Мяне ніколі не турбавала тое, што ў слоўніку Ластоўскага,  многа выдуманых слоў. На першым этапе знаёмства са слоўнікам, наадварот, заўважалася, што некаторыя нібыты прыдуманыя Ластоўскім словы папраўдзе ўжываюцца ў дыялектах. Памятаю, яшчэ як мелі Ластоўскага ў копіях з асобных старонак, Сокалаў захапляўся: «анталяжы! гэта ж трэба было так прыдумаць!» Пазней, чытаючы «Беларускую лінгвістыку» я даведаўся, што гэта запазычанне з французскай, ужываецца ў дыялектах.  Убачанае ўпершыню ў Ластоўскага, навец таксама аказалася непрыдуманым словам.

Між тым, усе тры аўтары, якія пісалі ў 1994 г. ў «Крыніцы» пра Ластоўскага, — Алена Ніякоўская, Юрась Пацюпа і Уладзімір Конан — ведалі пра наступнае выказванне Янкі Станкевіча пра Ластоўскага: «Забраны матэр’ял ён выдаў ненавукова, друкуючы пры тым жа разам без жаднага выдзялення словы ім новаствораныя» (працытавана ў артыкуле Ніякоўскай). Усе тры аўтары ведалі гэта выказванне і імкнуліся неяк яго нейтралізаваць.

Алена Ніякоўская падала слоўнік Ластоўскага не як навуковую працу, а як пэўны, амаль мастацкі, твор. Яна звяртала ўвагу, што ў слоўніку Ластоўскага ёсць «слоўцы-пестуны, улюбёнцы. Гэта зусім не тая нудная кампанія, што вандруе з аднаго слоўніка ў другі». Некаторыя словы са слоўніка Ластоўскага, згодна з Ніякоўскай, «распіхваюць моўныя шарэнгі, крычаць, нібы дзеючыя асобы нейкай драмы, заяўляюць аб нейкім сваім праве…» Аўтар слоўніка хоча «ашаломіць» свайго чытача, яго манера «стварае драматычны настрой»; аўтар слоўніка — «не рэгістратар, нават не мастак па слову, але пісьменнік, глыбока зацікаўлены лёсам герояў». Заўвагі Ластоўскага з нагоды словаў і выразаў, паводле Ніякоўскай, часам уяўляюць сабой «вытанчаныя мініяцюрныя навелы, культуралагічна-філасофскія эсэ» — дзеля пацвярджэння чаго прыводзіцца спасылка і на артыкул «предмет», у якім ішла гаворка пра спакмень.
Юрась Пацюпа ахарактарызаваў слоўнік Ластоўскага як «паэтычны», увогуле параўнаў яго з літаратурна-мастацкім творам, сцвердзіў, што ў ім вельмі многа прыдуманых слоў. Пацюпа «дзіўнай» палічыў кваліфікацыю слоўніка Станкевічам як «ненавуковага»:»як быццам гэта адзіны магчымы крытэрый».
Уладзімір Конан напісаў, што лексікаграфічныя адкрыцці Ластоўскага «не зразуметы замежнымі рэцэнзентамі-беларусістамі».
У 1926 годзе Сцяпан Некрашэвіч вельмі крытычна паставіўся да нібыта рэалізаванага Ластоўскім «выкідання ўсіх тых культурных здабыткаў, якія беларуская мова набыла на працягу тысячалецця» (гэта «марная», «проста шкодная» праца). Паводле Некрашэвіча, тагачаснаму чытачу павінна было быць відавочна, што «аўтар слоўніка робіць з беларускай мовай такія мудраванні, такія опэрацыі, што ў рэзультаце атрымліваецца нешта новае, мала падобнае на беларускую мову». У слоўніку, паводле Некрашэвіча, «даюцца тлумачэнні расійскіх слоў не беларускай мовай, а штучнай мовай В. Ластоўскага», аўтар «не ачышчае беларускую мову, а наадварот яе занечышчае, засурвае, утвараючы нешта падобнае да валяпюка або эспэранта з беларускай асновай».  Аўтар напісаў «непатрэбную кнігу»…

Пра ўсё гэта давялося ўспомніць, калі Юрась Пацюпа ў гэтым абмеркаванні падаў са слоўніка Ластоўскага нізку слоў з дзеясловамі спакмець, спакмяваць ‘заўважыць, заўважаць; разумець’ і вытворны ад спакмяваць назоўнік спокмеўка ‘кемнасць, кемлівасць’ (усе яны ў слоўніку маюць ілюстрацыі) , а таксама не праілюстраванае Ластоўскім спакмячаць. Падразумяваецца, што ўсё гэта народныя словы. Зрэшты, гэтыя прыклады асаблівага падазрэння спачатку не выклікалі, а спокмеўка нават спадабалася (хоць — калі лічыць, што слова спакмень звязана з спакмячаць — тут больш можна было б чакаць *спокметка).

Сумненні з’явіліся, калі падобныя сведчанні са слоўніка Ластоўскага тамсама падаў іspooky12:
Полоумиенедарэка, некумны, некумнасьць, некмеўны, некмень

Як вядома, Ластоўскі ў слоўніку часта даваў не эквіваленты да расійскіх слоў, а прадстаўляў цэлыя словаўтваральныя гнёзды, прыводзячы розныя часціны мовы і сінонімы з сумежных сфераў, якія a priori не маглі быць эквівалентамі да зыходных расійскіх слоў. (Некрашэвіч кваліфікаваў такі састарэлы метад як «наіўны»,  «самы няўдалы».)

Дык вось: уражанне такое, што фактычна ўсе адзінкі, пададзеныя ў слоўніку Ластоўскага ў артыкуле полоумие (за выняткам недарэка) — фальшывыя: і  некумны, і некумнасьць, і некмеўны, і асабліва некмень. Фальшывыя яны ў  тым плане, што яны прыдуманы самым Ластоўскім. Рэч у тым, што полоумность ‘дурнота’ — гэта не які-небудзь экзістэнцыялізм, а паняцце, шырока ўжывальнае ў народзе і добра адлюстраванае ў слоўніках. Тым не менш у шматлікіх дыялектных крыніцах, як разумею, няма іншых назваў дурасці, прыметніка для ‘неразумны’ і назваў дурняў, утвораных пры дапамозе кораня км-? Буду ўдзячны ўсім, хто такі знойдзе такія ўтварэнні. Утварэнні з км- са значэннем  ‘розуму, інтэлекту’, здаецца, ёсць толькі ў слоўніку Ластоўскага  — аўтара, схільнага да ўтварэння слоў і заінтрыгаванага абуховічаўскім/-ай спакменем/-ню ‘прадметам’.

Upd. Нямала цікавай інфармацыі пра слоўнік Ластоўскага можна знайсці ў Юрася Пацюпы тут