Літоўская перспектыва.

УВОДЗІНЫ

 

Ужо другое дзесяцігоддзе запар у сучаснай гістарыяграфіі актыўна адбываецца «дзяльба» спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, з розных перспектываў абмяркоўваюцца суадносіны сучасных нацый і створаных імі нацыянальных дзяржаў з мінулым. Гэта складаны працэс, які абцяжарваецца яшчэ і тым, што дагэтуль не сфармавалася інфармацыйная сістэма гістарычнай «прасторы Вялікага Княства Літоўскага» [1]. У кантэксце гэтых дыскусій, развіваючы прапанаваны Альфрэдасам Бумблаўскасам дыскурс стварэння інфармацыйнай сістэмы «прасторы Вялікага Княства Літоўскага» як фактара, што фармуе гістарычную свядомасць сучаснага грамадства, умацоўвае абгрунтаваныя гістарычнымі ведамі сучасныя ўстаноўкі грамадзянскасці і патрыятызму, можа паслужыць пазнанне сацыяльна-палітычнага феномена Вялікага Княства Літоўскага — палітычнай нацыі.

 

Паняцце палітычная нацыя не мае гістарычных каранёў, яно з’яўляецца канструктам палітычнай філасофіі мадэрнага часу. Гісторыкі дыскутуюць наконт зместу гэтага паняцця і абгрунтаванасці яго ўжывання ў даследаваннях пасацыяльна-палітычнай і сацыяльна-культурнай гісторыі Сярэднявечча і ранняга Новага часу. Якое рашэнне яны абіраюць у кожным выпадку, абумоўлівае абраная гісторыкамі стратэгія даследавання. Паняцця палітычная нацыя прытрымліваюцца прыхільнікі стратэгіі канструктывізму, якія стараюцца не паўтараць ужываных у крыніцах паняццяў і тэрмінаў, а стварыць сваю, зразумелую сучаснаму чытачу канцэптуальную мову [2].

 

Гісторыя вывучэння палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага не з’яўляецца доўгай. Польскі гісторык Ежы Сухоцкі, распачаўшы даследаванне яе фармавання і структуры, у 1983 г. сфармуляваў разуменне гэтага феномена. На думку Е. Сухоцкага, у перыяд 1385—1569 гг., які ён называе познім Сярэднявеччам, палітычную нацыю Вялікага Княства Літоўскага складалі кіруючыя дзяржавай верхнія пласты грамадства (польск. wspólnota państwowa) — князі і магнаты, якія займалі найвышэйшыя дзяржаўныя пасады, і духавенства, якое складала інтэлектуальную эліту. Даследчык падае пайменныя спісы родаў, якія, паводле яго, складалі палітычную нацыю, паказвае змены яе складу пасля ўлівання ў яе шэрагі праваслаўных прадстаўнікоў рускіх зямель Вялікага Княства Літоўскага [3].

 

Літоўскія гісторыкі (Эдвардас Гудавічус, Рыта Трыманене, Мячыславас Ючас), пачаўшы разглядаць праблему фармавання палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага, у 90-я гг. XX ст. сфармулявалі першыя літоўскія падыходы ў яе разуменні [4].

 

Э. Гудавічус і Р. Трыманене прааналізавалі акалічнасці з’яўлення палітычнай нацыі і зрабілі вывад, што палітычная нацыя Вялікага Княства Літоўскага склалася разам з фармаваннем саслоўнай манархіі. Аднак, адрозна ад Заходняй Еўропы, дзе «палітычнае цела» склалі духавенства, шляхта і бюргеры, і ад Цэнтральнай Еўропы, дзе яго аснову складала духавенства і шляхта, у Літве, якая належала да ўсходняй перыферыйнай часткі Цэнтральнай Еўропы, у палітычную нацыю ўваходзілі толькі феадальныя вярхі. Даследчыкі падкрэсліваюць, што ў XV—XVI стст. у працэс фармавання палітычнай нацыі ўключыліся не толькі літоўцы, але і феадалы іншых народнасцей. Аднак прыярытэт Літвы, як дзяржаўнага палітычнага цэнтра, абумовіў фармаванне менавіта літоўскай палітычнай нацыі.

 

Развіваючы канцэпцыю шляхецкай літоўскай нацыі, Э. Гудавічус і Р. Трыманене звярнулі ўвагу на тое, што шляхту першай паловы XVI ст. атаясамліваць з палітычнай нацыяй наўрад ці можна. У гэтае паняцце ўваходзяць толькі яе вярхі — князі, паны. З іншага боку, шляхта, якая была ўцягнута ў падрыхтоўку дзяржаўных прававых актаў і ўдзельнічала ў вырашэнні эканамічных і палітычных пытанняў краю, пачала ўсведамляць сябе як civilis societate — грама­дзяне. А гэта апошняя прыступка для ўваходу ў структуру conventiones generales. У другой палове XVI ст. шляхта ўлілася ў палітычную нацыю. Дзеля таго, што ў Вялікім Княстве Літоўскім сфармавалася аднасаслоўная манархічная структура, аснову якой складала шляхта, то з XV ст. было б больш дакладна казаць пра шляхецкую літоўскую нацыю. Даследчыкі падкрэсліваюць, што тэмпы цэнтралізацыі літоўскай дзяржавы, а таксама ўплыў знешніх фактараў на ўнутранае жыццё абумовілі ход фармавання палітычнай нацыі ў маштабе ўсёй дзяржавы, таму ў другой палове XVI ст. ужо можна казаць пра стварэнне шляхецкай літоўскай нацыі, куды была ўцягнута і арыстакратыя беларускіх зямель [5].

 

У сінтэзе гісторыі Літвы да 1569 г. Э. Гудавічус яшчэ раз падкрэслівае, што ў сярэдзіне XVI ст. шляхецкая літоўская нацыя стала гістарычнай рэчаіснасцю, і прыводзіць паняцце шляхецкая палітычная літоўская нацыя (bajoriškoji politinė lietuvių tauta) [6].

 

Мячыславас Ючас абраў больш шырокую перспектыву для вывучэння феномена палітычнай нацыі. Яе разуменне ён звязаў не толькі з працэсам пашырэння палітычных і грамадзянскіх правоў, але і з развіццём шляхецкага землеўладання, і разглядаў гэтыя звязаныя паміж сабой з’явы ў кантэксце польска-літоўскіх уніяў.

 

На думку гэтага аўтара, асноўныя прынцыпы фармавання палітычнай нацыі былі наступныя: выцісканне ніжэйшага звяна нобіляў у сялянства, увядзенне выключнай вайсковай службы для нобіляў, аднолькавы юрыдычны імунітэт для ўсяго саслоўя, судовае самакіраванне, палітычныя правы саслоўя. Генезіс палітычнай нацыі заняў два стагоддзі — з канца XIV да канца XVI ст. Нацыя фармавалася зверху пры дапамозе прывілеяў гаспадара. Яе асноўныя рысы былі такія: 1) права цалкам распараджацца спадчыннымі і атрыманымі ад дзяржавы дварамі; 2) трайны імунітэт — падатковы, адміністрацыйны і прававы ў сваіх даменах; 3) выключнае права займаць дзяржаўныя пасады і адміністраваць (да самай смерці) атрыманыя ад дзяржавы дварамі; 4) суды, складзеныя паводле тэрытарыяльнага прынцыпу для ўсяго саслоўя, якое мела ў тым павеце зямлю, і прававое самакіраванне на падставе мясцовага індыгенату; 5) павятовы соймік — асноўная ячэйка ўсяго парламенцкага жыцця. Законы прымаліся ў сойме са згоды ўсёй нацыі, якая выўлялася праз соймікі; 6) вайсковая служба для ўсяго саслоўя шляхты-зямян, не падзяляючы яго на асобныя групы. Палітычная нацыя складала амаль 9 % ад усіх жыхароў краю. Яна не з’яўлялася этнічнай літоўскай нацыяй. Яе аб’ядноўвалі не этнічныя, а грамадзянскія і саслоўныя прынцыпы. Праваслаўны беларус называў сябе літвінам, г. зн. грамадзянінам літоўскай дзяржавы [7].

 

Абагульняючы напрацоўкі гісторыкаў, можна сцвярджаць, што ў гістарыя­графіі Вялікага Княства Літоўскага разгляданая праблема феномена палітычнай нацыі, стратэгія яе даследавання, ужыванне паняццяў і тэрмінаў не разгледжаны ў поўнай меры. Для характарыстыкі сацыяльна-палітычнай з’явы гісторыкі адначасова выкарыстоўваюць некалькі нераўназначных у змястоўным сэнсе паняццяў — палітычная нацыя, шляхта, шляхецкае саслоўе, шляхецкая нацыя, шляхецкая палітычная літоўская нацыя. Гэтая разнастайнасць ускладняе поле для дыскусій, можа стаць прычынай самага звычайнага непаразумення. Адкрытым застаецца пытанне, ці з’яўляюцца гэтыя тэрміны ў змястоўным сэнсе ідэнтычнымі, ці з’яўляюцца паняцці шляхта, шляхецкае саслоўе або паняцце палітычная нацыя тоеснымі і ці трэба іх ужываць як сінонімы?

 

Гэтыя нявырашаныя, дыскусійныя пытанні, а таксама даследаванні па гісторыі шляхты за апошняе дзесяцігоддзе, якія ўвялі ў навуковы зварот новыя матэрыялы, і заахвочваюць нас на падставе напрацовак гістарыяграфіі пашырыць сэнсавае поле даследавання, дапоўніць разуменне палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага новымі бачаннямі, прадставіць сфармуляваную з літоўскай перспектывы інтэрпрэтацыю гэтага сацыяльна-палітычнага феномена. У артыкуле мы пастараемся тэарэтычна змадэляваць паняцце палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага; выявіць яе гістарычныя карані, фармаванне, структуру і змены, змест і формы яе выяўлення ў грамадскім жыцці; паказаць яе асаблівасці і вызначыць фактары, якія іх абумовілі, прасачыць сувязь з тымі працэсамі, якія адбываліся на прасторы Цэнтральна-Усходняй Еўропы; абгрунтаваць мэтазгоднасць ужывання паняцця палітычная нацыя ў даследаваннях грамадства ранняга Новага часу.

 

РАЗУМЕННЕ ПАНЯЦЦЯ ПАЛІТЫЧНАЯ НАЦЫЯ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА  

 

Паняцце палітычная нацыя Вялікага Княства Літоўскага разумеецца як своеасаблівая сацыяльна-палітычная супольнасць, члены якой розным чынам прымалі ўдзел у грамадскім жыцці дзяржавы. Палітычная нацыя на прасторы Цэнтральна-Усходняй Еўропы (памежжы ўсходняй і заходняй цывілізацый) пачала складацца ў познім Сярэднявеччы. Яе склад і памеры змяняліся. Аднак палітычная нацыя ніколі не ахоплівала ўсёй шляхты Вялікага Княства Літоўскага і не з’яўлялася адпаведнікам шляхецкага саслоўя. Статус шляхціца толькі адчыняў шлях у палітычную нацыю, сапраўднае ж членства ў ёй было індывідуальным, яго прадвызначала рашэнне асобы, яго ўласны выбар актыўна ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці дзяржавы, прымаць адказнасць за яе лёс. Духавенства розных канфесій, будучы ўдзельнікам грамадскага жыцця, у розны час таксама ўключалася ў стварэнне i развіццё палітычнай нацыі. Прадстаў­нікоў культурнай эліты, нават нешляхецкага паходжання, дзеля характару сваёй грамадскай дзейнасці і ўплыву на палітычную культуру сацыяльна-палітычнай супольнасці таксама варта адносіць да палітычнай нацыі. У далейшых даследаваннях неабходна вырашыць пытанне індывідуальнага членства мяшчан.

 

Склад членаў разгляданай палітычнай нацыі змяняўся. Пасля ўлівання ў яго прадстаўнікоў былых зямель Русі ён стаў яшчэ больш разнастайным, таму, замест ужыванай у літоўскай гістарыяграфіі характарыстыкі літоўская палітычная нацыя, варта выкарыстоўваць паняцце палітычная нацыя Вялікага Княства Літоўскага. Яно дазваляе без спецыяльнага тлумачэння не атаясамліваць этнічна, рэлігійна і культурна неаднародную сацыяльна-палітычную супольнасць толькі з адным літоўскім народам, не надае гістарычнаму паняццю ранняга Новага часу адцення, характэрнага для мадэрных нацыяналізмаў, прадстаўляе магчымасць раскрыць тыя спецыфічныя сувязі, што аб’ядноўвалі і гуртавалі гэтую частку складанай структуры грамадства, якая ўдзельнічала ў кіраванні дзяржавай, дапамагае зразумець яе прыроду.

 

Найважнейшымі распазнавальнымі крытэрыямі прыналежнасці асобы або групы асоб да палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага маглі б стаць наступныя:

 

— праца ў адміністрацыйным, прававым выканаўчым апараце, дзяржаўных органах грамадскага кіравання, на дыпламатычнай службе. Ад паводзін і рашэнняў гэтых службовых асоб залежала грамадскае жыццё;

 

— сістэматычны ўдзел у грамадска-палітычным працэсе на дзяржаўным і мясцовым (павятовым) узроўнях, праца ў соймах і павятовых сойміках;

 

— разнастайная творчая дзейнасць, пісьмовыя і вусныя прадукты якой фармавалі каштоўнасную арыентацыю палітычнай супольнасці і дзяржаўна-грама­дзянскую свядомасць.

 

Гэтак разумеючы палітычную нацыю, узнікае пытанне: ці магчыма ўсталяваць яе памер? Матэрыялы крыніц не дазваляюць апераваць лічбамі. Можна толькі гаварыць пра агульныя тэндэнцыі змянення памеру і персанальнага складу палітычнай нацыі, прычыны гэтых зменаў. Верагодна, што колькасць удзель­нікаў грамадска-палітычнага працэсу змянялася ў залежнасці ад сітуацыі, была звязана з напружаннямі ў палітычным жыцці. Сацыяльна-палітычная актыўнасць вырастала ў крытычныя, лёсавырашальныя для дзяржавы і грамадства моманты, калі ўзнікала пагроза.

 

З гледзішча гістарычнай перыядызацыі для акрэслення вывучанага сацыяльна-палітычнага феномена мы абралі паняцце палітычная нацыя ранняга Новага часу, разумеючы пры гэтым, што ў яго развіцці можна адшукаць рысы, якія перайшлі з Сярэднявечча, і прасачыць сітуацыю так званага «інкубатара» Новага часу [8]. Пагадзіўшыся з тэзісам, што літоўскае Сярэднявечча не завершылася, што нярэдка тыповыя для Сярэднявечча феномены развіваліся і ў XVI або нават у XVII ст. [9], падкрэслім, што асобныя сувязі з сярэднявечнымі традыцыямі не заглушылі дух Новага часу ў шляхецкім грамадстве Вялікага Княства Літоўскага XVI ст. і вынашанай ім палітычнай нацыі.

 

ВЫТОКІ ПАЛІТЫЧНАЙ НАЦЫІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА

 

Вытокі палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага знаходзяцца ў асяродку літоўскай знаці канца XIV — першай паловы XV ст. Распазнаць яе можна, скарыстаўшыся празапаграфічным даследаваннем літоўскай арыстакратыі позняга Сярэднявечча, выкананым Рымвідасам Пятраўскасам. З яго даследавання вынікае, што гаспадары літоўскай дынастыі ўключалі прадстаўнікоў літоўскай арыстакратыі, якая паўстала яшчэ ў племянны час, у вырашэнне дзяржаўных спраў, удзел у перамовах, зацвярджэнне складзеных міжнародных дамоў, працу ў ствараным апараце дзяржаўнай адміністрацыі [10]. Гэтых людзей можна назваць папярэднікамі палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага. Канкрэтныя ж вытокі ўсе даследчыкі аднадушна звязваюць з дзвюма падзеямі 1386—1387 гг., якія істотна змянілі далейшае развіццё Літоўскай дзяржавы і яе грамадства — узыходжанне вялікага князя літоўскага Ягайлы на польскі каралеўскі пасад і хрост Літвы.

 

Пасля таго, як Гедымінавічы пачалі кіраваць дзвюма дзяржавамі — вотчынным Вялікім Княствам Літоўскім і набытым праз дынастычную унію Польскім Каралеўствам, унутры быў ажыццёўлены ўзгоднены падзел улады паміж Ягайлам і Вітаўтам. У гэты перыяд і з’явілася спрыяльнае для складання палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага асяроддзе.

 

Хрост 1387 г. быў іншым важным штуршком, які паскорыў з’яўленне палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага. Прававы і матэрыяльны падмурак распачатага працэсу з’яўлення палітычнай нацыі быў закладзены прывілеем Ягайлы 1387 г. для прыняўшай хрост каталіцкай шляхты. У грамадстве Вялікага Княства Літоўскага склаліся перадумовы для ўзнікнення прывілеяванага сацыяльна-палітычнага пласта, былі створаны ўмовы для яго ўмацавання.

 

Пасля таго, як Вітаўт стаў вялікім князем літоўскім, ён працягваў працу па ўмацаванні літоўскай (у этнічным сэнсе) арыстакратыі і шляхты. Падкрэслім — літоўскай, бо не вядомыя факты, якія б сведчылі, што ў канцы XIV — першай палове XV ст. каталіцтва распаўсюджвалася б і на рускіх землях Княства.

 

Дынастычная сувязь з пасярэдніцай хросту Польшчай, хутка выяўленыя памкненні яе палітычнай эліты інкарпараваць літоўскую дзяржаву ў склад Каралеўства ў першай палове XV ст. стварылі сітуацыю, у якой новаахрышчаныя літоўцы і жамойты сталі патэнцыйным апірышчам гаспадароў Літвы, гарантамі суверэнітэту дзяржавы. Таму Вітаўт, стаўшы вялікім князем літоўскім, каб зацвердзіць свае пазіцыі ў якасці суверэннага ўладара і нейтралізаваць палітычны ціск кіроўнай эліты Польшчы, працягваў умацаванне палітычнага і эканамічнага становішча каталіцкай арыстакратыі і шляхты ядра літоўскіх зямель. Пра гэта сведчыць пашырэнне бенефецыйнага землеўладання шляхты. Таксама заахвочваўся ўдзел каталіцкай шляхты Літвы ў палітычным жыцці дзяржавы, пра што яскрава сведчыць удзел людзей з акружэння вялікага князя літоўскага Вітаўта ў Салінскім (1389), Гарадзельскім (1413) і Канстанцкім (1414—1418) палітычных працэсах. Уплыў літоўскай шляхты быў павялічаны і пры ажыццяўленні тэрытарыяльна-адміністрацыйнага пераўтварэння ўнутранай прасторы дзяржавы і яе кіравання. Разам з стварэннем новых інстытуцый дзяржавы і пашырэннем ахопу іх дзейнасці, для людзей, аснову дабрабыту якіх да таго часу складалі паспяховыя вайсковыя паходы і землеўладанне, у першай палове XV ст. адкрыліся новыя магчымасці. Яны змаглі выбіраць сабе кар’еру каталіцкага духоўніка, шукаць прыбытковую і ўплывовую службу пры двары гаспадара або ў ствараным новым апараце дзяржаўнай адміністрацыі, судах.

 

Канкурэнцыя з пануючай элітай Польшчы і шляхтай, што падтрымлівала яе, узмацняла прыхільнасць магнатэрыі і шляхты Вялікага Княства Літоўскага да ўласнай дзяржавы, патрыятызм, фармавала ўстаноўку захоўваць яго суверэнітэт, спрыяла зараджэнню тэарэтычнай палітычнай думкі. Нягледзячы на фармальна дзейныя забароны на ўдзел некаталікоў у кіраванні дзяржавай, у першай палове XV ст. у гэты працэс паволі пачалі ўцягвацца і прадстаўнікі праваслаўнай знаці рускіх зямель.

 

Намаганні Вітаўта атрымаць статус каралеўства для літоўскай дзяржавы, рознабаковая актыўныя і выніковая замежная палітыка стымулявалі пануючую магнатэрыю і шляхту, павялічвалі зацікаўленасць грамадскай дзяржаўнай дзейнасцю.

 

Смерць Вітаўта ў 1430 г. не перапыніла распачатага ўмацавання пазіцый сацыяльна-палітычнай супольнасці, якая ўсё яшчэ працягвала фармавацца. Наадварот, калі разгледзець акалічнасці абвяшчэння Свідрыгайлы ў 1430 г. вялікім князем літоўскім, арганізацыю змовы супраць Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440 г. і абвяшчэнне Казіміра Ягайлавіча ў 1440 г. вялікім князем літоўскім, можна прыйсці да высновы, што у 30—40-я гг. XV ст. у Вялікім Княстве Літоўскім ужо існавала сацыяльна-палітычная супольнасць, здольная самастойна ацэньваць палітычную сітуацыю, прымаць і ажыццяўляць дзяржаўныя рашэнні.

 

Коратка падсумоўваючы, можна сказаць, што ў канцы XIV — першай палове XV ст. у Вялікім Княстве Літоўскім былі створаны перадумовы для складання палітычнай нацыі. Новы этап выспявання разгляданай сацыяльна-палітычнай супольнасці распачаўся ў сярэдзіне XV ст., калі ў 1447 г. вялікі князь літоўскі Казімір Ягайлавіч стаў каралём Польшчы. У Вільні пачалі самастойна дзейнічаць паны-рада, якія рэпрэзентавалі ўладу дзяржавы, а падчас працяглай адсутнасці гаспадара ў літоўскай дзяржаве і кіравалі ёй. У склад Рады ўваходзілі найвышэйшыя дзяржаўныя службовыя асобы, каталіцкае духавенства і свецкія прадстаўнікі. Рада стала згуртавальным ядром палітычнай нацыі, што ўсё яшчэ працягвала фармавацца.

 

РАЗВІЦЦЁ САЦЫЯПАЛІТЫЧНАЙ СУПОЛЬНАСЦІ: АД ЯДРА ДА ПАЛІТЫЧНАЙ НАЦЫІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА  

 

Тэндэнцыя развіцця сацыяльна-палітычнай супольнасці Вялікага Княства Літоўскага стала выразнай у другой палове XV ст. і зрабілася найбольш інтэн­сіўнай у XVI ст. Працэс фармавання палітычнай нацыі адбыўся з першаснай ячэйкі разгляданага сацыяльна-палітычнага арганізма, у якую ўваходзіла арыстакратыя з акружэння дынастыі Гедымінавічаў і якая паходзіла з ядра дзяржавы — Літоўскай зямлі. Яна «абрастала» новымі членамі, прадстаўнікамі шырокіх пластоў шляхецтва і прамежкавых груп, сярод якіх усё больш было праваслаўных з рускіх зямель Вялікага Княства Літоўскага. Палітычная нацыя пачала аб’ядноўваць і гуртаваць вакол сябе ўдзельнікаў грамадскага жыцця дзяржавы — этнічных літоўцаў і русінаў, каталікоў і праваслаўных. Склалася дзейсная структура, якая канцэнтравала ўнутраную сацыяльна-палітычную і сацыяльна-культурную прастору дзяржавы.

 

У грамадскім жыцці спрыяльныя ўмовы для ўнутранага развіцця палітычнай нацыі стваралі кліенцкія адносіны, якія пачалі складацца ў грамадстве ў XVI ст. [11] Важнасць гэтага фактара для фармавання і развіцця палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага ў ранейшай гістарыяграфіі не абмяркоўвалася. Між тым, у еўрапейскай гістарыяграфіі падкрэсліваецца, што ў Польшчы і Літве патрон-кліенцкія сувязі былі больш шчыльныя, чым у іншых месцах. У гэтых краінах яны не толькі канкуравалі з іншымі формамі грамадскага жыцця альбо дапаўнялі іх, тут кліенцкая сістэма ўплывала на развіццё самой дзяржавы, нават скажала прадугледжаны нормамі пісьмовага права лад [12].

 

Вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы, члены Рады рабіліся патронамі, якія шукалі працоўныя рукі і асобаў разумовай працы. У сваю чаргу, сярэдняя і дробная шляхта, колькасць якой пастаянна расла, шукаючы сабе новых магчымасцяў эканамічнага і сацыяльнага авансу, усё часцей станавілася кліентамі, якія розным чынам служылі лідэрам грамадскага жыцця — магнатам. У шляхецкім грамадстве рос прэстыж двароў магнатаў і вышэйшых службовых асобаў дзяржавы. Вялікі ўплыў на гэта мела і адсутнасць у сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — Вільні — пастаяннага двара-рэзідэнцыі гаспадара дзяржавы. Кароткачасовае перабыванне двара вялікага князя Аляксандра ў Вільні ў 1492—1501 гг. стану істотна не змяніла. У сталічных дварах магнатаў і па-за іх межамі засяро­джвалася духоўнае жыццё выспяваючай палітычнай нацыі. Мецэнацтва магнатаў дазволіла ў XVI ст. адначасова ў розных галінах выспеліць і рэалізаваць свой талент на культурнай прасторы Вялікага Княства Літоўскага асобам творчай эліты палітычнай нацыі, якія пакінулі інтэлектуальную спадчыну некалькім народам Цэнтральна-Усходняй Еўропы, актуальную да гэтых дзён.

 

Фармаванне на сутыку XV—XVI стст. сойму Вялікага Княства Літоўскага як інстытуцыі, што прадстаўляла саслоўе, стала яшчэ адной важнай крыніцай павялічэння палітычнай нацыі. Сойм і соймікі, якія з’явіліся пасля адміністрацыйных рэформаў 1564—1566 гг., як месцы супольнай дзяржаўна-палітычнай дзейнасці паступова ўцягвалі ў актыўнае грамадскае жыццё ўсё больш шараговай шляхты. У соймах і сойміках складаўся і выспяваў спосаб грамадскага самавыражэння — палітычная культура.

 

Гісторыкі да гэтага часу не звязвалі колькаснага росту палітычнай нацыі з напружаннем у палітычным жыцці грамадства і дзяржавы, не абмяркоўвалі, як разгляданая сацыяльна-палітычная супольнасць рэагавала на пагрозы, што паўставалі. Выкананае даследаванне сведчыць, што існавала сувязь паміж па­грозай для дзяржавы і працэсам развіцця палітычнай нацыі.

 

У XVI ст. вялікую небяспеку для тэрытарыяльнага адзінства літоўскай дзяржавы, яе грамадскага жыцця выклікалі войны з узмоцненай Маскоўскай дзяржавай, якая выказвала прэтэнзіі на былыя старажытнарускія землі, што знахо­дзіліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. У канцы XV ст. распачаўся доўгі перыяд пастаянных войнаў з Масквой, былі перажытыя першыя тэрытарыяльныя страты старажытнарускай прасторы. Мяжа Маскоўскай дзяржавы на захадзе дасягнула Дняпра, адноўленая ў пачатку XVI ст. вайна распачала цэлую серыю войн за ўсходнія і паўднёва-ўсходнія тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, якія з невялікімі перапынкамі працягваліся ўсё XVI ст. Сітуацыя стала асабліва складанай пасля таго, як пачалася вайна за Лівонію (1558—1582).

 

Для ацэнкі найважнейшага з гледзішча пазнання палітычнай нацыі сацыяльна-палітычнага аспекту гэтай сітуацыі не важна, што ваенны канфлікт развіваўся зменліва і што вайсковыя дзеянні даволі часта перапыняліся перамір’ямі, якія не гарантавалі доўгачаканага міру. Грамадства, якое доўга жыло ва ўмовах амаль бесперапыннай вайны, набыло своеасаблівыя рысы арганізацыі і развіцця. Шляхце Вялікага Княства Літоўскага, якая павінна была асабіста адбываць вайсковую павіннасць, выпадала доўгі час праводзіць не толькі ў бітвах, але і ў вайсковых палявых лагерах, фінансаваць праз падаткі (срэбшчына) вайсковыя выдаткі дзяржавы, якія ўсё больш павялічваліся, адчуць гаспадарчыя страты, пазбавіцца двароў, якія заставаліся на занятых варожым войскам тэрыторыях. Вайна ўсяляк замінала землеўладальнікам скарыстацца зручнай гандлёвай кан’юнктурай для экспарту прадукцыі сельскай гаспадаркі і сыравіны ў Заходнюю Еўропу, якая склалася ў пачатку ранняга Новага часу. Найбольш адчувальна пагроза вайны ў XVI ст. адбілася на шляхце ўсходніх рускіх зямель, якая першай зазнала матэрыяльныя і маральныя страты.

 

З іншага боку, выкліканых вайной наступстваў для сацыяльна-палітычнага развіцця нельга ацэньваць адназначна негатыўна. Скліканае шляхецкае войска, перыяд актыўнай дзейнасці якога распачаўся ў канцы XV ст. з пачаткам вайсковага канфлікту з Масквой, стала яшчэ адным месцам засяроджвання шляхты і магнатэрыі, грамадскай камунікацыі. З’явілася новая грамадская прастора, у якой стваралася і выспявала палітычная нацыя Вялікага Княства Літоўскага, выхоўваліся і распаўсюджваліся каштоўнасныя патрыятычныя ўстаноўкі, якія ядналі яе. Выкліканыя войнамі негатыўныя эканамічныя і сацыяльныя змены, якія адчулі на сабе шляхта-землеўладальнікі, павелічэнне пагрозы для дзяржавы, яе тэрытарыяльнай цэласнасці гартавалі грамадзянскую і палітычную свядомасць шляхты, аб’ектыўна гуртавалі і ўмацоўвалі палітычную нацыю, паскаралі працэс яе развіцця, які стаў выразным у XVI ст. А чым больш у палітычнай нацыі побач з магнатэрыяй з’яўлялася шараговай шляхты, тым большая і мацнейшая рабілася сама сацыяльна-палітычная супольнасць.

 

Іншая крыніца небяспекі зыходзіла ад партнёра — Польскага Каралеўства, эліта якога ад самага завязвання дынастычнай уніі ў 1386 г. (а ў першай палове XVI ст. таксама і шляхецкі рух за экзекуцыю правоў) імкнулася інкарпараваць Вялікае Княства Літоўскае, ператварыць яго ў трэцюю правінцыю Каралеўства, для якой была прадугледжана назва Новая Польшча. Гэтым планам усё мацней супраціўляліся гаспадары дынастыі Гедымінавічаў-Ягайлавічаў, якія кіравалі абедзвюма гэтымі дзяржавамі. Аднак і ў гэтым выпадку небяспека для суверэ­нітэту літоўскай дзяржавы, нават для самаго яе існавання толькі гуртавала са­слоўе, што кіравала ёй, узмацняла патрыятычную свядомасць шляхты. Ажыццяўляліся спробы тэарэтычна абгрунтаваць права і абавязак палітычнай нацыі разам з дынастыяй кіраваць дзяржавай, мадэрнізаваць яе лад. Пра гэта найперш сведчыць праца, пісьмова выкладзеная і выкананая для таго, каб унармаваць і ўзаконіць новыя юрыдычныя асновы грамадскага парадку і функцыянавання (Літоўскія Статуты 1529, 1566 і 1588 гг.; прававыя і адміністрацыйныя рэформы 1564—1566 гг.).

 

Люблінская унія 1569 г., якая яшчэ раз узмацніла палітызацыю грамадскага жыцця Вялікага Княства Літоўскага, справакавала новыя напружанні, прыму­сіла шукаць і знаходзіць спосабы і формы сужыцця з палітычнай нацыяй Польскага Каралеўства ў аб’яднанай дзяржаве — Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Пасля таго, як гаспадар Жыгімонт у 1569 г. парушыў гарантыі тэрытарыяльнай цэласнасці літоўскай дзяржавы, аддзяліў і далучыў да Польшчы ўкраінскія землі, змяніліся склад і памер палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага.

 

Першыя гады бескаралеўя і выбары новых гаспадароў дзяржавы пасля смерці апошняга ўладара з дынастыі Гедымінавічаў-Ягайлавічаў Жыгімонта Аўгуста ў 1572 г. сталі яшчэ адным сур’ёзным выпрабаваннем і школай палітыкі для па­літычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага. 1569—1588 гг. былі перыядам, калі адбылася праверка спеласці і згуртаванасці разгляданай сацыяльна-палітычнай супольнасці. Паказчыкам узроўню спеласці можна назваць змененыя ўмовы дамовы 1569 г. аб злучэнні з Польскім Каралеўствам, юрыдычна зафіксаваныя ў рэдакцыі Літоўскага Статута 1588 г. Гэта стварыла новыя перадумовы для існавання палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага ў Рэчы Паспалітай Або­двух Народаў [13].

 

У гэтай сітуацыі пагрозы добра відаць супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчай эліты шматкультурнага Вялікага Княства Літоўскага з палітыкамі, іх станаўленне членамі палітычнай нацыі. Пра гэта сведчаць створаныя ў XVI ст. тэксты гістарычнай і грамадска-палітычнай думкі — Літоўская Метрыка, творы Міхалона Літвіна, Аўгусціна Ратундуса, Марцінаса Мажвідаса, Андрэя Волана, Мацея Стрыйкоўскага, Яна Радвана, Гальяша Пельгрымоўскага і іншых аўтараў. Унёсак творчых людзей распазнаецца падчас дыскусій на соймах, у палітычнай перапісцы і іншых спосабах выяўлення на грамадскай прасторы.

 

Спрыяльны духоўны клімат для развіцця і ўмацавання сацыяльна-культурных і сацыяльна-палітычных працэсаў стварыла для палітычнай нацыі Рэфармацыя. Інге Лукшайтэ, якая ўсебакова вывучыла, сістэматызавала і ацаніла выкліканыя Рэфармацыяй змены ва ўзаемаадносінах пластоў грамадства Вялікага Княства Літоўскага, на падставе фактаў і тэарэтычных дапушчэнняў аб­грунтавала сцвярджэнне, што да 80-х гг. XVI ст. Рэфармацыя, як магутны фактар, уплывала на змены структуры грамадства і яго паводзіны [14]. Пратэстанты ўзбагацілі новымі рысамі і палітычную нацыю.

 

Актыўнасць сацыяльна-палітычнай супольнасці абудзілі практычна-пазнавальныя падарожжы і навучанне ва універсітэтах Еўропы, куды была ўцягнута немалая колькасць шляхты. Сыны магнатаў выпраўляліся ў дарогу па навучанне найперш для таго, каб навучыцца кіраваць і прадстаўляць дзяржаву. Шляхта, якая іх суправаджала, атрымлівала магчымасць падвышэння ўзроўню свайго развіцця, а пасля вяртання магла атрымаць службу пры двары ўладара або магната, у судах, займацца творчасцю. Большасць гэтай шляхты вярталася на радзіму і ўключалася ў грамадскае жыццё Вялікага Княства Літоўскга. Падарожжы дзеля навучання ў ранні Новы час былі важным спосабам камунікацыі, які забяспечваў сувязь са знешнім светам і ўзбагачаў зносіны ўнутры палітычнай нацыі.

 

Побач з разгледжанымі фактарамі, якія ўплывалі на выспяванне і развіццё палітычнай нацыі, існаваў і іншы бок працэсаў, якія адбываліся ў грамадстве XVI ст.: абвастрэнне супярэчнасцей унутры пануючага шляхецкага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя супярэчнасці ўплывалі і на паводзіны палітычнай нацыі, якая з’яўлялася аднасаслоўнай, аднак не аднароднай сацыяльна-палітычнай супольнасцю. Унутры яе існавала маёмасная дыферэнцыяцыя, асобныя члены або іх групы (магнаты, сярэдняя, дробная шляхта) займалі ў грамадстве неаднолькавае становішча, што паглыбляла сацыяльную адрознасць унутры палітычнай нацыі. Гісторыкі даўно заўважылі гэтыя супярэчнасці, акцэнтавалі і нават абсалютызавалі іх. Аднак, калі мы сканцэнтруем увагу толькі на супярэчнасцях, немагчыма будзе зразумець фармаванне палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага, яе ўспрыняцце стане аднабаковым і няпоўным, немагчыма будзе зразумець і матывы дзейнасці гэтай сацыяльна-палітычнай супольнасці. Таму, мадэлюючы разуменне палітычнай нацыі, яе фармаванне і развіццё, увага была скіравана на пошук таго, што аб’ядноўвала і гуртавала выспелы ў грамадстве сацыяльна-палітычны феномен — шматэтнічную, мультыкультурную і складзеную з вернікаў розных канфесій палітычную нацыю.

 

Палітычная нацыя Вялікага Княства Літоўскага перыяду 1569/1588—1795 гг., яе склад, формы і спосабы выяўлення, што з’явіліся перад новымі выклікамі канца XVI—XVIII стст., будучы ў складзе Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, пакуль што не патрапілі ў поле зроку даследчыкаў. Можна толькі рабіць дапушчэнні, што адбыліся змены ў яе ўзаемаадносінах з палітычнай нацыяй Польскага Каралеўства, што на сацыяльна-палітычнай прасторы, верагодна, узнікла большая колькасць прадстаўнікоў новых сацыяльных груп (напрыклад, мяшчан) [15].

 

ПАЛІТЫЧНАЯ НАЦЫЯ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА

НА САЦЫЯЛЬНА-ПАЛІТЫЧНАЙ ПРАСТОРЫ ЦЭНТРАЛЬНА-УСХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ

 

Цэнтральна-Усходняя Еўропа — яшчэ адно поле выяўлення сацыяльна-па­літычнага феномена палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага, якога гістарыяграфія да гэтага часу яшчэ не закранала, хоць гэты феномен і сфармаваўся, набыў уласцівыя рысы менавіта на гэтай прасторы і з’яўляецца неаддзельным ад развіцця гэтага рэгіёну. На працягу гісторыі межы рэгіёну, акрэсленага як Цэнтральна-Усходняя Еўропа, змяняліся, гэтая прастора пашыралася і адступала. Аднак Вялікае Княства Літоўскае ва ўсіх выпадках разумеецца як інтэгральная тэрыторыя гэтага рэгіёну, а яго ўсходнія межы — як усходнія межы ўсяго рэгіёну.

 

Акрэсліваючы ўласцівасці разгляданага рэгіёну, гісторыкі сцвярджаюць, што Цэнтральна-Усходняя Еўропа ў XVI—XVIII стст. была дзяржаўнай прасторай, якая не належала да дыктату палітычна-дзяржаўнага ладу ні Заходняй, ні Усходняй Еўропы. Яна была прасторай, на якой не зацвердзіўся абсалютызм ці хаця б моцная ўлада манарха. Польскія гісторыкі асабліва падкрэсліваюць, што гэта прастора, дзе ў ранні Новы час паўстала своеасаблівая шляхецкая грама­дзянская супольнасць і склалася яе палітычная культура, якая прышчапляла любоў да свабоды, пачуццё асабістай годнасці, прыхільнасць да інстытуцый самакіравання i гонар тым, што грамадства можа кантраляваць дзяржаўную ўладу, дзе квітнеў парламентарызм і дэмакратыя. Гэтая гістарычная спадчына ацэньваецца як своеасаблівая, якая ўзбагачае гістарычную карціну ўсёй Еўропы, дазваляе лепш зразумець не толькі мінулае, але і складаныя геапалітычныя і геакультурныя праблемы сучаснасці.

 

Найбольш выразнай уласцівасцю гэтай сацыяльна-палітычнай супольнасці рэгіёну ў XVI ст. было тое, што яе членаў аб’ядноўвала і гуртавала моцнае ўсведамленне прыналежнасці да Вялікага Княства Літоўскага. Створаную літоўцамі ў Сярэднявеччы дзяржаву шматэтнічная, рознаканфесійная і мультыкультурная палітычная нацыя ў ранні Новы час ўспрымала і бараніла як сваю. Праваслаўныя русіны змагаліся з Масквой за рускія землі, баронячы пры гэтым тэрытарыяльнае адзінства літоўскай дзяржавы.

 

Разгляданая сацыяльна-палітычная супольнасць сталела. Яна набыла ўласцівыя рысы палітычнай культуры ў перыяд, калі ў Еўропе ішло стварэнне цэнтралізаваных тэрытарыяльна-нацыянальных дзяржаў. Таму верагодна, што ў XVI ст. на прасторы Цэнтральна-Усходняй Еўропы дзве палітычныя нацыі, Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, у адзін час сфармулявалі візіі будучай дзяржавы, якія адпавядалі духу ранняга Новага часу. Палітычная нацыя Вялікага Княства Літоўскага на падставе літоўскай дзяржаўнасці імкнулася цэнтралізаваць усе тэрыторыі, якія належалі дзяржаве і за частку якіх яна ваявала з Масквой. Палітычная нацыя Польскага Каралеўства, імкнучыся да той самай мэты, уяўляла ў будучыні Вялікае Княства Літоўскае, з якім яе звязвала дынастычная сувязь і супольны гаспадар, адной з частак цэнтралізаванай польскай дзяржавы. Таму, разважаючы над праблемай будучыні дынастычнай уніі дзвюх дзяржаў, у 60-я гг. XVI ст. у цэнтральна-ўсходнееўрапейскім рэгіёне маглі сутыкнуцца дзве па сутнасці аднолькавыя праграмы дзяржаўнасці.

 

З іншага боку, жадаючы зразумець унёсак сацыяльна-палітычнай супольнасці Вялікага Княства Літоўскага ў палітычную культуру рэгіёну, неабходна гля­дзець шырэй і не абмяжоўвацца толькі яе ўзаемаадносінамі з палітычнай нацыяй Польскага Каралеўства. У пачатку XVI ст. палітычная эліта Літвы здолела завязаць непасрэдныя адносіны з уладарамі Святой Рымскай імперыі — Габсбургамі. Была адкрыта новая прастора для палітычнай камунікацыі, прадстаўнікі палітычнай нацыі атрымалі магчымасць пазнаваць разгалінаваную замежную палітыку Імперыі, якая была звернута адначасова на палітычную прастору Заходняй і Усходняй Еўропы, а яе дыпламаты былі добра авалодаўшы рознымі метадамі палітычнай дзейнасці. Падаткі, якія выплачваліся ў Імперыі, назапашаны вопыт дыпламатычнай працы пры двары імператара, завязаныя асабістыя сувязі дазволілі палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага прадэманстраваць самастойныя палітычныя паводзіны падчас дыскусій наконт Люблінскай уніі, у перыяд бескаралеўя, які пачаўся пасля смерці Жыгімонта Аўгуста ў 1572 г., падчас пошукаў гаспадара Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Тады была выпрабавана здольнасць палітычнай нацыі лавіраваць паміж некалькімі міжнароднымі палітычнымі сіламі — Масквой, Імперыяй, Францыяй, Швецыяй, партнёркай і канкурэнткай Польшчай. У XVI ст., у гады першых бескаралеяў, падчас палітычных дыскусій з прадстаўнікамі Польшчы, у ходзе кантактаў з Імперыяй узмацнілася і набыла вопыт заходняя дыпламатычная служба Вялікага Княства Літоўскага. У ёй з’явіліся службовыя асобы, якія маглі працаваць пры двары імператара. Гэты вопыт узбагаціў культуру ўсёй палітычнай нацыі.

 

Шматпланавыя інтарэсы, актыўная дзейнасць адначасова на геапалітычных прасторах Усходу і Захаду гарантавала ў XVI ст. палітычнай нацыі Вялікага Княства Літоўскага прызнанне ў рэгіёне Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Палітычная нацыя, якая сфармавалася на памежжы ўсходняй і заходняй цывілізацый, аб’яднала шматэтнічную, рознаканфесійную і шматкультурную сацыяльна-палітычную супольнасць, набыла своеасаблівыя, характэрныя толькі для яе рысы.

 

Пераклаў з літоўскай мовы Юры Унуковіч.

ГЭТЫ АРТЫКУЛ НАДРУКАВАНЫ Ў № 9 «ARCHE» ЗА 2009 ГОД


1. Гл., напр.: Bumblauskas, A. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštijos paveldo «dalybos» ir «Litva / Lietuva» distinkcijos konceptas // Lietuvos Didžiosios Kunigaikštijos tradicija ir paveldo «dalybos». Vilniaus universiteto leidykla, 2008. — Р. 15—66.

 

2. Гл., напр.: Norkus, Z. Maxo Weberio feodalizmo samprata ir Lietuvos istorija // Lietuvos istorijos studijos. Vilnius. Т. 1. Р. 44—45.

 

3. Suchocki, J. Formowanie się i skład narodu politycznego w Wielkim Księstwie Litewskim późnego średniowiecza // Zapiski Historyczne. 1983. Т. XLVIII, zeszyt 1—2. S. 31—78.

 

4. Trimonienė, R. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės vidaus konsolidacijos ir «politinės tautos» formavimosi problema // Lietuvos istorijos studijos. Vilnius, 1994. Т. 2. P. 17—34; Trimonienė, R. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė ir Vidurio Europa XV—XVI a. sandūroje. — Šiauliai, 1996; Trimonienė, R. Gudavičius, E. Bajoriškoji lietuvių tauta ir Lietuvos Didžioji Kunigaikštija // Dienovidis. 1999 m. Vasaris-kovas. № 5—9; Jučas, M. Lietuvos ir Lenkijos unija (XIV a. vid. — XIX a.pr.). Aidai, 2000. P. 183—214.

 

5. Trimonienė, R. Gudavičius, E. Bajoriškoji lietuvių tauta ir Lietuvos Didžioji Kunigaikštija. Р. 10.

 

6. Параўн.: Gudavičius, E. Lietuvos istorija nuo seniausių laikų iki 1569 metų. Vilnius, 1999. Р. 595—598.

 

7. Jučas, M. Lietuvos ir Lenkijos unija. Р. 205, 213—214.

 

8. Параўн.: Vierhaus, R. Vom Nutzen des Begriffs «Frьhe Neuzeit». Fragen und Thesen // Frühe Neuzeit — Frühe Moderne? Forschungen zur Vielschichtigkeit von Übergangsprozessen. Herausgegeben von Rudolf Vierhaus und Mitarbeitern des Max-Planck-Institute für Geschichte. — Göttingen, 1992; Bödeker, H. E. (Göttingen), Hinrichs, E. (Braunschweig), Alteuropa — Frühe Neuzeit — Moderne Welt? Perspektiven der Forschung // Alteuropa — Ancien Régime — Frühe Neuzeit. Probleme und Methoden der Forschung, Hans Erich Bödeker, Ernst Hinrichs (Hrsg.). — Stuttgart-Bad Cannstatt, 1991.

 

9. Параўн.: Petrauskas, R. Viduramžiai // Lietuvos Didžiosios Kunigaikštijos kultūra. Tyrinėjimai ir vaizdai, Sudarė Vytautas Ališauskas, Liudas Jovaiša, Mindaugas Paknys, Pimvydas Petrauskas, Eligijus Raila. — Vilnius, 2001.

 

10. Petrauskas, R. Lietuvos diduomenė XIV a. pabaigoje — XV a. Sudėtis — struktūra — valdžia. — Aidai, 2003.

 

11. Напр., праблема кліенцкіх адносін і іх сувязей з палітычнай нацыяй разглядалася ў: Kiaupienė, J. Klientizmo kultūra Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės Pilies teismuose XVI a. // History, Culture and Language of Lithuania, edited by Grzegorz Błaszczyk, Michał Hasiuk (Linguistic and Oriental Studies from Poznan Monograph Supplement 5). Poznań, 2000. S. 183—194; Kiaupienė, J. «Mes, Lietuva». Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės bajorija XVI a. (viešasis ir privatus gyvenimas). — Kronta, 2003; Kiaupienė, J. Rola klienteli w procesie jednoczenia narodu politycznego Wielkiego Księstwa Litewskiego // Rzeczpospolita państwem wielu narodowości i wyznań, XVI—XVIII wiek. Pod redakcją Tomasza Ciesielskiego i Anny Filipczak-Kocur. Warszawa-Opole, 2008. S. 167—178.

 

12. Параўн.: Schramm, G. Patronage im Staat, Patronage am Stelle des Staates. Einleitung zur Diskussion // Klientelsystem im Europa der Frühen Neuzeit, Herausgegeben von Antoni Mączak unter Mitarbeit von Elisabeth Müller-Lucner. — München, 1988.

 

13. Вычарпальную фактаграфічную характарыстыку падзей гэтага перыяду гл. у: Lulewicz, H. Gniewów o unię ciąg dalszy. Stosunki polsko-litewskie w latach 1569—1588. — Warszawa, 2002.

 

14. Параўн.: Lukšaitė, I. Reformacija Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje ir Mažojoje Lietuvoje. XVI a. trečias dešimtmetis — XVII a. pirmas dešimtmetis. — Baltos lankos, 1999.

 

15. Важны комплекс крыніц для такога даследавання апублікаваны: Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. Т. I: Okresy bezkrólewi (1572—1576, 1586—1587, 1632, 1648, 1696—1697, 1706—1709, 1733—1735, 1763—1764). Opracował Henryk Lulewicz. — Warszawa, 2006.

 

 


 

 

Юратэ Кяўпене (нар. у 1947 у Вільні) — гісторык, доктар габілітаваны. У сфэру яе навуковых зацікаўленьняў уваходзіць гісторыя шляхты Вялікага Княства Літоўскага, а таксама дасьледаваньне міжнародных пагадненьняў, укладзеных Вялікім Княствам Літоўскім. У адной з сваіх апошніх публікацый яна ўсебакова вывучыла, сыстэматызавала і пракамэнтавала дакумэнты аб Крэўскай уніі — «1385 m. rugpjūčio 14 d. Krėvos aktas / Sudarė Jūratė Kiaupienė» (Vilnius: Ћara, 2002).