Хто з нас не цікавіўся, адкуль узяліся яго імя і прозвішча? Знайсці правільны адказ на такое пытанне не зусім проста, але ён пралівае святло на вытокі радаводу, прымушае задумацца над гісторыяй сваёй сям’і. Мы мала ведаем пра прозвішчы свае і тых, хто побач з намі.

Вядома, што прозвішчы не ўзнікаюць саме па сабе, а цесна звязаны з гісторыяй грамадства, з гаспадарчай і духоўнай дзейнасцю іх носьбітаў, характарам і духоўнай культурай чалавека.

Для пацверджання дадзенай гіпотэзы прыйшлося паглыбіцца ў вывучэнне краязнаўчай літаратуры, звярнуцца да энцыклапедычных і перыядычных выданняў, задзейнічаць уласныя назіранні, а таксама запісаць вусныя сведчанні мясцовых старажылаў.

Як сведчаць многія даследчыкі, самыя старажытныя прозвішчы – мянушкі. У нашай мясцовасці пашыраны прозвішчы-мянушкі, што ўтвораны паводле назваў жывёл, птушак, насякомых, раслін. У розныя гады Галавічпольскую сярэднюю школу закончылі выпускнікі з прозвішчамі Кот, Заяц, Воўк, Пацук, Пац, Белка, Камар, Жук, Шэршань, Чапля, Сарока, Удот, Крук, Мядзведзь. Даследчык рускіх уласных імёнаў Шчацінін лічыць, што такія прозвішчы з’яўляюцца дахрысціянскімі імёнамі. Даючы імя Воўк, бацькі жадалі, каб іх сын быў здаровым і моцным, бо гэтыя звяры самыя дужыя і вынослівыя. Хадзіла паданне, што калі сын атрымлівае імя, у аснове якога слова Воўк, ён будзе заўсёды беражоным.

Значны пласт на тэрыторыі Галавічпольскага сельскага савета складаюць прозвішчы, утвораныя ад асабовых імёнаў грэчаскага ці рымска-каталіцкага паходжання, якія раней фіксаваліся ў царкоўным календары. Яны або поўнасцю супадаюць з імёнамі – Кузьма, Саўка, Астап, Богдан, Каспер, Кур’ян – або маюць суфіксы –овіч, -евіч, што, як адзначае даследчык Васіль Шур, уласціва ў першую чаргу для Гродзеншчыны. Абрамовіч – ад старажытнаяўрэйскага імя Абрам. Багушэвіч – ад імя Богуш. Анцута, Анцукевіч – размоўны варыянт асабістага імя Анцыфер. Юрэвіч, Тарасевіч, Стасюкевіч, Юзэфовіч, Маркевіч, Барысевіч, Мацяевіч, Васілевіч і мноства іншых. Такія прозвішчы ўсведамляліся ў грамадстве як сацыяльна падвышаныя, шляхецкія.

Асаблівую цікавасць у нас выклікалі прозвішчы, у аснове матывацыі якіх знешні выгляд чалавека, яго характар і паводзіны. Носаль – такую мянушку маглі даць чалавеку з доўгім ці вялікім носам; Маладзіла – чалавек выглядае не па гадах молада;

Банцэвіч – паводле даследчыка Юрэвіча, гэтае прозвішча мае ў аснове ўкраінскае слова банькы – вочы. Чалавек з вялікімі выпуклымі вачыма, зіркаты; Гарбіна – хтосьці ў родзе, відаць, быў гарбаты. Даўгяла – высокі, доўгі, цыбаты.

Карабач. У аснове слова карабаты – няроўны, пагнуты, скрыўлены. Ёсць меркаванне, што беларускае хвароба і літоўскае караба з аднаго кораня, калі ад болю чалавек, як кажуць, лезе на сцяну, карабкаецца, караскаецца. Хваравітым людзям давалі гэткую мянушку. Аднак тлумачальны слоўнік беларускай мовы падае наступнае значэнне слова карабаты – няроўны, пагнуты, скрыўлены. І мы схіляемся да меркавання, што менавіта гэтае значэнне ляжыць у аснове прозвішча Карабач.

Знешні выгляд чалавека адлюстроўваюць і такія прозвішчы, як Лабан, Махнач, Чарняк, Рудая, Крывашэй, Лысеня. Асаблівасці паводзін чалавека праяўляюцца ў прозвішчах Гіжантовіч – вельмі рухавы чалавек; Буза – скандальны, шумны; Валюк, Юч, Гулянцоў, Паскакухіна, Цельнікава.

Пэўныя прывычкі чалавека адлюстроўваюць прозвішчы, што ўтвораны ад дзеясловаў: Курыла, Закусіла, Мусяла, Балобан, Розмысла. Прозвішча Панімаш тлумачыцца тым, што яго ўладальнік меў дрэнную прывычку ўстаўляць у гаворцы слова понимаешь. Ёсць i такая трактоўка: чалавек, які хутка ўсё разумее, понимает – Панімаш! Так як добры – Дабрыня, Дабрыян.

Ніводная рыса ў характары чалавека не абміналася мянушкамі, і яны прыставалі на вякі.

У розных частках Беларусі сустракаюцца прозвішчы, якія паходзяць ад уласных назоўнікаў, што абазначалі заняткі і прафесіі людзей. Не з’яўляецца выключэннем і наша мясцовасць: кухар – Кухарэвіч, Кухарчык; каваль – Кавальчук; гайдук – Гайдукевіч; той, хто ўмее рабіць вашчыну – Вашчыла. Папюк – сын папа. Шынкарук – сын шынкара. Сматрук – ад дзеяслова смотреть, магчыма, хтосьці быў наглядчыкам. Суфіксы – ук, – юк указваюць на ўкраінскія ці палескія карані гэтых прозвішчаў. Ад заняткаў людзей утварыліся і такія прозвішчы, як Конюх, Ткачук, Рыбак, Мулярчык, Краўцоў.

Некаторыя прафесіі зніклі, а словы цяпер вядомыя толькі вузкаму колу людзей, у асноўным лінгвістам.

Так, прозвішча Стальмашок паходзіць ад слова стэльмах – майстар, які робіць калёсы. Кушнярэвіч ад слова кушнер – чалавек, які вырабляў шкуры жывёл на футра;

Мерчы –той, хто намяраў надзелы зямлі.

Рымко – утварылася ад слова рымар – майстар, які займаецца вырабам раменнай вупражы.

Асаблівую цікавасць выклікае этымалогія прозвішчаў, якія ўтварыліся ад даўно забытых назваў прылад працы, прадметаў гаспадарчага абыходу, страў. Кулеш, Куляшоў — ад назвы стравы. Кулеш – густая мучная або крупяная каша з салам.

Саладуха – ад назвы салодкай стравы з густазаваранай мукі.

Бярдоўскі – ад прылады працы берда – прстасаванне для кроснаў, пры дапамозе якога набіраюць з нітак аснову.

Місюра – ад слова місюрка –назва мужчынскай шапкі.

Бекіш – ад слова бекеша – верхняя мужчынская падбітая вопратка са зборкамі ў таліі.

Магер.Чалавек, які насіў магерку – высокую валеную шапку, капялюш без палёў.

Кічко. Ад слова кічка – даўнейшы святочны галаўны ўбор замужняй жанчыны. Прозвішча сталі пісаць на канцы з –о, і сэнс слова засланіўся.

Назвы даўнейшых прылад працы, рэчаў, адзення знаходзім у Тлумачальным слоўніку беларускай мовы пад рэдакцыяй М.Р. Судніка.

Ад назоўнікаў-тапонімаў утварыліся прозвішчы Лябецкая (у нашай мясцовасці бярэ пачатак рака Лебяда), Валынскі – так называлі чалавека, які быў родам з Валыні. Мачульская — ад мачулішча — месца, дзе мачылі лён, каноплі. Залескі, Задарожны, Навагродскі, Падгурскі, Бароўскі – цэлы рад прозвішчаў, якія ўтварыліся ад месца пасялення чалавека.

Некаторыя беларускія прозвішчы ўтварыліся ад назваў народаў і этнічных груп, што некалі жылі або па розных прычынах трапілі на Беларусь.

Лях – ляхі – гістарычная назва палякаў.

Чаркасава. Чаркесы – народ, які жыве на Паўночным Каўказе.

Гой – такую мянушку давалі яўрэі ў сям’і чалавеку неяўрэйскай нацыянальнасці – высокаму, дужаму, храбраму.

Жамойда – так называлі на Беларусі ўраджэнцаў з этнічнай Літвы. На Шчучыншчыне заўсёды жылі розныя этнічныя плямёны як славянскага, так і балцкага паходжання. Многія прозвішчы маюць польскія карані.

Шафарэвіч – ад слова шафар – зборшчык падаткаў пры панскай Польшчы.

Залога – ад польскага zaloga – група салдат, якія маюць пэўнае заданне.

Жаўнярук ад польскага zolnierz , жаўнер – салдат.

Галонскі – ад польскага галонзка – галінка дрэва.

Мыслівец – ад польскага мысьлі вы – паляўнічы.

Люковіч. У аснове польскае слова luk – пустое месца. Відаць, уладальнік прозвішча пасяліўся на пустцы.

Вызначыць этымалогію вышэй указаных прозвішчаў дапамог Новы слоўнік польскай мовы.

Некаторыя прозвішчы нашай мясцовасці маюць літоўскія карані.

Іодчык, Ёдчык – словы паходзяць ад літоўскага слова юодас, што азначае чорны. Чорнавалосым літоўцам давалі некалі мянушку Юода, Юодас. Пасяліўшыся сярод беларусаў, літоўцы падаравалі нам гэтае прозвішча.

Скерсь – ад літоўскага skersti — рэзаць . Чалавек, які наразаў надзелы зямлі.

Нарэўскі – ад літоўскага нарыс, што значыць частка, член чаго-небудзь цэлага. Напрыклад, член сям’і. Такую мянушку літоўцы двавалі звычайна няродным, усыноўленым дзецям.

Гірдзь – ад літоўскага girti – хваліць, хвалены.

Курстак. Ад літоўскага kurstytі – распальваць нянавісць, падбухторваць.

Дапамог праліць святло на паходжанне такіх прозвішчаў літоўска-рускі слоўнік.

Гутман – прозвішча яўрэйскае ці хутчэй нямецкае. Гут ман – добры мужчына.

Роўба – паводле Лемцюговай, імя паходзіць ад нямецкага слова рэібэ – тарка. Роўба – той, хто вырабляў таркі ці штосьці пры дапамозе іх.(СБ ад 14.02.2012. №23)

Падчас працы над тэмай нашага даследавання мы размаўлялі са старажыламі, запісвалі іх меркаванні наконт паходжання прозвішчаў жыхароў сваёй вёскі.

Даследаваўшы этымалогію прозвішчаў жыхароў Галавічпольскага сельскага савета, можна зрабіць выснову, што большасць з іх (43%) – Гэта прозвішчы-мянушкі, якія характарызуюць знешні выгляд чалавека, яго маральныя якасці. Досыць распаўсюджаны таксама і прозвішчы, утвораныя ад заняткаў ці прафесіі іх носьбітаў (32%). Працяглыя кантакты з суседнімі этнасамі абумовілі з’яўленне невялікай колькасці (о,5%) прозвішчаў-этнонімаў, большасць з якіх маюць балцкае паходжанне. Прыкладна 10% складаюць прозвішчы, якія ўтварыліся ад назваў прылад працы, прадметаў гаспадарчага абыходу, страў. Нязначную колькасць (2%) складаюць прозвішчы, якія ўтварыліся ад назоўнікаў – тапонімаў.