Сёння ў вёсцы Аўсюкова (Расонскі раён Віцебскай вобласці) стала жыве чалавек сем вельмі пажылых людзей. Прыкладны арэал гаворкі: вёскі Астраценкі, Аўсюкова, Бухава, Галубова, Гарбачэва, Грышына, Дудкі, Жары, Забор’е, Залабаіца, Залешчанка, Заўшча, Краснаполле, Крашуты, Лакці, Латышы, Мамолі, Навасельцы, Ніўё, Ножніцы, Папоўка (цяпер Азёрная), Перавоз, Рэпішча (не існуе), Старына, Тапары, Шарстова. Многія вёскі спусцелі, у большасці з іх жывуць толькі старыя людзі, якія і захоўваюць сваю гаворку, пэўныя рысы вымаўлення, інтанацыі і тым самым — нашу адметнасць у гэтым свеце.

Словы падаюцца ў напісанні, якое болей ці меней адпавядае мясцоваму вымаўленню. Адметныя рысы аўсюкоўскай гаворкі: мяккае р (пріехаў, зварі); поўныя прыметнікі і займеннікі (бальшый, якій); поўныя дзеясловы ў 3-й асобе адз. л. (ідзець, пяець); усечаны творны склон мн. л. (ты тут кулака не махай); у некаторых пазіцыях пераход о, ау (ты ўжу еў?).

Абліца, аблічына — рыба, падобная да плоткі, такая ж серабрыстая, з чырвонымі плаўнікамі.
Аблунець, алунець — дзеяслоў ад слова лунь. Толькі лунь тут ужо не сімвал мудрасці, а цалкам наадварот. Азначае ‘адурнець, ачмурэць ад чаго-н.': Дык я віжу, што сядзіш ты алунеўшы. [гл. таксама грунтоўны лексікаграфічны каментарый А. Шаблоўскага на слова аблунець]
Абярнуць, абярнуцца — перакуліць, перакуліцца: Кот абярнуў жбанок з малаком. Воз абярнуўся пад мяжу.
Азіят — лаянка, праўда, не вельмі моцная і не надта абразлівая, хутчэй для выплеску пачуццяў: Твой Колька такій азіят! Нікога не слухаець.

Апухі — стабілізатары па-сучаснаму. Але толькі ў дзяўбанках-дубіцах. А дубіца хоць ужо амаль і човен, але бярно бярном, і круцілася гэтае бярно ў вадзе як хацела. Таму абапал чоўна прыбіваліся дзве шырокія дошкі па ўсёй даўжыні. І тады пустацелае бярно станавілася сапраўды надзейным і ўстойлівым чоўнам. Гэтыя дошкі і называліся апухамі.
Асець — памяшканне з курнай печкай для прасушкі збажыны перад абмалотам. Па сценках і пад дахам (столі не было) рабіліся шырокія паліцы з жэрдачак. На іх снапы прахватвала гарачым дымам, яны добра прасыхалі, і з сухіх снапоў вымалчвалася ўсё да апошняга зярнятка. Асець звычайна была побач з токам, а то і пад адным дахам.
Астріўё — шэраг з 5-6 сасновых жардзін. На жардзінах ад камля да макушкі былі абсечаныя сучкі даўжынёй 8-10 см. Гэты радок жардзін на вышыні прыкладна паўметра ад зямлі звязваўся папярочнымі гладкімі жардзінамі, каб не класці снапы на зямлю. Паміж стаячымі жардзінамі клалі кароткія снапы ячменю, пшаніцы, аўса ад нізу да верху на прасушку пасля жніва перад абмалотам. Сучкі пакідалі, каб снапы не клаліся надта шчыльна, а добра правяваліся ветрам. Потым яшчэ бывала, што і звозілі ў асець дасушваць. Даўгія жытнія снапы для прасушкі ставіліся на полі ў бабкі.
Баган — дрыгва, багна. Так называецца і расліна, якая расце на балоце па купінах маленькімі вечназялёнымі кусцікамі (ад яе баліць галава); іншыя беларускія назвы — багун, багуннік, багольнік. Баганам называліся ў нас і маленькая балацінка, дзе расло шмат багану.
Баркан — від агароджы (літаратурнае паркан). На пажадана роўнай адлегласці ставіліся шулы, слупы з пазамі. У пазы ўстаўлялі бярвенне, і атрымліваўся моцны плот. Вышыня рэгулявалася лёгка: можна дадаць бервяно, можна зняць. Для праезду з пазоў вымалася ўсё бярвенне. Такую раскошу маглі дазволіць сабе толькі жыхары лясістай мясцовасці, якой і ёсць Расоншчына. Але барканаў у нас было мала. Звычайна барканамі агароджвалі вялікія пашы, дзе пасівіліся без пастухоў каровы ці коні. Ля сваіх агародаў ставілі звычайныя ізгароды, а ля двароў пераважаў касатын.
Брацетка — памянш. ад брат. Часам ужываецца іранічна. «Ты, брацетка мой, хлябай ды нічога не бай!» — і трэсь мне ў лоб сваёй драўлянай лыжкай (выхавальны эпізод з маім дзядулем).
Васва — аса: Во прычапіўся, як васва!
Вомут — так на мяне лаяўся мой дзядуля. Так сярдзіта казалі мужыкі. Пэўна ад рускага омут: Сядзі ціха, вомут!
Верясельнік — ядловец. Назва дакладная, бо спалучаюцца ў адной расліне і хваёвы ельнік, і высакарослы чырванаствольны верас.
Выгаліць — вылупіць вочы: Ён выгаліць сваі бельмы і маўчыць. Нічога атвячаць ня хочаць.
Гамолак — кавалак: Ты ж такі гамолак і не адкусіш!
Гамэрняшумная купка людзей, дзяцей; пусты шум на зборні: А якій ета сход! Сабралася гамэрня, пакрічалі і разыйшліся.
Ганаболі балотныя ягады; яшчэ іх называюць дурніцы, п’яніцы, буякі, лахачы.
Гвыль — гузак, успухласць: Ну і дзе ты такій гвыль заробіў?
Глыж — камяк зямлі, не абавязкова змерзлай: А ён яму глыдом пряма ў вока пупаў.
Гмызіць — слова толькі моладзевае, было ва ўжытку кароткі час. Азначала ‘вычварацца, бегаць за дзеўкамі’ і яшчэ шмат чаго такога. Вельмі шматзначнае было слова. Але потым хутка забылася.
Гулка — гучна: Не гаварі так гулка, дзяцей разбудзіш. Плач гульчэй, якраз воўк і ўчуіць.
Гулы — рэха. Толькі гулы, ніякага рэха ў нас не ведалі: Пуста стала ў хаце, аж гулі пашлі.
Даказаць — данесці, расказаць начальству пра ўчынкі падначаленых, напісацб у карныя органы: На Хведара даказалі, ну і пасадзілі яго.
Дакашчык — даносчык: І аткуль дзіректар узнаў пра пупярёсы? Хто ж тут дакашчык?
Доб, дабра — вызначэнне стану здароўя і дабрабыту. — Ну, як там Анька? — Анька дабра. Ні хвареіць, ні кашляіць, раздалася троху і робіць, як конь. — А Іван? — Іван тожа доб. Што яму станецца…
Драніцы, дранічына — гонт. Драніцы дралі і шчапалі з сухога сасновага бярвення дорам. Дор — плоскае лязо даўжынёй прыкладна 10-40 см, насаджанае на ручку як сякера.
Дубіца — выдзяўбаны з тоўстага ствала (звычайна дубовага) човен. Быў нашмат болей надзейны, чым човен з дошак. Дрэва дзяўблі, потым прасмольвалі і прыбівалі апухі. Такі човен не цёк і не куляўся, але ад вёсел ішоў даволі цяжка.
Жэмаць — так звалі малых дзяцей, амаль заўсёды з эпітэтам пузаты. Верагодна, паходзіць ад слова жамойты: Чаго сядзіцё, жэмаць пузатая! Марш спаць!
Заваложыць — заправіць страву маслам ці смятанай: Што ты там нішчымную кашу ясі! Вазьмі во масла і завалож! [параўн. роднасныя словы адваложыцца і валога тут]
Загубак — акраец: Яшка, бягі да Мітрушчыхі ды папрасі пазычыць хлеба. А то прідзець дзядуля з лесу, а ў нас толькі адзін сухій загубак астаўся.
Замуздаць — зацугляць; аднакаранёвае з агульнаславянскім узда «аброць»
Звадзіцца — бурчаць, ныць, выказваць незадавальненне: Табе далі пячэніну? Ну і чаго ты там зводзісся?
Зірькадла — люстэрка.
Ізгародаплот. Было некалькі відаў: ізгарода звычайная, калі паміж двума каламі на лазовую перавязку клалі жардзіны. Адзін пралёт, даўжынёй на жардзіну, называўся прясла. Былі яшчэ баркан, касатын і плот са штыкетніку.
Імкануць — хутка сарвацца з месца, прабегчы, прамільгнуць, аднакаранёвае слова імклівы: Хацеў яго паймаць, а ён як імкануў — быў дый нет!
Іспоткі — так звалі толькі вязаныя рукавіцы, не пальчаткі і не шытыя рукавіцы, нават салдацкія з трыма пальцамі не называлі іспоткамі.
Каліка — так называлі бручку.
Карянка — плеценая з кары (ніколі з лучыны!) кашолка або сумка без вечак.
Касатын — плецены плот. Праз тры гарызантальныя жардзіны прагіналі вертыкальныя звычайна лазовы ці алешнікавыя сцёблы. Сплятаць касатын трэба было са свежых сцёблаў. Потым, калі плот па розных прычынах радзеў, яго замянялі, а сухія касатыніны пускалі на дроўцы.
Кісліца — шчаўе, страва з кісліцы.ы
Красліца — рыба, падобная да плоткі, серабрыстая, з чырвонымі плаўнікамі (можа, краснапёрка).
Куряч — той, хто курыць табаку: А ну, усе на вуліцу! Сабраліся тут, курячы, дыхаць нечым!
Лайно — старая вопратка. Там… лайно ўсякае, жакеткі, штанцы старыя. адзень якую лайніну і схадзі пад кароў, а то апяць наша ў шкоду ўлезіць.
Ласкатаць — балбатаць, пляткарыць: Ён жа ласкочыць сам ні знаіць што.
Лахаць — лазіць па закутках, шукаць што-н.: А той кот такій памаўзлівый, так і лахаіць усюдых.
Лехі — градкі. Участак ускопвалі і рабілі лехі, куды садзілі капусту, буракі, цыбулю, перасаджвалі расаду памідораў. Не абыходзілася і без агуркоў ды іншай гародніны.
Макачка — страва. У міску налівалі смятану і церушылі туды тварог. А тады бралі бліны ці аладкі, а то і проста лустачкі хлеба ды макалі туды.
Малец — хлопец. Прычым не малое дзіця і не паўшабэлак 12-14 гадоў, а сталы хлопец. Можа, нават хлопец, які «адслужыў армію»: Малец не раздурёный, усё ўмеіць дзелаць.
Момніць — прагна набіваць рот ежай: А яна так момніць, што сябе ня помніць.
Мучаніцы — ягады, падобныя да брусніц; унутры белы парашок, як мука; збіралі на лекі.
Мятлік — матылёк; легкадумны чалавек, які «толькі лётаіць з места на места, а нідзе ні прісядзець толкам і нічога ня ўмеіць» [параўн. выраз у К. Чорнага: «матыль, які жыве гатовым сонцам», Вялікі дзень, Т. 6, С. 260]
Надаражацца — насміхацца, знарок чапляцца, упарціцца ў адказ на загад: Ідзі атсюль, нечага тут надаражацца.
Нажацца, нажымацца — натужыцца, высіліцца: Ты што тут адзін нажымаісся? Так жа і надарвацца можаш.
Наніц — навыварат: Не, ты глянь на яго! Так ужу бег, штой рубаху наніц надзеў.
Пакато — кола: У калёсах пакато адвалілася.
Патапец — грузіла для вуды.
Паўшабэлак — падлетак, хлопчык ва ўзросце 12-14 гадоў.
Поўцагелак — палова кірпічыны; цэлая цагліна звалася кірпічыной, але клалі кірпічы на цагельні.
Размазня — каша з нацёртай, як на дранікі, бульбы (звычайна рабілі з салам); слабы нерашучы чалавек.
Росцяжні — грузавыя калёсы і сані для перавозкі доўгага бярвення. Заднія колы адцягваліся па цэнтральнай жардзіне, прадзетай у перасоўную рамку з коламі, і атрымліваліся росцяжні.
Русіць — гаварыць па-руску. Звычайна пасля арміі ма́льцы трохі русілі, а потым зноў пераходзілі на сваю гаворку. Гэта была сумесь вясковай гаворкі з рускімі словамі, вымаўленне — адпаведнае. Пра іх казалі: Во, троху ў арьміі пацёрся, дык зарусіў. Ну парусіць, парусіць дый нармальна загаворіць. Або з насмешкай: А русіць, а русіць, спасу нет.
Сеўріць — вяліць на сонцы і вясеннім ветрыку. Кумпякі падвешвалі пад страхой на сонцы, і так яны віселі колькі дзён. Увосень і ўвесну сеўралі вусны. Яны грубелі і трэскаліся да крыві. Ды і ўвесь твар рабіўся шурпатым ад доўгай працы на сонцы і вясеннім, яшчэ не ласкавым, ветры. Пасеўраныя вусны і твары мазалі вяршкамі ці вазелінам — адзінай даступнай тады касметыкай.
Я адзін час  узяўся лазіць у шкоду: узлязаў пад страху і ножычкам адразаў кавалачкі ад яшчэ не засеўранага кумпяка. Праз нейкі час патраву дзядуля выявіў і, назваўшы мяне злодзеем, прымяніў найвышэйшую меру педагагічнага ўздзеяння. Падзейнічала. Дагэтуль не магу нічога ўзяць без дазволу.
Скалоцвіны — пасля таго як скалоцяць масла, застаюцца скалоцвіны. У скалоцвінах плавалі драбнюткія кавалачкі масла, і гэта надавала кіслай белай вадкасці адмысловы смак.
Стрелка — нават і не ведаю іншага слова. Але заўсёды, дзе б я ні быў, называў «стрекозу» стрэлкай.
Суды — два вядры: Такій маленькій, а ўжу цэлыя суды вады нясець.
Сурмаліныажыны: Лазілі там па сурмалінніку, мала таго, што ўвесь абкалоўся, дык і рубаху папаласаваў, йідал!
Сьцяга — сцяжынка: А ты ня йдзі па дарогі, а звярні на сцягу і скарей прідзеш.
Сялянка — яешня.
Таранта — балбатун, але балбатун адмысловы тым, што балбоча з незвычайнай хуткасцю. Ужывалася ў дачыненні як да мужчын, так і да жанчын. Праўда, часцей да жанчын: Ці ў етай таранты што паймеш! Аж захліпаецца, а ўсё балбочаць.
Таранціць — балбатаць, гаварыць з незвычайнай хуткасцю: Во таранціць дык таранціць, як з пулямёта строчыць!
Турок — маленькая жывёлка. Звычайна па пожнях лезлі на белы свет увечары малыя істоты і пачыналі: «Тур-р-р-тур-р-р!», мякка так, не рэзка; у К. Крапівы — мядзведка, у М. Байкова і С. Некрашэвіча — мядзведзік.
Уступіць, уступіцца — затупіцца, зрабіцца тупым: Нада касу пабіць, уступілася за дзень, вун сколькі скасіў. У нас не казалі касу кляпаць, а а менавіта біць: Цішай ты тут махай, пападзеш па камню і сразу тапор уступіш!
Халадзёнка — халодная вада. Але так называлася толькі вада для хатняй гаспадаркі. Вада, нават самая халодная, у возеры, ці ў ручаіне так не называлася. Халадзёнкай яна станавілася толькі ў вядры ці ў бочцы: Чаго вот перхаеш? Не нада было халадзёнку піць.
Халтама — мітуслівы чалавек, які часта ўсё блытае ці забываецца: Нічога не забудзься, не спяшы, ня будзь халтамой!
Халтаміць — мітусіцца, рабіць усё абы-як, блытаць, але забыцца на галоўнае: Ты ж не халтамі, сядзь, падумай, і ўсё ты напішаш, як нада быць.
Цюкаць — нацкоўваць сабаку: Не нада на людзей сабаку цюкаць.
Цюпіць — крышыць хлеб рукамі ў малако, у поліўку, у суп; толькі ў гэтым значэнні: А ты пацюпі сабе хлебца ў чашку, каб смачней было.
Цюпка — страва з нацюпленым хлебам. Праўда, звычайна цюпкай звалі толькі малако з нацюпленым хлебам: Ну не ряві, я табе січас цюпачкі здзелаю. [мая бабуля з-пад Курску такую страву, цёплае малако з накрышаным або «нацюпленым» хлебам, называла мурцоўкай]
Чацвярік — мерная дзежка. Памятаю, што дзядуля з суседзямі мералі жыта ды іншае збожжа чацверыком.
Чмут — практычна сінонім халтамы: Гэты чмут будзіць толькі галаву табе тлуміць.
Чмуціць — рабіць, гаварыць абы-што.
Шлык — скарочаная форма ад шлыкнуць: Чуць не паймаў мышыну, дык яна толькі шлык пад мост, і ўсё, уцякла, нячыстая!
Шлыкнуць — шмыгануць: Я б яго і паймаў, дык ён жа шлыкнуў у дзірку і ўцёк.
Штырнуць — штурхануць: А ён мяне як штырнуў прікладам, я й паляцела ў канаву. Так расказвала бабуля пра тое, як яна хацела забраць ад дачкі трохгадовую ўнучку з калоны, якую эсэсаўцы вялі за вёску расстрэльваць. Ёй яшчэ пашанцавала, а суседку, якая ўпрошвала адпусціць дачку, запхнулі ў калону і расстралялі разам з дачкой.
Шума — смецце: Ай сколькі шумы ў хаце? Што, цяжка падмясці?
Шчамель — чмель: Ня бойся, шчамялі ня больна кусаюцца. Ета табе не васва.
Шчыт — дабудова да печы. Як натопіш шчыт, дык усю ноч цёпла ў хаце. І школьныя пакоі ў нас ацяпляліся шчытамі. Маглі быць з плітамі для гатавання ежы, а маглі і без.
Юдаш — вясковая лаянка. Паходзіць ад імя евангельскага Юды, здрадніка і хрыстапрадаўцы. Так мне тлумачыла бабуля: А юдаш ты таму, што яшчэ не дарос да Юды! І не спяшы.
Ясный — бліскучы: Заходзіць тут еткій асэсар, боты ясныя, блішчаць на ўсю хату, і давай яму пра ўрагоў народ расказвай.