Абмяркоўваючы зь літоўскімі калегамі імаверны зьмест маёй прадмовы, я вырашыў засяродзіцца на кароткім гістарычным аглядзе супрацоўніцтва беларускай і літоўскай гістарычных школаў. На маю думку, разьвіцьцё і супраца беларускіх і літоўскіх вучоных увесь час залежалі ад палітычнай каньюнктуры на абшарах гістарычнай Літвы.

У новы час нашы народы ўступілі без уласных дзяржаваў. Таму да 1920-х гг. беларускай і літоўскай гістарычных школ як такіх не існавала. У выніку перамогі мадэрнага нацыяналізму ў 1919—1922 гг. на землях гістарычнай Літвы ў адлегласьці 300 кілямэтраў адначасова паўсталі тры нацыянальныя ўнівэрсытэты: польскі ў Вільні, літоўскі ў Коўне (Каўнасе) і беларускі ў Менску. Гістарычныя інстытуты кожнай нацыі прэтэндавалі на тое, каб быць галоўным цэнтрам дасьледаваньня мінулага Літвы: зь літоўскай, польскай ці беларускай пэрспэктывы [1].

 

Група прафэсійных гісторыкаў, што заснавала беларускую гістарычную школу ў 1922 г. пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, атрымала адукацыю і пачала сваю кар’еру ў Расейскай імпэрыі. Лідэрам менскай школы стаў першы рэктар БДУ — прафэсар украінска-сэрбскага паходжаньня Ўладзімер Пічэта. У той самы час іншы «старарэжымны вучоны» беларускага паходжаньня Іван Лапа пачаў рыхтаваць маладыя літоўскія кадры ў Коўне. Галоўным кірункам абодвух нацыянальных цэнтраў сталася вывучэньне сярэднявечнай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. Адзначым, што тагачаснымі менскімі гісторыкамі быў створаны шэраг клясычных працаў, безь якіх дагэтуль не абыходзіцца ніводзін сур’ёзны дасьледчык гэтай тэмы [2]. Ацэньваючы беларускіх калегаў, лідэр тагачаснай нямецкай гістарыяграфіі прафэсар Ота Гёцш (Otto Hoetzsch) зазначыў у 1929 г., што штудыі менскіх гісторыкаў «знаходзяцца ў навуковых каардынатах, якія адпавядаюць нашым» [3].

 

Але былі і істотныя адрозьненьні. Літоўцы стваралі гістарычную навуку ў межах уласнай дэмакратычнай дзяржавы. Беларускія гісторыкі толькі марылі пра незалежнасьць «мангольскага тыпу», працуючы ў аўтаномнай частцы вялізарнай таталітарнай дзяржавы. Адсюль мы маем дзьве важныя высновы. Хоць першае пакаленьне літоўскіх і беларускіх гісторыкаў мела супольную расейскую адукацыю і супольную навуковую мову, супраца менскіх і ковенскіх калегаў была немагчымай, бо Літва ўважалася ворагам СССР. У незалежнай ковенскай Літве гісторыкі атрымоўвалі доктарскія ступені на Захадзе. Лекцыі ў Каўнаскім унівэрсытэце ў 1930-я гг. чытала багата нямецкіх, фінскіх і швэдзкіх гісторыкаў. Так у гістарычнай адукацыі міжваеннай Літвы адбылася поўная пераарыентацыя з Расеі на Захад. У той самы час дзейнасьць беларускіх гісторыкаў была абвешчана сталінскім кіраўніцтвам «нацыяналістычнай», 32 менскія гісторыкі былі фізычна і духоўна зьнішчаны, іх працы былі выдалены з навуковых бібліятэк. Як падкрэсьліў Райнэр Лінднэр, «Гісторыя беларускай гістарыяграфіі савецкага пэрыяду ёсьць гісторыяй яе ліквідацыі» [4]. Далучаная да СССР пазьней Літва пазьбегла татальнага зьнішчэньня гуманітарных кадраў і здолела ў 1945—1991 гг. працягваць традыцыі навуковай школы пэрыяду незалежнасьці, хай сабе і ў моцна абмежаваных марксісцкай дагматыкай рамках. У той самы час беларуская гістарычная школа была зьніштожаная ў 1930-я гг. і цяжка адраджалася. БССР была адзінай рэспублікай эўрапейскай часткі СССР, якая ня мела гістарычнага часопісу. Згодна з партыйнымі дырэктывамі, адлік сапраўнай гісторыі Беларусі вёўся з 1917 г. Беларускі этнас разглядаўся як негістарычны, які ня меў уласнай эліты, высокай культуры і мастацтва [5]. Беларуская гістарыяграфія была задушана ў абдымках этнаграфізму і партыйных дырэктываў. Усё створанае па-за межамі сялянскай хаты лічылася спадчынай польскіх паноў ці маскоўскіх памешчыкаў.

 

Склалася парадаксальная сытуацыя. Замест натуральнага аб’екта навуковага дасьледаваньня — роднага краю — гісторыкі БССР заўзята вывучалі гісторыю КПСС — партыі, пад кіраўніцтвам якой нішчылася беларуская этнічная культура. Пасьля разбурэньня каляніяльнай сыстэмы ў Афрыцы і Азіі падобнай сытуацыі не было нідзе ў сьвеце [6]. Акурат тады нечужы нам Віленскі край у сьвядомасці большасьці беларусаў стаўся часткай далёкай культурна Прыбалтыкі. Адначасова нацыянальна сьвядомая моладзь пад уплывам аматарскіх тэкстаў настаўніка літаратуры Міколы Ермаловіча захапілася мітам «беларускай дзяржавы ВКЛ», адмаўляючы этнічным літоўцам у праве на спадчыну ВКЛ і заціскаючы іх у межы Жамойці. Між тым пачатковых ведаў гістарычнай геаграфіі досыць, каб пераканацца, што значныя абшары гістарычнай Літвы з Коўна, Біржамі, Вількамірам і Ўпітамі знаходзяцца ў этнічнай і гістарычнай «Літве», а не «Жамойці» [7]. Элемэнтарнае знаёмства з крыніцазнаўствам і гісторыяй кнігі давядзе, што літоўскія кнігі масава друкаваліся ў ВКЛ, прычым з канца XVII — у XVIII ст. яны ўжо пераўзыходзілі накладамі друкаваныя выданьні на старабеларускай мове. Мова гэтых кніг называлася «літоўскай», і на гэтай мове пісаліся афіцыйныя акты ВКЛ — між іншым, Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 траўня 1792 г. На жаль, гэтая інфармацыя не перашкаджае мітам пра «беларускую дзяржаву ВКЛ» заставацца папулярнымі ў акадэмічным асяродку. Зь іншага боку, многія літоўскія гісторыкі ня бачаць палітычнай і культурнай значнасьці русінскага складніка ў ВКЛ, пакідаючы нашым продкам ролю выключна дэмаграфічнага чыньніка.

 

Пасьля атрыманьня незалежнасці абедзьве краіны рухаліся ў бок дэмакратыі і эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Лагодны палітычны клімат спрыяльна адбіваўся на кантактах гісторыкаў суседніх краінаў. У 1993 г. у этнічна літоўскай вёсцы Гярвяты адбыўся першы круглы стол беларускіх і літоўскіх навукоўцаў, прысьвечаны супольнай спадчыне ВКЛ. Літоўскія гісторыкі сталі частымі гасьцямі беларускіх канфэрэнцый. 1994-ты спыніў гэты працэс. З другой паловы 1990-х гг. Літва плаўна ўваходзіла ў структуры Эўразьвязу і НАТО, у той час як Беларусь рухалася ўсё далей на Ўсход. Практычна ўсе сумесныя навуковыя ініцыятывы замарозіліся. Для літоўскіх гісторыкаў больш цікавым зрабіўся Захад, а іх беларускія калегі спазналі ціск і дыскрымінацыю ва ўласнай краіне ды падзел сваёй супольнасці на «чэсных» і «нячэсных» навукоўцаў [8]. Апошнія дзесяць гадоў маладое пакаленьне літоўскіх гісторыкаў зноў масава выяжджае вучыцца на Захад. Іх старэйшыя калегі вывучылі ангельскую і нямецкую мовы ды ўсталявалі шчыльныя кантакты зь міжнароднымі акадэмічнымі ўстановамі, пачалі друкавацца за мяжой. У той самы час беларуская гістарычная супольнасьць пагружалася разам з усёй краінай у цемру міжнароднай ізаляцыі. Між тым для нармальнага разьвіцьця навуковай школы патрэбны сталы дыялёг з сусьветнай навукай. Ня трэба тлумачыць важнасьці падобных кантактаў. Калі літоўскія вучоныя адпраўляюцца на стаж у Кэмбрыдж ці Стакгольм, менскія гісторыкі сядзяць дома альбо, у лепшым выпадку, едуць у Маскву ці Варшаву. Як вынік, у Беларусі бракуе гісторыкаў, якія ведаюць заходнія мовы, сочаць за найноўшай літаратурай, якія наагул здольныя прыняць годны ўдзел у міжнародным акадэмічным праекце.

 

Цешыць, што апошнія тры гады ў беларуска-літоўскім гістарычным дыялёгу назіраюцца пазытыўныя зрухі. Вільня гасьцінна адчыніла дзьверы ўнівэрсытэту Мікалая Ромэра для бакаляўрскай і магістарскай праграмаў ЭГУ па гісторыі. Інстытут гісторыі Літвы адкрыў стаўку для дасьледчыка беларускай спадчыны ВКЛ, якую сёньня займае Генадзь Сагановіч. У літоўскай амбасадзе адбыўся круглы стол беларускіх і літоўскіх гуманітарыяў у пытаньнях супольнай спадчыны ВКЛ.

 

Наш выдавецкі праект, які зьдзейсьнены з ініцыятывы беларускага боку, быў сур’ёзна падтрыманы Інстытутам гісторыі Літвы (Дарыюс Сталюнас) і аўтарам гэтых радкоў. Спадзяюся, што абраныя намі разам артыкулы літоўскіх гісторыкаў пазнаёмяць беларускага чытача з шырокім спэктрам сучаснай гістарычнай думкі суседняй краіны, якая цягам сваёй 1000-гадовай гісторыі шчыльна павязаная зь Беларусьсю. Суседзі зноў робяцца цікавымі адзін аднаму.

 

 


 

1. Гл. маю рэцэнзію на швэдзкай мове на доктарскую працу літоўскай навукоўкі Аўдроне Янужэце, абароненай ва ўнівэрсытэце фінскага Тампэрэ: Janužytė, Audronė. Historians as Nation State-Builders: the Formation of Lithuanian University 1904—1922 (2005) // Nordisk Øst-Forum. No 4. 2006. S. 459—461.

 

2. Ігнатоўскі, Усевалад. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. — Мінск, 1922; Доўнар-Запольскі, Мітрафан. Гісторыя Беларусі. — Мінск, 1926 (Рукапіс); Доўнар-Запольскі, Мітрафан. Сацыяльна-эканамічная структура Літоўска-Беларускай дзяржавы ў XVI—XVII стагодзьдзях / Гісторыка-археалягічны зборнік. Том 1. Менск, 1927; Дружчыц, Васіль. Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай уніі / Працы Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту. Т. 5—6. — Менск, 1925; Любаўскі, Матвей. Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI стагодзьдзя / Чатырохсотлецьце Беларускага друку 1525—1925. — Менск, 1926; Пичета, Владимир. Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. — Москва, 1961; Даўгяла, Дзьмітры. Літоўская мэтрыка й яе каштоўнасьць для вывучэньня мінуўшчыны Беларусі. — Riga, 1933.

 

3. Лiнднэр, Райнэр. Гісторыкі і ўлада. Мінск, 2003. С. 199. Заўважу, што празь семдзесят гадоў працуючы разам зь менскімі вучонымі над першым нямецкім падручнікам па гісторыі Беларусі «Handbuch der Geschichte Weissrusslands» (2001), гісторыкі зь Нямеччыны скардзіліся на мэтадалягічную прорву паміж імі і іхнымі беларускімі калегамі.

 

4. Лiнднэр, Райнэр. Беларускія гісторыкі пад Сталіным, 1870—1945 // Беларускі гістарычны агляд. 1998. Т. 5. Сш. 2 (9). С. 365—395.

 

5. Kotljarchuk, Andrej. The tradition of Belarusian Statehood: a war for the past // Contemporary Change in Belarus. Baltic and Eastern European Studies. 2004. Vol. 2. Södertörns högskola. Р. 41—72.

 

6. Урбан, Павал. Сучасныя палітычныя тэндэнцыі ў савецкай гістарычнай навуцы Беларусі / Беларускі зборнік. München, 1957. С. 40—63; Партноў, Андрій. Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі (некаторыя канцэптуальныя меркаванні) // Беларускі гістарычны агляд. 2000. Т. 7. Сш. 2. С. 476—488.

 

7. Падрабязьней на гэтую тэму гл. мае развагі ў эсэ «Падарожжа ў сэрца Літвы» //ARCHE. 2006. № 1—2.

 

8. Kotljarchuk, Andrej & Wawrzeniuk, Piotr. Historieförvanskningen i Vitryssland // Helsingborg Dagbladet. 19.03.2006; Котлярчук, Андрей. Історики у шанцях: Білоруська наука під Лукашенком // Україна модерна. 2007. № 12 (1): Стандарти науки і академічне середовище. С. 62—71.

 

 


 

Андрэй Катлярчук (нар. 1968) — доктар гістарычных навук. Лектар унівэрсытэту Содэрторн у Стакгольме (Södertörns högskola).

 


 

Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

 

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

 

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

 

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

 

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

 

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

 

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

 

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.

 

Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.

 

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73

 

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў

 

Падпіска на часопіс «ARCHE Пачатак» прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях «Белпошты». Падпісны індэкс — 00345.