За апошнія гадоў дваццаць адбылася трансфармацыя сацыяльных пластоў, якія выкарыстоўваюць беларускую мову: у вёсцы мова знікае, але, з іншага боку, горад пашырае беларускамоўны сегмент — за кошт мабільнай моладзі, інтэлігенцыі дый увогуле прагрэсіўных людзей. З розных прычын чалавек пераходзіць на беларускую мову: нехта дэманструе сваю пазіцыю, нехта гоніцца за модай, яшчэ нехта — за экстравагантнасцю і г. д. “Натуралізаваныя” беларусы, якія ад пачатку не валодалі мовай прашчураў, маюць пэўныя праблемы пры яе засваенні: не толькі хібы, але і штучныя элементы. Увазе чытачоў прапануецца пералік памылак і асаблівасцей, характэрных для тых, хто адпачатку гаварыў на рускай або трасянцы, а беларускую засвоіў пазней. Часам яны прысутнічаюць і ў “натуральных” беларусаў.

Прысвячаецца выдатнай даследчыцы, добрай прыяцельцы Н. С., якая падказала ідэю гэтай работы

Аўтар гэтай працы не прэтэндуе на вычарпанасць тэмы, але заклікае спецыялістаў выканаць падобнае даследаванне на навуковым узроўні.

Арфаэпія

Вымаўленне з’яўляецца ці не галоўнай прыкметай асваення няроднай мовы. Вывучыць мову — адно, правільна вымавіць — іншае.

У беларускай мове асіміляцыя па мяккасці — вельмі распаўсюджаная. Выпадкі яе адсутнасці нас не цікавяць (як і відавочны акцэнт з выбухным г і мяккім ч). Тут усё ясна. Асіміляцыю многія пры жаданні адольваюць, але не бачаць тонкасцей у вымаўленні. А варта ведаць, што с’, з’, ц’, дз’ у беларускай мове — ці то ў асіміляцыйных пазіцыях перад мяккім зычным (акрамя г, к, х), ці то ўвогуле пры мяккасці — вымаўляюцца вельмі мякка, прынамсі, мякчэй, чым адпаведныя гукі ў рускай мове, недзе ў кірунку польскіх аналагаў s’, z’, с’, dz, не даходзячы, аднак, да іх.

Граматыка

Не менш складана асвойваюцца аспекты граматыкі. Памылкі ў іх могуць быць не настолькі відавочнымі ў параўнанні з арфаэпіяй, асабліва пры веданні найбольш пашыраных формаў. Пералічым найбольш частыя.

Многія парушэнні нормы абумоўлены ўплывам рускай мовай, з якой адбываецца калькаванне. У прыватнасці, сярод “навучаных мове” часта чуецца прыслоўе “пабольш” (паболей, паменш, паменей) — прычым, такая форма трапіла нават у кніжныя тэксты! — у той час, калі беларускім аналагам з’яўляецца выраз з прыназоўнікам “чым”: чым больш (або проста больш — у залежнасці ад кантэксту).

Асабліва пашырана ўжыванне канчатка —ам у М. скл. мн. л. замест —ах: па палям — па палях, па машынам — па машынах.

Абсурдны перабор часам назіраецца ў прымяненні канчатка —у ў назоўніках Р. скл. м. р. адз. л. (напрыклад: да днЮ роднай мовы). У той жа час іншыя зусім ігнаруюць гэты канчатак, нават у выпадках абавязковага яго ўжывання выкарыстоўваць канчатак —а. Тут выяўляецца ўплыў адпаведна польскай і рускай моў (зрэшты, канчатак у такіх формах з’яўляецца праблемным нават для добрых знаўцаў, таму размова ідзе пра крайнія тэндэнцыі).

Вельмі грубай (але, на жаль, нярэдкай) памылкай з’яўляецца адсутнасць чаргавання зычных пры палаталізацыі ў выніку скланення слоў, аснова якіх заканчваецца на “г”, “к”, “х”: напрыклад, казка — у казке (замест правільнага “у казцы”); рука — на руке (замест “на руцэ”); Вераніка — Вераніке (замест «Вераніцы»).

Часам здараецца і супрацьлеглы варыянт, калі пачынаюць чаргаваць зычныя, дзе не трэба: няма яго дачцы — замест няма яго дачкі.

Няўменне скланяць словы “дзіця”, “парася”, “цяля”, “кацяня” і да т. п. (відаць, праз рэдкую неабходнасць прымяняць іх на практыцы): ужыванне ў Р., Д., М. скл. формы Н. скл. — “дзіця” замест правільнай “дзіцяці”.

Блытанне займеннікаў сабе — сябе (часам табе — цябе). Напрыклад: “Што ты сябе думаеш?”, “Не бяры сябе да галавы”, “Як сябе хочаш”.

Няўменне правільна ўтварыць форму дзеяслова 2-й асобы мн. л.: кажуць “жывеце”, “ідзеце” (з націскам на перадапошнім складзе) замест правільнага “жывяце”, “ідзяце” (з націскам на апошнім складзе).

Імкненне да беларускамоўнасці спараджае тэндэнцыю “збеларушчваць” і такія словы ці элементы, якія гэтага не патрабуюць. Напрыклад, суфікс “ір”, які надзвычай шырока распаўсюджаны ў рускай і адсутнічае ва ўкраінскай, у нашай ужо стала заняў сваё месца. Між іншым яго хочуць ліквідаваць: або праз прыбіранне (тады кажуць “асацыюецца” замест “асацыіруецца”), або праз трансфармаванне нібыта ў бок больш беларускага гучання (тады кажуць “камандыроўка”, “камандыр” замест “камандзіроўка”, “камандзір”).

Выклікае праблемы ўтварэнне множнага ліку ад слова “дзяўчына” — “дзяўчыны”, калі трэба “дзяўчаты” (форма “дзяўчыны” выкарыстоўваецца толькі на месцы, дзе некалі быў парны лік (які зархаізаваўся) — ад дзвюх да чатырох: чатыры дзяўчыны).

Акцэнталогія

Засваенне мовы праз навучанне (асабліва на аснове падручнікаў) непазбежна адаб’ецца на націсках. У прыватнасці, заўважаны такія выпадкі няправільных націскаў: скаргА — замест скАрга, вадзЯнік — замест вадзянІк, пастаноўка націску на манер рускамоўных формаў: спалА, забралА. Акцэнталагічныя праблемы маюць характар індывідуальны, але абавязкова прысутнічаюць у вывучанай мове.

Лексіка

На слоўнікавы склад мовы звычайна звяртаецца першасная ўвага тых, хто яе спасцігае. Некаторыя нават мяркуюць, што колькасныя паказчыкі тут — гэта найлепшае сведчанне валодання мовай. Яны, безумоўна, важныя. Але іх нельга абсалютызаваць. Правільнае прымяненне слоў таксама можа шмат паведаміць пра носьбіта мовы. Да прыкладу, пытанне “Як справы?” – яўная штучная калька, натуральны аналаг якой – пытанне “Як маешся?”.

Ізноў-такі не будзем чапаць відавочныя хібы, блытаніну ў сэнсах (накшталт: “Добры дзень, дарагая рэдакцыя! Вас бянтэжыць малады пісьменнік” — без каментарыяў; альбо: апынуцца замест аказацца). Паўсюдна сустракаецца ўжыванне некаторых, прабачце за таўталагічнасць, занадта слоўнікавых слоў, выразаў — замест больш натуральных для пэўнага кантэксту, больш адпаведных стылю выказвання: дрэнна замест кепска, цудоўна замест хораша, памятаць замест помніць, распавядаць замест расказваць, асадка замест ручка і інш.

Запаланілі сучасны беларускамоўны дыскурс займеннікі на —сьці (дзесьці, хтосьці, чыйсьці, якісьці і г. д.), якія выцеснілі свае аналагі з пачатковай часціцай не- (недзе, нехта, нечый, нейкі і г. д.), — прычым, у сітуацыях, калі відавочна на —сьці не пасуе (“якіхсьці” ніколі не пасуе, “нейкіх” заўсёды лепей).

У многіх моўцаў назіраецца комплекс перад выкарыстаннем некаторых нейтральных беларускіх слоў (якія ў рускай маюць грубую канатацыю ці мадальнасць): дзеўка, цыцкі, жыд. Або наадварот — пашырэнне беларускіх слоў на непрымальныя паняцці: адчыніць вочы, бутэльку (а можна толькі дзверы ці вокны).

Сінтаксіс

Ці не найтанчэйшым аспектам у засваенні мовы з’яўляецца сінтаксіс. Нярэдка да яго ставяцца як да другаснага, тым больш калі вышэйпамянёныя пласты прайшлі адносна ўдалую апрабацыю. А насамрэч тут шмат “падводных камянёў”. Яны абумоўлены часцей за ўсё ўплывам ці то рускай мовы (бо, як правіла, менавіта ёю карысталіся раней), ці то польскай (пры веданні апошняй — з мэтаю адрознення ад рускай мовы).

Так, у апісанні мэты руху натуралізаваныя беларусы выкарыстоўваюць канструкцыю з прыназоўнікам “за”: пайсці за хлебам. Трэба ж прымяняць прыназоўнік “па”: пайсці па хлеб.

Прыкладна тое самае назіраецца стасоўна ўжывання прыназоўнікаў “аб” — “пра” ў дачыненні да назоўнікаў адпаведна Тв. і В. склонаў: для беларускай мовы больш характэрны другі варыянт: думаю пра экзамен, а не аб экзамене (хоць у кніжных стылях распаўсюджаны і прыназоўнік “аб”).

Апошнім часам усё больш сустракаецца ў тэкстах і пры размовах прымяненне польскага прыназоўніка “да” ў месцах беларускага прыназоўніка “у”: паехаў да Менска — паехаў у Менск.

Заключэнне

Да ўсяго сказанага трэба дадаць агульную стэрыльнасць, дысталяванасць мовы “натуралізаваных” беларусаў, адсутнасць у ёй дыялектных элементаў. З чаго вынікае, што пры ўсёй неабходнасці ўдасканальваць сваю мову і маўленне не варта схематызавацца, аддаляцца ад прыродых вытокаў, а наадварот — шчодра чэрпаць у іх моўныя веды і навыкі (галоўнай крыніцай тут стане літаратурная класіка — ад В. Дуніна-Марцінкевіча і Ф. Багушэвіча да В. Гардзея і А. Федарэнкі, прычым, некаторыя раяць чытаць уголас, а вершы завучваць; на жаль, народных моўных асяродкаў становіцца ўсё менш і менш, хоць дарэшты яны яшчэ не зніклі). Сам працэс удасканалення трэба ажыццяўляць па ўсіх напрамках, сярод якіх, бадай, няма магістральных, бо любая мова — з’ява комплексная, і роднаснасць беларускай з суседнімі можа аказацца падманлівай.

P.S. Аўтар просіць успрымаць матэрыял не як імкненне прынізіць ці абразіць, але як міні-дапаможнік па асвойтванні ў багатай і каларытнай беларускамоўнай стыхіі. А рэдакцыя запрашае чытачоў “ЛіМа” далучыцца да абмеркавання.

Калі артыкул быў падрыхтаваны, выявілася, што зусім нядаўна ўбачыла свет брашура Веранікі Бандаровіч “Стыльна па-беларуску: комплексны даведнік па культуры маўлення” (Мінск, 2013), у якой разглядаецца шэраг аспектаў, аналагічных разгледжаным у нашым артыкуле. Думаецца, гэтае выданне і наша міні-даследаванне стануць узаемадапаўняльнымі.


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 25 ліпеня 2014 г.