Вельмі часта можна пачуць меркаванне, што лацінка функцыянавала толькі дзякуючы прымусовай паланізацыі, адукацыі насельніцтва беларускіх зямель толькі на польскай мове, незнаёмасці беларусаў з кірыліцай і тэхнічным момантам, такім як адсутнасць кірылічных шрыфтоў у друкарнях. Аднак такое меркаванне памылковае, паколькі створана тымі, хто хацеў даказаць спрадвечную прыналежнасць Беларусі да візантыйскай і расейскай культур.

Na piśmie huki aznačajucca litarami (bukwami).
Usie litary mowy, pieraličanyja ŭ stałym paradku, nazywajucca abecedaj (azbukaj).

Woś biełaruskaja abeceda:

a, b, c, ć, č, d, e, f, g, h, i, j, k, l, ł, m, n, ń, o, p, r, s, ś, š, t, u, ŭ, w, y, z, ź, ž.

Pobač z łacinikaj užywajecca jašče kirylica

Branisłaŭ Taraškiewič „Biełaruskaja hramatyka dla škoł”. Wilnia, 1918

 

Публікацыя (выпраўлены варыянт): «Туризм и Отдых», 1.11.2007., с. 16-17.

Для беларускіх земляў лацінскі алфавіт ніколі не быў экзотыкай, паколькі са старажытных часоў выкарыстоўваўся для запісу лацінскай і польскай моў, якія функцыявалі на гэтай тэрыторыі. Прыкладна ў XVI стагоддзі лацінскі алфавіт з польскай арфаграфіяй пачалі выкарыстоўваць для запісу старабеларускай мовы. Так узнікла беларуская лацінка. На працягу чатырох стагоддзяў лацінка трансфармавалася. Пасля некалькіх рэформаў беларускі лацінскі алфавіт аддзяліўся ад польскага і набыў сучасны выгляд, у якім функцыянуе па сённяшні дзень. Наяўнасць двух алфавітаў для беларускай мовы звязана з лакалізацыяй Беларусі на стыку Заходняй і Усходняй цывілізацыяў, каталіцызму і праваслаўя. Уплыў лацінскай і візантыйскай культур заўсёды быў спецыфічным фактарам гісторыі Беларусі. Ён аказаў істотны ўплыў і на працэсы фармавання нацыянальнай самасвядомасці яе жыхароў. Як вядома, заходні і ўсходні ўплывы на беларусаў адбываліся пры пасрэдніцтве суседніх народаў – палякаў і расейцаў. Гэта адбілася і на беларускіх алфавітах. Беларуская лацінка ўтварылася з польскага алфавіту, кірыліца сучаснай беларускай мовы таксама не мела пераемнасці ад кірыліцы старабеларускай мовы, а ўзнікла ў канцы ХІХ стагоддзя як прыстасаваны для беларускай мовы варыянт расейскай “грамадзянкі”. Лацінка сведчыць пра заходнюю плынь у развіцці беларускай культуры, арыентацыю некаторых беларускіх пісьменнікаў, дзеячаў  культуры і навукоўцаў на Захад і з’яўляецца каштоўным здабыткам беларускага народа.

 

Вельмі часта можна пачуць меркаванне, што лацінка функцыянавала толькі дзякуючы прымусовай паланізацыі, адукацыі насельніцтва беларускіх зямель толькі на польскай мове, незнаёмасці беларусаў з кірыліцай і тэхнічным момантам, такім як адсутнасць кірылічных шрыфтоў у друкарнях. Аднак такое меркаванне памылковае, паколькі створана тымі, хто хацеў даказаць спрадвечную прыналежнасць Беларусі да візантыйскай і расейскай культур. Супраць лацінкі заўсёды вытупалі паланафобы і славянафілы. Алфавіт быў (і, нават, у некаторай ступені, застаецца) сродкам барацьбы ў палітычных і ідэалагічных гульнях.

Першапачаткова беларуская лацінка ўзнікла як сістэма транслітарацыі кірыліцы старабеларускай мовы на лацінскі алфавіт на падставе графічнай сістэмы польскай мовы. Старабеларускай лацінкай найчасцей пісаліся юрыдычныя дакументы (напрыклад, Прывелей караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы, нададзены гораду Віцебску на “Магдэбургскае права” у 1597 годзе). Захаваліся таксама напісаныя лацінкай уніяцкія рэлігійныя творы – гімны, малітвы і інш.

Найбольш вядомым і значным старабеларускім пісьмовым помнікам, напісаным лацінкай, з’яўляецца “Хроніка Быхаўца”.  Узнікла “Хроніка” каля паловы XVI ст., як твор кірылічны, але захавлася ў версіі транслітараванай на лацінку, вядомай выданнем Т. Нарбута з 1864 г. “Хроніка” транслітаравана на лацінскі алфавіт з выкарыстаннем польскіх арфаграфічных норм, па версіях розных гісторыкаў, у перыяд з ІІ паловы XVI да пачатку XVIІІ стагоддзя.

З узнікненнем сучаснай беларускай мовы, асноўным алфавітам для яе стала менавіта лацінка. У XVIII ст. лацінка выкарыстоўвалася паралельна з кірыліцай у некаторых драматычных творах на беларускай мове. У ХІХ ст. лацінка была прыстасавана беларускімі пісьменнікамі (Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, А. Рыпінскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, А. Гурыновіч і інш.) для перадачы беларускай мовы. Менавіта ў ХІХ стагоддзі ў лацінку была ўведзена найбольш своеасаблівая беларуская літара, якая не выкарыстоўваецца ў іншых мовах, – ŭ. Ужо пазней ў было прынята ў кірыліцу. Лацінкай друкаваліся і першыя беларускія перыядычныя выданні – “Гутарка двох суседоў” (1861-1862 гг, 4 нумары), “Гуторка” (1862-1863 гг), “Мужыцкая праўда” (1862-1863 гг, 7 нумароў).  Таму першым алфавітам для сучаснай беларускай мовы была менавіта лацінка, а ўжо другім – варыянт расейскай “грамадзянкі”, якім беларусы карыстаюцца па сёняшні дзень.

У ХІХ стагоддзі расейскія ўлады бачылі большую небяспеку ў лацінскім алфавіце, чым у нацыянальных мовах. У 1859 годзе цэнзура забараніла распаўсюд паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, ужо надрукаванай па-беларуску, вырашыўшы “не допускать употребления польского алфавита при печатании сочинений на белорусском наречии”. Падставай для забароны стаўся урадавы цыркуляр, які забараняў “печатание азбук, содержащих в себе применение польского алфавита к русскому языку”. Як відаць, улады Расейскай Імперыі не лічылі беларускую мову самастойнай, а толькі “наречием” рускай мовы. Аналагічная забарона лацінскага алфавіту прымянялася для літоўскай мовы. Былі нават планы пераводу на “грамадзянку” польскай мовы. Урад Мікалая І у 1844 годзе стварыў камісію па замене польскага лацінскага алфавіта расейскім. Але, нягледзячы на забароны, пераважная большасць твораў на беларускай мове ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя друкавалася лацінкай. Часта за межамі Расейскай Імперыі.

Напачатку ХХ стагоддзя для двух алфавітаў беларускай мовы рэдка выкарыстоўваліся тэрміны “кірыліца” (або “грамадзянка”) і “лацінка”. Найчасцей алфавіты называліся “рускім” і “польскім”. Напрыклад, у падзагалоўку “Нашай нівы” пісалася “выходзіць раз у тыдзень рускімі і польскімі літэрамі”.

Лацінка сучаснай беларускай мовы напачатку цалкам наследвала польскую графічную сістэму, якая вельмі добра падыходзіць для беларускай мовы, перадаючы ўсе яе характэрныя асаблівасці. Акрамя беларускай, польскі правапіс запазычыла літоўская мова. Польскі ж правапіс мае агульныя карані з чэскім. Большая розніца паміж польскай і чэскай графічнай сістэмай з’явілася пасля рэформы чэскага алфавіту, прапанаванай яшчэ Янам Гусам. Пазней элементы “гусыцкага” алфавіту былі выкарыстаны ў беларускім, літоўскім, латышскім, харвацкім, славенскім і славацкім алфавітах, а таксама шэрагу сістэм транскрыпцыі і транслітарацыі (у т. л. у міжнароднай сістэме транслітарацыі ISO). Можна смела сцвярджаць, што ў гістарычным кантэксце найбліжэйшымі з’яўляюцца лацінскія графічныя сістэмы чэскай, польскай, беларускай і літоўскай моў.

Графічная рэформа лацінкі пачатку ХХ стагоддзя палягала на увядзенні літар čšž замест cz,szż. Рэформа лацінкі была праведзена, мабыць, для таго, каб зліквідаваць уплывы польскай мовы. Пасля рэформы 1907 года (за час рэформы найчасцей прынята лічыць выхад ў выдавецтве “Загляне сонца і ў нашэ ваконцэ” у Пецярбурзе новага беларускага буквара лацінкай) ў беларускай лацінцы з характэрных польскіх рысаў яшчэ засталіся літары wł. Рэформа была толькі графічнай, сама сістэма лацінкі заставалася традыцыйнай. Новая версія лацінкі ўключала на пісьме меншую колькасць літар, але большую колькасць дыякрытычных знакаў. Пераважная большасць беларускіх выдавецтваў у Вільні, Менску і Пецярбурзе рэформу прыняла. Толькі некаторыя працягвалі друкаваць старым спосабам з тэхнічных прычынаў – адсутнасці новых шрыфтоў у друкарнях. Аднак, некаторыя выдаўцы не прынялі рэформу прынцыпова (напрыклад, каталіцкая газета „Biełaruś”). Нягледзячы на гэта, зрэфармаваная лацінка вельмі хутка зрабілася папулярнай і стала агульнапрынятым стандартам. Папулярнасці дадавала выкарыстанне яе газетай “Наша ніва”, таму такі варыянт лацінкі часта называюць “наша-ніўскай лацінкай”.

Імкненне ліквідаваць сляды польскіх ўплываў на графічную сістэму мовы яднала тагачасных беларускіх і літоўскіх дзеячаў нацыянальнага адраджэння. Падобная рэформа літоўскага алфавіту была праведзена прыкладна ў тым самым часе.

Напачатку ХХ стагоддзя характэрным было выдавецтва кніг і перыядычных выданняў у двух графічных варыянтах. Кірыліцай і лацінкай выходзілі газеты “Наша доля” (1906 г.) і “Наша ніва” (1906-1912 гг, толькі кірылічны варыянт працягваў выходзіць да 1915 г.). У двух варыянтах у 1918 годзе была выдадзена “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча, якая на той час зацвердзіла правапісныя нормы беларускай мовы. Акрамя самой мовы, вельмі істотным было і сімвалічнае значэнне алфавіта і графічнай сістэмы, з дапамогай якіх выдаваліся кнігі і газеты для сялян. Лацінка асацыявалася ў вачах сялян з каталіцтвам, а кірыліца і яе варыянт “грамадзянка” — з праваслаўем.

Пасля падзелу Беларусі паміж ІІ Рэччу Паспалітай і савецкай Расеяй, у БССР лацінка не выкарыстоўвалася. У прэсе часам былі дыскусіі на тэму алфавіту для беларускай мовы, але панавала ўжо кірыліца. На Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе правапісу і азбукі 1926 году выказваліся прапановы разгледзець пераход на лацінскі алфавіт. За лацінку ў той час выступаў Зміцер Жылуновіч. Супраць – Вацлаў Ластоўскі і Уладзімер Дубоўка. Але на выбар алфавіту перш за ўсё паўплывала савецкая палітыка. У праціўнікаў лацінкі былі такія моцныя аргументы, як “буржуазны элемент”, “нац-дэмаўшчына” і “класавая барацьба”. Крыху пазней, у 30-х гадах планаваўся пераход на ўніфікаваны лацінскі алфавіт усіх моў СССР, у т. л. расейскай. “Лацінізацыя” пачалася з народаў СССР, якія не мелі пісьменнасці і народаў, якія карысталіся арабскім алфавітам. Для іх былі распрацаваныя лацінскія варыянты алфавіту. Былі нават падлічаны эканамічныя выгады ад “лацінізацыі” моў СССР. Але асноўнай прычынай распачатай “лацінізацыі” была палітыка. Прафесар Якаўлеў у артыкуле “За латинизацию русского алфавита” пісаў: “Переход руских на единый международный алфавит на латинской основе явится началом перехода всех народов СССР на тот же алфавит. В графике это послужит внешним выражением внутреннего единства пролетарской культуры в СССР при всем разнообразии ее национальных форм. Алфавит на международной латинской основе укрепит единение с пролетариатом Запада и Востока и наши дружественные связи с борющимися за свою независимость колониальными и полуколониальными странами, уже вступающими на путь латинизации”. За “лацінізацыю” выступаў яшчэ Ленін, ідэі якога ў 30-я гг спрабаваў рэалізаваць наркам асветы Луначарскі, які ў 1930 годзе пісаў: «Огромный толчок идея латинизации русского алфавита (конечно, и Украины и Белоруссии) получила именно от успехов латинизации письма народов, употреблявших арабский шрифт». Аднак да БССР працэс не дайшоў, савецкая палітыка ў дачыненні алфавітаў змянілася і пачалася “кірылізацыя” алфавітаў народаў СССР. Пасля Другой сусветнай вайны прывелея карыстацца лацінскім алфавітам была пакінута толькі прыбалтыйскім народам. Таму не магло быць мовы пра выкарыстанне лацінкі на Беларусі.

У Заходняй Беларусі ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай два беларускія алфавіты працягвалі свабодна суіснаваць. Як правіла, лацінку выкарыстоўвалі каталіцкія выданні і беларускія дзеячы, якія звязвалі адраджэнне беларускага народа з польскай дзяржавай.

Напрыклад, Канстанцыя Скірмунт у артыкуле “Fascynacja nazwy i potęga litery” пісала: “Логіка гісторыі паказвае вельмі дакладна, што славянскія народы на ўсходнім шляху, ніколі не змогуць развіць свае нацыянальныя тыпы пад агульнай назвай Русі і з  расейскай літарай. Калі да пачатковых школ беларускіх або ўкраінскіх не будзе самімі правадырамі народу ўведзена асноўная лацінская літара, літара ўсіх народаў і літара цывілізацыі, народ, таму што не можа засвоіць двух, а толькі адзін алфавіт, народ гэты, беларускі, усёй душой еўрапейскі, радыкальна адвернецца ад несумненных крыніц Захаду, а завязне ў Еўр-Азіі, аддадзены на гэты лёс перадавымі, адказнымі, сваімі вышэйшымі слаямі грамадства.”. Беларусы ж, якія арыентаваліся ў сваіх поглядах на БССР, пераважна карысталіся кірыліцай. У канцы 30-х гадоў кірыліца стала пануючым алфавітам беларускай мовы ў Заходняй Беларусі. Гэта было рэакцыяй на асімілятыўную палітыку польскіх уладаў.

Падчас наступнай графічнай рэформы беларускай лацінкі ў канцы 30-х — пачатку 40-х гадоў “польскі” w быў заменены на v. Але надалей захавалася літара ł. У такім выглядзе лацінка захавалася па сённяшні дзень. У беларускамоўных кнігах і перыёдыцы, што выдаваліся ў часе ІІ сусветнай вайны, для [в] заўсёды выкарыстоўвалася літара v. Падчас нямецкай акупацыі былі спробы ўвядзення лацінкі як асноўнага алфавіту для беларускай мовы, аднак праз некаторы час акупацыйныя ўлады палічылі лацінку “польскай інтрыгай” і асноўным алфавітам засталася кірыліца.

Дыскусіі пра алфавіт працягваліся сярод беларускіх дзеячаў на эміграцыі. Некаторыя з іх выбар алфавіту таксама звязвалі з арыентацыяй беларусаў на заходні або ўсходні цывілізацыйны шлях. Пануючым алфавітам беларусаў на эміграцыі заставалася кірыліца, аднак некаторыя выдаўцы выкарыстоўвалі лацінку, перш за ўсё з мэтай спыніць ідэнтыфікацыю беларусаў з расейцамі і паказаць прыналежнасць беларусаў да заходняй культуры. Ксёндз Пётр Татарыновіч у 1950 годзе распачаў у Рыме выданне лацінкай  часопіса “Źnič”, які выдаўца разгладаў як альтэрнатыву кірылічнаму часопісу “Божым шляхам”: “Дзеля таго, што гэта часопіса вырабіла сабе напрамак ахватней усходніцкі, вылучна кірылічны (мо дзеля свае адумысловае тактыкі місыйнае сярод праваслаўных), дык з’явілася патрэба выдаваньня другое часопісі лацінкаю, каб прадоўжваць запачаткаваную ды ўстабілізаваную лінію нашага рэлігійнага быту “Хрысьціянскай думкай” на дамаганні ейных даўнейшых чытачоў, наагул нашай ідэйнай эміграцыі лацінскага абраду, шукаючай antidotum проці польскіх накараслівых уплываў. Дый наагул тут на Захадзе ў вольным сьвеце лацінскае культуры й цывілізацыў нам трэ было неабходна заманіфеставаць сваю прыналежнасць да яго і салідарнасьць культурна-кваліфікацыйную супроць нахабства збальшавіцелага Усходу.”.

Беларусамі на эміграцыі лацінка выкарыстоўвалася таксама ў мэтах навучання дзяцей беларускай мове. Аўтар “Лемантара”, у якім спачатку падаецца беларуская лацінка, а потым кірыліца, выдадзенага ў 1964 годзе ў Нью-Йорку, піша у прадмове: “Гэткі парадак навучання адпавядае пэдагагічным і мэтадычным патрабаванням: “Ад блізкага й вядомага да далёкага й невядомага”. Бо, на вялікі жаль, бальшыні нашым дзецям, што апынуліся ў іншамоўным асяродзьдзі, мова гэтага асяродзьдзя, у якой яны вымушаны вучыцца, бывае бліжэйшай і болей вядомай, чымся свая родная мова. І вось тут лацінка спрыяе хутчэйшаму і лягчэйшаму навучаньню роднай мовы, бо ня будзе патрэбы траціць шмат часу на вывучэньне літараў і напісаньне іх. А пазьней, калі дзеці ўжо азнаёмяцца з беларускім тэкстам чытаньня і пісьма, будзе зусім лёгка перайсьці на кірылічны тэкст чытаньня й пісьма.”.

Цікавасць да лацінкі павялічылася пасля атрымання Беларуссю незалежнасці. У канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя адносіны да лацінкі таксама звязаны з рознай цывілізацыйнай арыентацыяй беларускага грамадства. З 90-х гадоў ХХ стагоддзя лацінкай друкаваліся некаторыя артыкулы ў прэсе (напрыклад, у газеце “Наша ніва”, часопісах “Arche”, “Arche-Скарына” і “Спадчына”). У 1993 годзе адзін нумар газеты “Наша ніва” быў выдадзены цалкам лацінкай.

Функцыянуе лацінка ў Інтэрнэце. Існуе інтэрнэт-старонка lacinka.org, цалкам прысвечаная беларускай лацінцы. Таксама распрацоўваюцца спецыяльныя кампутарныя праграмы – канвентары з кірыліцы ў лацінку і раскладкі клавіятуры. Таму галоўны аргумент прыхільнікаў транслітарацыі беларускай мовы на ангельскі варыянт лацінскага алфавіту – маўляў, на стандартнай раскладцы клавіятуры няма літар беларускай лацінкі з дыякрытыкамі, — не вытрымлівае крытыкі. Кампутары павінны прыстасоўвацца да моў, а не наадварот. Усе народы, у лацінскіх алфавітах якіх ёсць дадатковыя літары (а ангельская мова, магчымы, нават адзіная, якая такіх літар не мае), могуць вырашыць тэхнічныя пытанні, беларусы – не. Гэта проста смешна, улічваючы ўзровень развіцця сучаснай кампутарнай тэхнікі!

Лацінкай вельмі часта карыстаюцца беларускія рок-гурты пры афармленні вокладак дыскаў. Найбольш паказальным з’яўляецца факт, што беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы, арыентаваныя на Захад, выкарыстоўваюць лацінку для перадачы сваіх імёнаў і прозвішчаў у друку на замежных мовах. Афіцыйна ж для перадачы беларускіх імёнаў і прозвішчаў выкарыстоўваецца транслітарацыя на ангельскую мову, а ў камерцыйнай сферы — найчасцей транслітарацыя на ангельскую мову расейскага варыянту імя і прозвішча, назвы фірмы і гандлёвай маркі. Існаванне цалкам самастойнага беларускага лацінскага алфавіта ігнаруецца.

У 90-х гадах з’явіліся спробы ліквідацыі апошняга следу польскага ўплыву на беларускую лацінку – літары ł. Прыкладам гэтага можа быць „Інструкцыя транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту” прынятая ў 2000 годзе. Гэта сістэма транслітарацыі, створаная на аснове беларускай лацінкі, у 1994 годзе была прапанавана Інстытутам мовазнаўства АН Беларусі для запісу прозвішчаў і імёнаў у пашпартах грамадзянаў Рэспублікў Беларусь, але ў гэтых мэтах не выкарыстоўваецца.

Сучасная беларуская лацінка надалей захоўвае шмат агульных рысаў з польскай графічнай сістэмай, што служыць повадам для абвінавачання у паланафільстве прыхільнікаў лацінкі (якія на Беларусі яшчэ ёсць!). Галоўная з агульных рысаў польскай і беларускай лацінкі — спосаб пазначэння мяккасці зычных: дадаванне “і” перад галосным і літара з дыякрытыкам у канцы слова або перад зычным. Дзякуючы гэтаму, лацінка вельмі добра перадае фанетыку беларускай мовы, для якой мяккасць зычных з’яўляецца вельмі характэрнай рысай. Транслітарацыі, якія найчасцей выкарыстоўваюцца для запісу беларускіх уласных назваў лацінскімі літарамі, звычайна мяккасць зычных не перадаюць. Найбольш вядомы прыклад – лацінскі варыянт назвы Беларусь – Belarus. Натуральна, што пры такой форме запісу, назва чытаецца як “Бэлярус”. Таму найбольш мэтазгодным для перадачы беларускіх уласных назваў лацінскім алфавітам было б выкарыстоўваць беларускую лацінку. Пераважная большасць міжнародных стандартаў дапускае выкарыстанне арыгінальнай нацыянальнай формы запісу ўласных назваў, калі такая ёсць. Нават „Інструкцыя транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту” найчасцей ігнаруецца выдаўцамі мапаў і літаратуры пра Беларусь на замежных мовах, нягледзячы на яе абавязковы характар (гэта тэма заслугоўвае асобнага артыкулу). Выкарыстанне лацінскага алфавіту з’яўляецца абсалютнай неабходнасцю для ўсіх краін і народаў, паколькі менавіта лацінскі алфавіт агульнапрыняты для выкарыстання ў міжнародных зносінах. Пераважная большасць народаў, якія маюць нацыянальны варыянт лацінскага алфавіту, ніколі не транслітаруюць уласныя назвы на які-небудзь іншы варыянт лацінскага алфавіту. Плюс – частая патрэба выкарыстання лацінскага алфавіту для напісання адрасу Internet-старонкі, адрасу e-mail, SMS-саў, электронных лістоў. На жаль, пераважная большасць беларусаў у гэтых мэтах найчасцей выкарыстоўвае непаслядоўныя наборы літар і лічбаў. Хаця пры выкарыстанні беларускай лацінкі не было б ніякіх праблемаў – усё зразумела, калі нават пісаць без дыякрытычных знакаў (як, напрыклад, робяць літоўцы і палякі). Таму вельмі істотным з’яўляецца факт, што беларуская мова мае свой, гістарычна сфармаваны, алфавіт на лацінскай аснове. Выкарыстанне некалькіх розных сістэмаў транслітарацыі на лацінскі алфавіт стварае блытаніну ў напісанні беларускіх тапонімаў, антрапонімаў і іншых уласных назваў у дакументах і тэкстах на замежных мовах. Напісанне беларускіх уласных назваў у арыгінальным варыянце беларускай лацінкай магло б павялічыць аўтарытэт беларускай мовы на Беларусі і ў свеце, а таксама аказаць пазітыўны ўплыў на нацыянальную самасвядомасць беларусаў.