Алесь Каўрус … Імя гэтага таленавітага даследчыка роднай мовы карыстаецца заслужанай павагаю сярод тых, хто шануе і любіць беларускую мову, якая вылучаецца сярод іншых славянскіх моў сваім непаўторным лексічным багаццем і адмысловай мілагучнасцю.

Пра вынік плённай працы вучонага гавораць самі за сябе кнігі, у якіх асноўным аб’ектам даследавання з’яўляецца роднае слова, яго ўжыванне і ўтварэнне: «З крыніц народнай мовы» (1968), «Стылістыка беларускай мовы» (1980, 3-е выд. 1992), «Культура слова» (1983), «Слова наша роднае» (1986), «Мова народа, мова пісьменніка» (1989). А. Каўрус упершыню ў беларускім мовазнаўстве стварыў даведнік «Дакумент па-беларуску» (1994), арыентаваны на шырокага чытача: справавода і бухгалтара, прадпрымальніка і спажыўца, вучня і настаўніка, студэнта і выкладчыка, журналіста і выдаўца. Неацэнную каштоўнасць мае «Руска-беларускі слоўнік», у якім падаюцца не толькі растлумачаныя ў папярэдніх раздзелах словы, але і некаторыя іншыя, што выклікаюць пэўную цяжкасць пры ўжыванні, асабліва пры перакладзе з рускай мовы на беларускую.

А колькі артыкулаў, рэцэнзій змешчана гэтым руплівым даследчыкам у часопісах «Полымя», «Маладосць», «Роднае слова», «Беларусь», а так-сама ў газетах, у тым ліку ў «Звяздзе», «ЛіМе», «Нашым слове»! Навуковец карпатліва даследуе слова, паказвае яго непаўторнасць, самабытнасць, засцерагае чытача ад няўдалага ўжывання неўласцівых беларускай мове формаў слоў, сінтаксічных канструкцый. Матэрыялы і вынікі назіранняў А. Каўруса над моўнай практыкай (пачатак 1960-х гг. і да нашага часу) змешчаны ў кнізе «Да свайго слова: пытанні культуры мовы» (2010), якая атрымала высокую ацэнку ў рэцэнзіях і водгуках спецыялістаў-мовазнаўцаў.

Цягам некалькіх гадоў (1998-2005) А. Каўрус выступаў на старонках часопіса «Роднае слова» з публікацыяй «пазаслоўнікавай» лексікі — слоў, не змешчаных у пяцітомным «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» (1977-1984). І вось гэтыя «бяздомныя» словы нарэшце знайшлі надзейны прытулак — змешчаны ў кнізе А. Каўруса «Скловаклад: слоўнік адметнай лексікі» , якая ў гэтым годзе выйшла накладам 700 асобнікаў у Выдавецкім доме «Звязда». За час які мінуў пасля «роднасловаўскай» публікацыі, некаторыя словы, як адзначаецца ў «Прадмове», атрымалі «прапіску» — увайшлі ў найноўшыя слоўнікі. Гэта тлумачыцца тым, што «пазаслоўнікавыя» словы, папершае, арыгінальныя паводле марфемнай будовы, а па-другое, запатрабаваны моўнай практыкай як сродак намінацыі. Да такіх слоў можна аднесці аповед, асобнік, выбітны, выканаўца, гасцёўня, дамова, досвед, заўзятар, звяз, летнік (летні аздараўленчы лагер для дзяцей), навуковец, назоў, напоўніцу, насамрэч, наступства, падліковец, падпісант, паняццевы, перамовы, складнік, сумнеў, унёсак… Дарэчы, гэтыя словы ўключаны ў такі аўтарытэтны даведнік, як «Слоўнік беларускай мовы» (Мінск: Беларуская навука, 2012), навуковымі рэдактарамі якога з’яўляюцца дактары філалагічных навук А.А. Лукашанец і В.П. Русак.

Як вынікае з анатацыі, у слоўніку даецца тлумачэнне больш як трох тысяч слоў, даўніх і тых, што ўзніклі ў наш час, якія ўжываюцца ў мастацкіх і навуковых тэкстах, у мове сродкаў масавай інфармацыі.

Актуальнасць Слоўніка тлумачыцца ў «Прадмове»: «на фоне мноства неалагізмаў, якія амаль штодня прыходзяць у беларускую мову з іншых (пераважна з англійскай) і хутка пашыраюцца, усё большую цану набывае выяўленне і папулярызацыя ўласна беларускіх слоў — даўніх і тых, што ўзнікаюць у наш час» (с. 3). У прыватнасці, у слоўніку падаюцца прыметнікі і назоўнікі, якім у рускай мове адпавядаюць дзеепрыметнікавыя формы з суфіксамі -ущ-, -ющ-, -ащ-, -ящ-, -ем-, -им-, -вш-, -ш- . Напрыклад: абагульняльны (рус. обобщающий), аб’ядноўчы (объединяемый), гнятлівы, прыгнётлівы (гнетущий), накіроўчы (направляющий), моўца, размоўца (говорящий), атакоўны (атакующий), разгляданы (рассматриваемый), адбыты (состоявшийся), рассмяяны (рассмеявшийся), ранлівы (ранимый), задрыжэлы (задрожавший). Шэраг назоўнікаў (у тым ліку наватворы) з тыповымі для беларуская мовы суфіксамі ў ролі адпаведнікаў рускіх дзеепрыметнікаў з названымі вышэй суфіксамі пашыраецца ва ўжытку, пра што сведчыць Слоўнік: выступоўца (выступовец, выступальнік, выступальшчык, выступанец), завітанец, нападнік (нападчык, нападоўца), правяральнік, спадзяванец, спачувальнік, спрыяльнік ды інш.

Слоўнікавыя артыкулы распрацаваны і аформлены паводле тлумачальнага слоўніка. Яны ўключаюць наступныя элементы.

Загалоўкавае (рэестравае) слова: размяшчаецца ў алфавітным парадку, пры ім падаюцца варыянты, дублеты і (зрэдку) сінонімы. Напрыклад:

АДПАЧЫВАЛЬНІК, АДПАЧЫНШЧЫК, АДПАЧЫННІК, -а, АДПАЧНІК, -а, АДПАЧЫВАНЕЦ, -нца, м .

Граматычная характарыстыка слова: ужываюцца паметы часцін мовы (напрыклад, прысл. ); роду ( м., ж., н. ), трывання ( незак., зак. ) і інш.; паказваюцца граматычныя формы роднага склону назоўнікаў у адзіночным ліку, а пры патрэбе — і іншых склонаў; формы 1-й, 2-й, 3-й асобы адзіночнага ліку. Напрыклад:

ДОСВЕД, у, м .

ДАСКАНАЛІЦЬ, -лю, -ліш, -ліць; незак .

ПРОМНЕВЫ, -ая, -ае.

ПЕРАМОВЫ, -аў; адз. няма .

КАЛАСАВІНЫ, -аў, -він; адз. няма .

ПРОПЛАЧ, прысл .

Сэнсавая характарыстыка — гэта раскрыццё значэнняў слова і ягоных сэнсавых адценняў. Асноўныя спосабы раскрыцця значэння слоў — шляхам тлумачэння (лагічнага вызначэння сэнсу слова) або праз агульнаўжывальнае, кадыфікаванае слова — адно ці некалькі. Значэнне слова можа тлумачыцца ўстанаўленнем словаўтваральных адносінаў вытворнага слова з тым, ад якога яно ўтворана. Напрыклад:

ПРАЦАЛЮБ, -а, м . Той, хто любіць працу; шчыры працаўнік.

РАСПАЎСЮДНІК, -а, м . Распаўсюджвальнік.

КРЭСЕЛКА, -а, н . Па-мянш.-ласк. да крэсла; крэсе-льца.

АЎТАРКА, -і, ж . Жан. да аўтар.

Ілюстрацыйны матэрыял — цытаты з літаратурных крыніц. Ілюстрацыі дапамагаюць больш дакладна раскрыць сэнс слова, паказаць яго сферу ўжывання і спалучальнасць. Напрыклад:

ДОБРА, у знач. наз., нескл., н. У выразе: даць добра — даць згоду, дазвол. Ураду трэба не проста даць «добра» на існаванне фермерства, а выпрацаваць пэўную праграму яго абароны, заахвочвання, падтрымкі (Звязда. 12.09. 1992).

ПЕРАДУСІМ, прысл . Перш за ўсё, найперш. Перадусім патрэбны чалавечыя ўзаемаадносіны — без іх нічога не атрымаецца (ЛіМ. 31.10. 1997).

Націск у словах, за рэдкім выключэннем, не ставіцца. Гэта тлумачыцца неабходнасцю пазбегнуць недакладнай акцэнталагічнай характарыстыкі рэестравых слоў, частка з якіх індывідуальна-аўтарскія, рэдкаўжывальныя. Выключэнне складаюць адзінкавыя выпадкі, калі адсутнасць значка націску можа ўскладніць адэкватнае ўспрыманне слова. Напрыклад:

ДЗЯЯЧ, дзеяч а , м . Дзеяч. Першым рэктарам [Полацкага езуіцкага калегіума] стаў славуты царкоўны і палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай Пётра Скарга (У. Арлоў).

ПАСЫП А НЫ, -ая, -ае. Які пасып а ўся, пасыпаецца чым-н . Прад ганкам пляцок пасыпаны Пясочкам адборным жаўцеў (М. Грамыка).

Значэнні шматзначнага слова адасабляюцца адно ад аднаго ў межах артыкула арабскімі лічбамі. Напрыклад:

ЧЫТВО, -а, н . 1. Тое, што чытаюць; тэкст, які чытаюць; чытанне. Апынуўся на сёння зусім без чытва, успомніў, што ў адным з апошніх нумароў «Звязды» прайшоў міма даволі вялікага апавядання, таксама і ў апошнім «ЛіМе» (Я. Брыль).

2. Пра твор мастацкай літаратуры, які мае займальны змест, але не вызначаецца высокімі мастацкімі вартасцямі; чытаніна. [А. Глобус:] Я ведаю, што такое на сённяшні дзень літаратура, што прадаецца і чытаецца. Што такое кан’юнктура, бульварнае чытво , якім яно павінна быць антыінтэлектуальным (ЛіМ. 24.04. 1998).

Амонімы падаюцца асобна як загалоўкавыя словы з лічбавымі паказчыкамі ўверсе справа. Напрыклад:

НАБОЖНІК 1, -а, м . Ручнік, як вешаецца над абразамі. Часам трохі схаваецца [месік] за правідную болачку, што тонкімі фарботамі расцягнецца па ім, як вышываны ўсякаю гурынаю паркалёвы набожнік над абразом у святым хатнім куце (М. Гарэцкі).

НАБОЖНІК 2, -а, м . Тое, што і набажэнец [той, хто верыць у Бога і выконвае рэлігійныя абрады]. [Звон] будзе, зліўшыся з вячэрнім хорам, Набожнікаў у цэркву зваць (ЛіМ. 23.07.1971).

Шматкроп’е (…) перад дэфініцыяй асобных слоў сінгналізуе, што разглядаецца толькі значэнне, не зафіксаванае ТСБМ. Напрыклад:

ДАРАДЦА, -ы, м . …Саветнік. Хутчэй за ўсё [былы рэктар] будзе працаваць дарадцам у Міністэрстве адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь (Звязда. 20.01.1996).

АБВАЛЕНЫ, -ая, -ае. …Які абваліўся. Гарэла абваленая столь (В. Адамчык).

МУЗЫЧНЫ, -ая, -ае. …Музыкальны. — Мне не трэба шмат гаварыць, я бачу, што ты ацаніў мае сціплыя музычныя здольнасці, — сказала Вераніка (У. Рубанаў).

Як натуральныя ўспрымаюцца зафіксаваныя ў Слоўніку формы найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, утвораныя далучэннем прыстаўкі най- да пачатковай формы прыметніка, напрыклад найсветлы — найсвятлейшы : Бывала, калі ўсе зараз паспеюць [яблыкі] І шпокаць, спелыя, пачнуць на грады — Звон залаты стаіць на ўсю краіну. Пачуў яго, той звон, і цар найсветлы (Я. Сіпакоў). Таму меркаванне некаторых навукоўцаў, што такія формы нібыта чужародныя беларускай мове, нічым не апраўданае.

Замест слоў з нехарактэрным для беларускай мовы суфіксам -цель у Слоўніку ўжываюцца натуральныя адпаведнікі, напрыклад глушыльнік — глушыцель: Гучнагаварыцелі не могуць «перашумець» некалькі дзясяткаў магутных матораў са знятымі глушыльнікамі (Чырвоная змена. 15.07.1975), засядальнік — засядацель: Гэтыя людзі выбралі сваіх засядальнікаў у суд (К. Чорны), натхняльнік — натхніцель: У момант пуску станцыі я стаяў на пульце кіравання побач з Ігарам Васільевічам Курчатавым — палымяным энтузіястам і натхняльнікам будоўлі (Маладосць. 1972. № 4).

Сярод зафіксаваных ёсць і такія словы, якія называюць паняцці, што ў літаратурнай мове не маюць аднасловікаў. Напрыклад: абуджэнец — той, хто абуджае ў каго-н . нацыянальную свядомасць, годнасць: «Абуджэнец» — назва артыкула В. Рагойшы, прысвечанага Сяргею Палуяну (Звязда. 26.04.1997), адважнік — адважны чалавек: Пакуль ёсць адважнікі, будуць і баязліўцы, пакуль ёсць баязліўцы — будуць і адважнікі (Н. Мацяш), выраканец — той, хто выракся свайго роднага: І памяць кросны снуе, І лесуны барукаюцца. Шляхі разышліся яе З бязроднымі выраканцамі (Р. Барадулін), дабрэнны — вельмі добры: Саладоўні і мядоўні, тут жа, за два крокі ад карчмы. выраблялі дабрэнны напітак (К. Чорны). [Агапа:] Вунь у іншых і без бацькі, а такія ж дабрэнныя павырасталі… (Б. Сачанка). Таксама: адмыслоўца (ЛіМ. 6.03.1998) — той, хто валодае выдатным майстэрствам, аднакамернік (Г. Далідовіч) — той, хто знаходзіцца з кім-н. у адной камеры, аднапалатнік (В. Хомчанка) — той, хто знаходзіцца з кім-н. у адной палаце, асцярожнік (Ф. Янкоўскі) — пра чалавека, які дзейнічае з аглядкай, з асцярогай, багаўслаўны (Р. Барадулін) — прызначаны ўслаўляць, славіць Бога, беларускасць (З. Цехановіч) — сукупнасць характэрных прыкмет беларускага, беларушчына (Наша слова. 18.02.1998) — спрадвечная мова, культура, звычаі, традыцыі беларусаў, вывучальнік (К. Чорны) — той, хто вывучае каго-н., што-н., жальбіны (ЛіМ. 26.06.1998) — дзень памяці каго-н., застольнік (В. Казько) — удзельнік застолля, лідэрны (Беларускае радыё. 5.09.1993) — які з’яўляецца лідэрам, першым у чым-н., займае галоўнае становішча, мурзач (В. Гардзей) — запэцканы, брудны чалавек, непатрэбіца (С. Мінскевіч) — непатрэбная рэч і многія іншыя.

Некаторыя словы захавалі марфемную будову асновы, ад якой яны ўтвораны, інакш кажучы — без чаргавання апошняга зычнага гэтай асновы. Напрыклад: журбаваць, журбоціцца — журыцца, сумаваць: Не журбуйце ж, тата, маці! Буду вас яшчэ вітаці, як з вайны здароў вярнуся (Я. Купала). Недзе зараз у сцішанай хаце Пра мяне журбоціцца маці (С. Законнікаў). Таксама: жулікаванне (Ю. Віцьбіч) — жульніцтва, запросіны (М. Танк) — запрашэнне, начлегаваць (В. Ластоўскі) — начлежнічаць, праракаваць (А. Арочка) — прарочыць, снегавінка (А. Гарун) — сняжынка і г.д.

У Слоўніку мы сустрэнемся з тыповымі для беларусаў сваямоўнымі формамі ветлівага і афіцыйнага звароту да грамадзян сваёй краіны. Гэта формы спадар : Віншуем Міколу Іванавіча з юбілеем! Так і надалей, спадар Ермаловіч! (ЛіМ. 3.05.1991), спадарыня — жан. да спадар: Вядома, яна пакахала яго ад самага пачатку: пакахала свой адбітак не ў раўнадушным шкле, як таго патрабавала спадарыня Хей, а ў Сярожавых уважлівых вачах (Полымя. 2003. № 6), спадарства — спадары: Запрашаю, спадарства , заглянуць у жытло сучаснага выкладчыка інстытута (ЛіМ. 1.11.1991). Ёсць і прыметнік, утвораны ад спадар — спадар оўскі : Мова яго [К. Дужа-Душэўскага] перакладаў была без ніякіх спадароўскіх дзівосаў — жывая, зразумелая, народная (М. Танк). Пра гэтыя спрадвечнабеларускія словы Р. Барадулін казаў: «Яны абсалютна арганічныя! Сваёй даўніной, паважлівым гучаннем проста цешаць слых!» Нельга не пагадзіцца з прафесарам І. Лепешавым, што «па сутнасці, сёння слова спадар — адзіная форма ветлівасці і афіцыйнага звароту ці ўпамінання — пры прозвішчы, імені або званні асобы». Дарэчы, у акадэмічным «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» (1996) ёсць цэлае гняздо з коранем спадар- (спадар, спадарыня, спадарства ). На жаль, у згаданым «Слоўніку беларускай мовы» чамусьці «не хапіла» месца гэтым самабытным і так патрэбным ва ўзаемінах словам.

У навуковых працах пры адсылцы да іншых цытаваных раней навуковых крыніц выкарыстоўваецца трапнае, ёмістае слова — прыслоўе там-сама (‘у тым самым месцы’): Дзён праз чатыры ўбачыў яго тамсама трэці раз (У. Мехаў). Паводле гэтай словаўтваральнай мадэлі ўтворана і прыслоўе тутсама (‘у гэтым самым месцы’), якога так не ставала дагэтуль моўнай практыцы: Тут-сама ў слоўнікавым артыкуле чытаем і наступнае… (Роднае слова. 1997. № 12). Тутсама ў дварэ пункт прыёму шклатары (Наша ніва 17.05.1999).

Паводле «Беларускай граматыкі» (1985) дзеепрыметнікі залежнага стану не ўтвараюцца ад пераходных дзеясловаў незакончанага трывання з суфіксамі -іва-, -ва- Аднак моўная практыка пацвярджае ўжыванне такіх дзеепрыметнікавых формаў. Напрыклад: абліваны — які абліваўся, абліваецца чым-н.: Злітае потам, слязьмі абліванае, Дзікае зелле прыносіш ты [поле] нам (Я. Купала), паліваны — якія паліваецца чым-н.: Вось, як гляну, гляну я На жыццё паганае, Бачу ўсё мне знанае, Слязьмі паліванае (Я. Купала), ужываны — …які ўжывалі, ужываюць: Далей яна патлумачыла асаблівасці ўжываных у сферы адукацыі нарматыўных актаў, якія патрабуюць для фармавання школьнага класа мінімальнай колькасці заяў бацькоў (Наша слова. 19.12.1996).

Многія з ужытых у Слоўніку слоў не зусім рэдкія ў моўнай практыцы. Падамо, услед за Іванам Лепешавым і Лявонам Баршчэўскім, некаторыя з іх: дасканаліць (тое, што і ўдасканальваць), замежнік (‘іншаземец, іншакраінец’), землятрус , напрыканцы, паспаліты (‘звычайны, просты’), прылюдны, смутлівы, суразмоўца, хваласпеў, хмарачос…

Замест назоўніка мсцівец (з цяжкавымоўным збегам пачатковых зычных, першы з якіх санорны) у Слоўніку падаецца помснік , вытвор ад асновы сваямоўнага дзеяслова помсціць : — Ну што ж? аставайся, пабачым, — Сказаў Белавус да прышэльца: — А потым і месца прызначым, Калі ты ад чыстага сэрца. Мы кожнаму помсніку рады… (Я. Колас).

Некаторыя словы ўжываюцца са значэннем, якое яны мелі раней (да 30-х гадоў ХХ ст.), напрыклад кахаць — адчуваць глыбокую адданасць, прыхільнасць да чаго-н., быць адданым чаму-н.; любіць: Кахаць дзяўчыну, хлопца — і кахаць радзіму, кахаць культуру, да якой належыш, цераз каханне ісці да каранёў сваіх, свайго роду і свайго народа, сваёй бацькаўшчыны. Вось асноўная ідэя рамана «Нельга забыць» (У. Калеснік).

Як адзначаецца ў анатацыі, Слоўнік можа выкарыстоўвацца ў сярэдняй і вышэйшай школе, а таксама як даведнік для журналістаў, пісьменнікаў і рэдактараў. Няма сумневу, што ён будзе карысным пры выкладанні ў ВНУ стылістыкі і культуры маўлення, а таксама спецкурса па словаўтварэнні.