Жыхар Баранавічаў Уладзімір Кунік, случчанін па паходжанні і захоплены філатэліст, нядаўна набыў у сваю калекцыю тры маркі Часовай Рады Случчыны, якія выпускаліся ў перыяд Слуцкага збройнага чыну (1920 год). З дапамогай калекцыянера і быў падрыхтаваны матэрыял, які распавядае аб новых даследаваннях гэтых незвычайных гістарычных рарытэтаў.

Спрэчныя пытанні. Пра слуцкія маркі філатэлісты ведалі даўно. Пра іх пісалі розныя выданні Польшчы, ЗША, у апошні час і Беларусі. Выглядаюць яны незвычайна. На трох відах польскіх паштовых марак 1919 наддрукоўваліся штэмпелем малюнак «Пагоні» з надпісам «Ч.Р.Сл.» (Часовая Рада Случчыны) і новы намінал: польская марка 5 грошаў – наддрукоўка 25 грошаў, марка 10 грошаў – надрукоўка 50 грошаў, марка 15 грошаў – наддрукоўка 50 грошаў.

Аднак ці былі гэтыя маркі афіцыйным выпускам Рады Случчыны, спецыялісты і даследчыкі не маглі прыйсці да адназначнага адказу. Няясна таксама было, дзе і кім яны друкаваліся, з якой мэтай.

Дзе і хто. Упершыню слуцкія маркі з’явіліся ў нашай краіне дзякуючы намаганням вядомага беларускага філатэліст Льва Коласава яшчэ ў канцы 1990-х гадоў (набытыя ў Польшчы). Тры асобнікі ў яго набыў іншы беларускі філатэліст Валянцін Баціеўскі.

Даследаванні і рупная праца з архіўнымі дакументамі, праведзеныя гэтым калекцыянерам яшчэ да яго скону, дазваляюць сёння часткова праліць святло на паходжанне слуцкіх марак.

З архіўных дакументаў БНР (Беларускай Народнай Рэспублікі) вынікае, што маркі былі выпушчаныя 1 снежня 1920 года. Паводле ўспамінаў сябраў Рады, штаб брыгады, як і сама Рада Случчыны, знаходзіўся ў гэты час у вёсцы Грыцэвічы Слуцкага павета (да 15 снежня). Валянцін Баціеўскі зрабіў заключэнне: гэты населены пункт і стаў месцам выпуску марак. Ён таксама супаставіў розныя дакументы, успаміны ўдзельнікаў падзеяў і прыйшоў да высновы, што з усіх членаў Рады Случчыны, якая складалася з 17 чалавек, да іх выпуску маглі быць датычныя толькі Васіль Русак і Юры Лістапад. У сілу склаўшыхся акалічнасцяў Лістапад 1 снежня быў у ад’ездзе, а Васіль Русак хварэў і бязвыезна знаходзіўся ў Грыцэвічах. У яго, на думку Баціеўскага, было дастаткова часу, каб вырабіць гумовы штэмпель наддрукоўскі і паставіць яго быўшыя ў ягоным распараджэнні польскія стандартныя маркі выпуску 1919 года.

Налепкі па ветлівасці. Паводле згаданых вышэй архіўных дакументах, лічыцца, што ўсяго было надрукавана 200 слуцкіх марак коштам 50 грошаў і каля 20 асобнікаў наміналам 25 грошаў. Тыя ж архіўныя дакументы паведамляюць, што на 1921 іх засталося толькі тры камплекты, астатнія згарэлі. Валянцін Баціеўскі лічыў, што мэтай выпуску марак, па сведчанні аднаго з членаў Рады Случчыны, была аплата дастаўкі лістоў адрасатам у межах Слуцкага павета. На жаль, да гэтага часу не знойдзена якіх-небудзь дакументаў, якія пацвярджаюць выкарыстанне гэтых марак у паштовых мэтах на Случчыне.

Тым не менш, вядомыя два паштовых адпраўленні з налепленымі слуцкімі маркамі. Абодва яны былі адпраўленыя з Баранавічаў ў студзені 1921 года адным і тым жа адпраўніком з інтэрвалам у два дні: ліст у Вільню і заказны ліст у Ляйпцыг (Нямеччына). Аднак яны былі налепленыя побач з польскімі паштовымі маркамі і не выконвалі функцыі аплаты адпраўлення. На абодвух варыянтах лістоў слуцкія маркі ўяўляюць сабой дадатковыя віньеткі «паветлівасці».

Навошта гэта трэба. На думку шэрага беларускіх філатэлістаў, нягледзячы на тое, што слуцкія маркі не былі ў паштовым абарачэнні, яны маюць несумненную цікавасць і каштоўнасць, бо з’яўляюцца жывымі сведкамі бурных падзей 1920 года ў Беларусі. Яны – частка нашай гісторыі, якую яшчэ трэба будзе дэталёва вывучыць. Нябожчык, беларускі філатэліст Валянцін Баціеўскі сваімі даследаваннямі дамагаўся, каб маркі Часовай Рады Случчыны БНР былі ўнесеныя ў вядучыя сусветныя каталогі. На жаль, сёння іх там няма.