На вялікі жаль – піша У. Глыбінны – вывучэньне мовы Смаленшчыны ў савецкі час вельмі запынілася ў сувязі з уключэньнем яе ў склад Расеі. Таму беларускія мовазнаўцы зь Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук БССР у Менску былі змушаныя абмяжоўваць абсяг сваіх дасьледаваньняў межамі сучаснае Беларусі.

У публікацыі Смаленшчына … адвечная зямля беларускага народу Уладзімер Глыбінны піша пра захаваныя ў народзе асаблівасьці беларускае мовы Смаленшчыны (у: „Беларуская Думка”, № 5, Нью-Ёрк – Саўт Рывэр 1963, с. 10-18).

Паводле ягоных сьцьвярджэньняў: „найбольш зрусыфікаваныя гарады, але на сяле добра выявілася жывучасьць беларускае мовы з усімі ейнымі асаблівасьцямі, прычым, лепш на паўдні, як на поўначы. „Браншчына” ўся аж пад Арол захавала вельмі добра беларускую мову. Тут спатыкаюцца ўсе ейныя асаблівасьці. У Смаленшчыне – беларушчына так-жа добра захавалася, хоць і не ўва ўсіх паветах (ува ўсходніх горш, як у заходніх). Цікава, што і самы Смаленск з моўнага гледзішча ня выглядае надта страшна. Людзі гавораць тут з паважна захаванымі асаблівасьцямі беларускае мовы. Асабліва войстра ўтрымалася аканьне і дзеканьне. Далей на поўнач беларушчына захавалася адносна добра аж да г. Белага” (тамсама, с.13-14).

У. Глыбінны адзначае, што ў літаратуры аб Смаленшчыне ёсьць багата фактаў, якія сьцьвярджаюць належнасьць яе да беларускага этнаграфічнага абшару. Гэтак, прыкладам, прафэсар П. Чэрных да свае працы Історическая грамматика русского языка (выданьне другое, Учпедгиз, Москва 1954) дадаў Дыялекталягічную мапу ўсходнеславянксіх моваў, паводле якой уся Смаленшчына й Браншчына аднесеныя да тэрыторыяў беларускае мовы. Вымоўнае сьведчаньне беларускасьці Смаленшчыны выступае і ў працы нястомнага навукоўца ў галіне гістарычнай дыялекталёгіі ўсходнеславянскіх моваў, вучня й пасьлядоўніка А. Шахматава – Паўла Растаргуева, аўтара такіх працаў пра Смаленшчыну, як: Северско-белорусский говор, Говоры на территории Смоленщины. Дэталёвае вывучэньне гаворак заходняй Смаленшчыны П. Растаргуеў асабіста праводзіў у 1929-1931 гадох. Свае назіраньні П. Растаргуеў падмацаваў адказамі на Анкету па гаворках Смаленшчыны, якая была надрукаваная Навукова-дасьледчым інстытутам моваў у Маскве й разасланая аўтарам па школах Смаленшчыны ў колькасьці 510 асобнікаў. У дадатак П. Растаргуеў дэталёва прааналізаваў багатыя дыялекталягічныя матэрыялы й супаставіў іх з дадзенымі архэалёгіі, гісторыі, гісторыі матэрыяльнай культуры, этнаграфіі. Выкарыстаў ён і Смаленскі этнаграфічны зборнік В.Н. Дабравольскага, рукапісныя матэрыялы Акадэміі навук СССР і Рускае геаграфічнае грамады, як і іншыя матэрыялы. Гістарычна-дыялекталягічнае дасьледаваньне П. Растаргуеў правёў навукова-лінгвістычным мэтадам, выбіраючы зь велізарнага матэрыялу толькі тыя факты, якія былі добра задакумэнтаваныя й мелі дакладны адрас асобы й мясцовасьці, дзе рабіліся запісы (Уладзімер Глыбінны, Смаленшчына … адвечная зямля беларускага народу, тамсама, с.14).

У гістарычнай частцы П. Растаргуеў азначыў Смаленшчыну як тэрыторыю, якую займалі смаленскія крывічы, і дыялектная мяжа якое праходзіць па моўнаму разьдзелу паміж беларускімі гаворкамі й сярэдневялікарускімі ды паўднёвавялікарускімі гаворкамі. На Смаленшчыне пачынаўся гістарычны стык беларускае мовы з расейскаю. Заходняя Смаленшчына захоўвае беларускі характар свае мовы, хаця шматгадовы ўплыў расейскае школы, адміністраваньне ў расейскай мове, адсутнасьць беларускае кнігі й вылучнае карыстаньне расейскай літаратурай, радыё й тэатар робяць сваю справу ў сэнсе паступовай страты самабытных моўных рысаў – заўважае У. Глыбінны, які апіраецца на дасьледаваньне П. Растаргуева. Растаргуеў паказаў, як у выніку перасяленьняў і мяшаньня насельніцтва на тэрыторыі Смаленшчыны русыфікацыя ахоплівае ўсё большую колькасьць смаленцаў. Некаторыя высновы П. Растаргуева наводзяць на пэсымістычныя думкі. Падкрэсьліваючы працэс моўных зьменаў, дасьледчык піша пра тэндэнцыі моўнага руху ў бок расейскае мовы.

,,Стан гэтых рысаў – піша Растаргуеў – у гаворках Смаленшчыны гэткі, што можна гаварыць аб разьвіцьці гаворак па шляху страты іхных карэнных беларускіх рысаў і замены іх расейскімі (с. 181)” (тамсама, с. 14).

П. Растаргуеў прывёў багаты матэрыял з галіны фанэтыкі, марфалёгіі, лексыкі й сынтаксісу мовы смаленцаў. Гэтая мова аж зіхаціць такімі беларускімі асаблівасьцямі, як: дысымілятыўнае аканьне, дзеканьне й цеканьне, наяўнасьць беларускага г, пераход в у у ці ў, перавага формаў прошлага часу дзеясловаў з канчаткам на ў замест л (тамсама, с. 14-15).

У. Глыбінны адзначае, што ў жыхароў Смаленшчыны ёсьць шмат арыгінальных беларускіх лексэмаў, але пра гэта слухайце праз тыдзень.

У. Глыбінны, аўтар публікацыі пад назовам Смаленшчына … адвечная зямля беларускага народу, зьмешчанай на старонках нью-ёрскага часопіса „Беларуская Думка” (у: № 5, Нью-Ёрк – Саўт Рывэр 1963, с. 10-18), піша пра захаваныя ў народзе асаблівасьці беларускае мовы Смаленшчыны. Адзначае ён, што ў жыхароў Смаленшчыны ёсьць шмат арыгінальных беларускіх лексэмаў, напр.: бажніца, калыска, катух, кубел, страха, хата; бохан, калдуны, крупнік, шмалец, страва, бульба; андарак, камізэлька, намітка, сьвітка, хустка; хадакі, чаравікі; кравец, шавец; крыніца і г.д. Усе гэтыя словы – заўважае У. Глыбінны – сьведчаць пра лучнасьць смаленскага лексычнага складу з агульнабеларускім.

Апрача таго, кожнае зь іх зьяўляецца добрым паказьнікам беларускасьці ўсіх жыцьцёвых абставінаў смаленскага селяніна. Багаты матэрыял дае Смаленскі акруговы слоўнік Дабравольскага. Беларускі склад народнае мовы Смаленшчыны пацьвярджаюць, прыкладам, пададзеныя Максімавым наступныя размовы вазьніцаў перад карчмою з шынкаром: — Рандар, рандар! Адчыні вароты: дай гарэлкі! Ах-ці якая мяцеліца: саўсім перазяблі, і коні чуць цягнуць, і ноч цёмная, нічога ня відна, і дарогу так замяло, што і найці ня можна. Рандар, рандар, адчыні вароты, налівай гарэлкі! (тамсама, с. 16.) Існуюць нават такія прыказкі, якія выразна сьведчаць пра ўсьведамленьне смаленцамі адрознасьці ад расейцаў, напр.: Калі маскаль кажа суха, то падымайся да вуха: бо ён брэша, альбо Ад чорта адхрысьцішся, а ад маскаля не адмолішся: ад маскаля полы падрэж ды ўцякай (тамсама, с.15).

Вывучэньне моўных асаблівасьцяў Смаленшчыны можа аказацца вельмі плённым для ўзбагачэньня беларускае мовы. У. Глыбіны прыводзіць розныя словы, запісаныя на Смаленшчыне Антонам Адамовічам, якія абмяркоўваліся падчас дыскусійных зборак у Нью-Ёрку. Гэта, дзеля прыкладу: асянець ‘рабіцца надвор’ю, як увосень’, утравець ‘зарасьці травою’, заірміцца ‘загарэцца нейкім пачуцьцём’, удаліна ‘чужына’, собства ‘уласнасьць’ (тамсама, с.16).

Агромністую колькасьць самабытных словаў заключае ў сабе 4-томны Толковый словарь живого великорусского языкаУладзіміра Даля. Багата іх таксама ў вядомым слоўніку Івана Насовіча. Значная частка гэтых лексемаў ужываецца і ў іншых мясцовасьцях Беларусі і ўвайшла ў літаратурную беларускую мову.

На вялікі жаль – піша У. Глыбінны – вывучэньне мовы Смаленшчыны ў савецкі час вельмі запынілася ў сувязі з уключэньнем яе ў склад Расеі. Таму беларускія мовазнаўцы зь Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук БССР у Менску былі змушаныя абмяжоўваць абсяг сваіх дасьледаваньняў межамі сучаснае Беларусі. Праўда, у 20-х гадох Смаленшчына вывучалася беларускімі навукоўцамі, і тады шмат было зроблена ў Інстытуце беларускае культуры, а на пачатку і ў Беларускай акадэміі навук у Менску – падкрэсьлівае аўтар публікацыі на старонках ,,Беларускай Думкі”. У. Глыбінны адзначае, што ў выданьні БАН пад назовам Песьні беларускага народу (т. 1, Менск 1940) увайшло шмат беларускіх песьняў, запісаных на Смаленшчыне такімі вядомымі этнографамі, як Уладзімер Дабравольскі зь ягонымСмаленскім этнаграфічным зборнікам (ч. І, 1891; ч. ІІ, 1893, ч. ІV, 1903), Іван Насовіч, Еўдакім Раманаў і іншыя (тамсама, с. 17).

Пачатак чытайце ТУТ.