Паводле разлікаў камандавання РККА, «Вызваленчы паход у Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну» ў верасні 1939 года павінен быў прайсці без асаблівых складанасцяў. Аднак, у рэальнасці сітуацыя склалася іначай і савецкім войскам давялося ўдзельнічаць у рэальных баявых дзеяннях супраць арміі краіны, з якой СССР нават не знаходзіўся ў стане вайны. Адной з найбольш маштабных бітваў той «маленькай» вайны была бітва пад Шацкам.

У мінулым годзе ў Польшчы выдалі манаграфію гісторыка і журналіста Пятра Зыховіча «Пакт Рыбентроп-Бек, ці як палякі разам з Трэцім Райхам маглі перамагчы Савецкі Саюз». Найбольшую цікавасць у гэтай працы выклікае аналіз ваеннага патэнцыялу перадваеннай Польшчы. Аўтар у прыватнасці адзначае, што «Другая Рэч Паспалітая ў 1930-х гадах зрабіла вялікі крок наперад у пытанні будаўніцтва сучаснай моцнай арміі. Прычынай цяжкага паражэння польскай арміі ў вайне з вермахтам было тое, што Войска Польскае рыхтавалася да вайны з іншым супернікам. На працягу ўсяго міжваеннага перыяду найбольшую небяспеку для сваёй краіны палякі бачылі не ў Нямеччыне, а ў Савецкім Саюзе, таму Польшча рыхтавалася да канфлікту менавіта з войскам гэтай краіны».

Пётр Зыховіч не без падставы лічыць, што барацьба з кожным супернікам вымагае выкарыстання асаблівай тактыкі, узбраення і арганізацыі войска. Адзін характар баявыя дзеянні мелі ў «цеснай» Еўропе і зусім інакшы  на шырокіх тэрыторыях усходняй часткі кантыненту.

Сапраўды, што было б, калі б Чырвоная Армія ўзору 1939 схваснулася ў смяротнай сутычцы не з адступаючымі, знясіленымі зводнымі атрадамі палякаў, а з добра падрыхтаваным і баяздольным Войскам Польскімі?! Даць адназначны адказ на гэтае пытанне вельмі складана, але нават тыя нешматлікія бітвы, якія ў верасні 1939 года адбыліся паміж польскімі часткамі і Чырвонай Арміяй на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, прымушаюць задумацца аб тым, а ці была настолькі моцнай армія «першай дзяржавы рабочых і сялян «. Для таго, каб зразумець, з якімі цяжкасцямі сустрэліся савецкія ваеначальнікі падчас «вызвольнага паходу», варта разгледзець гісторыю адной з найбольш няўдалых для Чырвонай Арміі бітваў, а менавіта бітвы пад Шацкам.Пераход савецкімі часткамі польскай мяжы 17 верасня 1939 г заспеў знянацку часткі Войска Польскага, якія знаходзіліся ва ўсходне-польскіх ваяводствах. Неўзабаве быў выдадзены загад галоўнакамандуючага маршала Э.Рыдз-Сміглы, які прадпісваў польскім войскам не аказваць супраціўленне Чырвонай Арміі і адступаць у бок мяжы з Румыніяй і Вугоршчынай. Але савецкае камандаванне ня мела намеру «адпускаць» баяздольныя польскія падраздзяленні і пры любым магчымым выпадку чырвонаармейцы бралі ў «палон» ваеннаслужачых у польскіх «рагатыўках», а пры аказанні супраціву, знішчалі іх.Ужо 18 верасня 1939 г. камандуючы польскім Корпусам Аховы Памежжа (КАП) брыгадны генерал Вільгельм Орлік-Рюкеман выдаў загад, у якім пазначаў шляхі адступлення польскіх памежнікаў з Заходняй Беларусі. Так, брыгада КАП «Палессе» павінна была адыходзіць у кірунку Сянкевіч-Лунінец-Масты Валанскія-Плотніца, батальён КАП «Давідгарадок» і камандаванне корпуса — у кірунку Столін-Морачна, нарэшце, полк КАП «Сарна» — у накірунку Сарна-Перыкалы-Кухецка Вола.

Прасоўваючыся да месца канцэнтрацыі, памежнікам пастаянна даводзілася весці баі з пераследваючымі іх часткамі Чырвонай Арміі. Актыўнічала і савецкая авіяцыя. Да 21 верасеня 1939 г большасць частак КАП прабіліся ў названыя ўчасткі. Паводле розных падлікаў, у распараджэнні генерала Орліка-Рюкемана апынулася каля 8 тыс. салдат. У ноч з 22 на 23 верасня быў аддадзены загад, які прадпісваў перасоўванне польскіх частак у бок Улодава. Перамяшчэнне дазвалялася толькі ўначы.Тым часам 15-ы савецкі стралковы корпус 5-й арміі Украінскага фронту фарсіраваў р. Буг у напрамку г. Холм, а 23-і стралковы корпус 4-й арміі Беларускага фронту пераправіўся праз гэтую раку ў раёне Брэста. У сваю чаргу, 52-я стралковая дывізія палкоўніка Івана Русіянава атрымала загад сканцэнтравацца ў раёне Улодава.

27 верасня 1939 у вёсцы Шацк (цяпер знаходзіцца на мяжы Беларусі і Украіны) часткі 411-га асобнага танкавага батальёна Чырвонай Арміі і 54-га дывізіёна супрацьтанкавай артылерыі ўзялі ў палон невялікае польскае падраздзяленне. Кальцо, у якім знаходзіліся польскія часткі, сціскалася. Неўзабаве ў Маларыту, дзе разам са штабам знаходзіўся палкоўнік Русіянаў, прыйшоў загад: «Любой цаной знішчыць «банду польскіх афіцэраў», якая рухалася з усходу».Зводная група войскаў, сфарміраваная генералам Орлік-Рукеманам, дасягнула вёскі Шацк ў ноч з 27 на 28 верасня. З-за стратаў, палону, дэзертырства колькасць вайскоўцаў, якія ўваходзілі ў групу, скарацілася ўдвая.Тэрыторыя вакол Шацку была забалочанай, што ўскладняла перамяшчэнне буйных вайсковых злучэнняў палякаў. З іншага боку, багністыя раўніны не дазвалялі і камандаванню Чырвонай Арміі эфектыўна выкарыстоўваць танкі. Паводле ацэнкі савецкай выведкі сілы палякаў складаліся ўсяго толькі з палка пяхоты, 300 кавалерыстаў і дывізіёна артылерыі.

Палякі, сфармаваўшы ўдарны кулак з батальёнаў КАП «Беразно», «Ракітна», «Тышыца» і батальёна Войска Польскага маёра Бальцэжака, былі гатовыя атакаваць Шацк. Нападаючымі часткамі камандаваў падпалкоўнік Нікадзім Сулік.Але савецкае камандаванне апярэдзіла польскія часткі і вырашыла контратакаваць іх танкамі. Вось як тыя падзеі апісваў адзін з удзельнікаў таго бою, маёр Войска Польскага Журоўскі: «Быў ясны, сонечны дзень. Раптам з боку Шацку пачуўся шум рухавікоў. Неўзабаве на дарозе з’явіліся варожыя танкі. Нашы артылерысты сталі наводзіць аруддзі на цэль. Камандзіры разлікаў не спяшаюцца. Шум матораў узмацняецца.

Перад намі вялікая колькасць танкаў і браневікоў. Едуць, думаючы, што наша лінія абароны трэсне толькі ад аднаго іх выгляду. У люках танкаў бачныя фігуры камандзіраў. Нашы кулямётчыкі таксама гатовыя і чакаюць загад адкрыць агонь. Калі з Шацку выехаў апошні танк і грузавік з пяхотай, раздаюцца першыя стрэлы з нашых гармат.

Танкі ахоплены агнём. Гарыць бензін. Узлятае ў паветра грузавік з савецкай пяхотай. Бальшавікоў ахапіла паніка. З танкаў выскокваюць падпаленыя танкісты, некаторыя з іх, зняўшы рамяні, стаяць з паднятымі ўверх рукамі ля сваіх пабітых машын. Чуюцца крыкі параненых».А вось што пра тыя падзеі згадваў іншы іх відавочца, падпаручнік рэзерву С.Лукасевіч: «бальшавіцкая танкі аказвалі на нас жахліва панурае ўражанне. Але пад Шацкам мы разграмілі атрад Чырвонай Арміі. У нашых руках апынуліся вялікія трафеі».

У выніку бою было знішчана 8 танкаў Т-26. Смяротная раненні атрымаў камандзір 411-га асобнага танкавага батальёна капітан Цімафей Несянюк. Тады ж загінуў і палітрук падраздзялення Фёдар Варона. Танкісты былі пахаваныя на гарадскіх могілках Маларыты.Знішчыўшы савецкія танкі, польская пяхота перайшла ў наступ. За батальёнам маёра Бальцэжака ў атаку пайшлі памежнікі з батальёна КАП «Беразно». Чырвонаармейцы адкрылі па наступаючых шчыльны ружэйна-кулямётны агонь. Запрацавала савецкая артылерыя.

Але гэта не спыніла польскія часткі і неўзабаве яны ўварваліся ў вёску. «Капісты» і байцы Войска Польскага кінуліся ў штыкавую на абараючыхся. Чырвонаармейцы пачалі адступаць. Да 12 гадзін дня дарога на захад была адкрыта. У польскі палон трапіла 6 афіцэраў і каля 150 шарагоўцаў Чырвонай Арміі. У 13 гадзін дня ў Шацк разам са сваім штабам прыбыў брыгадны генерал Орлік-Рюкеман і аддаў далейшыя загады, якія тычыліся руху войскаў. Камандзір роты «Тышыца» маёр Грот атрымаў распараджэнне аб стварэнні агнявых пазіцый на ўскраіне Шацку.

Каля 14 гадзіны дня Шацк атакавалі савецкія бамбардзіроўшчыкі. Тым часам камандаванне Чырвонай Арміі падцягнула ў гэты раён свежыя сілы, а артылерыя пачала абстрэл польскіх пазіцый у Шацку. Неўзабаве з боку шашы Шацк-Пішча ў атаку пайшоў 3-і батальён савецкага 58-га стралковага палка. Палякі сустрэлі чырвонаармейцаў агнём кулямётаў і артылерыі, пасля чаго савецкая атака захлынулася. Неўзабаве сілы наступаючых папоўніліся ротай сапёраў. Да вечара Русіянаў падцягнуў да Шацку гаўбічную артылерыю.

Генерал Орлік-Рюкеман, разумеючы, што Шацк можа быць акружаны, аддае загад палкоўніку Ружыцкаму-Каладзейчыку ажыццявіць ўдар па лініі дарогі Мельнікі-Шацк. Рэалізацыя гэтага загаду была даручана батальёну КАП «Давідгарадок». Аднак гэты манеўр не атрымаўся, бо батальён наткнуўся на пераўзыходзячыя яго падраздзяленні 58-га палка Чырвонай Арміі і быў разбіты.

У адным з тых баёў быў цяжка паранены камандзір палкоўнік І.Русіянаў. Вось як ён апісваў тыя падзеі: «Пад Шацкам нас абстралялі з лесу. Я быў паранены ў руку асколкам снарада, упаў з каня і страціў прытомнасць. Ардынарац, як умеў, перавязаў руку, і я працягваў кіраваць часткамі дывізіі. У Мінскім акруговым шпіталі лекары сказалі, што рана ў мяне даволі цяжкая, асколкам перабітыя вена і нерв». Пасля ранення Русіянава камандаванне дывізіяй на сябе ўзяў начальнік штаба, палкоўнік Кузьмін.З надыходам цемры пачаўся адыход польскіх войскаў з Шацку ў бок пераправы праз Буг. Першымі пачалі перапраўляцца падраздзяленні пад камандаваннем падпалкоўніка Суліка. Затым на другі бераг пайшлі часткі брыгады КАП «Палессе». Польскім часткам давялося пакінуць у Шацку значную колькасць тэхнікі і ежы, бо ўсё гэта ўскладняла рух. Падчас пераправы «капістам» увесь час даводзілася адбіваць атакі чырвонаармейцаў. На золку над пераправай з’явіліся савецкія выведвальныя самалёты. Аднак да гэтага часу амаль усе польскія падраздзяленні былі ўжо на процілеглым беразе і рушылі на захад.

Падчас баявых дзеянняў у раёне Шацку палякі страцілі каля 500 салдат і афіцэраў (у гэты лік уваходзяць не толькі забітыя і параненыя, але і ўзятыя ў палон чырвонаармейцамі вайскоўцы КАП і Войска Польскага). Савецкая 52-я дывізія страціла 82 чалавекі забітымі і 185 параненымі. Было знішчана каля 10 савецкіх танкаў і бронемашын, а таксама значная колькасць іншых відаў тэхнікі. За невыкананне загаду («банда польскіх афіцэраў» не толькі не была разбіта, але яшчэ і змудрылася нанесці Чырвонай Арміі адчувальныя страты) кіраўніцтва 52-й дывізіі было знята з сваіх пасадаў.Такі яшчэ адзін эпізод пачатку Другой Сусветнай вайны. Негатыўныя сімптомы, якія выявіліся ў баявой і тэхнічнай падрыхтоўцы Чырвонай Арміі падчас «вызвольнага паходу 17 верасня 1939 году», праявяць сябе падчас «зімовай вайны» з Фінляндыяй, у ходзе якой саступаючая па колькасці і тэхнічнаму аснашчэнню фінская армія здолее эфектыўна супрацьстаяць савецкаму агрэсару.

Што ж тычыцца Войска Польскага, то цалкам можна пагадзіцца з вышэйпрыведзеным тэзісам Пятра Зыховіча аб тым, што польская армія было добра падрыхтаваная да баявых дзеянняў менавіта на ўсходнім тэатры ваенных дзеянняў. Памылковая стаўка на кавалерыю, конную артылерыю і ўмацаваныя ўчасткі абароны ў вайне з Германіяй магла стаць вялікім плюсам у магчымай вайне з Савецкім Саюзам. Але гісторыя не ведае ўмоўнага ладу, таму мы аналізуем тое, што было ў трагічнай рэальнасці верасня 1939 года.