“Сталовыя прыборы, шчыпцы для цукру, чаркі, кафейнік, лыжкі, відэльцы, нажы, напаўняльнік для манет, гадзіннік, нават жаночая сумачка з серабра… “ — гэта далёка не поўны пералік прадметаў, якія сёння ўпрыгожваюць экспазіцыю ў Нясвіжскай ратушы. Як паведаміла карэспандэнту “К” загадчык сектара па навукова-экспазіцыйнай працы ўстановы Алена Шкраба, больш за сотню сярэбраных прадметаў сталі часткай экспазіцыі славутага музея.
Паступленні ўнікальных прадметаў у музейную ўстанову сталі магчымымі дзякуючы супрацоўніцтву Нясвіжскага музея-запаведніка з Дзяржаўным сховішчам Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. Частка сярэбранай калекцыі трапіла ў Дзяржаўнае сховішча з ламбардаў, частка — была канфіскавана ў кантрабандыстаў, а некаторыя рэчы ўяўляюць з сябе трафеі часоў Другой сусветнай вайны. У выніку плённай працы фонды славутай нясвіжскай установы займелі ў сваёй калекцыі 850 прадметаў. Пэўная іх колькасць ужо прадстаўлена для агляду наведвальнікам ратушы, частка — будзе выстаўлена ў залах Нясвіжскага замка.

«Сярод новых паступленняў ратушы — у асноўным, рэчы нямецкай, польскай і расійскай вытворчасці, — удакладняе Алена Шкраба. — Гэта прадметы канца ХІХ — пачатку ХХ ст. Кожны з іх мае сваю гісторыю, якую яшчэ неабходна будзе адкрыць».

Так, большасць каштоўных экспанатаў мае адмысловыя таўры, знакі пэўных майстроў, ювелірных дамоў. Аднак дакладна іх расшыфраваць пакуль яшчэ не атрымалася…

У ратушы новыя экспанаты прадстаўлены ў зале скарбніка. «Экскурсія пабудавана такім чынам, — распавядае Алена Шкраба, — што ў першую чаргу нашы наведвальнікі знаёмяцца са звычаямі ды парадкамі магістрата часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Мы распавядаем пра пасаду скарбніка і яго паўнамоцтвы, сярод якіх — права захоўваць да паўналецця спадчынніка багацце яго загінуўшых бацькоў. І тут добрай ілюстрацыяй да аповеду становіцца сярэбраны посуд, каштоўныя прадметы побыту, якія цалкам маглі ўяўляць з сябе здабытак гарадской сям’і рамесніка». Тут жа экскурсавод распавядае пра прафесію «златніка» або «сярэбраніка» ў часы ВКЛ і РП, адзначае загадчык сектара па навукова-экспазіцыйнай працы ратушы.

Адным з самых каштоўных прадметаў абноўленай экспазіцыі супрацоўнік музея назвала відэлец для рыбы нямецкай вытворчасці ХІХ ст. з імператарскім знакам. Але ж самыя цікавыя прадметы, перададзеныя з Дзяржсхова музею-запаведніку ў Нясвіжы, будуць экспанавацца ў замку.

«Гэта шкатулкі для ювелірных вырабаў, візітніцы, табакеркі, запальнічкі… — удакладняе захавальнік фонду Нясвіжскага музея-запаведніка Жанна Батурыцкая. — Сярод сталовых прыбораў ёсць нават кубачак XVIII ст., які, магчыма, належыў Пятру ІІ. На дне посуду можна разгледзець выяву царскіх рэгалій і адпаведны подпіс…»

Плануецца, што новыя сярэбраныя скарбы будуць прадстаўлены для аглядальнікаў замка ў зале прыватных калекцый ужо ў маі.