* заўзецелогія — ад заўзець спарт. ‘хварэць'; галіна лінгвістыкі, якая вывучае розныя кур’ёзныя спосабы пранікнення ў мову асобных модных, але прыдуманых «не па правілах» слоў

Слова спакмень цікавае сваёй гісторыяй і этымалогіяй.

1. Гісторыя. Першыя звесткі падаў Ластоўскі ў сваім слоўніку (сс. 533—534, у артыкуле “предмет”), абапіраючыся на Альгерда Абуховіча.
Быўшы ў Чарноцкіх, Абуховіч, як ён сам лічыў, знайшоў эквівалент слову аб’ект у народнай мове: спакмень. Ён пачуў гэта слова ў жартоўнай песеньцы. Хочучы даведацца яго значэнне, ад пакаёўкі Марцысі Гладкай ён высветліў, што спакмень – гэта «ўсё, што можна здумаць ці пабачыць». Марцыся не адразу сказала значэнне слова, але толькі «po długich ceregielach wypytywań w czeladnej». Абуховіч пазначыў, што «reszta już ja sam downioskowałem». Меў ён тут на ўвазе, відаць, вось што: а) Ён сам вырашыў, што слова спакмень з’яўляецца эквівалентам слову аб’ект. б) Ён сам вырашыў, што чутая ім жартоўная песенька паслужыла ўзорам Адынцу пры напісанні верша “Ці то чорт, ці то хорт”, дзе ёсць такія радкі:

Ні то чорт, ні то хорт
Ці то цень, ці спакмень
.
З выкладання Ластоўскага не вельмі зразумела, штО было прад’яўлена Марцысі: радок з пачутай Абуховічам песенькі ці цытата з Адынца. Выглядае нібыта, што  першае (але чаму тады не прыведзена цытата з песенькі, затое даюцца радкі з верша Адынца і адразу пасля іх паведамляецца пра меркаванне Марцысі?).
Выглядае, што фактаў тут чатыры.
1. Слова спакмень ёсць у вершы Адынца.
2. На просьбу Абуховіча (ці гаспадароў, Чарноцкіх) значэнне гэтага слова высвятляла пакаёўка Марцыся Гладкая, якая дала адказ з вялікай цяжкасцю.
3. Быўшы ў Чарноцкіх, Абуховіч, магчыма, чуў гэта слова ў жартоўнай песні.
4. Абапіраючыся на сведчанне Марцысі і радкоў Адынца, Абуховіч зрабіў выснову, што спакмень – гэта ‘прадмет’.

Выглядае, што спакмень – гэта нейкае дзіўнае слова, hapax legomenon, зафіксаванае толькі аднойчы, у вершы Адынца. Фіксацыя ў жартоўнай песеньцы, на што спасылаецца Абуховіч, чамусьці не пацверджана цытатай. З другога боку, ужыванне слова са значэннем ‘аб’ект’ у рамках жартоўнай песні выглядае даволі надуманым. Ці не магло быць там (і ў вершы Адынца, дзе спакмень ужыты ў рыфму з цень) нейкай гульні слоў, якая не дазваляе лічыць спакмень “нармальным” словам з празрыстай словаўтваральнай структурай і “лагічным” значэннем?

У 1920-я Ластоўскі (некрытычна, проста як збіральнік розных цікавых слоў) даў усю гэту прыгожую гісторыю ў сваім слоўніку.

Гісторыя спадабалася Янку Станкевічу, які ў 1940-я гады даследаваў, што
спакмень ня ёсьць вельмі добрым словам, але, як няма лепшага, а яно шмат лепшае за прадмет, каторае зусім дрэнь (створана Палякамі дзеля пераданьня лац. об’ект, у польскай мове добрае, але ўжо ў маск., куды было пазычана ад палякаў, прыстаўка пре можа адчувацца толькі як царкоўна-славянізм, якіх у Маскалёў шмат, а нашай мове, ня маючай царк. сл., яно ані не падыходзе), дык я ўважаю, што яго трэба ўжываць. Была ў мяне калісь думка зрабіць яму маленькую опэрацу — выкінуць к (бо суфікс -ень зусім добры наш), але ўважаючы, што ня можна перарабляць створанага народам, я пакінуў гэтую думку.
Значыцца было-б так, што спакмень, хоць і не такое ўжо дзеля свайго к добрае слова, то ўсё-ж такі арыгінальна-прыроднае, хоць і з радні ўкраінцам і асобнае ад іншамоўных (на’т украінскага) назоваў гэтага пайма, дык, ужываючы яго, будзем маці ладную выгранку. Ведама, мусіць быць і спакменны, спакменнасьць, спакменьнік

Здаецца, з сярэдзіны 40-х Янка Станкевіч папулярызаваў словы спакмень і спакменнік, аднак не вядома, каб яны былі надта ўжывальныя. Не ведаю, ці ўжываў іх хто-небудзь акрамя Станкевіча. У 1948 г. у часопісе “Шыпшына” (№ 7, с. 57) нехта вельмі крытычна паставіўся да слова спакмень: “Усякае пустазелле тыпу лётала, макацеліца, спакмень, снадзіва заглохне на нашай пладароднай ніве”. У свой слоўнік Станкевіч уключыў спакмень ‘прадмет, аб’ект’ і спакменнік ‘назоўнік’.

Здаецца, слова спакмень у значэнні ‘прадмет, аб’ект’ адрадзілася на мяжы 1980—1990-х за часамі існавання рубрыкі ЗНО ў газеце “Культура”. Яго знойдзем у перакладзе С. Мінскевіча “Дзядоў” Міцкевіча. Празаік Балахонаў між іншым прызнаецца прыблізна так: хацеў быў замест спакмень напісаць прадмет, але рука не паднялася.
У наш час слова спакмень папулярызуе Юрась Пацюпа, які карыстаецца і словам спакменнік

Днямі ў фэйсбуку ў суполцы “Роднае слова” Lavon Malinouski напісаў вось што:
СПАКМЕНЬ. Гэтае вельмі цікавае слова абуджае вельмі неадназначныя рэакцыі на моўных форумах. Сёй-той скажа, што яно незразумелае ды вельмі абурыцца, што нехта наважыўся гэтае слова пры ім ужыць. Думаю, што несправядліва. Як на мяне — дык слова гэтае вельмі чытэльнае, яркае і змястоўнае. СПАКМЕНЬ — гэта тое, што чалавек СПАКМЕЎ. Калі не надта зразумелы дзеяслоў спакмець (з гэтаю сваёю падвойнаю прыстаўкаю, як спагадаць, спагаіцца) — можна ўзгадаць іншую прыстаўку, што хораша чапляецца да гэтага кораню. Думаю, што дзеяслоў ПРЫКМЕЦЬ ужо больш знаёмы. Думаю, што вытворны ад гэтага дзеяслова — дзеяслоў ПРЫКМЕЦІЦЬ. (Як блішчэць і бліскацець). Гэтае слова дало мне адказ на даўнюю загадку — аб генэзе польскага маладзяжовага слоўца ROZKMINIAĆ [разважаць, думаць]. Апошняе функцыянуе ў польскай мове як моладзевы слэнг (Цікавы ў іх слэнг — праўда? Свойскі.) Думаю, што СПАКМЕНЬ можа ўзбагаціць свет кожнага моўцы і не варта яго цурацца.
‎Гэты ж аўтар нагадаў вось гэтую цытату: «…а тым часам чорт закмеў бога да й паплыў за ім назіркам» БНТ, Легенды і паданні.

2. Этымалогія.
Ні ў Абуховіча, ні ў Ластоўскага не было ніякіх меркаванняў наконт этымалогіі.

Вось што “ўстанавіў” Станкевіч:
Па-першае, спакмень не звязаны з кеміць, кемны, цеміць (і з гэтым можна згадзіцца).
Па-другое,
«спакмень < sъ-po-k-m-enь, у каторым карэнь м, суфікс ень, sъ і po — прыстаўкі і к устаўное. Гэтае слова таго-ж караня, што й прымета, м. заметка, п. przymiot, przymiotnik. Ластоўскі на б. 551 падае закмець, прыкмець [‘заўважыць’], паклікаючыся на Сержпутоўскага. Дык было й спакмець і ўсе яны значаць “згледзіць, зацеміць”.

Па-мойму, гэта непрымальна. Корань, які складаецца з аднаго гука “м”?… Значэнне слова спакмень не такое відавочнае, як гэта падалі Ластоўскі і Станкевіч. Ці ёсць яшчэ абстрактныя аддзеяслоўныя назвы з суфіксам –ень? Калі ісці за Станкевічам, то і ў закмець, прыкмець к мела б быць устаўным. Але што, і тут корань складаецца з аднаго гука? Форма спакмець не існуе – у любым значэнні.

Вось што “ўстанавіў” Юрась Пацюпа:
спакмень — гэта «калька» з лац. аб’ект. Лёгкасць у мыслях неабыкнавенная. Па-першае, у другой палове ХІХ ст. сяляне не займаліся калькаваннем з лацінскай мовы навуковых тэрмінаў (а Пацюпа адначасова перакананы, што спакмень у значэнні ‘прадмет’ – гэта аўтэнтычная народная форма). Па-другое, што ў бел. спакмень ёсць ад лац. jactare ‘кідаць’?

Выснова пакуль такая (я не паглядзеў шэраг важных крыніц): калі са спакмянём узору 1940—2000-х гадоў збольшага ясна (значэнне слова было некрытычна перанята паводле Абуховіча і слоўніка Ластоўскага), то з адпачатным спакмянём ХІХ ст., бадай, можна пісаць: слова з няясным значэннем, невядомага паходжання.