У ценю Польшчы і Расеі. Вялікае Княства Літоўскае і Швэцыя ў часе эўрапейскага крызісу сярэдзіны XVII ст. / Андрэй Катлярчук; пераклад з ангельскай мовы Вольгі Калацкай. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 305 с.

Вельмі прыемна ўбачыць беларускае выданьне маёй доктарскай дысэртацыі, прысьвечанай уніі ВКЛ са Швэцыяй 1655 г., абароненай у 2006 г. у Стакгольмскім унівэрсытэце. Тым больш прыемна зазначыць, што ініцыятыва і фінансаваньне друку цалкам зыходзіла ад беларускага боку. За гэта вялікі дзякуй часопісу «ARCHE».

Беларускі чытач атрымаў манаграфію пасьля яе выхаду ў Швэцыі і Нямеччыне. Спадзяюся, менавіта ў Беларусі кніга займее найбольшы розгалас. Пошукі альтэрнатыўных шляхоў палітычнага разьвіцьця дасюль застаюцца актуальным для Беларусі пытаньнем. У 1655 г. пратэстанцкая частка палітычнай эліты ВКЛ марыла пазбавіцца залежнасьці ад Польшчы і Расеі ды далучыцца ўсьлед за Эстоніяй і Латвіяй да дынамічнай Швэдзкай дзяржавы. На жаль, мары патрыётаў ня зьдзейсьніліся. Контрарэфармацыя зьнішчыла ўсе асяродкі іншадумства, скасавала моцныя повязі з найбольш разьвітымі народамі сьвету. У ХVІІІ ст. краіна нашых продкаў пачала разам з Польшчай тэхналягічна і культурна адставаць ад перадавых эўрапейскіх дзяржаваў. Па зьнікненьні Рэчы Паспалітай з мапы сьвету Беларусь і Літва, наагул апынуўшыся ў ізаляцыі, «праспалі» прамысловую рэвалюцыю і пераход ад фэўдалізму да буржуазнага дэмакратычнага ладу. Калі сяляне Швэцыі ўвесь час былі вольнымі, а з ХVI ст. мелі ўласную фракцыю ў сойме і рэальна бралі ўдзел у кіраваньні дзяржавай, дык беларускія сяляне заставаліся прыгоннымі шляхты да 1861 г., а прыгнёт таталітарных сыстэмаў цярпелі ажно да канца ХХ ст. Як гісторык, мушу зазначыць: адказ на пытаньне, чаму штодзённы лад жыцьця беларускіх вёсак і гарадоў сёньня так моцна розьніцца ад швэдзкага, — менавіта ў гэтай трагічнай спадчыне.

Вядома, што значная частка беларускага грамадзтва марыць пра эўрапейскія пэрспэктывы. Трэба адзначыць: Эўразьвяз як адзіная дэмакратычная, юрыдычная і культурная прастора ўжо існаваў у XVI—XVIII стст., да зьяўленьня навачаснага нацыяналізму. Беларускія студэнты масава вучыліся на Захадзе, выдадзеныя на Беларусі дыплёмы, тэстамэнты і прывілеі без праблемаў прызнаваліся ў Швэцыі ці Партугаліі. Галоўныя падпісанты Кейданскай уніі Януш і Багуслаў Радзівілы шчыра сябравалі зь вядучымі швэдзкімі палітыкамі, вучыліся разам з Магнусам Дэлягарды і Бэнгтам Шутэ ў Галяндыі, ва ўнівэрсытэце Ляйдэна. І размаўлялі яны са швэдамі безь перакладнікаў — на нямецкай і лацінскай мовах.

Абодва літвінскія палітыкі ўважліва сачылі за новымі тэхналёгіямі і зьдзяйсьнялі маштабныя эканамічныя рэформы на Радзіме. Колькі сучасных беларускіх палітыкаў маюць падобныя здольнасьці?

Далучэньне да Эўропы — доўгі працэс, які патрабуе карпатлівай, разьлічанай не на адно дзесяцігодзьдзе працы цэлага пакаленьня, каб палепшыць эканамічны, праўны і духоўны стан грамадзтва. Акурат так было пасьля скону дыктатуры Франка ў Гішпаніі — на той момант адной з найбяднейшых краінаў кантынэнту, а сёньня лідэра Эўропы. Найбольш адукаваныя людзі нашага краю яшчэ ў XVII ст. зразумелі: без прававой дзяржавы і павагі да правоў чалавека няма дабрабыту. Сёньня для эўрапейскага грамадзтва гэта аксіёма.

Спадзяюся, што ўважлівы чытач знойдзе ў гэтай кнізе, прысьвечанай нібыта далёкім ад нас падзеям, адказы на актуальныя пытаньні сучаснага жыцьця.

(Прадмова была падрыхтаваная да першага выдання кнігі).


ЗЬМЕСТ

Сьпіс мапаў
Сьпіс ілюстрацыяў
Сьпіс скарачэньняў
Прадмова да беларускага чытача

1. Прадмова
1.1. Уводзіны
1.2. Назвы і трансьлітарацыя
1.3. Тэарэтычныя асновы, выбар мэтадаў і мэтаў дасьледаваньня
1.4. Папярэднія дасьледаваньні
1.5. Апісаньне крыніцаў

2. Сэпаратызм і польская палітыка
2.1. Вялікае Княства Літоўскае пасьля Люблінскай уніі
2.2. Партыя Радзівілаў: пратэстанцкая яднота і контрарэфармацыя
2.3. Гандлёвыя аспэкты літоўска-швэдзкіх адносінаў
2.4. Швэдзка-літоўскія дачыненьні
2.5. Кантакты паміж пратэстантамі Літвы і Швэцыі
2.6. Партыя Радзівілаў і швэдзкая геапалітыка
2.7. Высновы

3. У пошуках бясьпекі: швэдзкі напрамак
3.1. Кейданская дэклярацыя 17 жніўня 1655 г.
3.2. Нараджэньне швэдзка-літоўскай фэдэрацыі: Кейданская унія 20 кастрычніка 1655 г.
3.3. Роля Кейданскай уніі ў зьмене балянсу сіл у рэгіёне: асьвятленьне уніі ў Эўропе
3.4. Швэдзкая Літва і яе ўлада
3.5. Антышвэдзкае паўстаньне ў Жамойці і канец Кейданскай уніі
3.5.1. Матывы паўстаньня і яго першы этап
3.5.2. Швэдзкі «Drang nach Жамойць»
3.5.3. Езуіты і Расея
3.5.4. Ад паўстаньня да хаосу і грамадзянскай вайны
3.6. Адыход Жамойці пад швэдзкую апеку і выхад з-пад яе
3.7. Высновы

4. Змаганьне за Вялікае княства Літоўскае
4.1. Парадоксы вайны: тры вялікія князі літоўскія і адзін гетман
4.2. Роля занятых Расеяй літоўскіх земляў у швэдзка-расейскім канфлікце
4.2.1. Перамовы паміж Расеяй і літоўскай шляхтай
4.2.2. Роля літоўскай шляхты ў пачатку расейска-швэдзкай вайны
4.3. Літва Багуслава Радзівіла: Радноцкая дамова і аблога Берасьця 1657 г.
4.4. Украінска-расейскі канфлікт вакол Беларусі
4.5. Беларускае і літоўскае пытаньне ў швэдзка-ўкраінскіх дачыненьнях
4.6. Спроба Ўкраіны далучыць да Гетманшчыны Пінскі павет
4.7. Месца Вялікага княства Літоўскага ў швэдзкай палітыцы ў 1658–1661 гг.
4.8. Высновы

5. Агульныя высновы
5.1. Паваенны крызіс у ВКЛ
5.2. Заняпад пратэстантызму
5.3. Самаўсьведамленьне шляхты ВКЛ пасьля вайны
5.4. Эўрапейскі крызіс: выпадак ВКЛ
5.5. Літва і Швэцыя пасьля эўрапейскага крызісу

Дадатак I. Дэклярацыя ў Кейданах 17 жніўня 1655 г.
Дадатак II. Публічнае абвяшчэньне пра дамову ў Кейданах 20 кастрычніка 1655 г.