Гісторыя з’яўлення зубра у геральдыцы Гарадзенскай губерні па-ранейшаму застаецца у цяньку. Прычына з’яўлення больш-менш зразумелая, а вось хто першааўтар такой прапановы – не. Але маё даследаванне аб тым, што разам з тым як Берасце увайшоў у падпарадкаванне гарадзенскай губерні на адміністацыйных установах гораду зяўляецца зубр.

Вядома, што гэта была новая старонка як для Берасця, так і для іншых павятовых гарадоў Гарадзенскай губерні. Новая таму, што пасля апошніх падзелаў Рэчы Паспалітай 1793 і 1795 гадоў пераважная колькасць гарадоў, якія мелі прыватныя гербы, больш не магла карыстацца імі.

Неяк адразу на пячатцы Берасця (што нельга сказаць пра іншыя гарады Гарадзенскай губерні) трапляе зубр. У сеціве не магчыма знайсці дакументаў з схематычнымі выявамі і часам утварэння такіх гербаў, а архівы у час электронных тэхналогій па-ранейшаму не даступныя.

І таму наяўных сведкаў тых часоў на сёньняшні дзень вядома толькі два. Першую выяву можна пабачыць на сотай старонцы кнігі: “Брестчина: легенды, события, люди / Илья Курков.- Мн.: Медиафакт, 2005”.

Як гэта не дзіўна на гэтай пячатцы з калекцыі БрАКМ ня толькі адсутнічае імперскі арол, але як і у многіх гербах Гарадзенскай губерні знаходзіцца герб Пагоня – шырока распаўсюджаны дзяржаўны сімвал ВКЛ. У ніжнім полі пячаткі размешчаны зубр і надпіс: “ПЕЧАТЬ БРЕСТСКОГО ГОРОДСКОГО МАГИСТРАТА”.

Гэтае паняцце “магістрат” вельмі ж тут цікавае і ў значнай ступені парадаксальнае для царскай Расеі. Само па сабе слова магістрат – лацінскае і згодна энцыклапедый перакладаецца як “выбарны адміністрацыйны і судовы орган гарадскога самакіравання ў гарадах, якія мелі права на самакіраванне (магдэбурскае права або іншае). Гэта парадаксальна таму, што згодна указа Кацярыны ІІ магістраты, на нашых землях, у 1795 годзе былі канчаткова скасаваныя. З гэтага вынікае, што пячатка да 1795 года, але гэта немагчыма. У сваёй выяве герб цалкам супадае з гербам Гарадзенскай губерні зацверджаным 11 ліпеня 1802 года і малаверагодна , што гэтая пячатка магла быць выразанай раней 1801 году. Хутчэй за усё, слова магістрат трапіла на гэтую пячатку па старой памяці і насуперак указа Кацярыны, як гэта часта ды густа бывае ў Расеі.

Вельмі важнае даследаванне, дапаўняючае гэтую тэму, праведзена І.Азеранскай пра адпячатак пячаткі якая вельмі цікавая для нас, але выяву якой Адэскі краязнаўчы музей па майму запыту так і не прыслаў. Але на іхнім сайце ёсць падрабязнае апісаньне у артыкуле “Неизвестная печать”. Як паведамляе І. Азеранская, на пячатцы з адэскага музею у цэнтры такая самая выява з “Пагоняю” ды зубрам, але гэта пячатка з надпісам на польскай мове у перакладзе чытаецца так: “пячаць яго імператарскай вялікасці дваранскае сабранне губерні Літоўска-Гарадзенскай”. І самае цікавае, што вакол цэнтральнага герба як гэта было у 1801 годзе размешчана яшчэ 8 гербаў уездных гарадоў: Гародні, Берасця, Кобрыні, Пружанаў, Ваўкавыску, Наваградку, Слоніму і Ліды. Але, калі назвы уездаў адпавядаюць рэчаіснасці, дык гербы – зусім не. На чатырох з іх – “Пагоня”, на трох – двухгаловы арол, а на Лідскім – тры вежы. Можам толькі дагадвацца, які герб там мае Берасце, але найхутчэй – “Пагоню”.

Даследчыца сцвярджае: “з 1802 па 1845 год уездных гербаў Гарадзенскай губерні афіцыйна не існавала і на пячатцы (з Адэсы) яны паказаны умоўна і разам са стратаю у 1795 годзе гарадамі Магдэбургскага права страцілі свае гербы”. Таму і на пячатцы Берасцейскага магістрата з “Пагоняй” мы бачым, што выкарыстаны герб Гарадзенскай губерні узору 1802 года, але хто ведае, магчыма і 1801, але не самога горада Брэста-Літоўска.

Ці пратрымалася гэтая пячатка да 1845 году, калі пры збудаванні Брэсцкай крэпасці быў канчаткова знішчаны старажытны горад Берасьце? Цалкам верагодна. З публікацыі Уладзіміра Бешанкова даведваемся, што у 1845 годзе крэпасць знайшла адлюстраванне на новай гарадской пячатцы Брэста-Літоўскага і яе апісанне: “на мысе, пры зліцці двух рэчак,- кола з сярэбраных шчытоў, а над ім узвышаецца крэпастны штандар, у верхняй частцы герба зубр”. Між тым у Бешанкова зноў чытаем, што у гэтыя гады магістрат усё яшчэ быў…

На гэтым можна было б і завершыць даследаванне, але, нечакана, апантанным гісторыяй, Віктарам з Тамашоўкі была знойдзена пячатка “БРЕСТСКОЙ ГОРОДСКОЙ УПРАВЫ”

Бачна што яна нязначна адрозніваецца ад графічнага малюнка, але ўсёж адрозніваецца і гэта цікава. Варта адзначыць, што хутчэй за усё гэтая пячатка рэзалася не ў Берасці, а недзе ў пакуль не вядомай цэнтралізаванай майстэрні. Гэтаму ёсць падставай не зусім зразумелы для рэзчыка сімвал зліцця двух рэчак. Ён іх хутчэй паказаў як два снапы, якія даволі часта сустракаюцца на іншых гербах, а крэпасны штандар больш падобны на сімвал судаверхі. А вось зубар тыпічны, такі самы як на пячатцы гарадзенскага ганчарна-мулярскага цэха.

Калі ж была вырабленая гэтая пячатка? Зразумела, што пасля 1845 года, і найхутчэй, праіснавала да першай сусветнай вайны. Варта адзначыць, што у той час адбыўся парад зуброў на пячатках 9 уездных гарадоў гарадзенскай губерні: Беластоку, Бельску, Брэста-Літоўскага, Ваўкавыску, Гародні, Кобрыні, Пружанаў, Слоніму, Саколкі.

Як бачым гісторыя Брэста ўзбагацілася яшчэ адной невялікай старонкай.