродзенская вобл.), дзе вырабляліся шпалеры і дываны, і ў Нясвіжы, дзе ткаліся паясы. З 1786 года пачалі дзейнічаць суконная і палатняная фабрыкі Аляксандра Сапегі ў Ружанах (Брэсцкая вобл.).

Канец 1740-ых – пачатак 1750-ых гадоў адзначаны дзейнасцю ткацкай мануфактуры ў Вялікай Бераставіцы (Гродзенская вобл.). Фундатарам яе стаў тагачасны ўладальнік мястэчка Ежы Аўгуст Мнішак, маршалак надворны каронны. Асоба выбітная і ўплывовая ў палітыцы Рэчы Паспалітай сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя. Між іншым, Ежы Аўгуст ініцыяваў наданне магдэбургскага права Вялікай Бераставіцы. Ен з’явіўся аўтарам герба мястэчка (1754), куды і змясціў прадукцыю бераставіцкай мануфактуры (на здымку). Бо лічыў гэтае прадпрыемства значным для мястэчка, якое атрымала назву “Вялікая”. Авальны шчыт герба ўпрыгожаны картушом з арнаментаванай тканінай накшталт пояса. Сярэдняе поле гэтага пояса запоўнена касой сеткай з кружочкамі ў цэнтры. Па баках пояса бардзюры з палоскамі. Прыклад такога арнаменту можна знайсці на шаўковых паясах са Слуцка. Але гэта параўнанне толькі ўмоўнае.

Першыя ткацкія мануфактуры па вытворчасці шаўковых паясоў з’явіліся на тэрыторыі Беларусі ў радзівілаўскім Нясвіжы, адкуль у 1751-53 гадах мануфактура была пераве-дзена ў Слуцк. Але раней, у 1740-ых гадах, у Слуцку ўжо існавала радзі-вілаўская мануфактура па выпуску пазументаў, галуна і іншых залотнаткацкіх вырабаў. Гэтая пазументная мануфактура і стала асновай для знакамітай Слуцкай шаўкаткацкай фабрыкі. Яна таксама аказала свой уплыў і на станаўленне вытворчасці пазументаў (залотнай і срэбнай тасьмы) у Вялікай Бераставіцы. Уладальнік гэтага мястэчка Ежы Аўгуст Мнішак наведваў радзівілаўскія мануфактуры ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя і быў у захапленні ад іх. І нездарма “Польскі слоўнік біяграфічны” (Том ХХІ/3, В.1976) адзначае ў біяграфіі Е.А. Мнішка: “Не забываў ён свой гданьскі дом, прывозіў рэчы хатняга ўжытку з радзівілаўскіх мануфактур, фінансаваў тую ж працу вядомую ў сваёй дзедзічнай Бераставіцы каля Гродна”. «Вядомай працай» у ХVІІІ стагоддзі лічылася трыманне мануфактуры ва ўласных маёнтках.

Што ж выраблялася ў бераставіцкай мануфактуры? Зыходзячы з малюнка герба Вялікай Бераставіцы, што захаваўся на пячатцы 1754 года, а таксама вывучэння літаратуры з выявамі паясоў, адзення і тканіны ХVІІІ стагоддзя можна зрабіць выснову: мануфактура займалася мастацкім аздабленнем адзення і тканін вышыўкай з выкарыстоўваннем пазументаў, бліскавак, залотных нітак, а таксама стужак, тасьмы, вітых шнуркоў, якія з’яўляліся прадукцыяй гэтай мануфактуры. У фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь захоўваецца рэлігійнае адзенне – далматыка сярэдзіны ХVІІІ ст., якая аздоблена стужкамі і залотнай тасьмой з бераставіцкай мануфактуры.

З’яўленне далматыкі ў Бераставіцы пацвярджае той факт, што ў 1741-47 гадах пасля пажару быў адноўлены ў мурах касцёл Звеставання Прасвятой Дзевы Марыі. Інтэр’ер касцёла аздаблялі замежныя майстры з Германіі і Італіі. Узнікла патрэба і ў рэлігійным адзенні для служачых касцёла. На дапамогу прыйшла ткацкая мануфактура Ежы Мнішка, якую ён заснаваў у Бераставіцы ў сярэдзіне ХVІІІ ст.
Далматыка зроблена з атласнай тканіны памерам 102х99 см. Яе цэнтральная частка – калона – аздоблена вышыўкай, якая супадае з малюнкам тканіны на бераставіцкім гербе 1754 года! Тое, што на картушы бераставіцкага герба з’яўляецца малюнкам у выглядзе касой сеткі з кружочкамі і паласатай стужкай па краях – ёсць элементы вышыўкі залотнай тасьмой, ніткамі і бліскаўкамі на паверхні тканіны, якая выкарыстана ў рэлігійным адзенні далматыкі (на здымку). Павялічаны малюнак бліскаўкі ў выглядзе кветкі таксама прысутнічае на бераставіцкім гербе.

Пры дэтальным аглядзе ўсяго картуша бераставіцкага герба можна адзначыць наступнае: авальны шчыт упрыгожаны двума відамі стужак (шырокай і вузкай). Прычым, шырокая стужка вылучаецца ўмоўным узорам, даўжынёй і разнастайнымі паваротамі. А вузкая стужка кароткая, часта абрываецца і па характары свайго малюнка нагадвае літару “М” – імя ўладальніка мануфактуры Мнішка Е.А. (на здымку). У гісторыі геральдыкі ВКЛ маецца прыклад гарадскіх гербаў з манаграмай уладальнікаў мястэчак. Гэта слуцкі герб “Пегас” (ХVІІ ст.). На спіне крылаты конь нясе пояс-гуньку з манаграмай “RD” (Radivil Dux) – князь Радзівіл, уладальнік Слуцка і ткацкай мануфактуры (ХVІІІ ст.), якая стала прыкладам для адкрыцця Мнішкам Е.А. падобнай мануфактуры ў Бераставіцы.

Адсюль можна зрабіць выснову: у бераставіцкай мануфактуры вырабляліся пазументы (галуны). Пазумент – гэта залотная, срэбная альбо мішурная тасьма, якая нашываецца на форменнае адзенне (мундзір, далматыка і інш.). Пазументам таксама з’яўляецца залотная стужка, павязка, абшыўка, атарочка, галун і гас, якія выкарыстоўваліся ў аздабленні тканіны як элемент дэкору. Напрыклад, на сукенках, пакрывалах і на мэблі ХVІІІ стагоддзя.

Дзейнасць ткацкай мануфактуры ў Вялікай Бераствіцы можна акрэсліць часам валодання мястэчкам Ежы Агустам Мнішкам з 1747 па 1774 гады. Сама мануфактура можа мець назву “Пазументная”, згодна з малюнкам залотнай тасьмы (пазумента) на гербе мястэчка 1754 года як асноўнага вырабу. Невядома, хто працаваў на мануфактуры: пазуменшчыкі альбо пазуменшчыцы? Мясцовыя ці замежныя былі майстры? Адказы на гэтыя пытанні можна даць пасля вывучэння польскіх гістарычных архіваў ў Варшаве, Кракаве, Беластоку, а таксама гістарычных архіваў Літвы і Расіі.